Бел
Галоўная   /  Падзеі

Наведванне Беларускай атамнай электрастанцыі

7 лістапада 2020 года
Наведванне Беларускай атамнай электрастанцыі
глядзіце таксама: відэа
7 лістапада 2020 года
Наведванне Беларускай атамнай электрастанцыі
Наведванне Беларускай атамнай электрастанцыі
глядзіце таксама: фота
7 лістапада 2020 года
Наведванне Беларускай атамнай электрастанцыі 38 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 лістапада зрабіў паездку ў Астравецкі раён, дзе наведаў Беларускую атамную электрастанцыю.

"Я так разумею, плошча будаўнічай і абслуговай пляцоўкі большая, чым самой станцыі? Я з верталёта паглядзеў - амаль у два разы", - адзначыў Прэзідэнт. Як расказаў Міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, усяго на тэрыторыі плошчай больш як 100 га пабудавана 130 розных будынкаў і збудаванняў. "З уводам першага энергаблока будзе ўведзена 88 аб'ектаў, з уводам другога - 42", - растлумачыў ён.

У вучэбна-трэніровачным цэнтры БелАЭС Прэзідэнту далажылі аб работах па ўводзе станцыі ў эксплуатацыю і яе інтэграцыі ў эканоміку краіны. "Усё так будзённа, як быццам метро пабудавалі. Гістарычны момант - краіна становіцца ядзернай дзяржавай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Віктара Каранкевіча, штогод на БелАЭС будуць вырабляць каля 18 млрд кВт/гадз. Запуск атамнай станцыі дасць магчымасць замяшчаць амаль 4,5 млрд куб.м прыроднага газу ў год. Валютная нагрузка на бюджэт знізіцца больш як на $500 млн. Выкіды парніковых газаў будуць змяншацца больш як на 7 млн т у год. "Тэрмін эксплуатацыі станцыі - 60 гадоў з магчымасцю прадаўжэння да 100 гадоў", - дадаў Міністр. Усяго на БелАЭС будуць працаваць звыш 2,5 тыс. чалавек, каля 60 з іх - спецыялісты з Расіі і Украіны з вопытам работы на атамных станцыях.

Перспектывы супрацоўніцтва з расійскім бокам у сферы ядзернай энергетыкі Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з генеральным дырэктарам "Расатама" Аляксеем Ліхачовым. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў стварыць у Беларусі даччынае прадпрыемства расійскай дзяржкарпарацыі. Закранулі і магчымасць будаўніцтва дадатковых рэактараў на БелАЭС, запуску ў рэгіёне энергаёмістых вытворчасцей. Акрамя таго, "Расатам" сумесна з Курчатаўскім інстытутам прапануе Нацыянальнай акадэміі навук стварыць даследчы рэактар. "Мы актыўна падтрымліваем гэта", - падкрэсліў Аляксей Ліхачоў.

Запуск атамнай станцыі адкрые Беларусі новыя магчымасці для нацыянальнай эканомікі і дазволіць больш актыўна развіваць іншыя сферы, напрыклад, вытворчасць электратранспарту. Аднак тут важна стварыць уласную батарэю, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У НАН даўно працуюць над гэтым праектам. "Мы вельмі рушылі наперад. Трэба з расіянамі тут таксама скааперавацца, прапанаваў Прэзідэнт. - Як толькі створым сваю батарэю для электратранспарту, мы раней за любую краіну пяройдзем на электрацягу".

У ліку прыярытэтных напрамкаў і падключэнне жылога фонду да электраэнергіі для мэт ацяплення і гарачага водазабеспячэння. "Я прыняў усе рашэнні - мы цяпер жыллё ў пераважнай большасці пераводзім на электрычнасць. Прынялі адпаведную праграму", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Пазней, адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам, што марыць пра будаўніцтва ў краіне яшчэ адной атамнай станцыі. "Пакуль мы яе пачнём будаваць, беларусы тысячы разоў пераканаюцца, што мы стварылі цуд", - падкрэсліў ён.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, беларусаў спрабуюць запалохаць тым, што пабудаваная ў Астраўцы АЭС небяспечная. Але, звярнуў увагу Прэзідэнт, рэспубліка акружана атамнымі станцыямі ў іншых краінах, і яны не такія сучасныя, як беларуская. "Гэта простая зайздрасць і канкурэнцыя, - так растлумачыў Аляксандр Лукашэнка такія ўкіды. - Гэтыя суседзі адсталі ад нас на 10 гадоў у будаўніцтве (АЭС. - Заўвага). Апярэдзілі мы іх, дык прызнайце гэта. Яны таксама маюць свае дасягненні, мы ім зайздросцім, але не перашкаджаем".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ўзвядзенне атамнай электрастанцыі падцягнула іншыя сферы эканомікі, перш за ўсё будаўніцтва і вытворчасць будаўнічых матэрыялаў. Таксама гэта падштурхне развіццё экалагічных відаў транспарту, дасць магчымасць сэканоміць на спажыванні прыроднага газу. "Наперад рухаюцца велізарныя сектары эканомікі. Мы практычна $7 млрд уклалі ў нашу эканоміку. І калі будаваць другую станцыю, гэта будзе добрым стымулам для развіцця эканомікі, лакаматывам, які дасць рух многім сектарам эканомікі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, беларускія спецыялісты перанялі мноства кампетэнцый, паколькі расійскія партнёры дзяліліся сваім вопытам і тэхналогіямі. "Мы навучыліся рабіць цуд", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Калі ўсё гэта падлічыць, то ўжо цяпер можна сказаць, што гэта непараўнальна выгадна. Асабліва ў час, калі ўвесь свет ашалеў ад каранавіруса", - дадаў Прэзідэнт.

Пры азнаямленні з развіццём Астравецкага раёна і Гродзенскай вобласці Аляксандр Лукашэнка прапанаваў пустуючыя ўчасткі ў беларускіх вёсках прадаваць грамадзянам за сімвалічную цану. "У нас шмат добрых хутароў, вёсачак. І ў гэтых вёсачках шмат пустуючых сядзіб. Трэба гэтыя пустуючыя сядзібы, недагледжаныя ўчасткі (а іх тысячы гектараў па краіне) раздаць людзям за капейкі. Каб заплацілі, але няшмат. Каб у вёсцы нехта дачу пабудаваў, нехта для дзяцей, для старых", - сказаў беларускі лідар.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, пазітыўныя бакі наяўнасці ўласнага ўчастка за межамі вялікіх гарадоў многія ацанілі ў час пандэміі каранавіруснай інфекцыі.


Як адзначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, раней развіццю індывідуальнага домабудавання на хутарах, у сельскай мясцовасці перашкаджала адсутнасць камунікацый і цяжкасці з ацяпленнем. З уводам АЭС і з'яўленнем спецыяльнага тарыфу на ацяпленне, што выкарыстоўваецца для патрэб ацяплення, гэты працэс будзе актывізаваны. Губернатар таксама расказаў, што ў Скідзелі будуюцца некалькі эксперыментальных катэджаў на электраацяпленні, каб ацаніць далейшыя эксплуатацыйныя расходы і прадэманстраваць людзям, каб яны не баяліся будаваць.

Затым Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з аб'ектамі БелАЭС, у тым ліку наведаў будынак кіравання першага энергаблока, дзе даў дазвол на пад'ём электрычнай магутнасці энергаблока (да 400 МВт) у адпаведнасці з этапнай праграмай.

Выступаючы перад працоўным калектывам і будаўнікамі БелАЭС, Прэзідэнт заявіў, што Беларуская атамная станцыя - гэта новы крок у будучыню, да забеспячэння энергетычнай бяспекі дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што па традыцыі да свята 7 лістапада ў Беларусі штогод адкрываюць важныя, прарыўныя аб'екты, якія садзейнічаюць якаснаму скачку айчыннай эканомікі і павышэнню ўзроўню жыцця людзей. Так, напярэдадні ў Мінску адкрыта трэцяя лінія метро, а сёння па ўсёй краіне адкрываюцца і іншыя аб'екты - помнікі суверэннай Беларусі, як назваў іх Кіраўнік дзяржавы.

Асаблівасць гэтаму святу, паводле яго слоў, безумоўна, надае запуск БелАЭС.

"Наша краіна сёння становіцца ядзернай дзяржавай, гэта велізарны поспех, гэта вянец, калі хочаце, можа, этап суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны. Ён сведчыць аб тым, што ў нас ёсць мазгі, людзі разумныя і ёсць надзейныя сябры, якія дапамаглі стварыць гэты ўнікальны аб'ект, які будзе служыць нам вельмі доўга. Мы, людзі старэйшыя, пойдзем з гэтага жыцця, а гэты аб'ект будзе прыносіць карысць людзям", - сказаў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што цяпер, магчыма, цяжка ў поўнай меры ацаніць важнасць сённяшняга моманту, паколькі, як кажуць, вялікае бачыцца на адлегласці. "Пройдзе зусім няшмат часу, і мы да канца ўсвядомім, які подзвіг здзейснілі пры падтрымцы нашых старэйшых братоў, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Я так ужо не жартам, а паўжартам гавару аб тым, што калі навучыліся, то трэба і другую станцыю пабудаваць. Да таго часу мы ўбачым, наколькі эфектыўная цяперашняя станцыя, наколькі яна бяспечная і не будзе выклікаць столькі нараканняў не толькі ў нашых суседзяў, але ў асобных людзей у нашай краіне, якія сумняваюцца".

"Астравецкая АЭС - новы крок у будучыню, да забеспячэння энергетычнай бяспекі дзяржавы, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Тут, на першым энергаблоку, мы будзем вырабляць каля 20% ад агульнай патрэбнасці краіны ў электрычнасці. Столькі ж нам дасць работа другога блока. Далей больш (і я ўжо адкрыта сказаў, што такое больш). Запуск станцыі паслужыць імпульсам для прыцягнення ў краіну самых перадавых тэхналогій. І не толькі ў энергетыку. Але і ў развіццё электратранспарту, стварэнне новых электраёмістых вытворчасцей, інавацыйных напрамкаў у навуцы і адукацыі".

"Я спецыяльна так падрабязна гавару пра шматлікія перавагі, якія атрымліваюць і людзі, і наша краіна ў цэлым, - растлумачыў беларускі лідар. - Калі прымалася рашэнне аб будаўніцтве Беларускай атамнай станцыі, гэта ўсё ўлічвалася і падлічвалася. Але галоўным крытэрыем для нас была бяспека нашай станцыі".

Прэзідэнт нагадаў, што беларускі народ больш за ўсіх пацярпеў ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а яе наступствы краіна пераадольвае да гэтага часу. "Гэта было няпростае рашэнне, - успомніў Аляксандр Лукашэнка. - Калі б мы тады не прынялі рашэнне аб будаўніцтве станцыі, сёння нічога не прынялі б, і, напэўна, ніколі не прынялі б. Вось наколькі важна дзейнічаць і прымаць рашэнні своечасова". Ён таксама расказаў, як пры выбары вывучаліся праекты ўсіх сусветных лідараў у гэтай сферы: амерыканскі, фінскі, французскі, расійскі. Але ў выніку спыніліся на расійскім праекце. "І не толькі таму, што размаўляем з расіянамі на адной мове, і не толькі таму, што мы народы ад аднаго кораня, а таму, што на той перыяд (а сёння я яшчэ больш у гэтым перакананы) гэта быў самы сучасны, самы бяспечны праект", - расказаў Кіраўнік дзяржавы. Акрамя таго, кошт расійскага праекта быў найбольш выгадны для Беларусі.

"Наперадзе ў нас не менш важны этап - вывад на праектную магутнасць першага і ўвод у эксплуатацыю другога энергаблока, - адзначыў Прэзідэнт. - Я перакананы, што сумесна з расійскім партнёрам - дзяржкарпарацыяй "Расатам" - усё ў нас атрымаецца". Упэўненасць у гэтым, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, выказваюць таксама спецыялісты і эксперты МАГАТЭ, Сусветнай асацыяцыі аператараў атамных станцый.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню з гэтай карпарацыяй у час узвядзення БелАЭС у Беларусі з'явілася айчынная школа атамшчыкаў - спецыялістаў, якія асвоілі асноўныя тэхналагічныя аперацыі. "Мы павінны былі навучыцца гэта рабіць. Гэта самыя сучасныя тэхналогіі, "касмічныя" тэхналогіі, і мы гэтаму навучыліся", - канстатаваў беларускі лідар.


Прэзідэнт падзякаваў за работу беларускім і расійскім будаўнікам, мантажнікам, наладчыкам, энергетыкам. "Але перш за ўсё - расіянам. За тое, што вытрымалі нашы вельмі строгія патрабаванні, - дадаў Кіраўнік дзяржавы. - Яны таксама здавалі гэты экзамен і яго вытрымалі".

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што калектыў атамнай станцыі для пуску першага энергаблока сфарміраваны, абучаны і пацвердзіў сваю кваліфікацыю, у хуткім часе будзе завершана фарміраванне калектыву для пуску другога энергаблока. "Тут будуць працаваць і працуюць ужо высакакласныя спецыялісты, якія маюць практычны вопыт работы на дзеючых АЭС", - адзначыў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што дзяржава са свайго боку стварыла ўсе неабходныя ўмовы для работы і камфортнага быту. "Астравец ператварыўся ў сучасны і зручны горад, новы горад атамшчыкаў. Пабудаваны новыя жылыя дамы і ўся неабходная сацыяльная інфраструктура. На гэтыя мэты мы затрацілі больш як Br1 млрд", - сказаў беларускі лідар.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, Астравец павінен стаць прыкладам далейшага развіцця раённых цэнтраў. "Па гэтым узоры мы будзем развіваць іншыя паўтары сотні раённых цэнтраў. Яны дагледжаныя, прыгожыя, але ў нечым ужо ўстарэлыя. Мы нічога не будзем разбураць, а створым там сацыяльную, вытворчую інфраструктуру, як у Астраўцы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэты дзень назаўсёды ўвойдзе ў гісторыю. З яго пачынаецца новая старонка летапісу Беларусі - сучаснай, інтэлектуальнай, высокатэхналагічнай. Такой, якой мы разам яе будуем", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Падчас выступлення перад калектывам і будаўнікамі БелАЭС Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да кіраўніцтва Літвы і Польшчы з заклікам спыніць канфрантацыйную рыторыку і вярнуцца да дыялогу.

"Я хачу яшчэ раз звярнуцца (да кіраўніцтва Літвы. - Заўвага) сёння з гэтай пляцоўкі - Беларускай АЭС: давайце жыць дружна. Давайце будзем разам працаваць. Нашы народы некалі былі ў адной дзяржаве, нармальна жылі, ды і да гэтага часу нармальна жылі. Не, на роўным месцы ўлезлі ў наш агарод. Ну, добра, калі вы зразумелі, што памыліліся, ідзіце з нашага агарода, давайце разам будзем працаваць: вы ў сваім агародзе, мы ў сваім. Давайце вырабляць электраэнергію, прадаваць яе, абменьвацца электраэнергіяй, - сказаў беларускі лідар. - Давайце жыць нармальна! Мы ж суседзі, а суседзяў не выбіраюць".
 
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў той перыяд, калі ў Літве працавала Ігналінская АЭС, Беларусь не выстаўляла ніякіх прэтэнзій. Больш таго, пасля яе закрыцця прапаноўвала магчымасць працаўладкаваць частку спецыялістаў на будучай Беларускай АЭС. Аднак пад уздзеяннем знешняга націску Літва стала рэзка пярэчыць супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. "З Еўрасаюза падштурхнулі, давайце, бамбіце: "Станцыя небяспечная, станцыя такая-сякая". І пайшло паехала. А чаму? Таму што мы - канкурэнты сёння, канкурэнты заходнім краінам, ім не патрэбна гэта станцыя, як і не патрэбна мірная, спакойная Беларусь", - сказаў Прэзідэнт.

"Вы ўжо, напэўна, праз два месяцы гэтых баёў у Мінску зразумелі, чаго яны хочуць. Там ужо за мяжой "урадаў", створаных для Беларусі, у пяць разоў больш, чым гэтых энергаблокаў. Яны намі ўжо "кіруюць" адтуль. Я ім часта гавару: не смейце, мы адкажам і адкажам вельмі моцна", - папярэдзіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь пабудавала атамную электрастанцыю ў адпаведнасці з прынятым у нацыянальных інтарэсах рашэннем і зрабіла акцэнт на бяспецы гэтага аб'екта, што пацверджана і меркаваннем міжнародных экспертаў.

"Тое ж самае я хачу сказаць і польскаму кіраўніцтву: нічога ў вас не атрымаецца. Мы не станем на калені. Мы адкажам, і я ўжо гаварыў: нават калі застанёмся адны ў акружэнні, мы адкажам. Думаю, яны гэта зразумелі, - дадаў Прэзідэнт. - Давайце працаваць разам, мы гатовы адкрыта супрацоўнічаць".

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі шмат дасягненняў, якімі можна ганарыцца і трэба захаваць. "Адбываецца змена пакаленняў, хочам мы гэтага ці не хочам. Я больш чым хто-небудзь гэта разумею. Але не трэба нічога ламаць. Давайце, як разумныя людзі, пройдзем гэты перыяд змены пакаленняў сапраўды прыгожа. Таму што зламаць проста, а потым аднавіць будзе вельмі складана ці, магчыма, не атрымаецца, - сказаў Прэзідэнт. - Таму давайце не будзем ламаць, давайце не будзем кідацца ў вір гэтых падзей".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адыходзячаму пакаленню ёсць чым ганарыцца, ёсць мноства дасягненняў, важных для краіны. "У вельмі цяжкіх умовах пасля распаду Савецкага саюза, калі па талонах і купонах дзялілі кавалак хлеба і каўбасы ў Беларусі, мы сталі ў шэраг з касмічнымі дзяржавамі, разам з нашымі братамі расіянамі. Больш таго, калі для касмічных спадарожнікаў расіяне нам пастаўляюць, груба кажучы, жалеза - платформу, то ўся інтэлектуальная начынка вырабляецца ў Беларусі, і яна найвышэйшага, сусветнага ўзроўню", - прывёў довады Прэзідэнт.

У ліку асноўных дасягненняў ён таксама назваў стварэнне біятэхналагічнай карпарацыі, развітога ІТ-сектара і сучаснай сельскагаспадарчай вытворчасці. "Калі Еўропа можа абваліцца па ВУП да 20%, мы цяпер, у няпросты час, змагаемся, каб ні на адзін працэнт не ўпасці. І мы можам не ўпасці, крыху грошай не хапае для гэтага. Але калі і ўпадзём, то каля аднаго працэнта. І нас выратоўвае сельская гаспадарка. Яна сёння спрацавала найбольш эфектыўна, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - А ўмеем жа працаваць! І араць умеем, і сеяць, і ўбіраць - усё ўмеем. І па-чалавечы ставіцца да зямлі. Гэта ж самая вялікая каштоўнасць у нашай дзяржаве - людзі і зямля".


"Нашаму пакаленню не сорамна, сыходзячы з палітыкі, эканомікі, перадаць вам, новаму маладому пакаленню, і прад'явіць вам тое, што мы стварылі. Але самае галоўнае - мы перадаём нашым дзецям, унукам суверэнную, незалежную краіну. Упершыню ў шматвяковай гісторыі мы маем сваю дзяржаву з усімі атрыбутамі", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Пасля сустрэчы з работнікамі БелАЭС Кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні прадстаўнікоў СМІ. Яны датычыліся не толькі развіцця ў Беларусі атамнай энергетыкі, але і актуальных тэм як унутранага, так і замежнага парадку дня.

Закранаючы тэму абнаўлення Канстытуцыі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дакумент будзе прыняты ў Беларусі без ломкі і катастроф. "Новую Канстытуцыю мы прымем, жыццё ў нас будзе рухацца наперад. Але без усякай ломкі і катастроф - беларусам гэта не патрэбна", - сказаў беларускі лідар.

Ён нагадаў, што работа над новай Канстытуцыяй вядзецца не першы год. Прэзідэнту былі прадстаўлены два праекты, аднак ён адхіліў іх: паводле яго слоў, яны былі "вельмі мяккімі" і не адпавядалі запытам грамадства. "Я прапанаваў, каб змяненні былі больш радыкальнымі, і мы падышлі да трэцяга варыянту. Ніякі Пуцін, ніякая Расія мяне не штурхалі да гэтага. Мы працуем над новай Канстытуцыяй ужо тры ці чатыры гады. Хто нас куды штурхаў? Яны ніколі не ўмешваліся ў нашы справы. Лукашэнку ніхто нікуды не штурхаў за чвэрць стагоддзя і нікуды не штурхне, і гэта ўсе павінны добра разумець", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для абмеркавання магчымых змяненняў у Канстытуцыю ў краіне праходзілі дыялогавыя пляцоўкі. І ён сам быў прыхільнікам іх правядзення на ўзроўні рэгіёнаў, у працоўных і маладзёжных калектывах. "Каб людзі не проста пагаварылі, а ўнеслі свае прапановы. А мы адчулі, чым жыве народ", - дадаў ён.

Пры гэтым, канстатаваў Прэзідэнт, у час дыялогавых пляцовак людзі ўзнімалі і іншыя пытанні: запуск атамнай электрастанцыі і цэны на электрычнасць, амерыканскія выбары, падзеі ў суседніх краінах.

"Мы цяпер фарміруем план нашых далейшых дзеянняў, збіраем усю інфармацыю. І калі мы яе збяром да Усебеларускага народнага сходу, мы яе павінны абмеркаваць з экспертамі. І павінны ўжо быць намёткі новага праекта Канстытуцыі. Але для гэтага трэба стварыць новую рабочую групу спецыялістаў, што я цяпер і раблю. Канстытуцыю, як я сказаў, у СІЗА і на вуліцы не напішаш. Гэта вельмі складаны дакумент, які павінны стварыць спецыялісты. Але спецыялістам патрэбны заказ ад нашага грамадства, а заказ - гэта тыя праблемы, якія мы ўзнімаем знізу. І такім чынам мы ўключаем мільёны людзей не толькі ў  абмеркаванне Канстытуцыі, але і яе фарміраванне", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што Канстытуцыя будзе такой, як вырашыць народ: "Ніякай фальсіфікацыі. Якую Канстытуцыю прыме народ, такім будуць і наша жыццё, і наша ўлада".

Адказваючы на пытанне пра беларуска-амерыканскія адносіны, Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што яны не зменяцца пры любым зыходзе выбараў у ЗША. "Я не чакаю, што сітуацыя памяняецца ў нашых адносінах", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. "Ніяк не зменяцца (адносіны. - Заўвага). Ні адзін - папярэдні (Дональд Трамп. - Заўвага), калі ён сыдзе, ні новы (калі ў выніку пераможцам будзе аб'яўлены Джозэф Байдэн. - Заўвага), які прыйдзе, - на карце не пакажа нашу краіну. Амерыканцы, вы ж ведаеце, паглыблены ў свае праблемы. Калі знешняя палітыка, то гэта абавязкова крэйсеры, авіяносцы, бомбы, снарады, ракеты. Гэта іх знешняя палітыка перш за ўсё", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка тым не менш адзначыў, што свет змяніўся, і гэту тэму ён у тым ліку абмяркоўваў з Дзяржсакратаром ЗША Майклам Пампеа ў час яго прыезду ў Мінск. "Я яму задаў пытанне: вы навошта адкрылі вайну на ўсіх франтах? (размова ў тым ліку аб гандлёвых спрэчках паміж ЗША і, напрыклад, ЕС і Кітаем. - Заўвага). Так, вы вялікая краіна, магутная, але вы не здольныя сёння выйграць на ўсіх франтах гэту вайну".

"Таму я не чакаю, што сітуацыя памяняецца ў нашых адносінах. Вы ведаеце, што прэзідэнт там не тое, што ў нас - "аўтарытарызм і дыктатура". Ён там можа наогул нічога не вырашаць. Яго Кангрэс можа павязаць па руках і нагах, як гэта было з Трампам. Тузаўся-тузаўся, нешта хацеў зрабіць, тэрмін першы прайшоў, так нічога і не зрабіў. У гэтым яго і галоўная бяда", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў прэзідэнцкія выбары ў ЗША, вынікі якіх не падведзены да гэтага часу і ў працэдуры галасавання і падліку галасоў якіх узнік шэраг праблем, як здзек з гэтай дэмакратыі. "Апора дэмакратыі... Вы паглядзіце, што робіцца з гэтымі выбарамі (у ЗША. - Заўвага). Гэта ж ганьба, здзек з  гэтай дэмакратыі", - падкрэсліў беларускі лідар.

У Кіраўніка дзяржавы пацікавіліся, як міжнародныя арганізацыі, якія так пільна сочаць за беларускімі выбарамі, адрэагуюць на сітуацыю з выбарамі ў ЗША. "Як адрэагуюць? Яны (наглядальнікі. - Заўвага) стаяць за сценкай і спрабуюць праз шкло нешта разгледзець. Прыносяць кардонкі і заклейваюць шкло, і паліцэйскія стаяць. У некаторых штатах крок улева, крок управа - выкінем. Вось і ўсе наглядальнікі. Гэта ж не ў нас, што ён стаіць над сталом і глядзіць, куды які бюлетэнь хто паклаў. І ўсе гавораць, што дрэнна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што паглядзіць, як шэраг заходніх краін і АБСЕ ў гэтай сітуацыі адрэагуе, і ці запатрабуюць ад ЗША правядзення новых выбараў, як гэта робіцца ў адносінах да Беларусі. "Паглядзім, як АБСЕ на гэта адрэагуе, і як нямецкі парламент, я ўчора гаварыў, запатрабуе паўторных выбараў у Амерыцы. А там ужо сёння трэба патрабаваць паўторных выбараў. Таму што там парушана было ўсё, нават унутранае заканадаўства, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Вельмі цікава, як немцы, французы, супердэмакраты, ды і англасаксы і іншыя запатрабуюць паўторных выбараў".

"Магу цяпер сказаць: ніяк, пабаяцца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Але такой ганьбы, такога ўніжэння амерыканцаў... Трэба было патрэніравацца, каб стварыць", - канстатаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь папракаюць у неадпаведнасці выбараў нейкім міжнародным агульнапрынятым дэмакратычным стандартам, у той час як на самай справе такіх міжнародных стандартаў няма. "Мы з расіянамі ў АБСЕ прапаноўвалі выпрацаваць гэтыя міжнародныя стандарты, каб яны былі для ўсіх членаў АБСЕ. Яны адхілілі начыста. А сёння ад нас патрабуюць", - растлумачыў ён.

Прэзідэнт сказаў, што, тым не менш, сітуацыя з выбарамі ў ЗША дазваляе ўбачыць усё ў параўнанні: "Дзякуй богу, нашы пратэстуны і не толькі зразумеюць. Вось параўнаць ёсць з чым".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў і негатыўныя для прадстаўнікоў улады вынікі выбараў, а таксама масавыя пратэсты ў суседніх краінах, якія крытыкавалі Беларусь. "Кінуў камень у нас - бумерангам атрымаў сам", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Вяртаючыся да выбараў у ЗША, ён дадаў: "На наступным тыдні мы гэту камедыю будзем сузіраць на фінішы. Гэта ўжо камедыя і ганьба для ўсёй дэмакратыі. І добра, што гэта адбылося, што мы ўбачылі сутнасць гэтай дэмакратыі. Гэта балбатня. Паважаюць у свеце толькі моцных і тых, хто можа стаяць намертва. Мы будзем стаяць".

Кіраўнік дзяржавы таксама адрэагаваў на санкцыі ЕС, у тым ліку ў адносінах да яго: "Ведаеце, я ўсё жыццё пад санкцыямі. Чвэрць стагоддзя пад санкцыямі, - жывы-здаровы. Я не перажываю наконт гэтага".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што паглядзіць, як шэраг заходніх краін у гэтай сітуацыі запатрабуюць ад ЗША правядзення новых выбараў, як яны гэта зрабілі ў адносінах да Беларусі. "Я магу цяпер сказаць: ніяк, пабаяцца", - падкрэсліў ён.


Тэгі: Паездкі
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь