Бел
Галоўная   /  Падзеі

Наведванне Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сферы абслугоўвання

1 верасня 2020 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 верасня наведаў Баранавіцкі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сферы абслугоўвання.

У час выступлення на ўрачыстай лінейцы Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ганарыцца маладымі людзьмі, якія не адрываюцца ад жыцця і выбіраюць рэальную прафесію.

"Гэты святочны дзень - Дзень ведаў - я рады пачаць тут. Вось ужо больш як паўстагоддзе ў гэтай установе навучаюць навыкам, якія заўсёды будуць перспектыўнымі і запатрабаванымі на рынку працы. Таму што праца швачак, мастакоў-мадэльераў, мадэльераў-канструктараў, работнікаў гандлю і цырульнікаў сапраўды прыносіць людзям камфорт, прыгажосць, радасць і настрой, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - І я ганаруся вамі - маладымі людзьмі, якія не адрываюцца ад жыцця, выбіраюць рэальную і патрэбную грамадству прафесію. Шчыра віншую вас, а таксама ўсіх беларускіх школьнікаў, студэнтаў і педагогаў з пачаткам новага навучальнага года".

Прэзідэнт падкрэсліў, што гарачае - у прамым і пераносным значэнні слова - лета скончылася, цяпер пара накіроўваць энергію ў стваральнае рэчышча. "Для нас першы дзень верасня традыцыйна з'яўляецца пачаткам новага працоўнага года не толькі ў навучальных установах. Часта мы выбіраем гэту дату для планавання і запуску новых праектаў і праграм у самых розных сферах. Усім пара ўключацца ў работу", - звярнўу ён увагу.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, бацькам давядзецца прыкласці нямала намаганняў, каб новы навучальны год стаў для дзяцей паспяховым, а выкладчыкі павінны сканцэнтравацца выключна на прафесійных задачах. "Кожны педагог будзе пад абаронай дзяржавы. Так было і будзе заўсёды. Але і ад выкладчыкаў мы чакаем большага ўдзелу ў вырашэнні стратэгічных задач", - заявіў беларускі лідар.

"Тое, што нам у бліжэйшым будучым трэба звярнуць асаблівую ўвагу на выхаваўчую ролю адукацыі, - гэта ўрок, які мы сёння адназначна засвоілі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. На яго думку, вельмі важна зрабіць акцэнт на прававым выхаванні маладых людзей. Яны павінны ведаць закон, умець аналізаваць, збіраць факты, параўноўваць і бачыць тое, што стаіць за папулісцкімі лозунгамі. Аляксандр Лукашэнка таксама ўпэўнены, што дзеці павінны расці сапраўднымі патрыётамі.

Усім вучням і студэнтам Прэзідэнт пажадаў атрымаць максімум ведаў і станоўчага вопыту з кожнага вучэбнага дня, педагогам - прафесійных поспехаў, а бацькам - шмат падстаў для гонару за сваіх дзяцей. "Няхай старт новага навучальнага года будзе яркім, а настрой гэтага ўрачыстага дня захаваецца да наступнага першага званка. Усяго вам самага добрага", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У час наведвання каледжа Кіраўніку дзяржавы далажылі аб развіцці ў краіне сістэмы прафесійнай адукацыі, перспектывах развіцця гэтай установы адукацыі. Міністр адукацыі Ігар Карпенка расказаў, што цяпер завяршаецца работа над новым Кодэксам аб адукацыі. Восенню яго плануюць унесці на разгляд у парламент. Таксама, паводле яго слоў, прадаўжаецца работа над удасканаленнем сістэмы прафесійнай адукацыі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што з прыняццем новага кодэкса і рэфармаваннем адукацыі ў гэтым напрамку зацягваць не трэба.

Затым Прэзідэнт азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы і арганізацыяй адукацыйнага працэсу ў рэсурсным цэнтры каледжа. Пасля наведвання ўстановы Кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні журналістаў, расказаўшы аб сваім стаўленні да апошніх падзей у краіне.

"Не ўсё ў жыцці так бачыцца, як мы ў віртуальным свеце гэта пражываем. Адкрылі айфоны, тэлефоны і ўвесь час у іх глядзім. Ствараецца ілюзія нейкага іншага жыцця. Вось частка нашых людзей трапіла ў гэты ілюзорны свет", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, каменціруючы, як у некаторых СМІ падаюцца актуальныя падзеі ў Беларусі.

Прэзідэнт лічыць, што пад уплывам асобных масмедыя многае бачыцца ў крыху перабольшаным святле. Напрыклад, некарэктна падаецца колькасць удзельнікаў масавых мерапрыемстваў. Паводле яго слоў, ёсць дакладныя методыкі падліку, якія ўказваюць, што даныя скажаюцца. "Яны ў 10, а то і ў 20 разоў павялічваюць колькасць людзей на гэтых дэманстрацыях або мітынгах, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Але пытанне не ў гэтым. Важна, што гэта за людзі. Чаго яны выходзяць і чаго хочуць? А нічога".

