Наведванне ААТ "Мінскі аўтамабільны завод"

  • 9

Інвестыцыі для развіцця беларускага машынабудавання будуць прадастаўляцца толькі пад канкрэтныя рынкі збыту. Аб гэтым 7 красавіка заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання ААТ "Мінскі аўтамабільны завод" - кіруючая кампанія холдынга "БелаўтаМАЗ".

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці і перспектывах развіцця прадпрыемства. Як адзначыў Прэзідэнт, у час наведвання МАЗа яму таксама прапаноўвалі правесці нараду па пытаннях стратэгіі развіцця айчыннага машынабудавання ў цэлым. На гэтым мерапрыемстве ў тым ліку планавалася абмеркаваць пытанне размеркавання крэдытных рэсурсаў, што прадастаўляюцца Беларусі Кітаем.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што гэта нарада пройдзе пазней і ў іншым фармаце. Пры гэтым ён падкрэсліў, што любыя фінансавыя рэсурсы, асабліва крэдытныя, прадпрыемствы змогуць атрымаць толькі пасля дакладнага падліку патэнцыяльных рынкаў збыту новай прадукцыі. "Вы атрымаеце грошы, магчыма і кітайскія крэдыты, толькі тады, калі пакажаце, што ў вас ёсць рынкі, куды прадасце гэту прадукцыю. У адваротным выпадку не дадзім ні капейкі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я не магу ўкласці сюды чарговы раз сотні мільёнаў долараў, за якія вы створыце нейкі прадукт і паставіце на склад, а яшчэ горш - проста праясце".

"Таму вы павінны дакладна разумець, што калі бераце грошы пад нейкі прадукт, то павінны даказаць, што, вырабіўшы яго, заўтра прадасце", - дадаў беларускі лідар.

Гаворачы аб асваенні новых рынкаў збыту, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ўжо даўно і настойліва ставіць адпаведную задачу. "Я ад вас гэтага патрабую. А то не паспеў я сюды прыйсці, як вы мне пачалі расказваць пра Расію (расійскі рынак). Мы ўжо 25 гадоў як незалежная дзяржава. У Расіі свае праблемы, - адзначыў Прэзідэнт. - Так, там рынак, які вы здалі. Сёння гэты рынак вельмі лёгка адваяваць. Але туды трэба прадаць якасную, прыгожую, надзейную тэхніку па канкурэнтнай цане".

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, каб пры замежных пастаўках не выкарыстоўваліся нейкія сумніўныя схемы і пасрэдніцкія структуры, у выніку чаго могуць узнікнуць праблемы з вяртаннем грошай за прададзеную тэхніку. А такія прыклады, на жаль, ёсць. "Вы - дзяржаўнае прадпрыемства. Ад вас мінімум што просяць - захаваць працоўныя калектывы, плаціць зарплату, вырабляць добры тавар і прадаваць яго", - сказаў Прэзідэнт.

Размаўляючы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву прадпрыемства, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што МАЗ, таксама як і іншыя вядомыя беларускія брэнды, неабходна захаваць. Гэта ў першую чаргу задача ўсяго працоўнага калектыву. "Калі вы, кожны на сваім рабочым месцы, не зоймецеся якасцю, мы не вытрымаем канкурэнцыі, - сказаў Прэзідэнт. - Мы павінны захаваць гэты завод і павысіць якасць".

"МАЗ, як і БелАЗ, і мотавелазавод - гэта твар нашай краіны. Мы ні ў якім разе не можам і не маем права ўгробіць гэтыя прадпрыемствы. Таму, адказваючы скептыкам і тым, хто сёння не верыць у гэта: МАЗу быць, быць заўсёды, і пры мне, і пасля мяне", - заявіў Кіраўнік дзяржавы. Захаванне гэтых і іншых прадпрыемстваў, падкрэсліў Прэзідэнт, гэта справа не толькі яго гонару, але і захаванне эканамічнай базы, рабочых месц для будучых пакаленняў. "Наша шчасце тут, на гэтай зямлі. І мы павінны думаць аб тым, як захаваць рабочае месца для нашых дзяцей", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У час наведвання МАЗа быў таксама арганізаваны своеасаблівы агляд асноўных прадпрыемстваў беларускага машынабудавання. Аб перспектыўных планах і распрацоўках Прэзідэнту далажылі кіраўнікі БелАЗа, "Амкадора", "Гомсельмаша", МТЗ, "БелДжы". Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з выстаўкай найноўшых узораў тэхнікі гэтых прадпрыемстваў, выстаўкай дэталей, вузлоў і аўтаагрэгатаў. Акрамя неабходнасці забеспячэння высокай якасці прадукцыі, размова тут вялася і аб рабоце па імпартазамяшчэнні, зніжэнні выдаткаў на вытворчасці, аб павелічэнні долі айчынных камплектуючых.

На аўтамабілі беларускай вытворчасці ў перспектыве перасядуць і большасць чыноўнікаў. Такое даручэнне Кіраўнік дзяржавы даў, азнаёміўшыся з легкавым аўтамабілем прадстаўніцкага класа, вытворчасць якога СЗАТ "БелДжы" плануе пачаць у Беларусі ўжо ў трэцім квартале бягучага года. Аляксандр Лукашэнка пры гэтым растлумачыў, што размова не ідзе аб тым, каб за адзін раз перасадзіць усіх чыноўнікаў на такія аўтамабілі, паколькі на гэта пайшлі б вялікія сродкі. Таму замену службовага аўтатранспарту неабходна праводзіць паступова, па меры ўзнікнення такой неабходнасці.

Кіраўнік дзяржавы таксама адказаў на некалькі пытанняў работнікаў МАЗа, якія датычыліся захавання льгот адносна ўзросту выхаду на пенсію для тых, хто заняты на шкодных вытворчасцях, магчымасцей аказання падтрымкі ў вырашэнні жыллёвых пытанняў.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што Беларусь пераадолее эканамічныя цяжкасці, захаваўшы мір і спакой у краіне. "У нас галоўная праблема - эканоміка. Калі мы перажывём гэты цяжкі час - а ён рана ці позна скончыцца, нам тады ніхто не страшны. Мы гэта пераадолеем, мы моцныя людзі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт звярнуў увагу, што, калі ў нейкай дзяржаве ідзе вайна, людзі не гавораць пра заработную плату або пенсіі - ім патрэбны мір, гэта галоўнае.