Наведванне Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь

  • 16

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 18 кастрычніка наведаў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі.

Аляксандру Лукашэнку далажылі аб структуры і асноўных напрамках дзейнасці ВНУ. Прэзідэнта таксама праінфармавалі аб тым, як вядзецца падрыхтоўка кадраў у Інстытуце дзяржслужбы, Інстытуце кіраўніцкіх кадраў, Навукова-даследчым інстытуце тэорыі і практыкі дзяржкіравання, а таксама як працуе Цэнтр суправаджэння АІС "Рэзерв". Затым Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з выстаўкай "Актыўныя формы навучання ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь: удасканаленне практыка-арыентаваных падыходаў" і прэзентацыямі дзейнасці ВНУ.

Кіраўніку дзяржавы падрабязна расказалі аб тым, якія сучасныя сістэмы падрыхтоўкі кадраў ужо выкарыстоўваюць у Акадэміі кіравання і агучылі некаторыя новыя прапановы. У сувязі з гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць узважана і абдумана падыходзіць да навацый з улікам таго, каб рэзультатыўнасць была сапраўды высокай. Ён падкрэсліў, што будучыя ўпраўленцы павінны валодаць усебаковымі ведамі, у тым ліку ў сферы ІТ-тэхналогій, але гэта не значыць, што ў Акадэміі трэба рыхтаваць праграмістаў. "Мы рыхтуем упраўленцаў і кіраўнікоў", - заўважыў Прэзідэнт. Гаворачы аб патрабаваннях, што прад'яўляюцца да іх, ён вылучыў у першую чаргу тры пазіцыі - лідарства, падрыхтаванасць і амбіцыйнасць.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на важнасць адбору будучых студэнтаў і слухачоў Акадэміі кіравання, каб атрыманыя імі веды ў далейшым эфектыўна выкарыстоўваліся ў вырашэнні пастаўленых задач.

Разам з гэтым Прэзідэнт падкрэсліў неабходнасць падрыхтоўкі ў сценах ВНУ высокага ўзроўню спецыялістаў эканамічнай накіраванасці. "Трэба стварыць добрую кампактную праграму для падрыхтоўкі эканамістаў, - сказаў ён. - Эканоміка патрэбна ўпраўленцам". Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што трэба зрабіць акцэнт на навучанне замежным мовам, больш актыўна выкарыстоўваць даныя банка таленавітай моладзі: "Сярод гэтых таленавітых хлопцаў і дзяўчат вельмі важна знаходзіць лідараў і рыхтаваць іх як будучых упраўленцаў".

Адбыўся адкрыты дыялог Прэзідэнта са слухачамі, студэнтамі, магістрантамі і аспірантамі, прафесарска-выкладчыцкім складам, супрацоўнікамі ВНУ. У пачатку свайго выступлення Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Акадэмія кіравання павінна стаць галоўнай ВНУ. "Не толькі як мы гэта падаём, але як гэта разумеюць нашы людзі. Мы павінны гэта зрабіць у разуменні нашага грамадства", - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён заявіў, што хацеў бы паспець пры сваім прэзідэнцкім жыцці пабудаваць новую акадэмію: не толькі з пункту гледжання новых карпусоў, але і з пункту гледжання выкладання па новых методыках і праграмах. "Практыка-арыентаваная ВНУ, куды імкнуліся б паступіць усе не толькі з нашай краіны, але і з-за мяжы", - адзначыў Прэзідэнт.

"А гэтыя карпусы (цяперашнія. - Заўвага) мы аддадзім БДУ, медуніверсітэту і гэтак далей. Але гэта не ад мяне залежыць. Гэта залежыць ад вас. Як толькі я ўбачу, што вы стварылі гэту акадэмію і ўжо можна вас перамяшчаць на новую пляцоўку, мы гэта з вамі павінны зрабіць. Але гэта будзе толькі тады, калі вы разам з прафесарска-выкладчыцкім складам і кіраўніцтвам Акадэміі кіравання пройдзеце цяжкі шлях мадэрнізацыі, удасканалення работы, калі хочаце - рэфармавання. Чым раней, тым хутчэй мы пачнём рэалізоўваць гэту задачу", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ў Акадэміі ўжо нямала зрабілі, каб ВНУ паважалі, і навучанне ў ёй карыстаецца попытам.

Гаворачы аб падрыхтоўцы спецыялістаў у Акадэміі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба рыхтаваць упраўленцаў ад жыцця і на ўсіх ступенях ВНУ павінна быць не проста канкурэнтаздольная, а па-за канкурэнцыяй. "Тады будзем будаваць новую акадэмію, калі вы гэта асвоіце. Толькі менш усялякай надуманасці, празмерных нікому не патрэбных амбіцый. Вялікае ж у простым", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэты год - юбілейны для палітычных інстытутаў і фундаментальных асноў палітычнай сістэмы краіны, сваё 25-годдзе адзначаюць многія дзяржаўныя органы, сфарміраваныя на заранку станаўлення незалежнай Беларусі. "За чвэрць стагоддзя мы стварылі ўстойлівую мадэль кіравання, стабільную ў сваіх базавых арыенцірах. Яны простыя і зразумелыя кожнаму: суверэнітэт нашай краіны, дабрабыт грамадзян і справядлівае стаўленне да людзей, адзінства грамадства і многія іншыя", - заявіў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, гэта мэты, у дасягненні якіх важнейшую ролю адыгрываюць органы дзяржаўнага кіравання. "Менавіта тут, у Акадэміі кіравання, мы можам адкрыта абмеркаваць перспектывы іх развіцця. З нашай апошняй сустрэчы ў такім фармаце прайшло амаль дзесяць гадоў. Гэта падстава падвесці некаторыя вынікі і паставіць новыя задачы перад айчыннай сістэмай дзяржкіравання. Знайсці адказы на пытанні: хто ён - кіраўнік будучыні? І якая роля Акадэміі ў падрыхтоўцы кіраўніцкіх кадраў?" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што Акадэмія кіравання - гэта ўнікальная навучальная ўстанова, сама назва ВНУ падкрэслівае яе статус і значнасць. "Тут развіваецца сучасная нацыянальная школа дзяржкіравання - ствараецца будучыня краіны. Будучыня, галоўная роля ў якой належыць тым, хто свядома выбраў адказны і няпросты шлях - служыць краіне і народу. І гэта праца, якая патрабуе поўнай самааддачы, адданасці дзяржаве, шчырага стаўлення да людзей, пастаяннага ўдасканалення", - сказаў беларускі лідар.

"Змяняецца свет, змяняецца грамадства. Патрабаванні да кампетэнцый сучаснага кіраўніка становяцца ўсё вышэйшымі. А значыць, у сістэму павінны прыходзіць упраўленцы новай фармацыі - кіраўнікі з ярка выяўленымі лідарскімі якасцямі і дзяржаўным мысленнем, матываваныя і нацэленыя на высокі вынік", - заявіў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, на вырашэнні гэтай важнай задачы павінна сёння сканцэнтраваць свае намаганні Акадэмія кіравання.

Па-першае, неабходна захаваць дасягнуты ўзровень і мэтанакіравана працаваць над павышэннем іміджу акадэміі. "Тут павінны выкладаць лепшыя спецыялісты айчыннай школы кіравання, сапраўдныя патрыёты і дзяржаўнікі. Іх прыярытэтная задача - сачыць за самымі перадавымі тэхналогіямі ў сваёй галіне, на іх аснове выбудоўваць навучальны працэс. Сістэмным павінен быць удзел у навучальным працэсе дзеючых упраўленцаў. Хто, калі не яны, можа актуалізаваць тэарэтычны матэрыял, замацаваць яго канкрэтнымі прыкладамі з практыкі?" - сказаў Прэзідэнт.

Па-другое, праходзіць падрыхтоўку і перападрыхтоўку ў гэтай ВНУ павінны выключна перспектыўныя дзяржаўныя служачыя, з высокім патэнцыялам кіраўніка, а не людзі, якія не схільныя да кіраўніцкай работы або ўжо завяршаюць сваю прафесійную дзейнасць. "Гэта маё прынцыповае патрабаванне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Па-трэцяе, са сцен акадэміі павінны выходзіць усебакова падрыхтаваныя спецыялісты, якія не толькі валодаюць тэарэтычнымі ведамі, але і маюць практычны вопыт вырашэння канкрэтных кіраўніцкіх задач. "Гэта важна, таму што часта на пасады ўпраўленцаў у раёнах назначаюць добрых спецыялістаў, прафесіяналаў сваёй справы, але якія не заўсёды маюць дастатковы вопыт кіраўніка. Задача акадэміі - даць гэтым людзям тыя веды і кіраўніцкія навыкі, якіх ім не хапае", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама звярнуў увагу, што сёння не колькасць, а якасць падрыхтаваных спецыялістаў мае прынцыповае значэнне. "Мы не можам у акадэміі даваць людзям адукацыю дзеля адукацыі. Вельмі дорага абыходзяцца краіне кіраўніцкія памылкі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Па-чацвёртае, у перыяд навучання вельмі важна заўважыць перспектыўных людзей, якія па сваіх асобасных і прафесійных якасцях могуць займаць кіраўніцкія пасады ў нашай краіне. "Кожны чалавек, які атрымаў адукацыю або прайшоў падрыхтоўку тут, павінен быць бачным і запатрабаваным, як кажуць, быць заўсёды "на карандашы", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. "Галоўны абавязак акадэміі - прадстаўляць адпаведную інфармацыю непасрэдна ў Адміністрацыю Прэзідэнта. На жаль, да гэтага часу эфектыўная работа ў гэтым напрамку не выбудавана", - адзначыў Прэзідэнт.

Пятае, адукацыйны працэс павінен працаваць на апярэджанне. "Не раз гаварыў, што акадэміі трэба павысіць якасць падрыхтоўкі слухачоў па самых актуальных напрамках. Сёння многім нашым упраўленцам не хапае ведаў замежнай мовы, піяр-тэхналогій, кампетэнцый у сферы лічбавай трансфармацыі, эканомікі", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён заявіў, што да гэтай тэмы трэба падключыць Парк высокіх тэхналогій, разам прадумаць план або вучэбную праграму па навучанні лічбавым тэхналогіям для спецыялістаў і кіраўнікоў.

"Але галоўнае - акадэмія павінна навучыць упраўленца вучыцца, пастаянна развіваць і трансфармаваць свае веды і навыкі. Ключ да поспеху сучаснага кіраўніка - гэта пастаяннае самаўдасканаленне, імкненне да асобаснага росту і развіцця", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Шостае, выкладанне павінны быць дыферэнцыраваным і практыка-арыентаваным. "Трэба ўлічваць, што некаму дастаткова пашырыць свае веды па трох-чатырох дысцыплінах за кароткі тэрмін, а нехта мае патрэбу ў поўным цыкле навучання. Гэта вялікі аб'ём работы, але неабходна складаць індывідуальныя вучэбныя планы, праграмы перападрыхтоўкі ў залежнасці ад сферы і вопыту канкрэтнага слухача", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, кіраўніцтву акадэміі трэба яшчэ раз прааналізаваць, наколькі структура навучальнага працэсу мае прыкладны характар і адпавядае рэальнаму жыццю, наладзіць больш цеснае ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі. Неад'емнай часткай работы павінны стаць стажыроўкі на вядучых айчынных прадпрыемствах і ў дзяржорганах.

Сёмае, навуковая дзейнасць акадэміі павінна быць накіравана на вырашэнне дзяржаўных задач, вывучэнне сучаснай палітычнай сітуацыі ў краіне і свеце, дзейнасці медыярэсурсаў, а таксама меркаванняў і настрояў у грамадстве. "Хто, калі не дзяржаўнікі, якія фарміруюць палітычную эліту краіны, павінны аналізаваць рызыкі, ацэньваць іх узровень, а таксама прагназаваць развіццё знешняй і ўнутранай палітычнай сітуацыі, удзельнічаць у распрацоўцы метадаў інфармацыйнага проціборства, процідзеяння ўнутраным і знешнім пагрозам?" - адзначыў беларускі лідар.

Ён акцэнтаваў увагу, што важным напрамкам дзейнасці акадэміі застаецца прыцягненне аналітыкаў і экспертаў да выпрацоўкі канкрэтных прапаноў па павышэнні эфектыўнасці работы органаў дзяржкіравання, абмеркавання праектаў значных кіраўніцкіх рашэнняў.

Гаворачы аб існуючай сістэме дзяржаўнай службы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што выбудаваная мадэль у цэлым дае магчымасць вырашаць асноўныя задачы, гэта сістэма пастаянна ўдасканальваецца. А праблемы, паводле яго слоў, калі і ўзнікаюць, то часцей за ўсё звязаны з нядобрасумленным стаўленнем да работы і адсутнасцю належнай дысцыпліны.

"Недапушчальна, каб у вачах насельніцтва ўпраўленец асацыіраваўся з кабінетным чыноўнікам. Ён павінен быць бліжэй да людзей, нацэленым на вырашэнне канкрэтных праблем чалавека, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Тое, што ў адрас Адміністрацыі Прэзідэнта прадаўжаюць паступаць скаргі на бюракратыю і цяганіну, на жаль, красамоўна сведчыць, што практыка фармальных размоў або адпісак усё яшчэ існуе. І да гэтага маё стаўленне вядома".

Пры гэтым Прэзідэнт заўважыў, што эфектыўна вырашаць пастаўленыя задачы для кіраўніка любога рангу - гэта толькі палова поспеху. Важна пры неабходнасці ўмець своечасова, аргументавана і зразумела растлумачыць людзям прынятыя рашэнні і прычыны магчымых праблем, адказаць на любое, у тым ліку нязручнае, пытанне як насельніцтву, так і прадстаўнікам СМІ. "Сёння ж некаторыя кіраўнікі ў прынцыпе баяцца відэакамеры або мікрафона журналіста", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў Акадэміі кіравання навучаюць навыкам размовы з журналістамі, рабоце ў імправізаванай тэлевізійнай студыі. Прэзідэнт лічыць, што сучасны кіраўнік, безумоўна, абавязаны ўмець усё гэта. "Тым больш сёння, калі так імкліва развіваюцца інфармацыйныя тэхналогіі. І яны з'яўляюцца адным з дзейсных інструментаў для вырашэння многіх задач дзяржаўнага маштабу", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Таксама, на думку Прэзідэнта, важна ўмець эфектыўна выкарыстоўваць у рабоце інтэрнэт-рэсурсы, аналізаваць грамадскае меркаванне і рэакцыю на дзейнасць мясцовага кіравання ў сацыяльных сетках, на форумах навін, выкарыстоўваць гэтыя рэсурсы ў дзяржаўных мэтах для рэалізацыі важных праектаў.

"Акрамя таго, дасведчаны кіраўнік павінен умець бачыць і падтрымліваць жывую ініцыятыву на месцах. Акумуляваць вакол сябе лепшыя прапановы і ідэі, дапамагаць у іх рэалізацыі. Выкарыстоўваць патэнцыял навукі, экспертаў у сваёй сферы. У сувязі з гэтым ад упраўленцаў чакаюцца большая, чым раней, публічнасць і актыўны ўдзел у сацыяльна-палітычным жыцці рэгіёнаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Сёння ў падборы кадраў на кіруючую пасаду неабходна ўлічваць чалавечыя якасці і маральны крытэрый. Мы бачым, як на фоне сістэмнага ўкаранення новых тэхналогій у эканамічную дзейнасць і грамадскія адносіны ўзнікаюць новыя карупцыйныя рызыкі. У сувязі з гэтым прынцыпова важна на кіраўніцкія пасады адбіраць толькі зацікаўленых, неабыякавых і высокакваліфікаваных спецыялістаў, арыентаваных на служэнне краіне і людзям, а не на задавальненне асабістых або кар'ерных амбіцый", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

А для павышэння прэстыжу кіраўніка, заявіў Прэзідэнт, неабходна замацоўваць дадатковыя сацыяльна-прававыя гарантыі дзяржслужачых, што пацвярджаюць іх высокі статус.

Тэма, якая, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, таксама патрабуе асаблівай увагі, - ратацыя кіруючых кадраў. Яе галоўная мэта, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, нават не ў тым, каб выключыць кумаўство і пратэкцыянізм. "Мяняць месца работы, а іншым разам і прапіску, выходзіць з зоны камфорту трэба, каб развівацца, пашыраць кругагляд, адкрываць у сабе новыя грані і здольнасці. Такім чынам, спецыяліст не толькі вырасце прафесійна, але і краіне прынясе больш карысці", - лічыць ён.

Прэзідэнт адзначыў, што дзеючы закон аб дзяржслужбе прыняты больш за 15 гадоў таму. Але ў змененых сацыяльных і эканамічных умовах ён патрабуе перагляду. "Неабходна ўлічыць практыку яго прымянення, а таксама актуальнасць вызначэння новых перспектыўных напрамкаў развіцця інстытута дзяржаўнай службы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Распрацаваць новы закон аб дзяржслужбе Прэзідэнт даручаў ужо даўно. Гэтым пытаннем займаецца рабочая група з вучоных і экспертаў, у большасці не дзяржслужачыя, "каб не было закона пад сябе". У студзені 2019 года падрыхтаваны законапраект быў разгледжаны на нарадзе ў Кіраўніка дзяржавы. "Не ўсе пытанні канчаткова вырашаны. Але работа прадаўжаецца. Нам давядзецца вырашыць канкрэтныя задачы: збліжэнне рэгламентацыі розных відаў дзяржаўнай службы, павышэнне службовай дысцыпліны, замацаванне комплексу матэрыяльных і сацыяльных гарантый, прызначаных кампенсаваць ускладаемыя на дзяржслужачых абмежаванні", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, будучы закон павінен стаць адзіным дакументам, які комплексна ўрэгулюе працэс праходжання дзяржаўнай службы, выключаючы неабходнасць звяртання да мноства падзаконных і ведамасных актаў. "Мы ў першую чаргу павінны зыходзіць не з пераймання нейкіх замежных мадэлей - многія з іх не адпавядаюць спецыфіцы айчыннай кіраўніцкай сістэмы, а з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што сістэма дзяржаўнай службы ў прынцыпе не можа быць статычнай, таму што жыццё імкліва развіваецца. "Задача кіраўніцкай вертыкалі - быць наперадзе тэндэнцый і выклікаў ужо не заўтрашняга, а паслязаўтрашняга дня. Удасканаленне гэтай сістэмы - працэс бесперапынны. Таму пытанні вызначэння крытэрыяў падбору кадраў, механізмаў іх ратацыі, новых падыходаў да фарміравання кадравага рэзерву заўсёды  будуць патрабаваць нашай пастаяннай увагі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Расказваючы аб распрацоўцы новага закона аб дзяржслужбе, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь хоць і абапіраецца на новы вопыт, але павінна ў першую чаргу зыходзіць не з пераймання нейкіх замежных мадэлей, а з прыярытэтаў сваёй дзяржаўнай палітыкі.

Свой тэзіс Кіраўнік дзяржавы падмацаваў выпадкам з жыцця. Ён успомніў, як у кулуарах міжнароднага саміту сустрэўся з тагачаснымі лідарамі Расіі і ЗША Барысам Ельцыным і Білам Клінтанам. Прэзідэнт Амерыкі збіраўся пакідаць сваю пасаду і, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, пакуль не ведаў, чым будзе займацца далей.

"Я Ельцыну кажу:" Слухай, Барыс, давай яму прапануем пасаду?" Ён на мяне глядзіць сур'ёзна: "Якую?" Я кажу: "У Саюзную дзяржаву яго возьмем кіраўніком, ён жа ў нас усё роўна з нашай падачы будзе вырашаць там праблемы". Ельцын гучным голасам засмяяўся, што ўсе на нас звярнулі ўвагу. Клінтан таксама смяецца, але не разумее, аб чым мы гаворым. Перакладчык яму пераклаў - ён яшчэ больш пачаў смяяцца", - расказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы тады заўважыў, што не дай бог Прэзідэнту ЗША кіраваць у Беларусі або Расіі. "Давядзецца займацца і фермамі, і бульбай, а не толькі меркаваннямі людзей, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Паназірайце за работай прэзідэнтаў на постсавецкай прасторы і нашага любімага і паважанага Дональда Трампа - дзве вялікія розніцы".

"Таму з замежным вопытам трэба быць акуратней, не толькі на самым версе, але і наогул", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што курс дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі нязменны: у краіне дзейнічае прынцып пераемнасці пакаленняў, захавання лепшых дасягненняў мінулага. "Амаль трэць нашых грамадзян - каля 3 млн чалавек - нарадзіліся ў суверэннай Беларусі. Гэта юнакі і дзяўчаты, якія ўспрымаюць рэчаіснасць ужо з пункту гледжання жыхароў самастойнай еўрапейскай дзяржавы, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - І настаў час актыўна ўключаць гэтых маладых людзей у палітычнае жыццё краіны. Фарміраваць дзяржаўнае мысленне ў тых, хто ідзе за імі. Выбудоўваць дыялог пакаленняў на аснове ўзаемнага даверу і павагі. Дыялог, у якім вопыт і інавацыі, мудрасць і рашучасць, асцярожнасць і смеласць знаходзяцца ў гармоніі і згодзе".

Галоўная роля ў гэтым працэсе адводзіцца ў тым ліку выкладчыкам акадэміі. Іх задача - не толькі перадаць свае глыбокія веды, але і падрыхтаваць дастойную змену. "Ведаю, многія выпускнікі аспірантуры і дактарантуры паспяхова абаранілі дысертацыі і ўжо выкладаюць разам са сваімі настаўнікамі", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што ў акадэміі вядзецца падрыхтоўка і на базе агульнай сярэдняй адукацыі з апорай на эканоміку, права і сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Хоць раней гучалі прапановы адмовіцца ад набору выпускнікоў пасля школы, але Прэзідэнт настаяў на тым, каб захаваць такі від навучання. "І няхай набор студэнцкай моладзі невялікі, але гэтай так званай залатой сотні давядзецца ў будучым фарміраваць кіраўніцкі склад краіны", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. "А далей паглядзім, можа, і не трэба, - дадаў ён. - Можа, будзе іншая форма (навучання. - Заўвага) да моманту будаўніцтва новай акадэміі".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што пытанне размеркавання выпускнікоў, як і далейшы іх кар'ерны рух, акадэмія павінна трымаць на кантролі. "І ў гэтым пытанні ёй трэба актыўна ўзаемадзейнічаць з дзяржаўнымі органамі, перш за ўсё з Адміністрацыяй Прэзідэнта, таму што закладваць трывалую аснову для стратэгічнага развіцця краіны на 20-30 гадоў наперад давядзецца маладым і энергічным, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Арыфметыка простая: каб адшліфаваць палітычна і сацыяльна сталага кіраўніка да 40 гадоў, яго прафесійнае развіццё павінна стартаваць як мінімум са студэнцтва, яшчэ ў пачатку працоўнага шляху".

"Але кожны, хто сёння марыць аб палітычнай кар'еры, павінен разумець, што шлях кіраўніка не такі просты, гэта цяжкая і напружаная праца. Толькі той, хто выстаіць выпрабаванні дзяржаўнай уладай і часам, захаваўшы гонар мундзіра, зможа выйсці на высокі ўзровень прыняцця адказных і лёсавызначальных рашэнняў, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - А заваёўваць давер можна толькі канкрэтнымі вынікамі. Менавіта такія крытэрыі ў аснове дзяржаўнай кадравай палітыкі. Яны ўніверсальныя і адпавядаюць духу часу".

Паводле слоў Прэзідэнта, яму часта даводзіцца чуць аб імкненні чыноўнікаў выканаць пэўную задачу, але пры гэтым не заўсёды дасягаецца эфектыўны вынік. "Настаў час канкрэтных вынікаў. А як вы рабілі або наогул нічога не рабілі - гэта вашы праблемы, - заўважыў ён. - Час выстаўляе строгія патрабаванні да кіравання і кіраўніцкіх кадраў".

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў значнае амаладжэнне кадравага складу дзяржаўных органаў, звярнуўшы ўвагу, што ў гэтым працэсе важна ўлічваць не толькі ўзрост, але адбіраць спецыялістаў высокай кваліфікацыі.

"Рост нацыянальнай эканомікі, узровень дабрабыту грамадзян і пазіцыя краіны на міжнароднай арэне шмат у чым вызначаюць вынікі работы нас, упраўленцаў, цяперашніх і будучых. Ад іх умення стратэгічна думаць, папярэджваць або своечасова вырашаць праблемы таксама залежаць стабільнасць і згода нашага грамадства, - падкрэсліў Прэзідэнт. - На прыкладзе асобных краін сёння мы бачым, што ўжо не толькі прыродныя багацці або фінансавыя капіталы з'яўляюцца крыніцай канкурэнтных пераваг. Галоўнай умовай імклівага развіцця дзяржаў з'яўляюцца спецыялісты, прафесіяналы высокага ўзроўню".

Пасля выступлення Кіраўнік дзяржавы адказаў на шматлікія пытанні ўдзельнікаў сустрэчы, якія закраналі шырокае кола тэм.

Першае пытанне Прэзідэнту задала магістрант Акадэміі кіравання, якая працуе ў арганізацыі, што займаецца мытнай дзейнасцю. Яе пытанне дытычылася тэмы амаладжэння складу кіруючых кадраў, аднак Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на іншым. Ён пацікавіўся, што азначае яе вучоба ў магістратуры. Дзяўчына адказала, што ў яе разуменні магістратура - гэта ўжо закончаная вышэйшая адукацыя ў параўнанні з бакалаўрыятам.

Аляксандр Лукашэнка папракнуў адказных за адукацыю чыноўнікаў, падкрэсліўшы, што сэнс пры вылучэнні магістратуры закладваўся зусім іншы. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што раней, калі абмяркоўваліся адпаведныя пераўтварэнні, было прынята рашэнне, што чалавек, які скончыў ВНУ, няхай толькі на стадыі бакалаўрыята, з'яўляецца спецыялістам, мае вышэйшую адукацыю. "Што будзем рабіць з магістратурай? Калі ласка - хто хоча займацца навукай і рухацца далей, быць на галаву вышэй за вузаўскага спецыяліста, няхай ідзе ў магістратуру, а далей у аспірантуру. І мы дамовіліся, што магістратура - гэта для тых, хто будзе займацца навукай", - нагадаў беларускі лідар.

"Таму я хацеў пачуць адказ, што ты, скончыўшы магістратуру, станеш аспірантам, напішаш кандыдацкую дысертацыю (можа, паралельна працуючы ў мытных органах). І атрымаўшы гэты вопыт і веды, узнімеш мытню на такую вышыню, што мне думаць не трэба, як там змагацца з карупцыяй або яшчэ нешта", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, адказвачы на пытанне магістранткі.

"І гэта было даручана ўсім (такі падыход да навучання ў магістратуры. - Заўвага)!" - звярнуў увагу беларускі лідар.

Адказваючы на пытанні слухачоў акадэміі, Прэзідэнт зноў раскрытыкаваў сітуацыю ў школах. "У школе павінен быць парадак. Успомніце той час, калі страшна было ўявіць, што цябе выключаць са школы. А цяпер што? Гэтага нават няма. Сёння настаўнік з вучнем сядзіць нага за нагу і курыць. І расказваюць - сорамна нават гаварыць. Вось у што мы ператвараем школу", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта, школа - гэта асаблівае месца ў жыцці чалавека. "Гэта храм, гэта больш чым царква. Ты прыйшоў туды атрымаць веды. Школа - гэта аснова асноў. Таму глядзіце, каб быў парадак, гэта таксама адно з кіраўніцкіх пытанняў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы пра маладыя кадры, Прэзідэнт адзначыў іх меншы вопыт, але наяўнасць амбіцыйнасці, свежых, больш сучасных ведаў. У гэтым плане і выкладчыкам трэба паспяваць за студэнтамі, пастаянна быць на галаву вышэй. "Вы накіраваны ў будучыню. Вы хочаце нешта перавярнуць, ствараць, нешта зрабіць", - сказаў ён.

Па просьбе ўдзельнікаў сустрэчы Аляксандр Лукашэнка ў цэлым выказаў сваё меркаванне аб сучасным пакаленні маладых беларусаў. "Я ганаруся беларускай моладдзю", - падкрэсліў Прэзідэнт. На яго думку, маладыя людзі ўмеюць разлічваць на сябе, імкнуцца атрымаць добрую адукацыю і работу. "Мне вельмі падабаецца, што асабліва апошнім часам усе настроены на тое, каб адукацыю атрымаць, каб у жыцці нейкае месца заняць. Калі сям'я - то забяспечваць яе, атрымліваць дастойную работу, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Сярод моладзі менш за ўсё ныцікаў, што, маўляў, зарплата не тая, нешта не так... Яны больш разлічваюць самі на сябе".

"Хачу бачыць такую моладзь: сумленную, шчырую, прагрэсіўную, якая не спяшалася б выязджаць, а больш актыўна праяўляла б сябе ў краіне", - дадаў ён.

Звяртаючыся да Аляксандра Лукашэнкі, адна са студэнтак адзначыла, што апошнім часам расце папулярнасць такіх форм навучання, як замацаванне маладых спецыялістаў за вопытнымі кіраўнікамі на працягу аднаго працоўнага дня. Гэта дае магчымасць моладзі на практыцы даведацца аб спецыфіцы работы, атрымаць важны вопыт. У сувязі з гэтым дзяўчына спытала пра магчымасць правесці ў Прэзідэнтам адзін працоўны дзень.

"Мы гэта пытанне абмяркуем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка і паабяцаў прадугледзець такую магчымасць у сваім графіку. Але пры гэтым папярэдзіў, што лёгка не будзе.

У графіку Кіраўніка дзяржавы, напрыклад, часта прысутнічаюць спартыўныя трэніроўкі. "Калі ў вас няма спорту ў жыцці, вы ўпраўленцам не станеце, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Гэта для здароўя важна. Што за ўпраўленец, калі ён будзе дрэнна выглядаць? Таму мне даводзіцца не толькі займацца самому, не толькі вучыць сваіх і іншых дзяцей, але і дэманстраваць усяму народу, што трэба займацца спортам". Браць з яго прыклад даводзіцца і чыноўнікам. Не застануцца ўбаку і тыя студэнты, якія, магчыма, правядуць з Прэзідэнтам адзін працоўны дзень. "Вось у мяне такі дзень: увечары лыжаролеры. Глядзець вы не будзеце. Вы надзенеце ролікі і будзеце бегчы за мной. Гэта не жарт".

Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць стажыровак у навучанні профільных спецыялістаў. Гэта дае магчымасць студэнтам на практыцы адчуць спецыфіку прафесіі і вызначыцца, ці захоча ён займацца гэтым у далейшым.

Кіраўнік дзяржавы таксама адказаў на пытанні, якія датычацца ролі парламента і выбарчых кампаній, што праходзяць, па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што беларускія парламентарыі павінны быць больш актыўнымі, у тым ліку абараняючы інтарэсы грамадзян і краіны. "Я хачу, каб парламент і дэпутаты былі больш актыўнымі. Дрэнна, калі нейкая праблема - Прэзідэнт бяжыць наперадзе, яшчэ нешта - там зноў Прэзідэнт. Гэта ненармальна, ні ў адной дзяржаве гэтага няма, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Гэтак жа прасцей: сядзі і глядзі, што Прэзідэнт скажа. Трэба, каб і ў дэпутатаў бурліла, каб яны кідаліся наперад і абаранялі кожны свайго выбаршчыка, а ў цэлым - народ Беларусі і нашу дзяржаву. Можа, і не трэба Прэзідэнта кожны раз выпіхваць наперад".

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што яго работа вельмі цесна звязана з заканадаўчымі органамі ўлады, таму ён перажывае за тое, кім будзе прадстаўлены парламент. "Я хачу, каб ён быў ціхім, спакойным, стабільным, але, дзе трэба, каб і па мордзе каму-небудзь маглі даць", - падкрэсліў ён.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, у парламенце павінны быць прадстаўлены людзі з розных сфер і розных узростаў, уключаючы моладзь.

"Усюды гаворым: моладзь наша будучыня, за моладдзю ўсё. І раптам там пяць чалавек камсамольцаў (членаў БРСМ. - Заўвага) вылучылі... Гэта (гавораць. - Заўвага) нявопытныя, яны нічога не ведаюць, - адзначыў беларускі лідар. - Але яны ведаюць тое, чаго мы не ведаем, тое, што ведае моладзь. І гэта будзе нейкі фільтр. Там павінны прафесійна розныя быць людзі і па ўзростах".

"Парламент - гэта вельмі сур'ёзная школа будучых упраўленцаў. Калі б я не прайшоў у парламент, я ніколі не быў бы Прэзідэнтам. Я там навучыўся больш, чым дзе-небудзь у жыцці", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што парламент па сваёй сутнасці - гэта форум і сутыкненне ідэй. "Яно так і ёсць. Проста ў нас няма гвалту ў парламенце. Я праз гэта прайшоў у сваім парламенце, і мы бачым на прыкладзе іншых краін. Што ад гэтага добрага? Чаму не патрэбны гэты гвалт - таму што гэта неадкладна на працягу года пераносіцца на грамадства, і тады мардабой пачынаецца на плошчах. Я гэта таксама перажыў. Нам гэта карысці не прынесла", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт не выключыў, што ў будучым у парламенцкім жыцці палітычныя партыі будуць адыгрываць больш значную ролю. "Мы да гэтага яшчэ прыйдзем, але прыйдзем прыгожа. Партыі гэтыя павінны сфарміравацца. Новыя людзі, новыя ідэі. На іх падставе сфарміруюцца і партыі. Такі мой пункт гледжання, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Але прымаю іншыя варыянты, вывучаю іх. І калі так здарыцца, што мне давядзецца займацца гэтым партыйным будаўніцтвам (хутчэй за ўсё, мы да гэтага падыходзім), я гэта рабіць буду. Гэта нармальны працэс, калі людзі бачаць розныя партыі, розных людзей, а не толькі адну асобу або некалькі чалавек. Прыйдзем мы да гэтага. Гэта важнае пытанне".

Удзельнікі сустрэчы таксама пацікавіліся, якой Прэзідэнт бачыць будучыню Еўразійскага эканамічнага саюза і ці адпавядае гэта аб'яднанне прынцыпам, заяўленым пры яго стварэнні.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Еўразійскім эканамічным саюзе пакуль не ўдалося пераадолець многія бар'еры на шляху гандлёвага і эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі. "Мноства супярэчнасцей, якія знаходзяцца за кадрам. Мы так і не пераадолелі бар'еры, якія павінны былі пераадолець, ствараючы ЕАЭС. З ЕАЭС выходзіць не будзем. Змагацца будзем. Нікуды ад гэтага не дзенешся", - заявіў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы на сустрэчы даволі падрабязна расказаў аб тым, як развіваліся інтэграцыйныя працэсы пасля развалу Савецкага Саюза. Ён упамянуў аб ролі Расіі як у пытанні ліквідацыі саюза, так і далейшых інтэграцыйных працэсаў. "Разваліўся Савецкі Саюз, і Расія разумела, што без нацыянальных рэспублік не абысціся, аказваецца, і неяк іх трэба пакінуць, каб яны побач былі. І пачалося: Саюзная дзяржава - наш праект з Расіяй, потым з-за пэўнай рэўнасці пачалі ствараць і ініцыяваць ЕўрАзЭС. Я гавару: калі ласка, эканамічны саюз для нас - гэта аснова асноў, нам трэба рабіць усё, каб была аснова нашых узаемаадносін", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У гэтым плане ён нагадаў аб прапановах, якія часам гучаць, адмовіцца ад расійскага вектара, ісці на Захад. "Слухайце, а як адмовіцца? А куды будзем прадаваць свае тавары? На Захад? На Захадзе тая ж эканоміка (вырабляюць аналагічныя тавары. - Заўвага), што ў нас, - заўважыў Прэзідэнт. - Што, яны нашу пусцяць прадукцыю на свой рынак? Ніколі ў жыцці. Ды асабліва нас нідзе не чакаюць. Таму гэта проста пустыя размовы. З гэтага мы зыходзілі, фарміруючы ЕўрАзЭС".

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што потым у асноўным з боку Расіі сталі з'яўляцца пэўныя стрымальныя меры, напрыклад, адносна беларускіх прадуктаў харчавання.

"Саюз жа фарміраваўся на аснове свабоды перамяшчэння тавараў, капіталу, рабочай сілы і гэтак далей. Гэтага сёння няма ні па адным з напрамкаў. І вы ведаеце, адкуль тормаз. І вы, напэўна, чуеце, калі я на пасяджэннях амаль ужо адкрыта, без дыпламатычных фармулёвак пачынаю называць вінаватых. Таму што гэта для нас вельмі важна", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Ёсць складанасці і ва ўзаемадзеянні па лініі ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, нягледзячы на агульную з Расіяй рэгіянальную групоўку войскаў на гэтым напрамку. "Мы паступова падышлі да таго, што мы самі можам ствараць новыя ўзоры ўзбраенняў. І нам трэба частку вузлоў і агрэгатаў купляць. Мы арыентаваны былі ў Савецкім Саюзе на расійскую вытворчасць. Нам гэта не даюць. З боем даводзіцца адваёўваць. Канкурэнты...", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Менавіта таму Беларусь, напрыклад, пры стварэнні новых узораў узбраення ў ракетабудаванні пайшла на супрацоўніцтва з КНР і цяпер далей развівае гэты напрамак. Ёсць інтарэс у адпаведным узаемадзеянні і з боку Украіны.

На сустрэчы Прэзідэнт адзначыў, што Беларусі пашчасціла здабыць сваю незалежнасць мірным шляхам. "Нам пашчасціла пасля распаду СССР утрымаць сваю краіну мірна. Мы ціха, спакойна стварылі сваю дзяржаву. Унікальны выпадак. Але нас таксама выпрабоўвалі. Але добра, што не вайной. Дрэнна, што гэтымі санкцыямі. Гэта была разгорнута супраць нас эканамічная вайна", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што прычына таго - з'яўленне на палітычнай карце свету 15 новых дзяржаў пасля распаду СССР. "А свет цесны. Усе месцы былі заняты, і нам трэба было знайсці сваё месца. Гэта значыць кагосьці пацясніць. Значыць, мы камусьці наступілі на нагу, кагосьці зачапілі. Вядома, гэта аб'ектыўна выклікала нейкае процідзеянне з іх боку", - лічыць Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ў выніку ўсе разам, грамадзяне Беларусі, нават прытрымліваючыся розных пунктаў гледжання, пабудавалі дзяржаву. "Ціха, спакойна, пераадолеўшы эканамічную вайну і блакаду вакол нас у выглядзе санкцыйнай палітыкі з боку Захаду і не толькі. Мы гэтыя выпрабаванні прайшлі. Гэта таксама для нас было вельмі моцнае выпрабаванне. Мы прайшлі праз усё. Нас выпрабоўвалі. Але мы прайшлі без вайны", - сказаў беларускі лідар.

Гаворачы аб тым, чаму апошнім часам відаць змяненне палітыкі Захаду ў адносінах да Беларусі, Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што гэта не таму, што Беларусь заняла пэўную пазіцыю адносна падзей ва Украіне або яшчэ нешта ў гэтым плане. "Час змяніўся, і з'явілася падстава ім адысці ад гэтых санкцый, захаваўшы сваё аблічча. Яны даўно зразумелі, што няправільна ўвялі супраць нас санкцыі. Яны проста хацелі нас прыдушыць за нашу пазіцыю такую ​​саюзніцкага характару, захаванне саюзных адносін паміж рэспублікамі былога СССР", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Ён расказаў, што чытае розную інфармацыю, у тым ліку закрытага характару: "Мне разведка наша далажыла аднойчы адзін матэрыял, дзе яны (у Еўрасаюзе, на Захадзе. - Заўвага) ацэньваюць Беларусь. І што мяне здзівіла (гэта недзе гады два таму было), кажуць: самая прагрэсіўная краіна ва Усходняй Еўропе і вакол Еўрасаюза, гатовая без усялякіх змяненняў заканадаўства, яшчэ нечага ўступіць у Еўрасаюз, - гэта Беларусь. Гэта быў закрыты іх даклад, я прачытаў".

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што адзін з прадстаўнікоў Еўрасаюза пытаўся ў яго аб гіпатэтычнай магчымасці ўступлення Беларусі ў ЕС. Адказ, паводле слоў Прэзідэнта, быў наступны: "Ніколі аб гэтым ні я, ні мой Урад не думалі і мэты такой не ставілі".

"Але калі задаюць такое пытанне, значыць, яно ў іх сфарміравалася недзе. Сапраўды, калі б мы ўступілі сёння ў Еўрасаюз, яны з намі наогул ніякіх праблем не мелі б", - лічыць беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што нават захаванне ў Беларусі смяротнага пакарання не стала б нейкім бар'ерам і не з'яўляецца ім для ўзаемадзеяння ў цяперашні час. "Гавару: народ прагаласуе - адменім. У нас рэферэндум прайшоў. Вы думаеце мне на радасць гэта смяротнае пакаранне, што я падпісваю, і пасля мяне расстрэльваюць чалавека, груба кажучы? Ды сто гадоў гэта мне патрэбна! Але так прагаласаваў народ, і гэта па канстытуцыі паўнамоцтвы Прэзідэнта ў любой краіне, дзе існуе смяротнае пакаранне", - сказаў беларускі лідар.

Ён дадаў, што калі размова ідзе аб смяротным пакаранні, ён прыводзіць некалькі канкрэтных прыкладаў жахлівых па сваёй жорсткасці забойстваў, у тым ліку дзяцей.

Гаворачы пра будучыню Беларусі, Прэзідэнт заявіў, што хоча ў перспектыве бачыць краіну свабоднай і незалежнай. "Каб больш ніколі намі з-пад бізуна не кіравалі ў нашай гісторыі. Каб мы самі кіравалі працэсамі ў сваёй краіне і вызначалі яе будучыню. Гэта галоўнае, што трэба захаваць. Усё астатняе купім", - сказаў беларускі лідар.

"Я хачу, каб яна (краіна. - Заўвага) была Беларуссю. Каб яна была ў цэнтры Еўропы, стабільнай, з некранутымі граніцамі, каб мы самі сваё шчасце здабывалі і адчувалі. Гэта значыць, я хачу бачыць Беларусь свабоднай і незалежнай, каб нашы дзеці маглі, выехаўшы кудысьці, вярнуцца на свой кавалачак зямлі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што Беларусь не прэтэндуе на чужое і толькі імкнецца захаваць сваё. "Ціха, спакойна, паступова ствараючы сваё на гэтай зямлі. Не дай бог мы пачнём канфліктаваць з суседзямі. А яшчэ горш, калі... А на нас глядзяць некаторыя, успамінаючы Рэч Паспалітую, Вялікае Княства Літоўскае, Савецкі Саюз і іншае", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

"Я гавару: час змяніўся, мы гатовы да любых саюзаў, да любых "Рэчаў", але мы суверэнныя і незалежныя, і павінны бачыць свой інтарэс. І ўсё гэта на карысць нашых дзяцей. А для гэтага трэба мець і абарону, кіраваць усімі працэсамі", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў аснове ўсёй яго палітыкі ляжыць прынцып справядлівасці ў адносінах да людзей, паколькі Прэзідэнтам ён стаў у многім выпадкова, але выключна дзякуючы велізарнай народнай падтрымцы і даверу. "Я не магу пераступіць праз тое, што было 25 гадоў таму. Я праз гэта ніколі не пераступлю. Хіба можна здрадзіць такому? Ды ніколі! Сам жабраком пайду, але ніколі праз гэта не пераступлю!" - сказаў ён.

Будучыя ўпраўленцы пацікавіліся ў беларускага лідара падрабязнасцямі таго, як праходзіць дзень кадравых назначэнняў у Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка жартам заўважыў, што яны даведаюцца аб гэтым, калі іх саміх будуць назначаць на пасады. Перайшоўшы на сур'ёзны тон, ён расказаў аб падыходах пры назначэнні кіруючых кадраў.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, спачатку Адміністрацыя ўносіць яму на ўзгадненне прапановы па кандыдатурах тых, хто назначаецца на пасады з кадравага рэзерву Прэзідэнта. У ім знаходзяцца амаль 850 чалавек.

"Людзі, якія знаходзяцца ў кадравым рэестры Прэзідэнта, маюць пэўныя паўнамоцтвы і абарону, імунітэт. Напрыклад, без дазволу Прэзідэнта іх нельга затрымліваць, арыштоўваць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта важна для таго, каб яны маглі самастойна дзейнічаць". У ліку тых, каго назначае або ўзгадняе на назначэнне Кіраўнік дзяржавы - суддзі, вышэйшыя службовыя асобы, члены Урада.

"Подпіс Прэзідэнта - гэта фармалізацыя кадравага рашэння", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Гэтаму папярэднічае вялікая работа па выбары і вывучэнні кандыдата на кіруючую пасаду, з ім праходзіць гутарка, вывучаюць яго працоўную дзейнасць, сям'ю, ці ёсць правапарушэнні. "Калі ўсе фармальнасці выкананы, то пакет дакументаў кладуць на стол Прэзідэнту", - расказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што чым вышэйшая пасада, тым больш уважліва ён да гэтай кандыдатуры адносіцца, вывучае даныя і пры неабходнасці запытвае дадатковыя дакументы. "Вядома, я магу адхіліць кандыдатуру, калі ёсць адчуванне, разуменне, што чалавек не падыходзіць", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

У кадравы дзень запрашаюць кандыдатаў да Прэзідэнта. Ён падзяліўся тым, што адбываецца за кадрам, - як правіла, гэта размова, якая датычыцца многіх пытанняў , - як работы, так і сям'і. "Цяпер гэта прасцей, я больш людзей ведаю", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Адказваючы на адно з пытанняў, Прэзідэнт прызнаўся, што часам доўга перажывае пасля прыняцця строгіх кіраўніцкіх рашэнняў. "Я чалавек сістэмны. Мне трэба, каб парадак быў усюды і гэтак далей, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Пакараў, звольніў з работы, потым пачынаеш гэта ўсё круціць... Страшна цяжка. Гэта проста так не праходзіць. Гэта ўсё рубцуецца на тваім сэрцы, застаецца. Тым больш, я ўспрыімлівы чалавек".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што як упраўленец прыйшоў знізу і многае прайшоў у сваім жыцці. "Паколькі яшчэ і ў сям'і такой выхоўваўся, калі адна маці з раніцы да ночы працавала, і самому давялося варушыцца. І я бачыў гэта жыццё: несправядлівасць, справядлівасць. Я такі сфарміраваўся, і я гэта вельмі балюча ўспрымаю. Пасля прыняцця нейкіх непапулярных строгіх рашэнняў гэта вельмі доўга перажываеш", - расказаў беларускі лідар.

"Бывае і так, што часам крутанеш, а потым падумаеш: ну, раскідвацца людзьмі таксама нельга. І накіроўваеш іх туды (на адведзены ўчастак работы. - Заўвага) з такім заданнем пад асаблівы прыцэл: ідзі і паказвай. І яны гэта разумеюць", - сказаў Прэзідэнт.

У якасці прыкладу ён прывёў цяперашняе кіраўніцтва Магілёўскай вобласці - губернатара і памочніка Прэзідэнта, якія раней займалі пасады ва Урадзе, курыруючы сферу АПК. "Звольніў міністра, віцэ-прэм'ера. Потым думаю: у іх жа вось гэты бок мацнейшы. Нядаўна я да іх паслаў з іншых абласцей людзей. Кажу: ідзіце, паглядзіце, як трэба рабіць. І так, як яны там разгарнуліся, калі так у кожнай вобласці будзе, мне напалавіну менш работы", - даў ацэнку рабоце Аляксандр Лукашэнка.

Частка пытанняў Прэзідэнту была асабістага характару. У прыватнасці, у яго пацікавіліся, як Кіраўнік дзяржавы паспявае рабіць велізарную колькасць спраў і ці бываюць у яго свабодныя, выхадныя дні. "У прынцыпе магу выбраць час, каб пайсці ў лес і прыгатаваць шашлык, напрыклад. Але загадзя, каб у мяне мерапрыемстваў не было, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму не трэба думаць, што Прэзідэнт сядзіць з раніцы да ночы і ноч не спіць, паперы варушыць, а потым рэктара акадэміі прымае, Кіраўніка Адміністрацыі, потым кадравы дзень і гэтак далей. Усё жыццё маё (думаю, і іншых прэзідэнтаў) - як вавёрка ў коле. Ускочыў і круцішся, бегаеш. Як 25 гадоў можна бегаць? А ты прывык. Кола верціцца - куды дзявацца. Калі бегчы не будзеш, кола будзе круціцца і цябе кідаць. Гэта лад жыцця. Ты ўжо да гэтага прывык".

Дзейнасць Прэзідэнта прадугледжвае пастаянную ўключанасць у дзяржаўныя справы. "Я сапраўды чалавек абсалютна несвабодны і заняты. Гэта факт, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Так, я завязаны на мерапрыемствах. Я не магу адлучыцца яшчэ і таму, што па канстытуцыі ў нас няма віцэ-прэзідэнта, якому я магу перадаць паўнамоцтвы. Нават калі бяру 3-4 дні, тыдзень, так званы водпуск, гэта не водпуск, я проста не праводжу публічных мерапрыемстваў".

Аляксандр Лукашэнка расказаў таксама аб тым, якой дзейнасцю хацеў бы заняцца пасля прэзідэнцкай пасады. "Пайшоў бы я з пасады Прэзідэнта, чым бы заняўся: калі б рэктарам быў дзе-небудзь ва ўстанове... Але сам жа сябе не назначыш. Але выкладчыкам - гэта тое, што я ўспрымаю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Сустрэча з Кіраўніком дзяржавы працягвалася амаль чатыры гадзіны. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў, што за гэты час ніколькі не стаміўся і гатовы часцей сустракацца з моладдзю. "Гэта энергія і наша размова - гэта для мяне вельмі важна. Шчыра кажучы, а нават не стаміўся. Мне было цікава размаўляць з нашымі маладымі людзьмі, - сказаў Прэзідэнт. - Я раз у два месяцы дакладна буду ў студэнтаў, у аўдыторыях. Як ні кажы, моладзь - будучыня, але студэнты - гэта аснова любой дзяржавы, яны будуць вызначаць яе твар".