Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Наведванне Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта

13 снежня 2019 года

Перад беларускай медыцынай стаіць важнейшая задача - павялічыць працягласць і павысіць якасць жыцця грамадзян. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 13 снежня на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі медыцынскіх ВНУ.

Мерапрыемства было арганізавана на пляцоўцы Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, аднак трансляцыя вялася ва ўсе медыцынскія ВНУ краіны, таму стаць удзельнікамі сустрэчы змаглі і студэнты з Віцебска, Гомеля і Гродна.

У БДМУ Прэзідэнту падрабязна далажылі аб сістэме медыцынскай адукацыі, міжнароднай дзейнасці і экспарце адукацыйных паслуг медыцынскіх ВНУ, іх лячэбнай і навуковай дзейнасці. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што аналіз сітуацыі ў такіх сферах, як адукацыя, ахова здароўя, спорт, паказаў заклапочанасць людзей жыллёвым пытаннем. "Галоўнае - гэта жыллё. Калі будзе жыллё, назаўсёды знікне праблема з адтокам кадраў", - падкрэсліў ён.

У якасці пазітыўнага прыкладу Кіраўнік дзяржавы прывёў пабудаваныя для ўрачоў дамы ў Бараўлянах, дзе нядаўна пабываў і сам Прэзідэнт. "Мы нібыта намацалі той шлях, па якім можна ісці. Гэта цудоўныя дамы, асабліва для маладых людзей з вышэйшай адукацыяй, там можна жыць і да 40 гадоў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Жалезабетонна трэба давесці заданне на пару-тройку гадоў і пабудаваць такія дамы, - запатрабаваў ён. - Гэта для нас амаль нічога не каштуе". Кіраўнік дзяржавы перакананы, што вырашэнне жыллёвага пытання дасць магчымасць утрымліваць кадры на месцах.

Разам з тым Прэзідэнт канстатаваў адсутнасць сур'ёзнай праблемы з адтокам урачэбных кадраў з краіны. Паводле даных Міністэрства аховы здароўя, з пачатку гэтага года з Беларусі выехалі для работы за мяжой амаль 200 урачоў, прыехалі назад - 20 чалавек. У 2018 годзе іх было 158 і 40 адпаведна.

Многія з тых, хто прыехаў, - гэта якраз тыя, хто паспрабаваў працаваць за мяжой і вярнуўся назад. "Добра тое, што хутка астудзілі галовы некаторых візіцёраў, якія хочуць туды (за мяжу) паехаць і шмат зарабіць. Цяпер - у Польшчу, Літву, таму што адзіная эканамічная прастора, Еўрасаюз... З Польшчы і Літвы хлынулі людзі кудысьці зарабляць грошы. У іх утварыўся вялікі дэфіцыт. І некаторыя нашы - 100 чалавек там -  ірванулі туды. Ну і што? У Літве яны што новага ўбачылі? Псіхалагічны фактар (спрацоўвае. - Заўвага), што людзі там пабывалі і вярнуліся сюды і гавораць нашым: "Ну, давайце, паедзьце, паспрабуйце". Гэта іх астудзіла", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Як далажыў Прэзідэнту Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, добрым стымулам для ўрачоў і для замацавання кадраў на месцах стане павышэнне зарплаты: яна па даручэнні Кіраўніка дзяржавы павінна павялічыцца на 20% у 2020 годзе і ў 2 разы ў 2025 годзе. "Мы крыху народ разбалавалі, - адказаў на гэта Аляксандр Лукашэнка. - Трэба ўпірацца, як на Захадзе, там круглыя суткі ўрач працуе. Урач агульнай практыкі - ён белага свету не бачыць, і ніхто не адмаўляецца".

Выслухаўшы даклады чыноўнікаў, Прэзідэнт накіраваўся ў аўдыторыю, дзе яго чакалі студэнты і выкладчыкі. У пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка перш за ўсё падкрэсліў, што перад беларускай медыцынай стаіць важнейшая задача - павялічыць працягласць і павысіць якасць жыцця нашых грамадзян. "Такі адзін з асноўных прыярытэтаў нацыянальнай палітыкі дзяржавы", - заявіў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў апошнія гады беларуская ахова здароўя дасягнула значных поспехаў у распрацоўцы перспектыўных метадаў прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння. Асвойваюцца перадавыя тэхналогіі, ствараюцца новыя лекавыя прэпараты. "За ўсімі гэтымі дасягненнямі стаяць канкрэтныя людзі. Найбольш каштоўны і значны рэсурс усёй сістэмы - медыцынскія кадры", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Першай з важнейшых задач айчыннай аховы здароўя ён назваў падрыхтоўку высокакваліфікаваных і канкурэнтаздольных спецыялістаў. "Каб вывучыць добрага ўрача, патрэбны гады карпатлівай працы, а таксама велізарны фінансавы рэсурс і вялікая прафесарска-выкладчыцкая работа. Ды і ў далейшым у медыцыне кожны спецыяліст вучыцца авалодваць новымі навыкамі ўсё жыццё. Таму вельмі важна забяспечыць кансультаванне і падтрымку моладзі не толькі пры выбары спецыяльнасці, але і ў час станаўлення ў прафесіі", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт дадаў, што многія школьнікі ідуць у ВНУ за кампанію з сябрамі або па парадзе бацькоў, але пры гэтым беларускія медыцынскія ўніверсітэты выбіраюць найбольш моцныя абітурыенты. "Прахадныя балы тут штогод адны з самых высокіх у краіне. Канкурэнцыя велізарная. Таму можна з упэўненасцю сказаць: паступаюць сюды лепшыя. Гэта правільна. Выпадковых людзей сярод медыкаў быць не павінна. Як бы ні было цяжка ў вучобе, працы, гэта - прызванне", - падкрэсліў беларускі лідар.


