Наведванне БДПУ імя Максіма Танка

  • 20
  • 3:09
Ідэя цеснага супрацоўніцтва сям'і і школы, накіраванага на вырашэнне агульнай задачы - фарміраванне працавітай, адукаванай і здаровай нацыі - павінна аб'яднаць грамадства дзеля будучыні краіны. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 21 лістапада на семінары са студэнтамі, выкладчыкамі і выпускнікамі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Прамая відэатрансляцыя семінарскага занятку была арганізавана ў сямі ВНУ краіны: у Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Мазыры, а таксама ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Усяго ўдзельнікамі семінара сталі звыш 2,5 тыс. студэнтаў.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што для сустрэчы ёсць добрая нагода: вядучаму педагагічнаму ўніверсітэту Беларусі спаўняецца роўна сто гадоў.

Прэзідэнт падкрэсліў, што яму хацелася б, каб гэта сустрэча стала сур'ёзнай удумлівай размовай, дзе кожны можа падзяліцца сваімі думкамі, сумненнямі і прапановамі.

"Я ўпэўнены, што адукацыя - гэта сапраўды фундамент грамадства, пропуск для дзяржавы, для ўсёй нацыі ў заўтрашні дзень, у будучыню", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Усё важна: і эканоміка, і геапалітыка, і фінансы, і бяспека. Але ў канчатковым выніку наша будучыня залежыць ад таго, якімі мы выхаваем нашых дзяцей. Ці зможам мы даць ім глыбокія веды, правільныя арыенціры ў жыцці, моцны маральны стрыжань? Вось у чым галоўнае пытанне".

Прэзідэнт вылучыў некалькі блокаў праблем у адукацыі, на якія неабходна звярнуць увагу.

Адзін з іх звязаны з нізкім узроўнем прэстыжу прафесіі настаўніка. "Зарплатай тут усё не вырашым. Многія фактары ўплываюць на тое, што статус настаўніка сёння недапушчальна нізкі, адыгрывае сваю ролю ў тым ліку і сучасная культура, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Успомніце, як шмат цудоўных кніг і фільмаў аб настаўніках і школе стваралася ў савецкія гады. Але цяпер пісьменнікі, сцэнарысты, рэжысёры прапануюць нам зусім іншых герояў. А гэта ж фарміруе грамадскае меркаванне не на карысць настаўніка".

Яшчэ адзін спадарожны фактар - цякучасць кадраў. Прэзідэнт звярнуў увагу, што далёка не ўсе абітурыенты прыйшлі ў педагагічную ВНУ, каб звязаць сваё жыццё з настаўніцтвам. "Для некага гэта проста - атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі. Яны адпрацоўваюць належныя два гады, а потым пакідаюць прафесію. А некаторыя наогул, правучыўшыся ў ВНУ год-паўтара, кідаюць, таму што разумеюць, што не туды трапілі. Вы ведаеце, лепш няхай раней пойдзе, праз год-паўтара, чым потым, атрымаўшы адукацыю, кінуць сваю прафесію", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт лічыць неабходным, каб ва ўсіх ВНУ Беларусі было больш практыкі. Толькі акунуўшыся ў рэаліі сваёй прафесіі, будучы спецыяліст зразумее, ці на правільным ён шляху. "Трапіў не туды - ідзі з першага курса, пераходзь на іншую спецыяльнасць і вучыся. Калі трапіў туды, то на практыцы павінен асвоіць тое, чым жыве сучасны аграрны сектар, вытворчы, авіяцыйны", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, на думку Прэзідэнта, неабходна мадэрнізаваць метады выкладання. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што нават па такіх спецыяльнасцях, якія звязаны з работай у полі, навучаюць у аўдыторыях. "Чаму вы там іх навучыце? Мала таго: у нас аграрная навука і выкладчыкі (гэта датычыцца і іншых сфер у рознай ступені) адсталі ад сучаснага жыцця? Калі адсталі - давайце ў поле. Там мы на практыцы рушылі далей. Да нас прыязджаюць, вывучаюць вопыт", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі аптымізуюць сістэму адукацыі, устараніўшы ўсё лішняе і пакінуўшы сэканомленыя сродкі ў самой сістэме. Гэтыя праблемы будуць разгледжаны ў бліжэйшы час на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы.

"Я ўжо заракаўся, што мы ні ў якім разе больш не будзем рэфармаваць адукацыю. Таму што дарэфармаваліся ў свой час да таго, што давялося ўсё ламаць, пераварочваць і вяртаць усё лепшае, прыстасоўваючыся да добрага сучаснага, - сказаў Прэзідэнт. - Думаў, усё, адукацыю больш закранаць не будзем. Але нічога не атрымалася, таму што жыццё нас прымушала ісці наперад, пачынаючы ад цэнтралізаванага тэсціравання і завяршаючы іншымі працэсамі. І я ўбачыў, што мы проста адстаём у сучасных умовах ад патрабаванняў жыцця".

"Не ў якасці рэформы, а ў якасці ўдасканалення працэсу адукацыі ў школах, ВНУ і мы вельмі сур'ёзна яшчэ раз (думаю, у пачатку або сярэдзіне наступнага года) вернемся да пытання адукацыі і разгляду праблем у гэтай сферы. Будзем рабіць гэта вельмі ўзважана", - заявіў Прэзідэнт. "Новае добра тады, калі яно заснавана на фундаменце старых ведаў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт лічыць, што сістэма адукацыі вельмі забюракратызавана. Паводле яго слоў, "з настаўнікаў патрабуюць справаздач, акрамя планаў урока, у тры разы больш, чым асноўная нагрузка, усялякай пісаніны".

"Мне дакладваюць, што гэта пытанне вырашана. Паглядзім, ці вырашана. Але я адчуў, што недзе штосьці ўпускаем, не ідзём у нагу з часам", - адзначыў Прэзідэнт. У сувязі з гэтым была створана група, якая займалася вывучэннем праблемных пытанняў у сістэме адукацыі. Паводле слоў Прэзідэнта, група падрыхтавала даклад, прадставіўшы ўсё ў лепшым выглядзе. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго гэта насцярожыла, а таму была створана другая група, каб яшчэ раз вярнуцца да вывучэння праблем у школе і ў ВНУ.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што свет знаходзіцца ў зацяжной эканамічнай рэцэсіі. Гэта ўплывае і на Беларусь, паколькі краіна з экспартна арыентаванай эканомікай. "Дадатковых сродкаў мы не знойдзем, трэба аптымізавацца, устараняць усё лішняе, эканоміць грошы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы выказаў незадаволенасць тым, як выконваецца дадзенае ім даручэнне змяніць праграмы ВНУ, а таксама школ. "Што мы прымушаем з-за неабходнасці па праграме вывучаць у школе? Палавіна - хлам. Абсалютна непатрэбны для жыцця дзяцей. Таму я запатрабаваў, каб праграмы былі зменены. Нешта змянілі, але ўсё роўна гэта не тое. Таму я часта крытыкую Мінадукацыі, што мы не адпавядаем рэаліям", - сказаў Прэзідэнт.

Школьныя і вузаўскія праграмы неабходна асучасніць, не адмаўляючыся ад лепшых напрацовак мінулага.

"Гэта не значыць, перакрэсліць усё мінулае і стварыць тое, што мы яшчэ не асэнсавалі. Або замяніць усё мінулае, добрае тым, што мы яшчэ не асэнсавалі на сённяшні дзень. Гэта небяспечна, можам не туды зайсці. Але прыстасавацца да сучаснага жыцця абавязкова трэба. Гэта не зроблена", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт лічыць, што сістэма адбору абітурыентаў на педагагічныя спецыяльнасці патрабуе змяненняў. "Усе мы разумеем, што вучыць дзяцей павінны лепшыя. Тыя, хто з'яўляецца добрым прыкладам, хто карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у бацькоў і вучняў. І, што больш важна, выхоўваць падрастаючае пакаленне можа толькі чалавек, які мае пэўны духоўны багаж і дакладныя маральныя ўстаноўкі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

На думку Прэзідэнта, прыцягненне ў прафесію лепшых выпускнікоў школ павінна быць справай не толькі прыёмных камісій педагагічных ВНУ, але і клопатам раённых і гарадскіх аддзелаў адукацыі, а таксама саміх школ. "Трэба як мага раней знаходзіць і падтрымліваць дзяцей, якія адчуваюць у сабе прызванне, мараць стаць настаўнікамі. Тады ў ВНУ будуць прыходзіць матываваныя абітурыенты", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што варта падумаць і над тым, каб абмежаваць набор на платную форму навучання, а магчыма, і на бюджэтную. "Неабходна рыхтаваць роўна столькі педагогаў, колькі патрэбна краіне, і адбіраць толькі тых, для каго работа з дзецьмі - мара, а не спосаб вырашыць нейкія свае бягучыя праблемы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Першачарговая задача школы - закладваць веды, вучыць мысліць, дапамагаць вызначыцца ў жыцці. Ці гатовы мы да гэтага, ці гатовы нашы настаўнікі да гэтага?" - сказаў Прэзідэнт.

Асаблівасць сучаснага свету - вялікі аб'ём ведаў і акіян інфармацыі. "Тое, што веды, навыкі, тэхналогіі абнаўляюцца і змяняюцца вельмі імкліва, гэта толькі палавіна праблемы. Але важна ўмець выбраць галоўнае, сістэматызаваць усе меркаванні, ідэі і факты і зрабіць правільны вывад. Глыбока памыляецца той, хто думае, што чым больш ён мае крыніц інфармацыі, тым лепш разумее праблему. На самай справе, празмерная колькасць супярэчлівай інфармацыі часта заблытвае чалавека значна больш, чым яе няхватка", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

На думку Кіраўніка дзяржавы, інтэрнэт прывучае мысліць фрагментарна. "Дзеці часта ўмеюць карыстацца сучаснымі тэхнічнымі навінкамі лепш, чым уласныя настаўнікі і бацькі, але ці гатовы яны маральна і інтэлектуальна да таго, каб выбіраць з інфармацыйнай лавіны сапраўды каштоўнае і патрэбнае для свайго развіцця? - сказаў Прэзідэнт. - Неабходна вучыць дзіця рабоце з інфармацыяй, уменню аналізаваць, супастаўляць, ацэньваць думку лагічна. Многіх нашых дзяцей трэба вучыць стасункам, жыць у рэальным свеце з яго рэальнымі праблемамі, шукаць шляхі вырашэння гэтых праблем".

У новым тэхналагічным асяроддзі дзеці і моладзь адчуваюць сябе натуральна і камфортна. "Зразумела, што і сродкі навучання павінны адпавядаць гэтаму прывычнаму асяроддзю, але ўзнікае пытанне: якім у гэтых умовах павінен быць школьны ўрок, падручнік, дзённік? Магчыма, ужо што-небудзь трэба змяняць і змяняць кардынальна?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да аўдыторыі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што наўрад ці на семінары будуць знойдзены адказы на ўсе пытанні, але падкрэсліў: чым складанейшыя гэтыя пытанні, тым важнейшы дыялог і сумесны пошук вырашэння.

У сваім выступленні Прэзідэнт удзяліў асаблівую ўвагу пытанням выхавання чалавека, яго маральных прынцыпаў. "Зразумела, што школа павінна не толькі даваць веды, не толькі вучыць вучыцца, але і выхоўваць. Аднак мы добра ведаем і іншае: у справе выхавання ніхто і ніколі не заменіць сям'ю. Узаемадзеянне і ўзаемаадносіны школы і сям'і застаюцца актуальнымі", - адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт заўважыў, што апошнім часам выяўляецца негатыўная тэндэнцыя, калі бацькі спрабуюць поўнасцю перакласці адказнасць за вучобу і выхаванне сваіх дзяцей на навучальную ўстанову, лічачы школу своеасаблівай сферай абслугоўвання. А многія настаўнікі мяркуюць, што функцыі педагога абмяжоўваюцца сценамі класа. У сувязі з гэтым Прэзідэнт нагадаў вядомае выказванне аб тым, што педагогіка павінна стаць навукай для ўсіх - і для настаўнікаў, і для бацькоў.

Звяртаючыся да студэнтаў і выкладчыкаў, Аляксандр Лукашэнка заклікаў іх зрабіць усё неабходнае, каб удзяліць галоўную ўвагу выхаванню чалавека, і перш за ўсё ў школьныя гады. "Для гэтага я вас прашу на гэтым этапе пакінуць убаку спрэчкі аб тым, хто важнейшы - школа або сям'я", - заклікаў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт растлумачыў, што па тых ці іншых прычынах многія сем'і не могуць нармальна выхаваць дзяцей. "І каго я павінен прасіць выхоўваць гэтых дзяцей? Зразумела, вас", - сказаў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, сучасная моладзь сутыкаецца з вялікай колькасцю небяспечнасцей. У сувязі з гэтым ён нагадаў словы вялікага педагога Антона Макаранкі, які гаварыў, што кожны павінен уваходзіць у жыццё, умеючы супраціўляцца шкоднаму ўплыву, і трэба не аберагаць чалавека ад такога шкоднага ўплыву, а вучыць яго супраціўляцца. "Але не кожны школьнік мае сілу характару, не кожны можа знайсці занятак даспадобы. А адсюль вынікаюць усе наступствы ад бяздзейнага ладу жыцця. Некаторыя дзеці не прывучаны адказваць за сябе і свае ўчынкі, з лёгкасцю прызвычайваюццада шкодных прывычак. І гэта наш агульны боль. Яшчэ большую трывогу выклікаюць выпадкі ўжывання падлеткамі наркатычных рэчываў, распаўсюджвання п'янства і алкагалізму сярод моладзі", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што адэкватных мер рэагавання на адпаведныя працэсы і пагрозы ў свеце пакуль няма, а таму няма магчымасці разлічваць і на нейкі замежны вопыт, таму што ў многіх краінах, якія прынята лічыць цывілізаванымі, сітуацыя яшчэ горшая.

Прэзідэнт расказаў, што ў Беларусі, наколькі гэта магчыма, вядзецца барацьба з гэтымі пагрозамі, і асабліва з распаўсюджваннем наркотыкаў і так званых спайсаў. "Гэта страшная з'ява. Нядаўна мне міністр унутраных спраў далажыў аб раскрыцці міжнароднай злачыннай групы, цэнтр якой, на жаль, быў у Беларусі. Там, напэўна, дзясяткі два арыштавалі, - расказаў Кіраўнік дзяржавы. - Яны завозілі, выраблялі, распаўсюджвалі і стварылі групу на прынцыпах спецыяльнага жанру: адзін з адным не кантачылі, і вызначыць іх было вельмі складана".

"Але гэта ўжо факт. Мы б'ём, што называецца, па хвастах", - канстатаваў беларускі лідар. Прэзідэнт у сувязі з гэтым таксама дадаў, што толькі за апошні час ад ужывання спайсаў памерла больш за дзясятак маладых людзей.

Аляксандр Лукашэнка патрабуе ў бліжэйшы час мае намер абмеркаваць гэтыя праблемы на спецыяльнай нарадзе. "Мы зробім заканадаўства больш жорсткім, карныя функцыі таксама стануць больш жорсткімі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Але карнымі мерамі ўсё не вырашыць. "А вось сям'я і школа ў гэтым пытанні недапрацоўваюць", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, у школах трэба праводзіць як мага больш прафілактычных мерапрыемстваў, паказваць відэаролікі аб выніках таксікаманіі, наркаманіі, курэння. Трэба выкарыстоўваць абсалютна ўсе метады для таго, каб не дапусціць іх распаўсюджвання.

Размова на сустрэчы зайшла і аб праблемах унутры самой сістэмы адукацыі. У гэтым напрамку ў Беларусі ў бліжэйшы час павінны быць прыняты дадатковыя меры, каб Міністэрства адукацыі на сваім узроўні больш актыўна і аператыўна працавала над выяўленнем і ліквідацыяй існуючых недахопаў. "Я абяцаю, што мы ў бліжэйшы час дабавім хуткасці Міністэрству адукацыі", - сказаў Прэзідэнт. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка назваў няправільнай сітуацыю, калі пытаннямі рэфармавання і ўдасканалення адукацыйнай сферы займаецца асабіста Прэзідэнт, а профільнае Міністэрства адукацыі, ідэолагі і іншыя адказныя за гэту сферу недапрацоўваюць. "Падстрахоўваючыся, я ўсё больш і больш апіраюся на рэктараў ВНУ", - адзначыў беларускі лідар.

Размова Прэзідэнта са студэнтамі і выкладчыкамі прадаўжалася амаль тры гадзіны і прайшла ў форме дыскусіі. Абмяркоўваліся не толькі агульныя праблемы для сферы адукацыі, такія як неабходнасць павышэння прэстыжу настаўніцкай прафесіі, пытанні якасці падрыхтоўкі ў школах і ВНУ, але і поўнасцю практычныя рэчы, напрыклад нюансы прафесійнай этыкі, тэрміны навучання, складанне навучальных планаў, практыка прыцягнення студэнтаў да работы ў школах у якасці стажораў і валанцёраў. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што педагагічная практыка павінна пачынацца як мага раней, каб студэнты з першых курсаў ведалі і бачылі настаўніцкую працу.

Прэзідэнт прызнаўся, што і сам не супраць займацца выкладчыцкай дзейнасцю. "Для мяне самая лепшая пасада - гэта рэктар ВНУ, і я быў бы не супраць стаць выкладчыкам", - сказаў ён. "Вось завяршу сваю кар'еру (прэзідэнцкую), калі здароўе будзе, пайду выкладчыкам і з задавальненнем буду выкладаць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Сярод тэм, якія закраналіся педагогамі, гучала і жыллёвая. Маладыя вучоныя пацікавіліся, ці могуць тыя, хто найбольш вылучыўся, выкупляць арэнднае жыллё. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ў свой час ён ініцыіраваў стварэнне арэнднага жылля і сёння аб гэтым не шкадуе. Акрамя таго, што арэнднае жыллё дапамагае часова вырашыць жыллёвую праблему шматлікім катэгорыям грамадзян, яно дапамагае ў барацьбе з так званымі летунамі, якія пастаянна мяняюць работу. Не зусім нармальнай з'яўлялася сітуацыя, калі чалавек, атрымаўшы кватэру ад прадпрыемства, тут жа па нейкіх прычынах або без прычын кідаў гэту работу, потым другую, трэцюю. А кватэра заставалася за ім.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў: "Калі я даручаў будаваць арэнднае жыллё, то размова ішла аб тым, каб тым жа маладым вучоным дапамагчы часова вырашыць жыллёвую праблему, каб яны не здымалі кватэру за вялікія сродкі. Дарэчы, гэта пытанне першапачаткова было ўзнята ўпершыню якраз у адной з ВНУ, і потым было прынята адпаведнае рашэнне. Гэта значыць арэнднае жыллё прадастаўляецца часова. А сёння вы ставіце пытанне - прыватызаваць гэту арэндную кватэру. Не, прыватызаваць нельга". "Арэнднае жыллё мы не будзем прыватызаваць. Пакуль не будзем", - удакладніў Прэзідэнт.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што дзяржава будзе дапамагаць маладым вучоным па іншых напрамках і магчымасцях. "Калі трэба падтрымаць маладога выдатнага вучонага, які падае вялікія надзеі, будучае свяціла навукі - мы знойдзем для гэтага магчымасці. Дай бог, каб былі такія вучоныя", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову выкладчыкаў, каб выпускнікі педагагічных класаў паступалі ў педагагічныя ВНУ без конкурсу.

"Гэта нармальна, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Я згодны, таму што тыя дзеці, якія ў школе выбралі для сябе гэты шлях, ідуць свядома. Вельмі добрая ідэя".

Рэктар БДПУ Аляксандр Жук пацвердзіў, што такія дзеці сапраўды гатовы да навучання ў педагагічнай ВНУ, паколькі ў многіх з іх моцная падрыхтоўка ў школе, некаторыя паходзяць з педагагічных дынастый.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што неабходна вызначыцца з механізмам прыёму ў ВНУ такіх дзяцей, праводзячы для іх адпаведныя гутаркі або прымаючы па рэкамендацыі педсавета, заверанай ва ўпраўленнях адукацыі, спорту і турызму адміністрацый раёнаў.

Прэзідэнт прапанаваў перанесці гэта і на іншыя ВНУ, у прыватнасці аграрнага, ваеннага профілю. "Трэба сур'ёзна гэтым заняцца", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць, што такім чынам можна пашырыць мэтавы набор абітурыентаў.

На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што чакае ад настаўнікаў большай актыўнасці і патрабавальнасці, перш за ўсё да ўлады, у вырашэнні наспелых пытанняў. "Наша школа сёння вельмі пасіўная. Вы, хто працуе ў школе, павінны быць актыўнымі і патрабавальнымі, перш за ўсё да ўлады. Вы павінны адкрыта прыходзіць і актыўна абмяркоўваць злабадзённыя праблемы, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - І бяда будзе таму, хто не адрэагуе на вашы прапановы".

Прэзідэнт лічыць, што ўсе ўзнікаючыя праблемы трэба пачынаць вырашаць сумесна з кіраўнікамі мясцовых органаў улады. Трэба "закручваць" гэтыя працэсы там, на месцах, і тады будзе найбольшы эфект. Пры гэтым ён падкрэсліў: "Не скажу, што ўсе з захапленнем гэта ўспрымуць, але нават калі палавіна ўспрыме нармальна, то будзе добры эфект. Не ўсе ж у нас дрэнныя чыноўнікі. Ёсць чыноўнікі, якія балеюць за сваю справу".

"Школа павінна паставіць сябе так, каб ні адзін чыноўнік міма школы не прайшоў", - сказаў Прэзідэнт.

Перад сустрэчай са студэнтамі і выкладчыкамі Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з вучэбна-матэрыяльнай базай ВНУ. Прэзідэнта праінфармавалі аб асноўных напрамках развіцця ўніверсітэта, у тым ліку абнаўлення адукацыйнага працэсу, аб тым, што робіцца для павышэння прэстыжу прафесіі педагога. Размова ішла ў тым ліку аб прыёме ва ўніверсітэт і размеркаванні выпускнікоў, правядзенні прафарыентацыйнай работы.

Прэзідэнт азнаёміўся з тым, якія ўмовы створаны ва ўніверсітэце для фізічнай падрыхтоўкі студэнтаў і іх заняткаў спортам. Для гэтага тут ёсць добры басейн, спартыўныя залы. У спартзале, у якую зайшоў Аляксандр Лукашэнка, якраз ішоў валейбольны матч. Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што развіццё міжвузаўскага спорту садзейнічае больш актыўным заняткам спортам у студэнцкім асяроддзі.

Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы наведаў залу рэдкай кнігі ВНУ. БДПУ фактычна з пачатку існавання стала фарміраваць фонд рэдкай кнігі. Гэта работа асабліва актыўна прадоўжылася пасля Вялікай Айчыннай вайны і праводзіцца да гэтага часу. Цяпер тут захоўваюцца старадаўнія кнігі (самае старое выданне датуецца XVIII стагоддзем), хрэстаматыі, зборнікі па педагогіцы, маюцца таксама выданні з аўтографамі многіх беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Ёсць і мастацкая літаратура на розных мовах свету, альбомы з рэпрадукцыямі вядомых мастакоў.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з юбілеем калектыў ВНУ і яго студэнтаў, тых, хто вучыўся і вучыў у мінулыя гады і дзесяцігоддзі, тых, хто прынёс ВНУ заслужаную славу.