Наведванне ААТ "Мінскі маторны завод"

  • 11

Беларусь будзе мець поўны камплект вытворчасці ўласных аўтамабіляў у бліжэйшыя год-два. Аб гэтым 6 мая заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, наведваючы ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Мінскі маторны завод".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пытанні аўтамабілебудавання ў хуткім часе будуць разглядацца на асобнай нарадзе. Цяпер спецыялісты вядуць глыбокую прапрацоўку гэтай тэмы, каб вырашыць існуючыя праблемы ў гэтым напрамку.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў краіне маюць намер не зацягваць са стварэннем праграмы па аўтамабілебудаванні. "У гэтай праграме вялікае месца займае наш рухавік. Патрэбны новыя, - сказаў Прэзідэнт. - На Мінскім маторным заводзе вырабілі шмат доследных узораў. Трэба хутчэй іх правяраць і запускаць у серыйную вытворчасць". Гаворачы аб развіцці айчыннага аўтапрама, Прэзідэнт асобна спыніўся на вытворчасці легкавых аўтамабіляў "БелДжы", выказаўшы ўпэўненасць, што гэта машына спадабаецца беларусам, паколькі будзе даступная па цане, простая ў сэрвісным абслугоўванні.

Кіраўнік дзяржавы прадаўжае наведваць прамысловыя гіганты Беларусі. Знаходзячыся на Мінскім маторным заводзе, ён падкрэсліў, што 2016 год стане для іх і для ўсёй прамысловасці краіны ў цэлым годам праверкі на трываласць. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што МАЗ, БелАЗ, МТЗ, "Гомсельмаш" і іншыя такія прадпрыемствы - гэта брэнд Беларусі, які нельга страціць.

У час наведвання Мінскага маторнага завода Кіраўніку дзяржавы дакладвалася аб яго стане і перспектывах, закраналіся і праблемныя моманты, у тым ліку канфлікт інтарэсаў з некаторымі прадпрыемствамі, якія выказваюць незадавальненне павышэннем цэн на рухавікі. Размова ішла і аб тым, як выправіць сітуацыю са спадам аб'ёмаў вытворчасці, прадоўжыць дыверсіфікацыю экспарту.

Размаўляючы з працоўным калектывам, Прэзідэнт адзначыў, што цяперашні стан спраў на заводе небездакорны, але галоўнае - тут разумеюць, як рухацца далей. Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на важнасці захавання строгай дысцыпліны для вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі. Каб выпускаць тавар, прывабны па цане і якасці, патрэбна строгая дысцыпліна, дыктатура тэхналогіі, упэўнены Прэзідэнт.

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што строгая дысцыпліна не падразумявае таго, што камусьці трэба закрываць рот. "Чалавек мае права сказаць усё, што ён думае аб палітыцы, унутранай і знешняй, на прафсаюзным або агульным сходзе, які праводзіцца для адкрытай размовы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Аднак на канвееры не павінна быць ніякай палітыкі. "Тут палітыка адна - якасць", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Прадстаўнікі працоўнага калектыву папрасілі ў Кіраўніка дзяржавы пракаменціраваць паведамленні, што пры ўрадзе Расійскай Федэрацыі ствараецца навукова-тэхнічны савет, прызначаны каардынаваць развіццё вядучых прадпрыемстваў па вытворчасці рухавікоў і тэхнікі. Работнікаў завода цікавіла, ці не прывядзе гэта да дыскрымінацыі для вытворцаў з Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што беларуская прадукцыя і ў далейшым будзе запатрабавана ў Расіі. Для гэтага неабходна высокая якасць тавараў, каб забяспечыць попыт не толькі ў расійскіх, але і ў іншых замежных пакупнікоў. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Мінскі маторны завод павінен быць гатовы да здаровай канкурэнцыі з расійскімі вытворцамі.

Працаўнікі Мінскага маторнага завода пацікавіліся меркаваннем Прэзідэнта, што патрэбна для павышэння статусу рабочых спецыяльнасцей. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Каб павысіць статус любой прафесіі, трэба стварыць дастойнае рабочае месца для чалавека і плаціць яму тое, што ён зарабляе. Будзе рабочае месца і добрая зарплата - любы малады чалавек пойдзе і будзе працаваць".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца практычна адзінай на постсавецкай прасторы краінай, якая ў такім аб'ёме захавала прафтэхадукацыю. Цяпер многія спрабуюць аднавіць такую сістэму, але працэс гэты няпросты, патрабуе часу і грошай.

Пры гэтым Прэзідэнт засяродзіў увагу на якасці прафтэхадукацыі. На яго думку, вельмі важна для будучага спецыяліста практычна штодзень бываць на вытворчасці і набываць першыя навыкі сваёй спецыяльнасці яшчэ ў час вучобы. Няўхільнае патрабаванне Прэзідэнта пры падрыхтоўцы любых спецыялістаў - улічваць іх далейшую запатрабаванасць у народнай гаспадарцы. Павінна быць дакладная арыентацыя на неабходную колькасць спецыялістаў, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Што датычыцца вышэйшай адукацыі, то Прэзідэнт падкрэсліў, што цяпер усё больш запатрабаванымі становяцца спецыялісты ў новых напрамках. "ІТ-тэхналогіі, космас, АЭС, найноўшыя тэхналогіі - за імі будучыня. Адпаведна для гэтых сфер мы будзем больш рыхтаваць спецыялістаў", - сказаў ён.

Разам з гэтым Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што вельмі важнымі і заўсёды запатрабаванымі застаюцца рабочыя спецыяльнасці: "Гэта аснова ўсяго, мною пастаўлена задача аптымізаваць прафтэхадукацыю, зняць усё лішняе ў гэтай сістэме навучання. Пры гэтым патрэбна больш цесная, эфектыўная сувязь з вытворчасцю".

У час сустрэчы Прэзідэнта з працоўным калектывам размова зайшла пра 9 мая. "Дзень Перамогі - гэта вялікае свята для ўсяго беларускага народа. Гэта вялікае свята Перамогі. І пачуцці ў гэты дзень у мяне будуць такія ж, як і ў вас. Іншых быць не можа", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што вельмі важна помніць аб тых, хто падарыў нам гэту Перамогу, хто адстаяў нашу незалежнасць. "Калі не было б Перамогі, не было б і сённяшняй размовы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што беларусы сёння жывуць на сваёй зямлі дзякуючы тым, хто змагаўся супраць ворага і заваяваў Перамогу. "Таму не трэба саромецца аддаваць даніну павагі тым, хто загінуў, і тым, хто выжыў у гэтай нялёгкай барацьбе", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Наведваючы ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Мінскі маторны завод", Аляксандр Лукашэнка пабываў на галоўным зборачным канвееры 4-цыліндравых рухавікоў, у цэху зборкі і выпрабавання рухавікоў. Прэзідэнт азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці сучасных дызельных рухавікоў, наведаў выстаўку аўтакампанентных рухавікоў, якія пастаўляюцца па кааперацыі з прадпрыемствамі машынабудавання Беларусі. Акрамя таго, Прэзідэнту былі прадстаўлены найноўшыя ўзоры рухавікоў, выпускаемых на прадпрыемстве, буйнагабарытнай тэхнікі, прадукцыі прадпрыемстваў холдынга.