Ён адзначыў, што неаднаразова чуў пытанне пра дэфіцыт медыцынскіх кадраў у краіне. У свой час, пры іх празмернай колькасці, практычна на трэць былі скарочаны наборы ў медыцынскія ўніверсітэты, нагадаў Прэзідэнт. "Адпаведна зменшыліся і выпускі. Сёння набор у гэтыя ВНУ павялічаны на 200 бюджэтных месцаў, дасягнуты максімальны працэнт паступлення на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Але і ў далейшым, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, профільным міністэрствам неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на фарміраванне колькасці месцаў для навучання па патрэбных спецыяльнасцях і прымаць рашэнне з улікам патрэбнасці і перспектыўнага плана развіцця кожнага рэгіёна. "І не забываць пра іншаземных грамадзян, яны хочуць у нас навучацца, - дадаў ён. - Іх дзяржавы плацяць вялізныя грошы за вучобу ў нас".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, сістэма медыцынскай адукацыі, што склалася ў Беларусі, - гэта сплаў багатых традыцый, навуковай асновы і вялізнага практычнага вопыту. Індывідуальны падыход да кожнага студэнта, высокі ўзровень выкладання, у тым ліку на замежных мовах, забяспечваюць дастойны міжнародны рэйтынг айчынных медыцынскіх універсітэтаў. Сёння ў гэтых ВНУ навучаюцца больш за 20 тыс. студэнтаў, з іх больш за 4 тыс. - грамадзяне з 71 краіны свету. "Аб'ём экспарту адукацыйных паслуг сістэмы Міністэрства аховы здароўя з году ў год расце і цяпер складае трэць ад усіх адукацыйных паслуг па краіне, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Аднак мы не павінны самазаспакойвацца і спачываць на лаўрах. Трэба развівацца".

Адной з асноўных праблем, пра якую гавораць і выпускнікі-медыкі, Кіраўнік дзяржавы назваў высокі ўзровень тэарэтычнай падрыхтоўкі і недастатковае валоданне практычнымі навыкамі будучай прафесіі. "Я глыбока перакананы: каб падрыхтаваць дасведчанага ўрача-спецыяліста, неабходна камбінаваць класічныя выкладчыцкія методыкі і перадавыя тэхналогіі навучання", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што за апошнія гады праведзена мадэрнізацыя сістэмы медыцынскай адукацыі. Створана сістэма практыка-арыентаванага навучання. "Мы асвоілі новыя адукацыйныя і інфармацыйныя тэхналогіі: электронны журнал, які дае магчымасць выкладчыку і бацькам кантраляваць работу студэнта, сучасныя імітатары пацыентаў, камп'ютарныя праграмы і трэнажоры, з дапамогай якіх можна адпрацаваць неабходныя ўрачу навыкі, - і ўсё гэта без рызыкі для жыцця канкрэтнага хворага. Такія трэнажоры-сімулятары дапамагаюць не толькі студэнтам, але і маладым практыкуючым спецыялістам хутчэй павысіць кваліфікацыю", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Таму цэнтры практычнага навучання павінны і далей аснашчацца перадавым абсталяваннем, і ў цэлым матэрыяльная база медыцынскіх ВНУ павінна быць добрая і самая сучасная, дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сваім патрабаванні: інтэграваць адукацыю, навуку і практычную дзейнасць. За мяжой гэта праблема вырашана стварэннем універсітэцкіх клінік. "Іх высокую эфектыўнасць пацвярджае вопыт многіх заходнееўрапейскіх дзяржаў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Цяпер Міністэрства аховы здароўя адпрацоўвае пілотны праект па стварэнні ўніверсітэцкай клінікі на базе Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы. "Мы разлічваем, што стварэнне новага фармату кааперацыі медыцынскай практыкі і адукацыі дапаможа забяспечыць больш актыўны ўдзел практыкуючых урачоў у адукацыйным працэсе і эфектыўней выкарыстоўваць патэнцыял выкладчыкаў універсітэта, - сказаў Прэзідэнт. - Тут пераважаюць выкладчыкі. Я разумею, што яны ў нас свяцілы, разумныя, і нават я звяртаюся за прапановамі з іх боку і парадай. Але вы разумеце вартасць практыкуючага ўрача, які аглядае чалавека кожны дзень. А выкладчык, які пастаянна тут перад вамі выступае, ён, можа, крыху ад гэтага адхілены. Інакш кажучы, перавагі і недахопы ў практыкуючага ўрача, тое ж самае - у выкладчыка. Аб'яднаўшы гэта, студэнт атрымае тое, што трэба".

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што першы вопыт павінен даць магчымасць айчыннай медыцынскай адукацыі не толькі пашырыць магчымасці навучальнага працэсу, але і аб'яднаць матэрыяльныя, кадравыя і навуковыя рэсурсы. Гэта правільны шлях да павышэння выніковасці і якасці меддапамогі жыхарам усёй краіны.

Прэзідэнт выказаўся і аб абавязковым размеркаванні студэнтаў-медыкаў. "Сёння вялікая ўвага ўдзяляецца пытанням забеспячэння выпускнікоў першым рабочым месцам. Мы, у адрозненне ад іншых краін СНД, захавалі традыцыі абавязковага размеркавання бюджэтнікаў. Наладжана сістэмная работа з выпускнікамі медыцынскіх універсітэтаў, у якой удзельнічаюць прадстаўнікі органаў мясцовай улады і патэнцыяльныя наймальнікі. Не менш важны маніторынг замацавання і адаптацыі маладых спецыялістаў на першым рабочым месцы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, амаль 85% выпускнікоў-медыкаў прадаўжаюць працаваць у сваіх установах пасля адпрацоўкі размеркавання.

Невыпадкова медыцынскія ўніверсітэты - лідары па размеркаванні выпускнікоў, у тым ліку платнай формы навучання, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Не рэдкасць, калі нават іншаземцы жадаюць застацца і лячыць людзей у Беларусі.

"Вядома, найбольш прывабныя месцы ў сталіцы і абласных гарадах. Але і ў рэгіёнах неабходна ўсяляк падтрымліваць маладых спецыялістаў. Кожны чацвёрты з іх (24,5%) сёння мае патрэбу ў жыллі. Міністэрству аховы здароўя і мясцовым органам улады трэба звярнуць асаблівую ўвагу на мадэрнізацыю існуючых інтэрнатаў, у тым ліку сямейнага тыпу, будаваць новае сучаснае жыллё. Недапушчальна сяліць маладых спецыялістаў у старыя дамы і кватэры", - падкрэсліў Прэзідэнт.


Аляксандр Лукашэнка расказаў студэнтам, што ва Урадзе будзе распрацавана праграма аб будаўніцтве жылля для бюджэтнікаў. Прататыпам яго стане жыллё для медыкаў, якое нядаўна ўвялі ў эксплуатацыю ў Мінскім раёне. "Я не буду называць цану - гэта мізэрна мала. Пастаўлена задача на працягу трох гадоў выпрацаваць праграму і будаваць такія дамы для настаўнікаў, урачоў, работнікаў сацыяльнай сферы і культуры там, дзе гэта больш за ўсё неабходна. Калі малады чалавек атрымлівае такую кватэру, ніколі ён яе не кіне і не паедзе ў далёкія краі", - перакананы Кіраўнік дзяржавы.

Каб пачынаючы ўрач застаўся на рабочым месцы і пасля адпрацоўкі размеркавання, важна паляпшаць інфраструктуру раёнаў, звярнуў увагу Прэзідэнт. Ёе нагадаў чыноўнікам пра задачу развіваць невялікія гарады і пасёлкі па ўсіх сацыяльна-эканамічных напрамках для дасягнення высокага ўзроўню жыцця іх насельніцтва.

Што датычыцца адтоку беларускіх спецыялістаў за мяжу, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэта тэма цяпер раскручваецца, асабліва апазіцыйнымі СМІ. "Пад гэтым вялікая палітыка. Куды едуць у асноўным? У Польшчу і Літву. І цяпер мусіруецца гэта пытанне перш за ўсё ў апазіцыйных сродках масавай інфармацыі - яны ў Польшчы і Літве ўсе сядзяць. Чаму? Каб вас прыцягнуць туды. Шэнген, адзіная прастора - з Літвы і Польшчы ўрачы рванулі ў Германію, Францыю, Вялікабрытанію зарабіць грошай. І там сёння бяда. Вось яны і бударажаць наша грамадства, каб падштурхнуць вас да выезду", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у Беларусі на пераезд вырашаецца невялікая колькасць урачоў, таму для краіны гэта не стварае праблем. "Я міністру кажу: не перажывай. Важна тое, што, пабываўшы там і прыязджаючы сюды ў водпуск, яны хутка вас на месца паставяць і раскажуць, як там трэба працаваць, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Я вас не агітую не выязджаць - з'ездзіце. Невялікае шчасце будзе ў вас там, і няшмат страціць дзяржава".

У той жа час Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатаваў, што сярод беларускіх медыкаў, якія пакідаюць краіну, ёсць высакакласныя спецыялісты. "Вось гэта больш небяспечна. Але, улічваючы, што, атрымаўшы вопыт там, вы вернецеся дадому (а такіх вельмі шмат), гэта добра. Яны там навучыліся новым тэхналогіям, якіх няма ў нас, і вярнуліся", - дадаў ён.

Гаворачы аб станаўленні маладога спецыяліста як прафесіянала, Прэзідэнт адзначыў, што практычная ахова здароўя рэспублікі ў адрозненне ад іншых краін СНД выйграла ў якасці падрыхтоўкі ўрача за кошт захавання субардынатуры і інтэрнатуры для студэнта-старшакурсніка. "Гэта, як сцвярджаюць спецыялісты, неабходны пераходны мосцік адаптацыі, набыцця вопыту для будучай самастойнай дзейнасці. Гэта кажуць спецыялісты. Я над гэтым падумаю. Я не гатовы ні падтрымаць, ні абвергнуць гэты тэзіс", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ліквідацыя ж інтэрнатуры ў Расіі і Казахстане, зноў жа, на думку шэрага спецыялістаў, стварыла пэўныя праблемы ў сістэме бесперапыннай медыцынскай адукацыі ў частцы прымянення атрыманых ва ўніверсітэце ведаў на практыцы. "Мы не ідзём па такім шляху", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён лічыць, што неабходна ўзмацніць адказнасць кожнага кіраўніка за падрыхтоўку маладога ўрача-інтэрна да самастойнай работы. "Тут вельмі важна настаўніцтва. Вопытны ўрач павінен умець разгледзець і падтрымаць таленты, падзяліцца сваімі ведамі, падрыхтаваць дастойную змену", - сказаў Прэзідэнт.

У цэлым Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што імклівае развіццё высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі патрабуе ад аховы здароўя ўкаранення новых форм падрыхтоўкі спецыялістаў. За апошнія тры гады створана сетка адукацыйных цэнтраў у вядучых рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтрах краіны. Навучанне ў іх дапамагае працуючым медыкам асвойваць унікальныя метады дыягностыкі і лячэння ў кардыяхірургіі, нейрахірургіі, транспланталогіі, гематалогіі, анкалогіі, дзіцячай хірургіі, траўматалогіі.

"Таксама патрабуецца максімальнае выкарыстанне патэнцыялу адукацыйных цэнтраў РНПЦ для падрыхтоўкі ўрачоў да выканання высокатэхналагічных умяшанняў. Для гэтага неабходны двух-трохгадавыя сучасныя і эфектыўныя паглыбленыя стажыроўкі практыкуючых ужо ўрачоў для атрымання вузкай спецыялізацыі. Мне прапануюць двух-трохгадовыя. Давайце пачнём з гадавых", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Галоўнае - падрыхтоўка кваліфікаванага спецыяліста такога ўзроўню, які дазволіць рабіць высокатэхналагічныя аперацыі", - лічыць беларускі лідар. Ён адзначыў, што выпускнікі беларускіх медыцынскіх ВНУ і цяпер запатрабаваны за мяжой, асабліва ў Польшчы і краінах Балтыі. "Не сакрэт, што многія едуць за атрыманнем ведаў, навыкаў, і нямала вяртаецца назад", - пакдрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт лічыць важным прадаставіць кожнаму спецыялісту не толькі ў буйных гарадах, але і ў рэгіёнах магчымасць прафесійнага росту. "Мэта зразумелая - каб у любым населеным пункце чалавек мог атрымаць максімальна якасную медыцынскую дапамогу, асабліва першасную", - сказаў ён. Міністэрству аховы здароўя таксама даручана звярнуць увагу на ўкамплектаванне ўрачамі службы хуткай медыцынскай дапамогі, павышэнне ўзроўню іх прафесійнай падрыхтоўкі, аснашчэнне парку машын. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсё гэта часам мае вызначальнае значэнне для выратавання чыйго-небудзь жыцця.

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся за павышэнне ў краіне прэстыжу ўрача агульнай практыкі, неабходнасць навучаць яго ўсім метадам аказання спецыялізаванай дапамогі пры простай паталогіі. "Любы пацыент будзе задаволены, калі яго ўрач зможа сам выканаць неабходнае дыягнастычнае даследаванне і своечасова назначыць правільнае лячэнне. За такімі медыкамі будучыня", - перакананы беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ў краіне ажыццяўляецца дыферэнцыраваны падыход да пашырэння пераліку медыцынскіх паслуг у горадзе і ў вёсцы. Цяпер у амбулаторна-паліклінічных арганізацыях Беларусі працуюць больш за 3,5 тыс. урачоў агульнай практыкі - тэрапеўтаў, якія прайшлі паглыбленае навучанне.

"Але мяне непакоіць насцярожанае меркаванне насельніцтва аб кампетэнцыі гэтых спецыялістаў. Думаю, гэта пройдзе. Нашы людзі проста прывыклі, што ў кожнай вёсцы павінны быць усе вузкія спецыяльнасці. Але ці патрэбна гэта. Не, самыя багатыя краіны пайшлі па шляху ўрачоў агульнай практыкі або сямейнага ўрача. І гэта правільна, - лічыць Кіраўнік дзяржавы. - У гэтым напрамку мы будзем рухацца. А тое, што людзі гэтага не разумеюць яшчэ, гэта перажыткі нашай ранейшай сістэмы. Насцярожанасць гэту мы здымем".

Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што ў Еўропе і ЗША менавіта з урачом агульнай практыкі, ці так званым сямейным доктарам, насельніцтва ўзаемадзейнічае часцей за ўсё, прычым з пакалення ў пакаленне.

Каменціруючы недахоп у Беларусі вузкаспецыялізаваных урачоў у невялікіх раёнах, Прэзідэнт заявіў, што праблему вырашыць развіццё сеткі міжрэгіянальных цэнтраў спецыялізаванай медыцынскай дапамогі і цэнтраў калектыўнага карыстання высокатэхналагічным абсталяваннем (па прыкладзе Баранавіцкага, Аршанскага, Бабруйскага, Салігорскага і Астравецкага раёнаў).

Ён адзначыў, што ў краіне актыўна выкарыстоўваюцца розныя тэхналогіі тэлемедыцынскага кансультавання. Асноўная роля ў ім адводзіцца прафесарска-выкладчыцкаму складу медыцынскіх універсітэтаў і высокакваліфікаваным спецыялістам РНПЦ. Цяпер 251 установа аховы здароўя прымяняе гэты від кансультацый, іх праведзена больш за 9 тыс.


"Гэта дае магчымасць павысіць даступнасць і якасць аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву незалежна ад месца пражывання, а таксама знізіць фінансавыя і часавыя затраты ўстаноў аховы здароўя і пацыентаў", - дадаў беларускі лідар.

Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на прафесійны імідж урача і ўзровень яго ўласнага фізічнага здароўя: "Медыцынскі работнік, які ўвасабляе сваім знешнім выглядам вядомую прымаўку "шавец без ботаў", робіць толькі дрэннае ўражанне. Урач павінен служыць прыкладам для пацыентаў. Здаровы лад жыцця павінен лічыцца базавай прафесійнай якасцю для будучага медыка".

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, тады і людзям будзе прасцей растлумачыць, што фізічнае здароўе трэба берагчы замалада, у тым ліку правільна харчавацца, не мець шкодных прывычак, займацца фізкультурай, своечасова праходзіць абследаванні. "Здароўе нацыі ў руках кожнага з нас, а не толькі ўрачоў. І гэта самая вялікая праблема ў ахове здароўя", - сказаў беларускі лідар.

У сваю чаргу, напрыклад на Захадзе, людзі ўмеюць цаніць уласнае здароўе, у тым ліку таму, што гэта дорага каштуе, заўважыў Прэзідэнт.

Таксама неабходна актыўна рэалізоўваць масавыя прафілактычныя праграмы, абучаць насельніцтва навыкам аказання першай меддапамогі, лічыць Аляксандр Лукашэнка. "Самі ведаеце, што прафілактыка абыходзіцца значна танней, чым лячэнне. А здольнасць своечасова і правільна аказаць першую дапамогу выпадковаму прахожаму або сваяку, пакуль едзе хуткая дапамога, часам з'яўляецца адзіным спосабам выратаваць чалавека", - адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы выказаўся рэзка супраць такой шкоднай прывычкі, як курэнне. Прэзідэнт параіў тым, хто курыць, кінуць дзеля захавання здароўя. "Курыць - гэта катастрофа. Затраціць вялікія грошы і, як кажуць у народзе, сядзець і смактаць гэту папяроску (а некаторыя дзве пачкі ў дзень выкурваюць) - гэта катастрофа. Не рабіце гэтага. Калі нехта пачаў, кіньце цяпер. Потым будзе складана", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён з гумарам дадаў, што "не піць" - гэта, напэўна, не пра медыкаў. Разам з тым параіў не злоўжываць і гэтым.

Прэзідэнт адзначыў, што ў медыцынскіх колах часта ўзнімаецца пытанне, ці будуць у Беларусі ўводзіць сусветную практыку ліцэнзавання кожнага ўрача або ўкараняць вопыт Расіі па абавязковай акрэдытацыі. "Сёння ўвядзенне ў краіне такіх форм ацэнкі ўзроўню кампетэнтнасці ўрачоў дачаснае. Расійскі вопыт акрэдытацыі медработнікаў пакуль не даказаў сваёй эфектыўнасці", - лічыць ён. Разам з тым Кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным перагледзець дзеючую ў краіне сістэму павышэння кваліфікацыі ўрачоў і прыняць меры па яе ўдасканаленні.

У цэлым урачэбную практыку Аляксандр Лукашэнка параўнаў з работай Кіраўніка дзяржавы. "Ведаю, вам вельмі цяжка. Урач - жорсткая прафесія. Табе за дзень могуць вялікую колькасць кампліментаў выказаць, пакланіцца ў пояс, на калені стаць. І пасля абеду могуць так аблаяць, што жыць не захочацца. Такі ваш лёс. Некага вы за дзень, і нямала, вылечыце, а некаму не зможаце дапамагчы. І ад гэтага залежаць вашы жыццё і настрой, - адзначыў Прэзідэнт. - Гэта амаль як у мяне. З раніцы нашкодзяць так... Пасля дакладаў міністраў жыць не хочацца. Да абеду быццам нейкае сонца паказалася з-за хмар. Вечарам - наадварот. Потым ноч не спіш".

"Таму я ведаю, што такое прафесія ўрача. Яна высакародная", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да студэнтаў, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што зусім хутка яны дадуць клятву ўрача і пачнуць выконваць свае непасрэдныя абавязкі. "Я вельмі хачу, каб ваш медыцынскі шлях быў дастойным і паспяховым, каб на ўсёй яго працягласці не было страчана самае галоўнае - прафесійны інтарэс. Вы тыя, каму давераны самы каштоўны рэсурс краіны - здароўе нашага народа. А выкладчыкам хачу пажадаць, каб да вас з году ў год прыходзілі добрыя студэнты. Разумныя, чыстыя сэрцам, якія жадаюць змяніць гэты свет і выратаваць кожнае чалавечае жыццё", - сказаў Прэзідэнт.

Першае пытанне, якое прагучала ў адрас Кіраўніка дзяржавы, датычылася экалагічнай праблематыкі. "Самы вялікі здабытак нашай краіны - тое, што яна прыгожая, сінявокая. Тыя, хто да нас прыязджае, асабліва з Заходняй Еўропы, заўсёды здзіўляюцца нашай чысціні - у гарадах, вёсках, лясах, на азёрах. Не без недахопаў, я гэта не горш за іншых бачу, і гэтым вельмі пільна займаюся, - адзначыў Прэзідэнт. - Каб захаваць гэту чысціню сінявокай, нам трэба займацца аховай навакольнага свету, і перш за ўсё прыроды".

"Я чалавек, крэда якога - прырода. Як вясковы чалавек, які вырас каля лесу, пастаянна бачыў палі, я люблю прыроду, - прызнаўся Аляксандр Лукашэнка. - Маё крэда - гэта прырода, чысціня прыроды, гэта дрэвы, якія я прымушаю высаджваць усіх: пачынаючы ад членаў Урада і заканчваючы студэнтамі і школьнікамі".

Кіраўнік дзяржавы згадаў выпадак, калі наведваў Гродна, дзе старыя раёны патанаюць у зеляніне, а ў новых яе амаль няма. "Сорамна глядзець! Клетак панастаўлялі, і нідзе няма ніводнага дрэва, ужо 7 гадоў мікрараёну. Я, вядома, вельмі раззлаваўся. Да восені яны ўсё высадзілі", - расказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што калі прыйшоў да ўлады, убачыў варварскае стаўленне да прыроды, таму ў Беларусі была створана і працуе інспекцыя па ахове жывёльнага і расліннага свету. На асаблівым кантролі Прэзідэнт трымае пытанне выкарыстання зямель сельгаспрызначэння. "Мы павінны зберагчы тое, што нам дасталося ад нашых продкаў", - падкрэсліў беларускі лідар.

У Прэзідэнта студэнты таксама спыталі, ці плануецца ў Беларусі ўкараняць абавязковае медыцынскае страхаванне. "Я прыхільнік таго, каб развіваць страхавую медыцыну. Але адразу нельга: трэба, каб людзі былі да гэтага гатовы", - адказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён растлумачыў, што спачатку трэба павялічыць даходы грамадзян у два разы. "Ці дазволіць гэта зрабіць эканоміка? Таму страхавая медыцына добра: скінуў на людзей і бывай здароў. Але трэба разумець наступствы, мы іх падлічвалі. На гэтым этапе мы дамовіліся: вось бясплатная, вось платная, вось страхавая медыцына", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што паступова ў краіне возьмуць курс на развіццё медыцынскага страхавання, але не адразу.

У час сустрэчы да Кіраўніка дзяржавы звярнуўся доктар медыцынскіх навук, загадчык кафедры артапедычнай стаматалогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта прафесар Сямён Навумовіч. Выкладчык удакладніў, як зменіцца сістэмы аплаты працы ў бюджэтнай сферы з новага года. "Калегі, і я ў тым ліку, хвалюемся, як гэта рэформа паўплывае на ўзровень нашай заработнай платы: у большы або меншы бок", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў: зарплата і ў педагогаў, і ва ўрачоў будзе расці. Ён растлумачыў, што скарочана колькасць дзеючых выплат (цяпер іх больш за 50): яны аб'яднаны ў новыя найменні з адначасовым аб'яднаннем іх памераў у грашовым эквіваленце. Гэта значыць, заработная плата ў работнікаў не стане меншай з-за аптымізацыі колькасці розных даплат.

"Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў няўжо можа дзеючы Прэзідэнт сабе дазволіць змяншаць заработную плату для тых, на каго ён у асноўным абапіраецца? Гэта выкладчыкі, настаўнікі, урачы - бюджэтнікі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Умова галоўная: ні ў якім разе рэфармаванне, мадэрнізацыя сістэмы выплаты заработнай платы бюджэтнікам не павінны зменшыць гэту зарплату".


Прэзідэнт прывёў разлікі: заработная плата ўрача агульнай практыкі сёння складае Br950-1470, у новых умовах яна складзе Br970-1510. "Гэта без павышэння. Проста зыходзячы з таго, што мы зменім саму сістэму", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што ў наступным годзе зарплаты ўрачоў павінны вырасці на 20%, а да 2025 года яны павысяцца ў два разы.

"Калі толькі пры гэтай нагрузцы, што вы маеце, вы атрымаеце на рубель менш, я вас прашу: паведаміце мне. Я тады разбяруся з усімі, хто ўносіў гэтыя прапановы", - паабяцаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што ў Беларусі будуць пашыраць сферу адукацыйных паслуг для іншаземцаў. "Мы ў гэтым напрамку будзем дзейнічаць і працаваць. Гэта вялікая справа", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у цэлым у краіне ідзе дыверсіфікацыя экспарту, "пачынаючы ад мяса, малака, паслуг медыцынскіх у тым ліку, адукацыйных, і заканчваючы БелАЗамі". "Прадаць можна толькі высокатэхналагічны прадукт. Гэта не так проста. Рынкі перанасычаны і канкурыраваць трэба толькі за кошт якасці. Тое ж самае і ў аказанні паслуг, у тым ліку адукацыйных", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што ў Беларусі вучацца некалькі тысяч замежных студэнтаў. І ёсць дадатковы попыт на адукацыйныя паслугі. У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы паабяцаў падтрымку ў частцы развіцця матэрыяльнай базы. "Гэта (прадастаўленне адукацыйных паслуг. - Заўвага) прыносіць вялікія грошы. Туды (за мяжу. - Заўвага) трэба з боем малако, трактары, БелАЗы весці і гэтак далей. А адукацыйныя паслугі - яны да цябе самі едуць", - сказаў ён.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што потым пры садзейнічанні замежных грамадзян, якія атрымалі адукацыю ў Беларусі, ствараюцца дадатковыя магчымасці для развіцця міжнароднага супрацоўніцтва.

Адзін з замежных студэнтаў звярнуўся да Кіраўніка дзяржавы з просьбай павялічыць час рэгістрацыі для замежных гасцей пасля прыбыцця ў Беларусь. Па дзеючым заканадаўстве іншаземцы павінны зарэгістравацца на працягу 5 рабочых дзён з даты прыезду ў краіну. Большая колькасць дзён прадастаўляецца толькі грамадзянам Расіі і Украіны.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пытанне аб прадаўжэнні тэрміну рэгістрацыі з 5 да 10 дзён ужо абмяркоўвалася ў Адміністрацыі Прэзідэнта. "Гэту праблему, калі яна яшчэ не вырашана, мы вырашым", - сказаў ён, паабяцаўшы ў бліжэйшы час падпісаць адпаведны ўказ.

Адказваючы на пытанні студэнтаў і выкладчыкаў медыцынскіх ВНУ, Прэзідэнт адрэагаваў на чуткі ў інтэрнэце аб эксклюзіўнасці так званай прэзідэнцкай бальніцы - Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра ў Ждановічах. Ён абвергнуў інфармацыю аб закрытасці медустановы для радавых грамадзян.

"Прэзідэнцкая бальніца! Слухайце, я ў гэтай бальніцы ні разу не быў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што любы жадаючы можа атрымаць дапамогу ў гэтым медцэнтры, але не за бюджэтныя грошы, гэта значыць бясплатна, а аплаціўшы паслугі. "Калі хочаце ў так званай прэзідэнцкай клініцы лячыцца - хоць заўтра, - запрасіў Кіраўнік дзяржавы. - Члены Урада, 20 чалавек, там ужо лечацца, і яшчэ некалькі тысяч замацаваных".

Прэзідэнт дадаў, што ў краіне паступова вырашаецца пытанне аснашчэння медыцынскіх устаноў сучасным абстялаваннем, рамонту і мадэрнізацыі будынкаў. "І мы праблему гэту ў асноўным знялі. Калі недзе нечага не хапае, мы будзем дааснашчаць гэтыя бальніцы, будзем поўнасцю іх перарабляць", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

Студэнты цікавіліся і спартыўнай тэматыкай. Адказваючы на адно з пытанняў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што палітыканства і камерцыялізацыя не заўсёды на карысць спорту. Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што часам у спорце вышэйшых дасягненняў, у тым ліку на Алімпіядзе, многае робіцца на карысць тым ці іншым уплывовым дзяржавам. Напрыклад, уводзяцца новыя экзатычныя віды спорту, у якіх атлеты той ці іншай краіны найбольш слабыя. Адначасова падпадаюць пад скарачэнне некаторыя традыцыйныя спартыўныя дысцыпліны. Акрамя таго, вялікі ўплыў мае фактар прывабнасці для рэкламадаўцаў.

"Хапае ў нас там (на Алімпіядзе. - Заўвага) гэтых відаў спорту. І што горш: пачалі некаторыя вельмі папулярныя ў свеце віды спорту скарачаць і ўключаць новыя", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы, адказваючы на адно з пытанняў.

"Мы перабралі меру з гэтымі відамі спорту. Такія экзатычныя віды спорту ўключаюць у спаборніцтвы на алімпійскім узроўні, што часам моташна, - з доляй гумару заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Хто мацнейшы там з краін, яны нешта ўвапхнуць сваё. І вось так у гэтым спорце на тым узроўні - хто мацнейшы, той і слабейшага нахіліць".

Прэзідэнт прывёў прыклад, што часам ні за што пачынаюць даймаць расійскіх спартсменаў, якія чыстыя і ніколі не бачылі допінгу. "Савецкіх было складана. Савецкі саюз - гэта ўсё ж такі магутная сістэма, процістаяць магла. Хоць з Алімпіядай 1980 года таксама паспрабавалі нахіліць. Але і без іх правялі. Цяпер мы, на жаль, раздроблены", - заўважыў ён.

Гаворачы аб тым, што пачалі скарачаць некаторыя вельмі папулярныя ў свеце віды спорту на карысць экзатычным, Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што гэта не зусім правільна. "Але ёсць віды спорту, якія я крыху скараціў бы. Дапусцім, плаванне", - сказаў Прэзідэнт.

Ён растлумачыў, што ў плаванні ёсць розныя стылі і віды спаборніцкай праграмы. "Але навошта 50 м, 100 м, 200 м, 400 м? Адзін і той жа від. Давайце скароцімся крыху тут", - прапанаваў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў і іншую тэндэнцыю: калі які-небудзь від спорту доўгі па паказе на тэлебачанні (а рэклама - гэта асноўны даход), больш за гадзіну, то пачынаюць уразаць. "Напрыклад, калі раней бегалі 10 км на лыжах, давайце 7,5 км, 5 км, каб хутчэй. Таму што людзі глядзець не будуць, а, значыць, рэкламы будзе менш", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Вось гэта палітыка ў спорце, бязглуздае, нікому не патрэбнае палітыканства і камерцыялізацыя не заўсёды на карысць спорту", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Пытанне аб стварэнні мемарыяльнага комплексу на месцы знішчанай фашыстамі вёскі ў Светлагорскім раёне задала адна са студэнтак медыцынскага ўніверсітэта ў Гомелі. Яна, у прыватнасці, адзначыла, што ў Беларусі заўсёды шмат робіцца для захавання памяці аб падзеях і ахвярах вайны, а надыходзіць год 75-годдзя Вялікай Перамогі. "Усе ведаюць пра спаленую вёску Хатынь. Я родам са Светлагорскага раёна. У маім раёне да вайны існавала вёска Ола. Там было знішчана 1758 чалавек. Расстрэльвалі, спальвалі зажыва, - расказала студэнтка. - Цяпер на гэтым месцы пустэча. Мы ведаем, што ўжо ў наступным годзе будзе пачата будаўніцтва новага мемарыяльнага комплексу. Гэта сапраўды народны праект, у якім прымаюць удзел і мясцовыя жыхары, і студэнты, моладзь, кіраўніцтва вобласці".

Дзяўчына папрасіла ў Прэзідэнта падтрымаць гэту ініцыятыву і прыняць удзел у адкрыцці гэтага комплексу, калі ён будзе пабудаваны. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ведае пра гэта месца, і ўспомніў, што недалёка ад яго ўжо ёсць невялікія мемарыяльныя аб'екты. "Нейкі помнік мы там на брацкай магіле, па-мойму, ужо стваралі. Салдат і крыж", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Студэнтка пацвердзіла гэта, але адзначыла, што, улічваючы колькасць ахвяр, размова ідзе аб стварэнні больш маштабнага мемарыяла. "Падтрымліваю вашу ініцыятыву. Абавязкова прыеду на адкрыццё", - паабяцаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама папрасіў кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта заняцца пытаннем і паглядзець яшчэ раз на гэты праект. "Можа, яго трэба недзе, пакуль яшчэ не стварылі, адшліфаваць. Я не гавару, што мы яго зменім (можам толькі палепшыць). Падумаем, як нават фінансава паўдзельнічаць у гэтым з боку дзяржавы", - заявіў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў за тое, што моладзь узнімае гэтыя пытанні: "Гэта значыць, што ў нашай моладзі і краіны ў цэлым ёсць будучыня".

У Прэзідэнта таксама пацікавіліся, чаму ён яшчэ хацеў бы навучыцца ў жыцці, паколькі яго работа патрабуе велізарных ведаў у розных галінах і пастаяннага самаўдасканалення. Аляксандр Лукашэнка адказаў, што як Прэзідэнт ён разбіраецца ў розных галінах: ахове здароўя, прамысловасці, адукацыі, сферы паслуг. Аднак валодае агульнымі ведамі, не так паглыблены ва ўсе пытанні, як спецыялісты з гэтых сфер. "Размова, напэўна, ідзе не аб тым, каб пашырыць свае веды, а каб паглыбіць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.


"Замежную мову, англійскую, я ўжо, напэўна, вывучаць не стану: галава забіта, ужо не ўлезе туды нічога. Гэта вельмі вялікі недахоп, асабліва ў сучасны час, - сказаў Прэзідэнт. - Вярнуцца да музыкі... Няхай ужо сын малодшы гэтым займаецца, калі трэба - сыграе мне на чым-небудзь. Тут я нават паглыбіцца не магу: паспрабаваў некалькі кампазіцый і ўбачыў, што наогул не пападаю па клавішах - проста забыў". Аляксандр Лукашэнка параіў студэнтам не кідаць свае захапленні, паколькі вярнуцца да іх праз доўгі час будзе складана.

Напярэдадні Новага года студэнты спыталі ў Прэзідэнта пра самы памятны для яго падарунак. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што яму дораць тысячы падарункаў - і палітыкі, і бізнесмены, і мастакі, і моладзь. Самымі каштоўнымі падарункамі ён назваў тыя, што зроблены сваімі рукамі.

"Усе падарункі ў Палацы Незалежнасці або ў загараднай рэзідэнцыі, або ж у гарадской. Нават стварылі музей падарункаў (у Палацы Незалежнасці. - Заўвага). І ўсё для мяне гэта каштоўна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Аднак самы памятны навагодні падарунак Прэзідэнт назваць не змог. Ён растлумачыў, што для яго Новы год ужо даўно не свята: нягледзячы на тое, што ўся краіна адзначае гэту дату, яе кіраўніцтва "галаву павінна трымаць на плячах". "Для мяне гэта не вялікая нагрузка, што я не магу сабрацца за круглым сталом і выпіць. Ты можаш сядзець за сталом, але побач стаіць ад'ютант з тэлефонам: не дай бог, што здарыцца - даклад, і ты павінен рэагаваць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, Прэзідэнт павінен кантраляваць, як у краіне ідзе падрыхтоўка да святкавання Новага года. Адной з важнейшых падзей ён назваў Венскі баль, які пройдзе ў Палацы Незелажнасці. "Новы год - людзі будуць радавацца. Мая справа - узначаліць работу, каб настрой стварыць, правесці ў Палацы Незалежнасці Венскі баль. Туды яшчэ трапіць трэба, таму што жадаючых вельмі шмат. Я толькі маленькую долю змагу туды запрасіць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Венцы з натхненнем гэта ўспрынялі і просяць паказаць па ўсёй Еўропе і ў свеце па тэлевізары".

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што яму прапаноўвалі правесці Венскі баль яшчэ тры гады таму: аўстрыйскія партнёры былі ўражаны залай урачыстых цырымоній Палаца Незалежнасці. "Я адмовіўся як патрыёт, сказаў: мы свой правядзём. І мы правялі. А цяпер яны зноў прапануюць. Сказаў: добра, давайце", - дадаў Прэзідэнт.

Ён растлумачыў, што першапачаткова планавалася правесці Венскі баль у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, аднак гэта пляцоўка аказалася маленькай. Таму мерапрыемства вырашылі перанесці ў Палац Незалежнасці. "Мы ж "нармандскі фармат" праводзілі, няўжо мы ўжо венцаў туды не запросім", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Узнялі студэнты і сур'ёзныя тэмы. Яны пацікавіліся ў Кіраўніка дзяржавы, як у Беларусі будзе ісці барацьба з распаўсюджваннем наркотыкаў. Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час у Беларусі было прынята шмат мер, у тым ліку даволі жорсткіх, для процідзеяння распаўсюджванню наркотыкаў. І гэта дало станоўчы эфект: колькасць злачынстваў у наркасферы значна скарацілася. "Людзі пачалі баяцца. Але з іншага боку, я ж разумею: мы транзітная дзяржава. Сінтэтычныя наркотыкі нам вязуць у асноўным цераз Польшчу, Літву з Заходняй Еўропы. Сяму-таму і нас тут ужо вучылі, але ў нас гэта небяспечна. У асноўным гэта завозіцца, - сказаў ён. - Нам вельмі цяжка змагацца з гэтым, асабліва калі ў інтэрнэт зайшоў - і яны існуюць адкрыта".

Аднак у правапрымяняльнай практыцы трэба дакладна размяжоўваць пакаранне."Адна справа вырабляць, іншая справа - распаўсюджваць, а трэцяя - ужываць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Напэўна, мы недаацанілі тое, што ўжыванне наркотыкаў - гэта хвароба. Хвароба шкодная, горш, чым піць, курыць. І з гэтым страшэнным злом трэба змагацца, і мы змагаемся, і прынялі жорсткія рашэнні. Маці трэба было тады непакоіцца за сваіх дзяцей".

"З іншага боку, паглядзеўшы на дзеянні нашых законаў, на іх жорсткасць, мы бачым, што недзе, напэўна, можна адступіць з тымі, хто трапіў у гэту бяду ў плане ўжывання наркотыкаў", - удакладніў Прэзідэнт.

Ён даручыў, каб на яго разгляд унеслі прапанову аб памілаванні асобных асуджаных па арт.328 КК. "Персанальна кожнага чалавека разгледзім, і там, дзе можна - на парукі, як у нас кажуць, бацькам. Прыйдзі, распішыся, вазьмі на асаблівы кантроль. Не дай бог, зноў трапяць, дык разам з бацькамі пойдуць у калонію. Такое жорсткае даручэнне. У бліжэйшы час яно будзе мне ўнесена, і я пайду на памілаванне гэтых людзей", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Ён зрабіў акцэнт на складанасці ў процідзеянні распаўсюджванню наркотыкаў ва ўмовах, калі ў інтэрнэце шмат адкрытай інфармацыі, у тым ліку негатыўнага плана. "Вельмі складана з гэтым змагацца, таму што адразу гвалт: мы зноў "дыктатура", закрываем інтэрнэт. Мы нічога не хочам закрываць. У мяне адна прэтэнзія да інтэрнэту: калі ты там вылаяўся матам (я таксама часта пакутую на гэту хваробу, асабліва на трэніроўках па хакеі, біятлоне, лыжах, сваіх падначаленых вучу, магу так выказацца), падпішыся, што гэта ты. З інтэрнэту трэба выкараніць тое, што садзейнічае наркаманіі, тэрарызму і іншым такім рэчам. Мы над гэтым працуем", - падкрэсліў беларускі лідар.

На завяршэнне сустрэчы студэнты-медыкі падарылі Кіраўніку дзяржавы карціну з навакольнай мясцовасцю Александрыі. Яна напісана студэнткай шостага курса педыятрычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Юліяй Галубчык. Студэнтка адлюстравала наваколле малой радзімы Прэзідэнта. Дзяўчына растлумачыла, што яе дзяцінства прайшло ў Быхаве, а гэта таксама на Магілёўшчыне. "У нас вельмі прыгожы край, таму я хацела б паднесці вам карціну ад студэнтаў медыцынскага ўніверсітэта на памяць аб нашай сустрэчы і на памяць аб малой радзіме", - сказала яна.

"Урач напісала карціну?" - здзівіўся Прэзідэнт.

"Яна не толькі цудоўна піша, але і іграе на саксафоне", - адказаў рэктар універсітэта Анатоль Сікорскі.

"О, калега-музыкант", - выказаў захапленне Кіраўнік дзяржавы і падарыў студэнтцы сваю пазалочаную ручку. Прэзідэнт паабяцаў, што карціна абавязкова будзе выстаўлена ў Палацы Незалежнасці.

Анатоль Сікорскі дадаў, што ў 2021 годзе БДМУ спаўняецца 100 гадоў, і ўручыў Аляксандру Лукашэнку запрашальны білет на святкаванне юбілею. Праўда, мерапрыемства запланавана на 5 лістапада 2021 года, дадаў рэктар.

"Калі я нават не буду Прэзідэнтам, я магу прыйсці?" - удакладніў Кіраўнік дзяржавы. "Вядома", - запэўніў яго кіраўнік ВНУ.

Тэгі: Паездкі
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь