Наведванне Александрыйскай сярэдняй школы ў Шклоўскім раёне

  • 18
  • 7:01

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў 1 верасня святочную лінейку з нагоды Дня ведаў у Александрыйскай сярэдняй школе Шклоўскага раёна, дзе падзяліўся ўспамінамі і расказаў аб каштоўнасцях школьнай пары.

"Першае верасня - гэта свята, якое пачынаецца з першага званка і застаецца з намі назаўсёды. І для мяне вельмі важна раздзяліць гэты дзень разам з вамі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Александрыйская школа займае асаблівае месца ў яго жыцці. Некалі і ён, будучы вучнем, стаяў на лінейцы, чакаючы чарговы навучальны год. "З тымі падзеямі звязана вялікая колькасць уражанняў, асабістых перажыванняў - самых розных. Але з часам усе яны сталі дарагімі сэрцу ўспамінамі. Гэтак будзе і ў вас", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, дарослым заўсёды важна, каб дзеці ўсведамлялі каштоўнасць школьнай пары. Разумелі, што ўрокі, кантрольныя, экзамены - гэта своеасаблівая рэпетыцыя дарослага жыцця. "Але каб прайсці гэты шлях дастойна і ўспамінаць яго з радасцю, трэба ўжо сёння даражыць кожным імгненнем, прымаць з удзячнасцю ўсё, што дае школа. І цяжкасці ў тым ліку", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. Таму што менавіта яны вучаць пераадольваць сумненні і няўпэненасць, выбудоўваць адносіны з аднакласнікамі і педагогамі, растлумачыў Прэзідэнт. "Гэта і ёсць той каштоўны вопыт, які стане для вас сур'ёзнай апорай у будучым. Гэта ваш першы жыццёвы вопыт", - звярнуў увагу ён.

"А тут і цяпер побач настаўнікі, якія заўсёды дадуць шанц выправіць памылкі, дапамогуць знайсці выйсце з любой сітуацыі, падтрымаюць і накіруюць. І, як паказвае практыка, самыя патрабавальныя, але ўважлівыя і мудрыя педагогі назаўсёды застаюцца ў памяці сваіх вучняў. Часта з'яўляюцца для іх арыенцірам у выбары будучай прафесіі", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што не заўсёды побач ёсць чалавек, які падкажа, дапаможа, возьме за руку і правядзе па жыцці. Прэзідэнт звярнуўся да педагогаў і бацькоў: "На гэты выпадак, калі з нашымі дзеткамі нікога не будзе побач, каб падказаць, вы павінны іх навучыць цяпер арыентавацца ў жыцці. І навучыць дзейнічаць, прымаць правільныя рашэнні нават у складаных, няпростых жыццёвых сітуацыях".

"Жыццё цяпер набыло каласальныя маштабы ў сваёй хуткасці. Хуткасць жыцця неймаверна высокая. Яна значна павялічылася. Гэта не тыя часы, калі мы з вамі стаялі тут, садзіліся за парты і вучыліся. Таму трэба прымаць рашэнні хутка. І трэба навучыць нашых маленькіх беларусаў, арыентуючыся ў гэтым жыцці, прымаць правільныя і хуткія рашэнні", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на той факт, што многія выпускнікі Александрыйскай школы сталі яе настаўнікамі. Тут ужо ёсць педагагічныя дынастыі. Прэзідэнт таксама ў свой час, атрымаўшы дыплом выкладчыка, вярнуўся сюды, каб зрабіць першыя прафесійныя крокі на малой радзіме.

"І я помню гэтыя ўрокі, асабліва ў дзясятым класе. Праз гады, куды б ні паклікаў абавязак, ніколі не страчваў сувязь з роднай зямлёй, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Яна дае сілы і застаецца самай галоўнай апорай у жыцці. І я дакладна магу сказаць, што, толькі ведаючы гэты шлях дадому, можна ўпэўнена рухацца наперад. Хацеў бы, каб так было і ў вас. А наперад чалавека заўсёды вядзе жаданне быць паспяховым і шчаслівым".

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што, аб чым бы ні марылі сённяшнія школьнікі, - усё магчыма. "І ключ да вашай упэўненай будучыні - гэта веды. Без іх нікуды. Веды не дзеля адзнакі, а дзеля дасягнення высокіх мэт. Не павярхоўная інфармацыя, якая даступна ў любым гаджэце, у інтэрнэце, а глыбокае вывучэнне прадметаў", - адзначыў ён.

"Так, мы жывём у эпоху інфармацыйных тэхналогій. Зазірнуўшы ў той самы гаджэт, можам імгненна атрымаць адказ на любое пытанне. Але не гэта робіць чалавека больш разумным і адукаваным, а лагічнае мысленне, уменне разважаць і рабіць правільныя вывады, абапіраючыся на ўласны інтэлект і эрудыцыю. Развіваць іх трэба ў школьным узросце. І лепшыя памочнікі на гэтым шляху - вашы настаўнікі і бацькі", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт упэўнены, што новы навучальны год абавязкова будзе паспяховым для дзяцей, калі яны адразу настрояцца на сур'ёзную работу. "Але, цалкам аддаючыся свету ведаў, не забывайце, што гэта важна, але гэта не адзінае, што будзе важна ў вашым жыцці. Фізічная актыўнасць - лепшы адпачынак пасля разумовай нагрузкі. Больш сустракайцеся, праводзьце вольны час на свежым паветры і абавязкова займайцеся спортам - для гэтага ў вас створаны выключныя, унікальныя ўмовы", - параіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пажадаў навучэнцам поспехаў і лёгкасці ў вучобе, педагогам і бацькам - разумення і мудрасці. І ў цэлым - захаваць святочны настрой першага дня на ўвесь наступны навучальны год.

Наведваючы Александрыйскую сярэднюю школу Шклоўскага раёна, Аляксандр Лукашэнка падарыў установе комплекс спартыўных трэнажораў. Комплекс складаецца са снарадаў варкаўта і некалькіх трэнажораў. Яны прызначаны для развіцця мышцаў ног, спіны, грудзей, рук і прэса, умацавання суставаў і паясніцы, павелічэння эластычнасці злучальных тканак.

Навучэнцы ў сваю чаргу падрыхтавалі для Кіраўніка дзяржавы фотаальбом "Сцяжынкамi малой радзiмы", выкананы ў тэхніцы скрапбукінгу. Старонкі альбома расказваюць аб дзяцінстве, студэнцкіх гадах, працоўнай дзейнасці Аляксандра Лукашэнкі і дэкарыраваны ў адпаведнасці з тэматыкай фатаграфій.

Пасля святочнага канцэрта Прэзідэнт наведаў размешчаны ў былым будынку Александрыйскай школы гісторыка-краязнаўчы музей і свой клас. Там Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з першакласнікамі і сваімі былымі настаўнікамі. Дзецям Кіраўнік дзяржавы расказаў пра свае школьныя гады, а ў педагогаў пацікавіўся цяперашнім жыццём і ўручыў ім падарункі.

Класны кіраўнік Прэзідэнта настаўніца матэматыкі Таццяна Карпечанка нагадала, што 14 студзеня ў яе будзе дзень нараджэння - педагогу спаўняецца 95 гадоў. Яна запрасіла Аляксандра Лукашэнку да сябе на юбілей. Прэзідэнт сказаў, што пастараецца абавязкова прыехаць да яе ў госці на гэта свята. Кіраўнік дзяржавы пажадаў усім настаўнікам доўгіх гадоў жыцця і сфатаграфаваўся з імі на памяць.