Наведванне ААТ "Мінскі завод колавых цягачоў"

  • 14
  • 2:33

Дзяржава не мае намеру пакуль прадаваць ААТ "Мінскі завод колавых цягачоў". Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 14 жніўня гэта прадпрыемства.

"Я не хацеў бы прыватызаваць (чытай: аддаваць за бясплатна) тое, што створана народам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнія год-два навязваюць ідэю прыватызацыі і продажу гэтага прадпрыемства. "Маё стаўленне да прыватызацыі вы ведаеце. Не мы гэта з вамі стваралі, гэта створана некалькімі пакаленнямі, і не нам з вамі вырашаць у корані гэту праблему. Хоць, калі паўстане пытанне, - давядзецца", - адзначыў беларускі лідар.

"Што ў нас такая сітуацыя патавая, што ледзь не бясплатна трэба прадаваць гэта прадпрыемства?" - дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што па правілах для прыватызацыі прадпрыемства першапачаткова трэба згода працоўнага калектыву. Пасля рашэнне прымае Мінскі гарвыканкам і міністр, потым урад, і пасля гэтага дакументы трапляюць на стол Прэзідэнта, і ён канчаткова прымае рашэнне аб прыватызацыі таго ці іншага прадпрыемства.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што вельмі шмат было прапаноў. Паводле яго слоў, вельмі актыўна сябе ў гэтым напрамку паводзіць Расійская Федэрацыя.

"Калі нешта і прадаваць, то гэта трэба прадаваць за вялікія грошы. Але нам часта гавораць: мы можам за мільярд долараў такі завод пабудаваць, а вы ад нас патрабуеце два мільярды. Я кажу: паспрабуйце. Завод можна пабудаваць, сцены нядорага каштуюць, абсталяванне можна купіць, і крэдыты дадуць тыя, хто вырабляе абсталяванне. А вось людзей навучыць працаваць на гэтым абсталяванні ў гэтых сценах, стварыць школу для таго, каб атрымліваць якасны прадукт, - гэта нават не гады, а дзесяцігоддзі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў яго ўжо ёсць вопыт работы з расіянамі. "Яны і МТЗ хацелі замяніць, недзе на Валгаградскім заводзе нешта хацелі стварыць. Але да гэтага часу купляюць нашы трактары. Гэтак жа купляюць і такую прадукцыю", - канстатаваў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што гэта падштурхнула яго прыехаць на прадпрыемства, каб асабіста пераканацца ў тым, ці можа яно вырабляць дастойную прадукцыю, або ж яго пара прадаваць. "У выніку я ўбачыў, што ні вашы кіраўнікі, ні новы міністр не хочуць прадаваць завод. Мы сёння можам працаваць, працаваць разам з расіянамі па кааперацыі. Мы заўсёды былі абавязковымі людзьмі і вельмі строга выконвалі кантракты і дамоўленасці з нашай Расійскай Федэрацыяй. Мы гатовы працаваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што як кіраўніцтву МЗКЦ, так і іншых прадпрыемстваў пастаўлена задача не страціць расійскі рынак. "Так, нам там даводзіцца канкурыраваць. Але калі не будзе канкурэнцыі, вы расці не будзеце, вы адстанеце, і ў рэшце рэшт яны будуць закупляць недзе на Захадзе аналагічны тавар, але не наш", - звярнуў увагу Прэзідэнт. Ён дадаў, што канкурэнцыя павінна быць добрасумленнай. Паводле яго слоў, таму Беларусь і ўступіла ў Еўразійскі эканамічны саюз, каб былі агульныя правілы. Пакуль МЗКЦ не прайграе ў гэтай канкурэнцыі, з'яўляючыся не прыватным прадпрыемствам. "Значыць, і дзяржаўныя могуць працаваць", - адзначыў Прэзідэнт.

"Мы пакуль прадаваць гэта прадпрыемства не маем намеру. Яно павінна працаваць у нас. Гэта паказчык, як можна і ў складаных умовах працаваць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Пры гэтым ён дадаў: "Але калі $3 млрд пакладуць, будзем разглядаць гэта пытанне. Тады я буду адказваць за адно: каб правы членаў працоўнага калектыву не былі парушаны, каб атрымлівалі нармальную зарплату і каб не рулілі вамі не так, як трэба. Таму што, хто б сюды ні прыйшоў, гэта не іх краіна, не іх зямля, і людзі чужыя. Выціснуць, атрымаць нармальны тавар, менш заплаціць - мы гэта ўжо ведаем. Але яны таксама ведаюць маё стаўленне да гэтага". Ён нагадаў, што ў Беларусі ўжо вярталі дзяржаве прадпрыемствы, дзе нядобрасумленна працаваў прыватнік, і цяпер яны выдатна працуюць. "Таму гэта адна з функцый будучага Прэзідэнта - абараніць людзей і не даць іх у крыўду", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўніку дзяржавы было даложана аб выкананні яго даручэнняў па эфектыўнай рэалізацыі мер дзяржпадтрымкі МЗКЦ, комплекснай мадэрнізацыі прадпрыемства, асваенні выпуску новых мадэлей тэхнікі і стварэнні баявых колавых машын.

Усе прадпрыемствы Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта забяспечаны заказамі і працуюць без страт. Зацверджана праграма развіцця абароннага сектара эканомікі і Дзяржкамваенпрама да 2020 года. Стратных прадпрыемстваў у сістэме Дзяржкамваенпрама няма, ідзе работа над дыверсіфікацыяй экспарту. Што датычыцца МЗКЦ, то завод забяспечаны кантрактамі часткова да 2020 года па некаторых пазіцыях. На падыходзе новыя экспартныя кантракты. Прадпрыемства пастаўляе сваю прадукцыю ў 20 краін свету, у тым ліку ў Расію, ААЭ, Турцыю, Кітай. Штогод МЗКЦ выпускае ад двух да сямі новых відаў вырабаў. Цяпер таксама рыхтуюцца ўзоры новай тэхнікі, якія будуць прадстаўлены ў наступным годзе.

Аляксандр Лукашэнка пабываў у цэхах прадпрыемства, азнаёміўся з выстаўкай тэхнікі, вырабляемай МЗКЦ, прызначанай для Узброеных Сіл Беларусі, народнай гаспадаркі краіны і пастаўляемай на экспарт.

Прэзідэнт таксама паразмаўляў з прадстаўнікамі працоўнага калектыву завода.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў цяперашні складаны час, калі ідзе перадзел свету і барацьба за сусветны ўплыў, галоўная задача - абараніць і захаваць краіну.

"Як бы нам ні было цяжка, мы павінны захаваць мір у нашай краіне, няважна, з якім прэзідэнтам. Трэба, каб былі мір і стабільнасць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Я пачынаю цікавіцца, а што хоча народ пачуць ад будучых кандыдатаў у прэзідэнты? А народ хоча зарплаты пабольш і пажадана менш работы. Такое жаданне заўсёды было, я гэта добра разумею. Але не гэта сёння галоўнае", - лічыць беларускі лідар.

Паводле яго слоў, цяпер пачаўся жорсткі перадзел свету, і калі раней свет дзялілі проста, то сёння ўсё значна больш складана. "Увесь свет сёння, напрыклад, аб'яднаўся ў барацьбе з ІДІЛ. Усе ваююць супраць яго, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Але ніхто не падумаў аб тым, а як жа гэты ІДІЛ, дзе сабралі людзей з усяго свету, процістаіць такім магутным дзяржавам, якія нібыта супраць яго ваююць?"

"І ламаюць цэлыя дзяржавы. Заходняя кааліцыя на чале з Амерыкай не можа з імі справіцца. А чаму? А таму што з гэтай кааліцыі гэты ІДІЛ нехта фінансуе, ён камусьці выгадны, здагадайцеся самі з трох разоў, каму гэта выгадна. Каб змяніць архітэктуру свету. Каб падзяліць багатыя на вуглевадарод землі, а дакладней, забраць сабе. Але не сваімі рукамі. А рукамі вось гэтых небарак, якім у галаву ўбілі нейкія ідэі і яны ідуць, паміраюць, ваююць за нейкія грошы і сродкі", - сказаў Прэзідэнт.

"Усё значна складаней. Ідзе перадзел свету. І зарплата - гэта вельмі важна. Але перада мной як Прэзідэнтам стаіць задача абараніць краіну. Вось у гэтым бурлівым моры не наш карабель, а нашу лодку захаваць, каб яе не патапілі і яна не пайшла на дно", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы вельмі проста разглядаем сітуацыю ва Украіне: нацыяналісты, фашысты, карупцыя і іншае. Гэта на паверхні, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Але ж успыхнула Украіна не толькі па ўнутраных прычынах. Так, яна была зручная, каб перавярнуць усё. Але за гэтай бойкай па адзін і па другі бок стаяць уладныя людзі".

"І вось як нам знайсці тое месца, каб зберагчы гэты кавалачак зямлі, можа, ужо не для сябе, а для нашых дзяцей - вось што сёння галоўнае. І ў гэтым асаблівасць сённяшняга дня. Вельмі складаная сітуацыя ў свеце, ідзе бойка за перадзел свету, за будучае панаванне, за ўплыў", - адзначыў Прэзідэнт.

"Ужо сёння Амерыка не можа забяспечыць сваё лідарства. Ужо з'явіўся Кітай, дзе прыкладна 1,5 млрд чалавек, Індыя з 1,6 млрд, той жа Пакістан - ядзерныя дзяржавы, Еўрасаюз чымсьці незадаволены, ужо стала цесна. У эканоміцы гэта праяўляецца ў жорсткай канкурэнцыі і падаўленні. І як нам, сярэдняй дзяржаве па сучасных мерках, выстаяць, вытрымаць, і каб мы не трапілі, як дзве шасцярэнькі, каб нас не зламалі і не ўтапілі. Вось што сёння самае галоўнае", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларусам трэба захаваць сваю зямлю. "Я адзінае не жадаў бы, каб мы жылі на чужой зямлі. Я жадаў бы, каб мы ніколі не хадзілі больш у лапцях і каб нас бізуном не хвасталі, як гэта заўсёды было ў нашай гісторыі", - адзначыў ён.

"Таму, гаворачы аб Украіне (я ні ў якім разе не іграю на гэтай тэме), трэба разумець, што калі мы не сарыентуемся і недзе падставімся, то з намі разбяруцца яшчэ хутчэй, чым з Украінай. А захавацца мы можам, толькі калі мы разам і калі мы забяспечым унутраную стабільнасць", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Работнікі МЗКЦ пацікавіліся меркаваннем Прэзідэнта аб перспектыўных спецыяльнасцях, якія варта выбраць маладым людзям, каб стаць у далейшым запатрабаванымі спецыялістамі.

"Папракнуць уладу ў тым, што мы недзе адсталі і не можам прадаставіць моладзі перспектыўнае, добрае рабочае месца, сёння нельга", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У якасці прыкладу ён прывёў касмічную галіну. Беларусь ужо запусціла свой першы спадарожнік, другі, паводле слоў Прэзідэнта, будзе яшчэ больш эфектыўным. Здымкі беларускага касмічнага апарата запатрабаваны ў многіх галінах, і працаваць у гэтай сферы трэба будзе менавіта моладзі.

У Беларусі будуецца атамная станцыя, а гэта самыя сучасныя, высокааплатныя рабочыя месцы, дадаў Прэзідэнт. Толькі на першым этапе спатрэбіцца каля 5-7 тыс. чалавек абслуговага персаналу.

На самім МЗКЦ, дзе па даручэнні Кіраўніка дзяржавы праходзіць комплексная мадэрнізацыя, патрэбны канструктары, кіраўнікі. "І гэта ўсё для моладзі. Таму няма ў нас праблем з тым, што рабіць і куды дзяваць моладзь. Наша галоўная задача - пераканаць нашых дзяцей, каб яны не думалі, што там, "за бугром", лепш", - падкрэсліў Прэзідэнт. "Лепш крыху бядней, але на сваёй зямлі. Ты будзеш усім забяспечаны і абаронены. Прынамсі, гэта задача дзяржавы", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб сабе і сваіх дзецях, Прэзідэнт плануе, што яны будуць жыць у Беларусі. "Не ведаю, як вашы дзеці, але я планую, што мае дзеці будуць жыць у гэтай краіне, на гэтай зямлі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. "У нас цудоўная краіна", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да работнікаў прадпрыемства.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі можна атрымаць добрую адукацыю. "І не верце таму, што ў нас адукацыя дрэнная. Нашых людзей, спецыялістаў з рукамі-нагамі гатовы пасля ВНУ забраць да сябе. А мы іх утрымліваем. Дык калі дрэнная адукацыя, што ж вы бераце? І паглядзіце, колькі іншаземцаў вучыцца", - сказаў ён. "Вось гэта трэба берагчы, гэта трэба цаніць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Каменціруючы сітуацыю з вымушанай міграцыяй некарэнных жыхароў у Еўропе, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што людзі з разбураных ваеннымі канфліктамі Егіпта, Лівіі, Сірыі гатовы, рызыкуючы жыццём, перапраўляцца ў Еўропу. Але сярод іх не толькі тыя, хто вымушаны быў пакінуць родную краіну, але і экстрэмісцкія элементы. "Не трэба было разбураць гэтыя дзяржавы. Яны жылі - трэба было з імі супрацоўнічаць і паступова прапаноўваць ім свае каштоўнасці", - лічыць Аляксандр Лукашэнка. Ён удакладніў, што размова ў гэтым выпадку ідзе аб сапраўдных каштоўнасцях, а не аб прапагандзе нетрадыцыйнай арыентацыі. "Яны хацелі арабам каштоўнасці гэтыя прывезці. Ды яны ў нас не прыжывуцца, не тое што ў арабаў", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца Беларусі, то яна як транзітная краіна трымае міграцыйныя працэсы на строгім кантролі. Жадаючых нелегальна трапіць праз беларускую граніцу ў Еўропу аператыўна выяўляюць. "Для нас гэты працэс не катастрафічны, пакуль дзякуючы нашаму адзінству нам удаецца яго стрымліваць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час для Беларусі, лічыць Кіраўнік дзяржавы, гэты працэс "мае вельмі сур'ёзную небяспеку, таму што мы адкрыты, мы не можам закрыцца на перакрыжаванні ўсіх шляхоў".

У Прэзідэнта пацікавіліся таксама, як развіваецца прафсаюзны рух у прыватным сектары, ці не затармозіўся гэты працэс пасля праведзенага ў маі з'езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

"Гарантыі ва ўсяго нашага народа будуць паўсюль аднолькавыя, - падкрэсліў Прэзідэнт. - І на прыватных прадпрыемствах, і на дзяржаўных людзі аднолькавыя, яны павінны быць аднолькава абаронены".

"Затухне гэты працэс пасля з'езда ці не, залежыць толькі ад вас. Вы ведаеце, што я падтрымліваў гэты працэс. З'явілася новае кіраўніцтва ў прафсаюзаў, як вы бачыце, нармальныя, разважлівыя маладыя людзі. Я падтрымліваў і падтрымліваю вас усюды. Вы павінны заўважыць: фармальна гэты працэс ідзе на прыватных прадпрыемствах або нефармальна, ёсць той сацыяльны пакет у іх, як на дзяржпрадпрыемствах, ці не", - сказаў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, пакуль катастрофы няма, аднак асобныя скаргі з'яўляюцца. "Але калі толькі мне будзе даложана, што мною прынятае рашэнне не выконваецца або фармальна выконваецца, вы ведаеце, што будзе пасля гэтага. Таму вы своечасова мне падкажыце, што адбываецца", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Не думаю, што ў нашай краіне хтосьці рызыкне тарпедаваць рашэнне Прэзідэнта", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Вы ж чуеце, як прыватнік крычыць: дайце нам аднолькавыя ўмовы з дзяржуласнасцю! Дык і да людзей ставіцца трэба гэтак жа. Вось адкуль пайшла гэта ідэя. Таму ўсё залежыць ад вас. Своечасова падкажыце, і ў нас дастаткова ўлады для таго, каб навесці парадак і тут", - адзначыў Прэзідэнт.