Наведванне дзіцячага дома ў Мінску

  • 15

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка напярэдадні Дня ведаў наведаў мінскі дзіцячы дом № 5. Кіраўнік дзяржавы захацеў асабіста пракантраляваць выкананне раней дадзеных даручэнняў Ураду і Міністэрству адукацыі аб прыняцці ўсіх мер па сацыялізацыі дзяцей, якія апынуліся ў складаных жыццёвых умовах без бацькоўскай апекі.

Аляксандра Лукашэнку ў фае дзіцячага дома сустрэлі выхаванцы і правялі для яго невялікую экскурсію, паказаўшы, у якіх умовах яны жывуць. Кіраўнік дзяржавы агледзеў жылыя пакоі дзяцей, спартыўную залу, папіў з дзецьмі чай. Прэзідэнта частавалі ласункамі, якія дзеці зрабілі самі. У актавай зале для Кіраўніка дзяржавы паказалі невялікі канцэрт.

Дзеці ўручылі Аляксандру Лукашэнку на памяць аб наведванні ім гэтага дзіцячага дома падарункі, зробленыя ўласнымі рукамі: мяккую цацку і домік з салёнага цеста. "Гэта сімвал дамашняга ачага. Унутры доміка можна запаліць свечку, і будзе цёпла і ўтульна, як у нас у доме", - сказала адна з выхаванак, уручаючы падарунак Кіраўніку дзяржавы.

У сваю чаргу Прэзідэнт падарыў дзецям ранцы з наборам школьных прылад у іх. "Дзеці ў першы дзень павінны прыходзіць у школу прыгожа адзетымі. І я хачу, каб вы былі не горшымі, чым дзеці са звычайных сем'яў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Дзіцячы дом № 5 адкрыты ў 1997 годзе. За гэты час у дарослае самастойнае жыццё выйшлі больш як 100 выпускнікоў. Цяпер тут на выхаванні знаходзяцца 76 дзяцей (30 дзяўчынак і 46 хлопчыкаў), з іх 47 вучацца ў сярэдніх школах № 151 і № 157. У дзіцячым доме выхоўваецца 10 дзяцей-сірот і 66 дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. За апошнія тры гады на сямейныя формы выхавання перададзены 37 дзяцей, у тым ліку 7 - вернуты ў родныя сем'і, 15 - усыноўлены, 7 уладкаваны ў дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, 7 у прыёмныя сем'і і адно дзіця ў апякунскую сям'ю. Умовы пражывання дзяцей у дзіцячым доме набліжаны да дамашніх, яго выхаванцы наведваюць установы дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У дзіцячым доме працуюць 67 чалавек, з іх 14 выхавальнікаў. Фінансаванне і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне ажыццяўляецца за кошт сродкаў мясцовага бюджэту, спонсарскай і шэфскай дапамогі ад арганізацый і прыватных асоб.