Бел
Галоўная   /  Падзеі

Наведванне аб'екта ўрадавай сувязі КДБ

9 жніўня 2019 года
Наведванне аб'екта ўрадавай сувязі КДБ
глядзіце таксама: відэа
9 жніўня 2019 года
Наведванне аб'екта ўрадавай сувязі КДБ
Наведванне аб'екта ўрадавай сувязі КДБ
глядзіце таксама: фота
9 жніўня 2019 года
Наведванне аб'екта ўрадавай сувязі КДБ 4 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 жніўня наведаў адзін з аб'ектаў урадавай сувязі Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

Аляксандру Лукашэнку далажылі аб рэалізацыі дзяржаўных праграм у галіне ўрадавай сувязі, перспектывах яе развіцця, а таксама прадэманстравалі ўзоры тэхнікі спецыяльнай сувязі, распрацаваныя айчыннымі прадпрыемствамі.

Як праінфармавалі Прэзідэнта, у выніку рэалізацыі дзяржаўных праграм ажыццёўлены пераход ад старога аналагавага да лічбавага абсталявання, забяспечана яго імпартазамяшчэнне шляхам распрацоўкі і ўводу ў эксплуатацыю айчынных узораў тэхнікі і апаратуры шыфравання. Задачы па мадэрнізацыі ўрадавай сувязі выконваюцца ў адпаведнасці з галоўнымі крытэрыямі: абароненасць, якасць і надзейнасць.

Кіраўніку дзяржавы таксама было даложана аб распрацоўцы сістэм рухомай урадавай радыёсувязі, прадэманстравана лінейка сродкаў сувязі і апаратуры шыфравання, у тым ліку абароненай мабільнай тэлефоннай сувязі.

У сістэме палявой урадавай сувязі прыменены сучасныя распрацоўкі і падыходы. Замест устарэлых вузлоў сувязі (чатыры машыны з экіпажам 11 чалавек) беларускія спецыялісты распрацавалі і прынялі ў эксплуатацыю сучасны рухомы вузел сувязі з дзвюх машын з экіпажам сем чалавек. Айчыннымі прадпрыемствамі на базе мікрааўтобуса (экіпаж тры чалавекі) распрацаваны вузел сувязі наступнага пакалення, які плануецца прыняць на ўзбраенне ў 2020 годзе.

На аб'екце Прэзідэнту таксама паказалі рухомы комплекс тэхнічнага кіравання контртэрарыстычнай аперацыяй, здольны ў тым ліку запускаць дроны, знаходзіць і нейтралізоўваць беспілотнікі. Цяпер ён праходзіць дзяржаўныя выпрабаванні.

Падводзячы вынікі наведвання аб'екта ўрадавай сувязі, Аляксандр Лукашэнка арыентаваў кіраўнікоў у гэтай сферы да далейшага паступальнага тэхналагічнага развіцця, паабяцаўшы падтрымку на дзяржаўным узроўні. "Гэта будучыня. Вядома, мы развіццё ўсяляк падтрымліваем. На гэта грошай шкадаваць не трэба, я цвёрда перакананы. Але пасля таго, як альтэрнатыўныя падраздзяленні мне даложаць, што вы сапраўды эфектыўныя, вычарпалі ўсякія рэзервы і вам патрэбна дапамога", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт асабліва падкрэсліў важнасць вытворчасці якаснага і надзейнага прадукту. "Не можаце - не рабіце. Доўга вам яго трэба рабіць - рабіце спакойна. Але не бярыцеся за тое, што не можаце. Патрэбна будзе падтрымка - вы заўсёды яе атрымаеце, але не рабіце дрэннага прадукту, - сказаў ён. - Трэба рухацца, узмацняцца. Можа, калі-небудзь мы вырашым, што гэта падраздзяленне будзе выведзена з КДБ і будзе працаваць незалежна".

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў аб даручэнні, якое было дадзена начальніку Аператыўна-аналітычнага цэнтра Андрэю Паўлючэнку ў час нядаўняга даклада. "Нам трэба сур'ёзна паглядзець па асобных напрамках кантролю - слыхавога, відэа і гэтак далей. Тут нам патрэбна дасканаласць, каб не было разбою: захацеў нейкі начальнік каго-небудзь праслухаць - праслухаў, потым прадаў інфармацыю або каму-небудзь расказаў. Гэтага быць не павінна. Я гэту задачу паставіў, і вы павінны яе вырашаць. Усё павінна быць цывілізавана і дастойна. Галоўнае - гэта чалавек. Вы павінны забяспечыць яго поўную бяспеку, свабоду сувязі. Ніхто не мае права ўлазіць у яго пытанні", - рэзюмаваў беларускі лідар.


Тэгі: Паездкі
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь