Бел
Галоўная   /  Падзеі

Наведванне ААТ "Гомсельмаш"

20 лістапада 2020 года
Наведванне ААТ "Гомсельмаш"
глядзіце таксама: відэа
20 лістапада 2020 года
Наведванне ААТ "Гомсельмаш"

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў 20 лістапада рабочую паездку ў Гомельскую вобласць, дзе наведаў ААТ "Гомсельмаш".

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб вытворча-эканамічным і сацыяльным развіцці Гомельскай вобласці, а таксама аб фінансава-гаспадарчай дзейнасці і перспектывах развіцця "Гомсельмаша". Прэзідэнту прадэманстравалі ўзоры прадукцыі, якая вырабляецца на прадпрыемстве, у тым ліку па праграме імпартазамяшчэння. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з вытворчым працэсам зборкі збожжаўборачных камбайнаў.

У час наведвання ААТ "Гомсельмаш" Прэзідэнт заявіў, што дзякуючы падтрымцы дзяржавы ў краіне ўдалося захаваць многія прадпрыемствы і калектывы. "Некаторыя нам прапануюць перамены і рэформы - гэта не трэба, прададзім. Мы пайшлі іншым шляхам. Так, можа, крыху нестандартна, сацыялістычным шляхам. Няважна, якім, але мы выратавалі іх. Так, недзе яны напружыліся, але і дзяржава ж плячо падставіла", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што дзяржава і ў далейшым будзе гатова падставіць плячо і "Гомсельмашу", і іншым прадпрыемствам, але ім таксама неабходна выконваць узятыя на сябе абавязацельствы, разлічвацца па даўгах. У гэтым плане Кіраўніку дзяржавы далажылі, што за апошнія паўтара года на "Гомсельмашы" прыкладна ў тры разы скараціліся складскія запасы, ідуць продажы.

"Мяне вельмі непакоіла сітуацыя на "Гомсельмашы", і ў гэтым плане ты, зразумела, малайчына, што скараціў больш як у тры разы (складскія запасы. - Заўвага). Гэта здорава, што прадаў прадукцыю", - ацаніў Кіраўнік дзяржавы работу генеральнага дырэктара Аляксандра Новікава.

"Што датычыцца работы па экспарце, то за 10 месяцаў 2020 года адносна адпаведнага перыяду 2019 года тэмп росту склаў 118,4%. Паступленні ад экспарту павялічыліся ў 1,6 раза", - далажыў гендырэктар. "Малайчына, ну што тут скажаш", - адрэагаваў Прэзідэнт. У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне прааналізаваць сітуацыю па прамысловых холдынгах і заахвоціць кіраўнікоў, якія змаглі наладзіць эфектыўную работу.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што пры захаванні прадпрыемстваў не было дапушчана скарачэння працоўных калектываў. Напрыклад, у холдынгу "Гомсельмаш" працуюць 13,5 тыс. чалавек. "Так, недзе ёсць невялікая залішняя колькасць. Але людзі ідуць на пенсію, проста звальняюцца, пераходзяць на іншыя прадпрыемствы, і трэба натуральным чынам скарачацца, нельга выкідваць людзей на вуліцу. Ні ў якім разе", - запатрабаваў Прэзідэнт.

Як было даложана, пазітыўная тэндэнцыя па разгрузцы складоў адзначаецца і ў Гомельскай вобласці ў цэлым.

За 9 месяцаў гэтага года запасы гатовай прадукцыі ў рэгіёне скарочаны на 36% і на столькі ж павялічаны аб'ёмы вытворчасці. "Гэта вельмі важна, таму што розныя рэсурсы кожны дзень пішуць, што мы ўсе на склад працуем. Прэм'ера пытаюся, ён мяне інфармуе, які працэнт разгрузкі складоў. Дадатны. Але ім (апазіцыйна настроеным інтэрнэт-рэсурсам. - Заўвага) не трэба аб'ектыўнай карціны", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Было адзначана, што валавы рэгіянальны прадукт Гомельскай вобласці за мінулы перыяд гэтага года крыху скараціўся, але па выніку года плануецца выйсці на 100% ВРП.

У той жа час старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей адзначыў некаторыя праблемы з экспартам. Прэзідэнт растлумачыў гэту праблему агульнасусветнай тэндэнцыяй: "Праблема з экспартам - яна і будзе, яна нікуды не дзенецца. Свет спыніўся, няма спажывання, тым больш машынабудаўнічай прадукцыі".



Зніжэнне экспартных паставак назіраецца ў "Беларуснафты", што, паводле слоў губернатара, можа паўплываць на эканамічныя паказчыкі вобласці ў цэлым. Тым не менш прадпрыемства развіваецца і ў адпаведнасці з існуючай стратэгіяй плануе нарошчваць аб'ёмы вытворчасці, адпаведна - нафтаздабычы. Для гэтага "Беларуснафта" будзе актыўней задзейнічаць як айчынныя радовішчы на Палессі, так і радовішчы ў Расіі. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна з Прэзідэнтам Расіі была дасягнута дамоўленасць аб набыцці Беларуссю нафтавых радовішчаў у гэтай краіне, якія будуць асвойвацца, і аб'ёмы здабычы з улікам ужо існуючых там радовішчаў будуць павялічвацца.

Сустракаючыся з прадстаўнікамі працоўнага калектыву ААТ "Гомсельмаш", Прэзідэнт адзначыў пазітыўныя вынікі работы гэтага прадпрыемства. Гаворачы аб прычыне свайго візіту на "Гомсельмаш", Кіраўнік дзяржавы растлумачыў: "Я хацеў паглядзець, наколькі новае кіраўніцтва прадпрыемства рэалізавала тыя абяцанні, якія мне даваліся пры назначэнні (Аляксандр Новікаў быў узгоднены на пасаду генеральнага дырэктара ААТ "Гомсельмаш" у сакавіку 2019 года. - Заўвага). Павінен сказаць, што і новы дырэктар, і галоўны канструктар - малайцы, сплаў вопыту і маладосці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Асабліва мяне радуе, што вы выйшлі на траекторыю росту. Няхай з падтрымкай, дапамогай нейкай, але вы не працуеце на склад, - адзначыў ён. - Вы вырабляеце той тавар і прадукт, які патрэбны краіне. І 75% тавару вы вырабляеце, які мы прадаём за межы і атрымліваем валюту".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што на ўстойлівую работу і добрыя эканамічныя паказчыкі выходзяць усе прадпрыемствы, якія ўваходзяць у холдынг "Гомсельмаш", у тым ліку "Лідаграпраммаш" і "Гомельскі завод ліцця і нармалей". Хоць пры стварэнні холдынга былі крытычныя заўвагі і апасенні наконт далучэння да "Гомсельмаша" стратных заводаў. "Вось мы гэта перажылі, мы гэта вытрымалі, і сёння і вы добра працуеце, і тыя прадпрыемствы выцягнулі", - даў станоўчую ацэнку Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што галоўнае - і ў далейшым забяспечваць высокую якасць прадукцыі, каб яна была канкурэнтаздольнай, а значыць - і запатрабаванай. Гэта асабліва важна, улічваючы ўсё большую глабальную канкурэнцыю на рынку машынабудавання. "Вам цяжка ў тым плане, што такіх, як вы, у свеце - шмат. І вам для таго, каб прадаць сваю прадукцыю, даводзіцца грызці зубамі і не толькі расійскі рынак, але ўжо і Афрыку. Ад гэтага нікуды не дзецца, калі мы хочам застацца з машынабудаваннем, - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. - Машынабудаванне трэба трымаць, таму што гэта аўтарытэт, гэта твар нацыі". У шэрагу іншых краін постсавецкай прасторы, як заўважыў Прэзідэнт, гэта галіна або адсутнічае зусім, або яна разбурана, і яны купляюць беларускую тэхніку.

"Здорава папрацавалі па імпартазамяшчэнні", - заўважыў беларускі лідар, падкрэсліўшы, што такім чынам эканомяцца мільёны долараў. "Можна шмат пералічваць вашых паспяховых крокаў. Але вы зрабілі добры крок наперад. Мяне гэта пераконвае ў тым, што грошы, якія дзяржава ў выніку падтрымкі патраціла на вас, не пайшлі ў пясок", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Адначасова ён канстатаваў, што ў прадпрыемства яшчэ застаецца шэраг праблем. Але Прэзідэнт упэўнены, што іх можна вырашыць на працягу 2-3 гадоў, калі і далей працаваць, як цяпер.

Аляксандр Лукашэнка асабліва падзякаваў працоўнаму калектыву прадпрыемства за работу, у тым ліку і ў гэты няпросты для краіны час. "У бягучым годзе нашы вяскоўцы здзейснілі подзвіг. У той час як некаторыя бадзяліся па вуліцах (няхай няшмат, але ў Гомелі гэта было, асабліва на пачатковым этапе, і да гэтага часу па Мінску некаторыя ў нядзелю ходзяць), вяскоўцы працавалі ад відна і да цямна. А як яны маглі працаваць без вас? Таму вы ўнеслі вялікі ўклад у каравай, які мы сёння маем", - растлумачыў беларускі лідар.

"Трымайцеся за гэты завод. Вы нікому ў гэтым жыцці нідзе не патрэбны", - звярнуўся да работнікаў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што з развіццём другой хвалі пандэміі каранавіруса, пацвярджаюцца яго прагнозы, зробленыя яшчэ вясной. "Я грубавата тады сказаў: калі спынімся - жэрці што будзем? Вось яно і адбываецца. Сёння аказваецца, што Лукашэнка меў рацыю - закрывацца нельга, і ніхто ў свеце не закрываецца. Знешне не закрываецца, але многія спынілі вытворчасць", - заўважыў беларускі лідар. У гэтай сітуацыі, паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь нарасціла экспарт харчовай прадукцыі - на 7% вышэй за ўзровень 2019 года.

"Свет змяніўся, але ці то яшчэ будзе. Таму недзе трэба і пацярпець. Страшная сітуацыя на планеце, жахлівая. І гэта выліваецца ў тыя сутыкненні, якія вакол адбываюцца і нас так крылом зачапіла. Ды яшчэ дабавіла пандэмія, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы дамовіліся нядаўна з расіянамі, што мільярд долараў мы ім у гэтым годзе не плацім (яны адклалі нашы даўгі). Пяцьсот мільёнаў долараў мы ў іх запазычылі праз Еўразійскі банк. Я думаў, падтрымаем машынабудаванне і іншае. А нічога падобнага, усе пяцьсот мільёнаў я пакуль трымаю і фінансую лячэнне людзей ад кавіда. Здароўе людзей - галоўнае, і нікуды ад гэтага не дзенешся. Таму недзе трэба пацярпець, сціснуўшы зубы, - вельмі няпросты будзе наступны год".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вельмі важным з'яўляецца захаванне і развіццё ў краіне машынабудаўнічага патэнцыялу. "Для мяне як Прэзідэнта гэта аснова - захаваць машынабудаванне. Галоўнае, што ў нас будуць інжынеры, канструктары, кіраўнікі, - сказаў ён. - Адна справа - лапатай недзе калупацца, а іншая - вырабляць такую тэхніку. Патрэбны добрыя спецыялісты. Гэта галоўнае, чаму мы трымаемся за машынабудаванне".



Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, што ў пачатку станаўлення Беларусі як незалежнай дзяржавы, яму як кіраўніку не раз прапаноўвалі згарнуць галіну машынабудавання і закупляць камбайны для сельскай гаспадаркі, якіх тады вельмі не хапала, за мяжой. "Вось тады было галоўнае пытанне, што рабіць з "Гомсельмашам"? Будзем мы вырабляць свае збожжа- і кормаўборачныя камбайны? - нагадаў ён. - І тады мы прынялі рашэнне: будзем рабіць свой камбайн".

За гэты час беларускае прадпрыемства распрацавала і асвоіла выпуск самых сучасных узораў тэхнікі. Адна з апошніх навінак - камбайн, які працуе на газе, а ў перспектыве - камбайн, які кіруецца з выкарыстаннем сістэм штучнага інтэлекту.

"Разумееце, які шлях прайшлі? Я ніколі ў жыцці не пайду на тое, каб загубіць тое, што ў тым ліку зрабіў уласнымі рукамі. Таму машынабудаванню ў Беларусі быць, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Нават калі хтосьці прыйдзе пасля Лукашэнкі, ён не зможа гэта знішчыць. Гэта значыць мая задача - зрабіць так, каб пасля мяне ніхто не змог гэта разбурыць, таму што тады вы выйдзеце на вуліцы і будзеце пратэставаць".

"І не думайце, што калі мы прыватызуем гэты завод, прададзім, то будзе шчасце", - папярэдзіў Прэзідэнт. Адно з негатыўных наступстваў - страта кампетэнцый, тэхналогій і кваліфікацыі. "Думаеце, яны (тыя, хто можа выкупіць прадпрыемства. - Заўвага) будуць захоўваць гэтыя кампетэнцыі? Не, вы будзеце вырабляць тут балты, гайкі, яшчэ штосьці кляпаць, - сказаў ён, - а асноўныя кампетэнцыі - рэдуктары, рухавікі, прыводы і гэтак далей - яны там будуць вырабляць, дзе адукацыя, людзі і дзе вялікія грошы. За бляшанкі вы шмат грошай не атрымаеце. Вось чым небяспечная прыватызацыя і чым мая палітыка адрозніваецца ад тых пратэстуноў, якія рваліся да ўлады: усё, што засталося, трэба падзяліць і распрадаць. Не!"

Прэзідэнт зноў паўтарыў сваё адназначнае стаўленне да прыватызацыі - магчыма толькі на выгадных для Беларусі ўмовах. "Я не хачу, каб мы сталі прыдаткам кагосьці. Вось і ўся палітыка, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Нават не думайце, што я пайду на абвальную прыватызацыю. Плаціце грошы, а мы потым будзем глядзець, што мы ад гэтай прыватызацыі атрымаем. Калі дадзіце грошы, мы створым новую тэхніку і на ваш рынак паставім".

У ліку важных умоў таксама - захаванне працоўных калектываў. "Да мяне прыходзілі і гаварылі: "У вас 8 тысяч працуючых, нам столькі не патрэбна." - "А колькі застанецца?" - "Дзве-тры." - "Дзякуй, не трэба". З 8 тысяч тры пакінем, а пяць або шэсць на вуліцу выкінем? Такое нам не патрэбна. Калі і трэба скарачаць колькасць, дык людзі на пенсію ідуць, хтосьці працаўладкоўваецца (у іншыя месцы. - Заўвага), гэта працэс", - заўважыў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што стаўленне да рабочых значна змяняецца па меры ўскладнення вытворчых працэсаў і абсталявання. І ў многіх краінах адчуваецца дэфіцыт высокакваліфікаваных рабочых кадраў. Беларусь у гэтым плане знаходзіцца ў больш выгадным становішчы, таму што ў краіне была захавана сістэма прафтэхадукацыі. "Рабочы - гэта ўжо не раб, рабочы чалавек - гэта залатыя рукі. І вялікі попыт на рабочых", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт з задавальненнем адзначыў, што на многіх айчынных прадпрыемствах ёсць цэлыя працоўныя дынастыі. "Дынастыі - гэта добры прыклад для ўсяго працоўнага калектыву, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Нікому вашы дзеці і ўнукі не патрэбны нідзе. А далей будзе яшчэ складаней. Таму трымайце гэту вытворчасць, хварэйце за яе ўсім сваім нутром, усёй сваёй істотай. А машынабудаванне мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць".

Работнікі прадпрыемства запыталіся ў Кіраўніка дзяржавы, як ён ставіцца да ініцыятывы скараціць працоўны дзень для аднаго са шматдзетных бацькоў да 7 гадзін у якасці альтэрнатывы дзеючай цяпер нормы аб дадатковым аплатным выхадным дні ў тыдні для гэтай катэгорыі.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на вялікае значэнне пытанняў дэмаграфіі для развіцця любой краіны. "Самая вялікая праблема для нас сёння - гэта не "Гомсельмаш" і нават не кавід-пандэмія, мы гэта пройдзем, не хвалюйцеся, усіх вылечым, - сказаў Прэзідэнт. - Самая вялікая праблема - гэта насельніцтва. Калі кожная жанчына не народзіць дваіх-траіх, будзе як у Еўропе, Расіі, Украіне, якая за год амаль 200 тыс. страціла, дзе ідзе спад насельніцтва. Жыць не будзе каму праз паўстагоддзя".

Разумеючы гэта, у Беларусі прынялі меры для падтрымкі нараджальнасці і сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей. Асабліва адчувальныя меры дзейнічаюць для шматдзетных. У прыватнасці, працуе так праграма "Сямейны капітал". Прэзідэнт падкрэсліў, што яна добра сябе зарэкамендавала, таму пасля першых чатырох гадоў яе дзеянне прадаўжалі ўжо, а цяпер плануецца зрабіць яе пастаяннай. "Я думаю, гэта застанецца назаўсёды. Нараджайце, богам прашу. Мы будзем знаходзіць гэтыя грошы - па $10 тыс. на кожнае дзіця пасля нараджэння двух дзяцей. Таму што гэта галоўнае. Не будзе дзяцей - не будзе працоўных, ніякая адукацыя тады не патрэбна, ніякія кампетэнцыі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што пытанні падтрымкі шматдзетных сем'яў будуць комплексна разгледжаны на ўзроўні Урада і парламента, каб прыняць рашэнне, як змяняць гэту сістэму ў будучым. Адно з важных пытанняў - адраснасць такой дапамогі і яе мэтавае выкарыстанне.

Кіраўнік дзяржавы лічыць важным абмеркаваць таксама магчымасць скарачэння водпуску па доглядзе дзіцяці, які ў Беларусі цяпер доўжыцца да дасягнення дзецьмі трох гадоў і з'яўляецца адным з самых працяглых у свеце.

"Гэтыя пытанні сабралі, і ва Урад я нядаўна накіраваў, і дэпутатам - абмяркоўвайце, райцеся са сваімі выбаршчыкамі і потым прыйдзеце, унесяце Прэзідэнту, будзем прымаць рашэнні. Гэта значыць, мы не прынялі ні па адным пытанні рашэння, але гэтыя пытанні - на парадку дня. Зробім так, як лепш для людзей і для дзяржавы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.



У час наведвання ААТ "Гомсельмаш" Прэзідэнт таксама адказаў на пытанні журналістаў.

Адказваючы на пытанне, якое датычылася лозунгаў праціўнікаў улады, дзе гэту ўладу фактычна прыраўноўваюць да фашызму і асацыююць з ім, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Што датычыцца фашызму, да мяне гэта ніяк не прыклеіш. Таму што я інтэрнацыянальны чалавек. Вы ж бачыце маю палітыку. Я заўсёды ганарыўся тым, што ў нас няма бойкі, супярэчнасцей паміж рознымі нацыянальнасцямі. А ў нас пад 100 нацыянальнасцей жывуць. Я заўсёды ганарыўся тым, што ў нас міжканфесійны мір. Я заўсёды гаварыў, гэта мой лозунг перадвыбарны і ў выбары, - кожны павінен знайсці сваю дарогу да храма. Таму я не нацыяналіст, а фашызм - гэта вышэйшая форма нацыяналізму. Фашыстам можа быць заўзяты нацыяналіст. Гэта не да мяне".

"Я ж не хаджу пад фашысцкімі БЧБ-сцягамі. І адкрыта гавару, што гэта фашысцкая сімволіка. І хто ўнёс гэта пытанне на рэферэндум - ваш пакорны слуга, калі ў нас былі БЧБ-сцягі, якія нацыяналісты праціснулі, - заўважыў беларускі лідар. - Я катэгарычна пярэчыў. Але выбралі, я стаў Прэзідэнтам і імгненна ўнёс вам на рэферэндум: вырашыце, вось - адна сімволіка, вось - другая. Пераважная большасць падтрымала цяперашнюю дзяржаўную сімволіку. Якія да мяне пытанні?"

"І потым, партрэтаў Лукашэнкі пад БЧБ-сцягамі не было, а Гітлера - былі. І мы паказваем гэта. І хто мог бы падумаць, што тэатр Янкі Купалы, які быў у гады вайны увешаны БЧБ-сцягамі, будзе пад гэтымі сцягамі ў бягучым годзе. Вы што, хочаце сказаць, што я павінен быў гэта цярпець у цэнтры Мінска. Мы ўстаронім гэту фашысцкую сімволіку з нашага грамадства, зробім гэта прыгожа. І перш за ўсё растлумачваючы, што гэтага нельга рабіць. Наша краіна больш за ўсіх пацярпела ад вайны", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

У пытанні журналіста таксама гаварылася аб тым, што апаненты ад нядзелі да нядзелі прыдумваюць усё новыя і новыя лозунгі, пры гэтым часам адкрыта пераходзячы мяжу. "Няма рэвалюцыі без лозунгаў. Калі рэвалюцыя, то патрэбны лозунгі. Але вы не памыляйцеся. Я вам колькі разоў гаварыў: у нас няма рэвалюцыі, таму што рэвалюцыянераў няма, - падкрэсліў беларускі лідар. - Гэтыя ўцекачы, якія збеглі туды (за мяжу. - Заўвага) і баламуцяць праз Telegram-каналы, яны ж жывуць там шыкоўна. А тыя, якія тут ходзяць, гэта людзі, якіх я стварыў сваімі рукамі. І якія сёння зарабляюць у 5-6 разоў больш, чым на "Гомсельмашы". Спрабавалі здзейсніць дробнабуржуазную рэвалюцыю. Яны не рэвалюцыянеры. Таму што рэвалюцыянеры ў свой час, тыя рэвалюцыі, якія я вывучаў, яны ішлі на ўсё. Яны ведалі, што могуць загінуць, яны ў гэта верылі".

"Два месяцы таму я гаварыў, што нас проста хочуць накрыць: гэтыя танкі, самалёты натаўскія да граніц... Я армію прыводжу ў баявы стан, палову арміі накіроўваю ў Гродна, дзе ўжо вывесілі сцягі з балконаў. І як толькі я туды гэту армію накіраваў, сцягі паздымалі імгненна. Але мы ім прадэманстравалі, адказалі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Цяпер жа вы разумееце, што нас проста хацелі скалечыць. Вы ж чулі потым заявы: нам не толькі патрэбна Гродзенская вобласць, нам патрэбна ўся Беларусь (у Польшчы заяўлялі). І яшчэ пасля гэтага некаторыя нашы пратэстуны ходзяць з гэтымі сцягамі і пад каманду гэтых людзей, якія там у цэнтрах, Telegram-каналах і іншым, пачынаюць арудаваць у нашай краіне. Як я павінен быў дзейнічаць? Дык я ж цярпеў. Я стрымліваў ваенных, я нават армію не ўвёў у Мінск".

Прэзідэнт падкрэсліў, што "бліцкрыг" у праціўнікаў улады не ўдаўся, і многія гэта ўжо ацанілі, самі заклікаюць навесці парадак.

"Заўсёды трэба цярпець. Цярпець, пакуль магчыма. Вось калі яны выйшлі на чыгунку, маё рашэнне было адназначным - тэрарысты", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэта маё пытанне (падтрыманне стабільнасці і парадку ў дзяржаве. - Заўвага). Мы разбяромся. Але людзям трэба гаварыць, тлумачыць, расказваць, каб яны разумелі, што маем, а што будзем мець", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўніку дзяржавы было таксама зададзена пытанне аб спробах апанентаў праз інтэрнэт ускалыхнуць Беларусь. Пры гэтым закранаюць вядомых людзей, распаўсюджваючы розныя фэйкі. "Калі ты намякаеш на апошнія злівы ў Telegram-каналах, асобныя размовы, перагаворы, звязаныя з гібеллю гэтага хлопца... Калі гэта, то я табе павінен сказаць і ўсім: не час, пацярпіце крыху, на наступным тыдні ўсё раскажам. Паверце, будзе вельмі цікава", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэтыя ўкіды робяцца спецыяльна напярэдадні чарговай нядзелі. "Вось сёння гэтага хлопца хаваюць. Яны пад гэта хацелі сабраць мноства людзей. Праўда, трэба аддаць належнае сваякам, сказалі: не, стоп, дзякуй, дапамаглі і іншае, мы хочам яго пахаваць спакойна, па-хрысціянску, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Нават католікі (ён праваслаўны), каб зацягнуць гэту працэсію ў цэнтр, у Чырвоны касцёл прапаноўвалі. Добра, я гавару, што ёсць разважлівыя людзі. Там у сям'і сказалі: не лезьце, дайце нам разабрацца. Ідзе страшэнны націск. Пад гэта яны хацелі сабраць людзей".



"Не атрымалася, сям'я адмовілася. А як? Трэба нешта ўкінуць. Укінулі. Тут стоп да наступнага тыдня. Усё будзе даложана вам у лепшым выглядзе - што адбылося, як адбылося, хто гэта арганізоўваў і гэтак далей. На ваша здзіўленне, будзе цікава", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яшчэ ў ВНУ вывучаў працы Карла Маркса і ўсё жыццё карыстаецца адной з яго фраз. "Ён заўсёды гаварыў, папярэджваў людзей (у нас пайшла прымаўка "давярай, але правярай"): ты прачытаў, ва ўсім сумнявайся. Што б ты ні рабіў у жыцці. Нават калі гэта абсалютна відавочна, сумнявайся ў гэтым, прадумай яшчэ раз, прарэвізуй дзясяткі разоў - не будзеш памыляцца. Ва ўсім сумнявайцеся. Не спяшайцеся ніколі", - заклікаў беларускі лідар.

Гаворачы аб падзеях у Беларусі і вакол яе, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што "нас цяпер раздзіраюць". "Пачалі з "бліцкрыгу", кветачкі і іншае, радыкалізацыя, забастоўкі. Не пайшлі рабочыя. А што рабіць, а як падтрымаць пратэсныя настроі, як далей рухацца? Дваровыя тэрыторыі. Я нядаўна гаварыў: для кагосьці гэта дваровыя тэрыторыі, жартачкі, а для нас вясной - гэта ачаг грамадзянскай вайны, гэта стральба, забойствы людзей. Што будзем рабіць потым?" - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Ён заявіў, што ў гэты перыяд супраць краіны працуюць магутнейшыя спецслужбы свету. "ЗША - яны пад Варшавай цэнтр стварылі, а цяпер у Кіеве стварылі. Добра я сказаў бы, але мы з расіянамі, разведкі наша і расійская папрацавалі, убачылі гэтыя цэнтры. Ніводнага паляка там няма. Гэта толькі тэрыторыя. Там усе амерыканцы сядзяць - разумныя, таленавітыя, здольныя людзі", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што, у першую чаргу выкарыстоўваючы інтэрнэт, сучасныя тэхналогіі, расхістваюць усю планету. "Вось вы стварылі, вы расхіствалі, вы ўмешваліся ў чужыя выбары, вось атрымалі самі, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта ім, разумееце, упоперак горла Беларусь, трэба зламаць. Не атрымаецца!"

"Таму пацярпіце крыху, пройдуць выхадныя - мы вам даложым і па адным, і па другім пытанні", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Тэгі: Паездкі
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь