Бел
Галоўная   /  Падзеі

Наведванне ААТ "МАПІД"

18 верасня 2020 года
Наведванне ААТ "МАПІД"
глядзіце таксама: відэа
18 верасня 2020 года
Наведванне ААТ "МАПІД"
Наведванне ААТ "МАПІД"
глядзіце таксама: фота
18 верасня 2020 года
Наведванне ААТ "МАПІД"
27 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 верасня наведаў ААТ "МАПІД".

У час наведвання прадпрыемства Кіраўніку дзяржавы далажылі аб сістэмных пытаннях развіцця жыллёвага будаўніцтва ў Беларусі, дзейнасці ААТ "МАПІД". Ён агледзеў узоры катэджаў, якія вырабляюць на прадпрыемстве, ацаніў якасць і камфорт.

Потым Прэзідэнт азнаёміўся з тэхналогіяй вытворчасці зборнага жалезабетону, даў высокую ацэнку вырабляемай будаўнічай прадукцыі. Гэта не толькі жалезабетонныя канструкцыі, але і, напрыклад, дзверы і вокны. Ён нагадаў аб неабходнасці паступова пераходзіць на выкарыстанне драўніны ў вытворчасці вокнаў і адыходзіць ад пластыку. Гэта і больш экалагічна, і дае магчымасць больш шырока задзейнічаць айчынную сыравіну.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз пацвердзіў сваё патрабаванне па скарачэнні жыллёвага будаўніцтва ў Мінску, каб не перанасяляць сталіцу. "Гэта не проста размова. Гэта возьмем на строгі кантроль. Трэба будаваць жыллё так, каб размеркаваць вытворчыя сілы па краіне", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўніку дзяржавы было даложана, што кожны год у Мінску будуецца амаль 600 тыс. кв.м жылля. "Мы плануем заставацца на гэтым узроўні, але будзе пераразмеркаванне за кошт гарадоў-спадарожнікаў. Таму што там найбольш перспектыўныя пляцоўкі, і мы бачым на прыкладзе Смалявіч, што людзі ахвотна туды ідуць, і будзем працаваць у гэтым напрамку, - расказаў старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў. - Смалявічы будуем. Рудзенск - перспектыўная пляцоўка з улікам будаўніцтва там прадпрыемстваў (БНБК і іншых), таму мы будзем гэту пляцоўку актыўна развіваць, у тым ліку пераносіць туды і будаўніцтва камерцыйнага жылля".

Асобна Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся станам спраў з чэргамі на жыллё ў Мінску: якія катэгорыі і як хутка забяспечваюцца жыллём. Асаблівая ўвага ўдзялялася шматдзетным сем'ям. Паводле даных Мінгарвыканкама, у гэтым годзе плануецца накіраваць на будаўніцтва жылля 4030 шматдзетных сем'яў, у наступным - 3,5 тыс. "Пасля гэтага ўжо выйдзем на паказчыкі, калі гэтыя сем'і стаяць у чарзе не больш за адзін год. Паводле нашых падлікаў, штогод 1,6 тыс. сем'яў мы будзем спакойна накіроўваць, і ўжо будзе выраўноўвацца сітуацыя", - удакладніў Уладзімір Кухараў.

Размова ішла таксама пра будаўніцтва сацыяльнага жылля і жылля для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Абмяркоўваючы ўзвядзенне арэнднага жылля, Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, хто выступае заказчыкам такога будаўніцтва. Старшыня Мінгарвыканкама праінфармаваў: для паскарэння працэсу прынята рашэнне, каб заказчыкам была арганізацыя-забудоўшчык і яна ж заключала крэдытны дагавор з банкам. "Рыхтуецца праект Указа аб тым, што УКБ будзе афармляць на сябе крэдыт і пачынаць будаўніцтва", - растлумачыў ён. Паводле слоў Уладзіміра Кухарава, наяўнасць адзінага заказчыка дасць магчымасць значна скараціць тэрміны будаўніцтва арэнднага жылля.

Акрамя таго, Уладзімір Кухараў расказаў аб планах Мінгарвыканкама адносна існуючай сядзібнай забудовы. На працягу гэтага года будзе праведзены яе аналіз. "Пасля завяршэння гэтай работы мы будзем прапаноўваць змяненні ў генплан, распрацуем праект дэталёвага планавання для гэтых сядзіб", - сказаў кіраўнік гарвыканкама.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на магчымасць пашырэння беларускіх будаўнічых паслуг у Расіі. Ён адзначыў, што ў РФ цяпер актыўна рэалізуюцца розныя праекты, дзе могуць быць запатрабаваны беларускія будаўнікі. Аб гэтым ішла размова і ў час перагавораў Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Адзін з буйных праектаў - гэта будаўніцтва касмадрома "Усходні" ў Амурскай вобласці Расіі. "Гэта вельмі добры аб'ект, і ён ім вельмі патрэбны. Яны гатовы плаціць любыя грошы. У Расіі (на жаль для іх і, можа, на шчасце для нас) гэты інтарэс. Гэта наша перспектыва, і там трэба будаваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як было даложана Прэзідэнту, ААТ "МАПІД" імкнецца пашырыць сваю прысутнасць на расійскім рынку. У прыватнасці, заключаны кантракт на будаўніцтва ў Обнінску Калужскай вобласці 10 жылых дамоў плошчай 70 тыс. кв.м. Вядуцца перагаворы па будаўніцтве беларускага квартала ў Ніжнім Ноўгарадзе.

Кіраўніком дзяржавы таксама было адзначана, што бударганізацыі з уласнай вытворчай базай павінны быць загружаны аб'ёмамі жыллёвага будаўніцтва ў першачарговым плане.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што часам мелі месца факты, калі дзяржаўныя будаўнічыя трэсты з уласнай вытворчасцю будуюць жыллё па заказе прыватнікаў і ў апошніх застаецца асноўная частка прыбытку. "Каб трэсты не былі на пабягушках у прыватнікаў, - сказаў Прэзідэнт. - З 1 студзеня будучага года на гэту тэму не павінна быць размоў".



Пры гэтым ён растлумачыў, што як дзяржаўныя, так і прыватныя будаўнічыя арганізацыі, якія маюць сваю вытворчую базу, павінны ў першую чаргу прыцягвацца да жыллёвага будаўніцтва. "Яны павінны быць загружаны ў першачарговым плане. У адваротным выпадку, навошта яны стваралі гэтыя магутнасці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Як далажыў Прэзідэнту старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў, ужо была праведзена работа па пошуку пляцовак пад будаўніцтва для буйных дзяржаўных забудоўшчыкаў. "Цяпер актыўна працуем па будаўніцтве сетак. Выходзім на тое, каб з наступнага года максімальна загрузіць будаўнічыя прадпрыемствы", - сказаў ён.

Паводле яго слоў, загрузка "МАПІДа" перавышае ўжо 80%. Хутка завяршаецца мадэрнізацыя Завода эфектыўных прамысловых канструкцый, і для гэтага прадпрыемства ўжо абазначаны пляцоўкі пад будаўніцтва з перспектывай на два гады. "Гэтыя арганізацыі самадастатковыя, у іх ёсць праектныя арганізацыі, яны выконваюць увесь комплекс работ, будуюць дамы практычна пад ключ з уласных матэрыялаў і з выкарыстаннем уласных рабочых сіл", - адзначыў кіраўнік Мінгарвыканкама.

У якасці прыкладу комплекснай жылой забудовы прыводзіўся пасёлак Сонечны ў Мінскім раёне. Гэты аб'ект быў перададзены ААТ "МАПІД", які праводзіў і праектныя работы, а цяпер пачаў забудову. Акцэнт рабіўся на тым, што ў гэтым жылым комплексе водазабеспячэнне і абаграванне ўсіх дамоў будуць за кошт электрычнасці. Тэрмін рэалізацыі праекта - пяць гадоў, але завяршыць будаўніцтва плануецца раней.

Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу: на балансе дзяржаўных забудоўшчыкаў, у тым ліку і "МАПІДа", ёсць сацыяльныя аб'екты (інтэрнаты, дзіцячы лагер, спартыўны комплекс), якія важна захоўваць і развіваць.

Пасля завяршэння наведвання прадпрыемства Кіраўніку дзяржавы падарылі сертыфікат на двухпакаёвую кватэру ў Мінску, а ён аддаў яго для сям'і ваеннаслужачага. "Куды мне яго дзявяць? Прэзідэнт у адпаведнасці з законам не мае права прымаць падарункі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што гэта дзяржаўны падарунак. "Дзякуй вялікі. Гэта мы для ваенных", - з такімі словамі-даручэннем Кіраўнік дзяржавы перадаў падораны сертыфікат Старшыні Савета Рэспублікі і ўпаўнаважанаму па горадзе Мінску Наталлі Качанавай. Прэзідэнт таксама на памяць аб візіце пакінуў аўтограф на будаўнічай касцы.

Тэгі: Паездкі
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь