Наведванне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізкультуры

  • 9
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка патрабуе дабівацца кардынальнага ўздыму прафесійнага спорту, каб на справе пацвярджаць рэпутацыю Беларусі як спартыўнай дзяржавы сусветнага ўзроўню. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 красавіка ў час наведвання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізкультуры і сустрэчы з прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі.

Прэзідэнта праінфармавалі аб стане і перспектывах развіцця ўніверсітэта, а таксама аб выкананні даручэнняў па завяршэнні будаўніцтва і ўводзе ў эксплуатацыю плавальнага басейна. Кіраўнік дзяржавы пабываў на трэніроўцы нацыянальнай каманды Беларусі па плаванні, вучэбна-трэніровачных занятках зборных каманд па скачках у ваду і сінхронным плаванні, а таксама занятках зборных каманд універсітэта па водным пола, спартыўных танцах.

Акрамя таго, Аляксандру Лукашэнку далажылі аб выкананні даручэнняў па завяршэнні будаўніцтва і ўводзе ў эксплуатацыю лёгкаатлетычнага манежа. Ён таксама пабываў на трэніроўцы нацыянальнай каманды Беларусі па лёгкай атлетыцы. Кіраўнік дзяржавы паразмаўляў са спартсменамі.

На сустрэчы з прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі Прэзідэнт адзначыў, што задаволены зменамі, якія адбыліся, у ВНУ, у прыватнасці, абноўленай спартыўнай інфраструктурай. "Усё атрымалася, як было задумана. Створаны ўнікальны, вельмі моцны спартыўны цэнтр. Цяпер - справа за вамі. Нам патрэбны таленавітыя спартсмены, трэнеры, і галоўнае - нацэленасць на вынік", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў Беларусі спорту ўдзяляецца павышаная ўвага. На яго развіццё накіроўваюцца значныя дзяржаўныя рэсурсы. Прычым умовы для заняткаў фізкультурай створаны для ўсіх слаёў насельніцтва. Прэзідэнт запатрабаваў, каб усе спартыўныя залы і комплексы былі заняты з раніцы да вечара. На яго думку, гэтыя спартыўныя збудаванні павінны быць задзейнічаны пастаянна. Пры гэтым прыярытэт павінен быць для спартсменаў, а ўжо затым - для жадаючых займацца фізкультурай і спортам.

Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на той факт, што спартыўныя федэрацыі і асацыяцыі ў краіне ўзначальваюць кіраўнікі самага высокага рангу, якія могуць поўнасцю кантраляваць працэсы ў курыруемым імі відзе спорту. Як паказала практыка, вынік ад гэтага сапраўды ёсць. Беларусь прымае ў сябе ўсё больш спартыўных мерапрыемстваў сусветнага маштабу. У прыватнасці, паспяхова прайшоў чэмпіянат свету па хакеі ў 2014 годзе. У бягучым годзе ў Раўбічах прайшоў чэмпіянат свету па біятлоне сярод юніёраў і юнакоў. Праз тыдзень Мінск прыме чэмпіянат свету па футзале, а ў канцы красавіка стартуе чэмпіянат Еўропы па мастацкай гімнастыцы.

Беларусь таксама заваявала права прыняць Еўрапейскі алімпійскі фестываль моладзі ў 2019 годзе. Акрамя таго, рыхтуюцца заяўкі на правядзенне чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы ў закрытых памяшканнях у 2019 годзе і чэмпіянату свету па хакеі з шайбай 2021 года.

"Вядома, мы чакаем перамог і рэкордаў ад нашых спартсменаў-прафесіяналаў", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён сказаў, што адной з галоўных мэт з'яўляецца фарміраванне адукаванай і здаровай нацыі. Для гэтага ў краіне праводзіцца нямала розных мерапрыемстваў, у тым ліку рэспубліканскага ўзроўню - "Беларуская лыжня", "Залатая шайба", "Скураны мяч", галіновыя спартакіяды. На рэгіянальным ўзроўні таксама праводзяцца масавыя спаборніцтвы. Рэгулярна ў абласцях, гарадах, раёнах праходзяць спартыўныя святы, фестывалі і турніры. Людзі бачаць гэту работу і далучаюцца да фізічнай культуры.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі створаны ўсе перадумовы для пераходу на новы якасны ўзровень развіцця фізічнай культуры насельніцтва. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, прыярытэтнымі напрамкамі ў фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце павінна стаць развіццё спорту сярод школьнікаў і сельскага насельніцтва. Дадатковы імпульс трэба надаць развіццю масавага спорту ў працоўных калектывах. Згодна з сацыялагічнымі апытаннямі, фізічная актыўнасць грамадзян рэзка зніжаецца пасля 23 гадоў, гэта значыць з прыходам пасля заканчэння ВНУ на работу.

Акрамя таго, Прэзідэнт выказаў меркаванне, што створаныя ў 2006 годзе рэспубліканскія галіновыя фізкультурна-спартыўныя клубы маюць патрэбу ў больш цесным супрацоўніцтве з міністэрствамі і Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. Кіраўнікоў прадпрыемстваў і прафсаюзаў неабходна нацэліць на выпраўленне такога стану спраў у працоўных калектывах.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў перагледзець існуючыя падыходы да развіцця студэнцкага спорту. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Міністэрству адукацыі трэба планамерна займацца пераўтварэннямі ў гэтай сферы, каб дзейнасць Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту прыносіла рэальную карысць краіне. На яго думку, выправіць негатыўныя тэндэнцыі могуць сапраўдныя прафесіяналы - спартыўныя менеджары і маркетолагі, вучоныя, трэнеры. "Перад вамі стаяць адказныя задачы, на выкананне якіх павінен быць накіраваны ўвесь навуковы, творчы і кадравы патэнцыял галіны", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, ад якасці падрыхтоўкі кадраў у адзінай профільнай ВНУ краіны залежыць эфектыўнасць усёй піраміды спорту. Менавіта перад універсітэтам стаіць задача падрыхтоўкі спецыялістаў адпаведных прафесій, тых, хто будзе запатрабаваны пераважна ў нашай краіне. "Кіраўніцтву спартыўнай галіны павінна быць сорамна, калі дыпламаваныя спецыялісты вымушаны шукаць сябе ў іншых сферах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Лічу, што менавіта ваша ВНУ павінна задаваць тон усёй спартыўнай адукацыі і спартыўнай навуцы. Дзейнічаючы ў пастаянным кантакце з нацыянальнымі камандамі, універсітэт павінен напаўняць спорт перадавымі даследаваннямі. Без іх немагчыма ні адна перамога на высокім спартыўным узроўні", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што ў кожным відзе спорту павінна ажыццяўляцца пастаянная сувязь паміж тэорыяй і практыкай.

Асаблівую значнасць маюць падрыхтоўка дастойнай маладой змены спартсменаў, адбор і выхаванне таленавітай і мэтанакіраванай моладзі, дадаў Прэзідэнт.

"У нас ёсць усе складнікі спартыўнага поспеху - нармальная інфраструктура, прафесійныя трэнеры, таленавітыя дзеці. Новыя спартыўныя аб'екты павінны стаць домам для нацыянальных каманд па відах спорту", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ва ўніверсітэце асаблівае значэнне павінна ўдзяляцца патрыятычнаму выхаванню спартсменаў і трэнераў. Паводле яго слоў, перамагаючы на арэнах, спартсмены робяць вельмі шмат для іміджу краіны. "Не выпадкова спорт называюць лепшай формай для развіцця добрасуседства і ўзаемаразумення паміж дзяржавамі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама падкрэсліў, што дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы дасягнуты пазітыўныя вынікі ў гульнявых відах спорту. "У канцы гэтага года мне павінны ўнесці прапановы аб далейшых умовах аказання падтрымкі гульнявым відам спорту. Таму клубам, гульнявым федэрацыям і мясцовым органам улады ўжо сёння неабходна перагледзець свае падыходы да работы з балельшчыкамі, спартыўным рэзервам і развіцця інфраструктуры", - лічыць Прэзідэнт.

У час сустрэчы са спартсменамі Аляксандр Лукашэнка таксама сказаў, што дзяржава будзе падтрымліваць тых, хто дае рэзультат. Будзе рэзультат - будзе падтрымка, заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду аптымізаваць сістэму дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ, вызначыцца з тым, дзе неабходнасць пакінуць ДЮСШ, колькі ў іх павінна быць спецыялістаў і колькі там будзе займацца дзяцей. Цяпер у Беларусі амаль 500 такіх школ. "Вялікіх спартсменаў там выдавалі на-гара? Нават калі б па адным са школы кожны год - нам не было б куды дзяваць спартсменаў. Гэтага няма таму, што дзіцяча-юнацкія школы не ўсюды працуюць добра", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што і спартсмены, і трэнеры ў Беларусі могуць разлічваць на высокую аплату працы, калі дасягаюць значных вынікаў. Пры гэтым выключна важна стварыць умовы для нармальнай работы дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. "Нараўне са звычайнымі ўрокамі фізкультуры гэта магчымасць далучыць дзіця да здаровага ладу жыцця і знайсці "зорачак", якія калі-небудзь будуць ярка ззяць на спартыўным небасхіле, заваёўваючы прызавыя месцы на чэмпіянатах Еўропы, свету і Алімпійскіх гульнях", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах фарміруецца характар будучых спартсменаў, дадаў Прэзідэнт. "Аб гэтым чамусьці мала гавораць, пішуць і здымаюць. Рэклама дзіцячага спорту і здаровага ладу жыцця павінна быць па-добраму агрэсіўнай, каб дзіця, малады чалавек паглядзелі адзін раз і ў іх узнікла жаданне паўтарыць тое, што ўбачылі з боку вялікіх спартсменаў", - лічыць Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы паразмаўляў са спартсменамі, выкладчыкамі і студэнтамі ўніверсітэта, адказаў на пытанні аб падтрымцы маладых спецыялістаў, перспектывах развіцця розных відаў спорту ў Беларусі, у тым ліку студэнцкага.

У прыватнасці, у Беларусі прапануецца заключаць са студэнтамі спартыўных спецыяльнасцей кантракты пры паступленні. У час сустрэчы Прэзідэнту было зададзена пытанне, якія меры трэба прыняць, каб маладыя спецыялісты-трэнеры не звальняліся з месца размеркавання пасля адпрацоўкі вызначаных двух гадоў. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, дзяржава зацікаўлена ў тым, каб студэнт пасля заканчэння ВНУ бачыў сябе толькі ў той сферы дзейнасці, на якую быў нацэлены пры паступленні. Прапануецца, напрыклад, заключаць кантракт са студэнтамі бюджэтнай формы навучання, дзе будуць прапісаны абавязкі дзяржавы і маладога чалавека.

"Калі вы занялі гэта месца і бачыце сябе трэнерам - ідзіце працаваць трэнерам", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Перад гэтым трэба вызначыцца, колькі дзяржаве кожны код трэба такіх спецыялістаў - у дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах, цэнтрах алімпійскага рэзерву. Адпаведнае даручэнне Прэзідэнт ужо даў ураду.

Рост зарплат будзе залежаць ад канкрэтных дасягненняў і аддачы спецыяліста.

Сярод зададзеных былі і пытанні аб сяброўстве, аб шчасці. Прэзідэнт, у прыватнасці, сказаў: "Калі вы перамагаеце на нейкіх вялікіх спаборніцтвах - гэта для мяне шчасце. Вы нават не ўяўляеце, як я за вас перажываю, за кожнага спартсмена".

У размове закраналася і тэма Вялікай Перамогі. "Для мяне гэта - памяць. Мы ні ў якім выпадку не павінны страціць гэту Вялікую Перамогу. А ў нас яе спрабуюць так ці іншак адабраць. Больш таго, нас спрабуюць зрабіць ледзь ці не віноўнікамі развязвання Другой сусветнай вайны. Таму для мяне галоўнае, каб гэта Перамога засталася ў вашай памяці і памяці вашых дзяцей. Вельмі важна, каб яны ведалі, хто супраць каго ваяваў і чаго нам каштавала гэта Вялікая Перамога і гэта вайна, якая пракацілася па нашай тэрыторыі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

На яго думку, Вялікая Перамога павінна сведчыць аб тым, што войны недапушчальныя. "Чаму мы так актыўна ўключаны ў нармалізацыю працэсаў ва Украіне? Гэта вайна не дзесьці там на Блізкім Усходзе, гэта вайна ўжо каля нашага парога. Таму нам нельга дапусціць эскалацыі гэтага канфлікту", - перакананы Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў: "Вялікая Перамога - наш здабытак, наш вялікі актыў, які мы запісалі сабе ў сваёй гісторыі".

Кіраўнік дзяржавы пажадаў спартсменам быць дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны і з гонарам прадстаўляць Беларусь на сусветнай арэне.