"Пачалі, седзячы ў віртуальнай прасторы, штурхаць уладу: давайце дыялог. Прыгожае слова "дыялог", праўда? Скажыце, а з кім? Вось з вамі я магу весці дыялог з раніцы да ночы, спрачацца, вы можаце згаджацца або не згаджацца, - звярнуўся Прэзідэнт да журналістаў. - Пытанне ж не ў гэтым. Ніякага дыялогу яны не хочуць. З імі немагчыма весці дыялог. Таму што працэнтаў 30 там было тых, хто нічога не вырашае. Я ўчора гаварыў: мы чуем іх меркаванне - школьнікаў. Але яны ж нічога не вырашаюць, таму што яшчэ права выбару не маюць".

У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка прызнаў недапрацоўку дзяржавы ў частцы выхавання моладзі. "Мы свае касякі бачым, - сказаў ён. - Цяпер займаемся аналізам. І ва Урадзе, і ў Адміністрацыі Прэзідэнта рыхтуюць вывады з апошніх падзей, мы іх зробім".

На думку Прэзідэнта, моладзі часта не хапае жыццёвага вопыту для аб'ектыўнай ацэнкі таго, што адбываецца. "Некаторая частка нашай моладзі думае, што без працы можна добра жыць. Думаю, гэта пройдзе з узростам", - адзначыў ён. У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы вельмі пазітыўна адазваўся аб такіх прадстаўніках моладзі, як, напрыклад, навучэнцы Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сферы абслугоўвання. "Вось іх мы ніколі не ўпусцім, таму што яны з дзяцінства паспрабавалі, што такое праца. А тыя, якія не паспрабавалі на зуб гэтай працы, і тыя, якія не бачылі, што было і што ёсць, каб параўнаць, з імі трэба было працаваць больш цесна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама пракаменціраваў нядаўнюю сітуацыю на граніцы з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім архібіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Журналісты адзначылі, што ён не змог уехаць у Беларусь, і ні адно з ведамстваў не каменціруе гэту сітуацыю. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта пытанне цяпер старанна вывучаецца. "Я не скажу, што ў мяне поўная інфармацыя, яна пастаянна мяняецца. Мы цяпер вельмі ўважліва сочым за тымі, хто ўязджае-выязджае", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.


Ён расказаў, што кіраўнік каталіцкай царквы нечакана выехаў для кансультацый у Варшаву і, атрымаўшы пэўныя задачы, вяртаўся ў Беларусь і трапіў у гэты спіс неўязных, які агульны ў Беларусі і Расіі. "Не толькі ён адзін, проста ён - больш вядомая фігура", - удакладніў Прэзідэнт і расказаў, што з'явілася інфармацыя аб магчымасці наяўнасці ў Тадэвуша Кандрусевіча не аднаго грамадзянства. "Мы вывучаем, я гэта не сцвярджаю. Хочам вывучыць пытанне. Калі там усё чыста і ў адпаведнасці з законам, будзем дзейнічаць у адпаведнасці з законам. Нам не важна, хто ён - галоўны католік, галоўны праваслаўны або галоўны мусульманін. Павінен жыць у адпаведнасці з законам. А калі ты яшчэ і ў палітыку ўлез і пацягнуў за сабой вернікаў, католікаў, якія цудоўныя людзі, тады двайная адказнасць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Вы ж паглядзіце, мы касцёлы не закрылі, нават калі яны вялі антылукашэнкаўскую, антыдзяржаўную прапаганду, - сказаў Прэзідэнт. - Мы іх не закрылі, наадварот, спрабуем падтрымаць, абараніць. Вы гэта бачылі на плошчы (плошчы Незалежнасці, дзе размешчаны Чырвоны касцёл. - Заўвага). Праўда, фэйк выдумалі, што мы там у касцёл не пускалі", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка, расказаўшы са спасылкай на прадстаўнікоў АМАПа, што тыя абаранялі ад натоўпу мітынгуючых тых, хто маліўся ў храме.

"Якія б асобы там ні былі б (Кандрусевіч, Лукашэнка і іншыя), касцёлы працавалі і будуць працаваць, таму што малітва, вернікі, іх дарога да храма - гэта святое. Я заўсёды гаварыў, што ў кожнага беларуса павінна быць свая дарога да храма, і мы гэта свята захоўваем", - запэўніў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў: "Ніякага накату дзяржавы на каталіцкую, праваслаўную царкву, мусульман, іўдзеяў - хто б тут ні быў - мы ніколі не дапусцім. Таму што гэта наш гонар - канфесійны мір, нацыянальны мір. Мы заўсёды гэтым ганарыліся і будзем ганарыцца".

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне: "Гэта ўсё пройдзе - вось гэтыя хаджэнні па вуліцах і заявы, што нас паўмільёна, мільён, маўляў, вось усё, улада рухне. Слухайце, калі быў бы мільён, мы з вамі тут не размаўлялі б".

Выказваючыся аб сітуацыі ў краіне, Кіраўнік дзяржавы заявіў журналістам, што яго непакоіць не ўлада - ён проста не хоча, каб альтэрнатыўныя сілы парэзалі на кавалкі краіну.

"Я непакоюся толькі па адной прычыне: хачу абараніць тое, што мы стваралі чвэрць стагоддзя сваімі рукамі. Мы з руін і попелу паднялі гэту краіну", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што яго падтрымліваюць мільёны людзей, і ён апасаецца, што калі альтэрнатыўныя сілы прыйдуць да ўлады, то парэжуць усё на кавалкі, пачнуць рэзаць гэтых людзей і іх дзяцей. "Вось што мяне больш за ўсё непакоіць. Не ўлада, як у Расіі некаторыя гавораць: "Лукашэнка пасінелымі пальцамі трымаецца за ўладу". Я не хачу, каб парэзалі на кавалкі маю краіну, якую я ляпіў на абломках імперыі, і не хачу, каб парэзалі сумленных, прыстойных людзей, якія працавалі на гэта. Гэта будзе не люстрацыя, як некаторыя гавораць. Гэта будзе разня. І тое, што здарылася ва Украіне, будзе толькі кветачкамі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы пра пэўных чыноўнікаў, якія вырваліся цяпер у так званы каардынацыйны савет, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў любым грамадстве хапае такіх людзей. Прэзідэнт заявіў, што заўсёды "стараўся ставіцца да іх па-бацькоўску" і падтрымліваў на кар'ерным шляху. "Потым падалося, што ўлада нахілілася, а можа, ужо і недзе рухнула. І не таму, што ён нарэшце прачнуўся або маці яму вочы раскрыла. Не. Ён убачыў, што гэта ўлада, напэўна, рухне - трэба бегчы ў іншую. Вось ён і пабег. За чвэрць стагоддзя ў мяне такіх выпадкаў няхай і няшмат, але было. Няшмат, таму што ўлада заўсёды была цвёрдая, а цяпер ім у віртуальным свеце падалося, што ўлада ледзь ці не ляжыць, таму можна аб Лукашэнку ногі выцерці", - сказаў Прэзідэнт.

Некаторыя з такіх чыноўнікаў увайшлі ў так званы каардынацыйны савет і адкажуць за сваю дзейнасць там па законе, дадаў Кіраўнік дзяржавы. "Па фактах захопу ўлады ўзбуджана крымінальная справа. Вось ён і адкажа па законе, і схавацца нідзе не зможа, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Ёсць і іншыя, якіх мы своечасова разгледзелі і адправілі каго на спачынак, каму проста прапанавалі займацца бізнесам. Яны таксама не адкрыта, але недзе "посцяцца".

На сітуацыі ў краіне "хайпанулі" і некаторыя журналісты, лічыць Прэзідэнт. На яго думку, яны загадзя прынялі рашэнне пакінуць свае тэлеканалы і проста чакалі моманту, каб вярнуцца ўжо на нагрэтыя месцы. "І не трэба прыдумваць, што пайшла нейкая хваля - кагосьці пакрыўдзілі, кагосьці збілі. Не ў гэтым справа. Яны даўно ведалі, што трэба рабіць. Няхай робяць, мы ім далі свабоду", - дадаў беларускі лідар.

Па просьбе журналістаў Прэзідэнт таксама пракаменціраваў увядзенне краінамі Балтыі санкцый адносна Беларусі. Паводле яго слоў, больш мацёрыя краіны разумеюць, што з Беларуссю не варта задзірацца, бо яна можа закрыць граніцы пад Брэстам і Гроднам, і нямецкія грузы не змогуць так лёгка трапіць на Усход. Таму, заявіў Прэзідэнт, больш слабым краінам Балтыі была дадзена каманда выступіць супраць Беларусі. "Ім далі каманду "фас", яны і вякнулі з-пад плота. Я так гэта і ацэньваю", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што краінам Балтыі неабходна быць больш акуратнымі з Беларуссю, паколькі іх уласныя народы могуць успрыняць такое стаўленне да суседняй рэспублікі неадназначна. "Няхай яны растлумачаць сваім людзям, як яны так рэфармавалі краіну, што ў іх засталося менш за палову насельніцтва ад таго, што было ў савецкі час. Таму яны няхай акуратней накатваюць на Лукашэнку і Беларусь, таму што атрымаюць ад свайго народа так у зубы, што гэтых зубоў не застанецца", - перакананы ён.

Прэзідэнт дадаў, што ў Беларусі цяпер прапрацоўваюць меры ў адказ на ўведзеныя санкцыі. "Мы не будзем змагацца за тое, каб нас туды пусцілі. Мы проста эканамічна паспрабуем вырашыць гэту праблему. Кажуць, гэта даражэй будзе для Беларусі (пераарыентаваць свае грузы з балтыйскіх партоў на Расію. - Заўвага). Вядома, нам крыху будзе нявыгадна. Але мы ж дамовіцца можам з расіянамі па тарыфах, і яны ад аб'ёмаў перавалкі нашых грузаў усё роўна атрымаюць выгаду", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, як бы ні складвалася сітуацыя, Беларусь вымушана праводзіць шматвектарную палітыку. "Чаму мы заўсёды заяўлялі аб шматвектарнасці і шматпалярнасці: планеты і сістэмы могуць стабільна трымацца, калі ў іх некалькі апор. Калі выбіваюць адну, другую апору, яны пачынаюць хістацца і могуць рухнуць. Таму я заўсёды быў за шматпалярнасць", - заявіў беларускі лідар.


Ён падкрэсліў, што нават на адной магутнай Амерыцы свет не пратрымаецца. "Няма Савецкага Саюза - калі дзве проціборствуючыя апоры, але заўсёды разумеючыя, што ёсць чырвоная рыса. Таму я быў за шматпалярнасць. А шматвектарнасць - геаграфічны цэнтр Еўропы ў нас у Полацку. І якую нам палітыку праводзіць?" - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што Беларусь ніколі не адварочвалася ад Расіі, хоць і была вымушана пры эканамічных спрэчках шукаць альтэрнатыву на тым жа нафтавым рынку. У той жа час ён падкрэсліў, што Беларусь і Расію звязваюць у тым ліку цесныя кааперацыйныя, вытворчыя сувязі, частка айчыннай эканомікі звязана з пастаўкамі сыравіны, камплектуючых з Расіі, тым самым даючы заказы і работу для расійскіх прадпрыемстваў. "Гэта чыста медыйная выдумка, што Лукашэнка павярнуўся на Захад. Так, я праводзіў шматвектарную палітыку наколькі гэта было магчыма. Думаеце, я не разумею, што сто гадоў не патрэбны гэтай Еўропе і тым больш Амерыцы. Але мне трэба было выратаваць краіну, трэба было выжываць, у той час як мяне не разумелі там (у Расіі. - Заўвага)", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Размаўляючы з журналістамі, Прэзідэнт выказаўся за прадаўжэнне цеснага супрацоўніцтва з Расіяй. "У Пасланні да выбараў я сказаў: вы нас сёння называеце партнёрамі. Не братамі сталі, а партнёрамі. А дарэмна! Гэта пачулі і ў Крамлі, і ўсюды. Мы сёння браты. Гэта ўрок. Мы зробім адпаведныя вывады. Мы з Прэзідэнтам (Расіі. - Заўвага) ужо зрабілі гэтыя вывады. І што б там ні гаварылі ў вас, што б ні вякалі на плошчах у нас, мы захаваем нашу агульную Айчыну, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Наша агульная Айчына, дзе жывуць два народы ад аднаго кораня. Гэта Айчына ад Брэста да Уладзівастока".

У час паездкі ў Баранавічы Аляксандр Лукашэнка таксама паразмаўляў з мясцовымі жыхарамі. Прэзідэнт заклікаў прадстаўнікоў старэйшага пакалення больш размаўляць з моладдзю, якая, паводле яго слоў, не ведае, з якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца дзяржаве на стадыі яе станаўлення. "Яны ж не бачылі гэтага. Трэба з імі размаўляць, расказваць ім, гэта ж наша будучыня, - падкрэсліў ён. - Як многія кажуць: "Чаго беларусам не хапае? Яны не пужаныя". Але мы і не хочам, каб мы былі пужанымі".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што калі ў краіне людзі "пачнуць ламаць адзін аднаго праз калена", то здарыцца грамадзянская вайна, гэтага дапусціць ён не можа. "Але вы не перажывайце, гэтага не будзе, - запэўніў ён. - Я разумею, што трэба лепш, не хапае і таго, і гэтага. Але жывём, наколькі можам. Няма таго зладзейства, беззаконня, і гэта трэба цаніць. Нам ніхто больш не дасць, чым тое, што мы заробім".

"Калі б не было вас, вопытных людзей (нехта на пенсіі, нехта рыхтуецца), не было б ужо нашай краіны. Гэта вы трымаеце гэту краіну. Гэта дзякуючы вам сёння гэты мір, - заявіў беларускі лідар. - Нашы дзеці і ўнукі павінны жыць тут, таму мы павінны зрабіць усё, каб было добра дзецям. А без міру нічога не будзе".

Тэгі: Паездкі
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь