Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Наведванне ААТ "Белгіпс"

27 сакавіка 2020 года
Наведванне ААТ "Белгіпс"
глядзіце таксама: фота
27 сакавіка 2020 года
Наведванне ААТ "Белгіпс"
21 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 сакавіка наведаў ААТ "Белгіпс".

Прыбыўшы на прадпрыемства, Кіраўнік дзяржавы перш за ўсё нагадаў аб неабходнасці вярнуцца да тэмы норм у будаўніцтве, каб яны не былі залішнімі. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што даручаў перагледзець нарматыўна-прававую базу ў будаўніцтве яшчэ 10-12 гадоў таму ў плане адмовы ад залішняга і празмернага нармавання і пераходу да еўрапейскіх стандартаў. "У нас замест лёгкіх канструкцый - бэлькі, жалезабетон. Пустым займаліся, трацілі велізарныя грошы", - сказаў беларускі лідар.

Дарэчы, больш эканомныя падыходы выкарыстоўваліся ўжо раней, напрыклад, пры будаўніцтве спартыўнага комплексу "Мінск-Арэна".

Прэзідэнт лічыць, што пасля выбараў трэба сур'ёзна вярнуцца да гэтага пытання. "Трэба разняволіць там, дзе патрэбна", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што бяспека людзей пры гэтым не павінна пацярпець: "Трэба будаваць бяспечна. Але празмернасцей быць не павінна. Гэта галоўнае".

На прадпрыемстве Аляксандру Лукашэнку расказалі, як сёння развіваецца айчынная прамысловасць будаўнічых матэрыялаў і канструкцый. Паводле слоў віцэ-прэм'ера Уладзіміра Кухарава, патрэбнасці беларускага будаўнічага комплексу ў масавых матэрыялах забяспечваюцца ў поўным аб'ёме. Арганізацыі Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры ў 2019 годзе экспартавалі прадукцыі больш як на $383 млн.

"Майце на ўвазе: у вас тысяча сто прадпрыемстваў (няважна, прыватныя яны, дзяржаўныя, камунальнага ўзроўню) - яны павінны быць у полі зроку. Таму што там працуюць людзі. Мы ж не будзем людзей дзяліць, якія працуюць тут на "Белгіпсе" або ў вашым трэсце", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Кіраўніка дзяржавы таксама праінфармавалі аб рэалізацыі буйных інвестпраектаў у будаўнічым комплексе. Цяпер будуюцца новыя лініі на прадпрыемствах у цэментнай, горназдабыўной, шкляной і керамічнай галінах.

Што датычыцца новага завода "Белгіпс" у Гатаве - прадпрыемства працуе ўстойліва, асвойвае новыя віды прадукцыі. Тут рост па ўсіх паказчыках: тэмпы і аб'ёмы вытворчасці, экспарт будматэрыялаў, заработная плата супрацоўнікаў. Асноўныя рынкі - айчынны і еўрапейскі.

На "Белгіпсе" вырабляюць будаўнічыя матэрыялы, але ўвагу ўдзяляюць і іншым галінам, напрыклад, перапрацоўцы адходаў. У хуткім часе прадпрыемства возьме ў арэнду Пухавіцкую кардонную фабрыку і будзе перапрацоўваць там тэтрапак. Па разліках спецыялістаў, у год у складзе цвёрдых камунальных адходаў утвараецца 9-13 тыс. т упакоўкі з тэтрапака. Палову з гэтага аб'ёму плануюць перапрацоўваць у Пухавічах. Акрамя таго, тут могуць выкарыстоўваць і іншыя прамысловыя адходы: талеркі, этыкетку, адходы шпалераў. З гэтага будуць вырабляць адноўленую цэлюлозу і пастаўляць яе на беларускія прадпрыемствы. У праект ужо інвесціравана амаль 900 тыс. еўра. Усяго на яго плануецца накіраваць каля 2 млн еўра. Запуск вытворчасці намечаны на другое паўгоддзе.

"Перапрацоўка адходаў - гэта наша перспектыва", - адзначыў ініцыятыву Прэзідэнт.

"Белгіпс" таксама займаецца сацыяльнымі праектамі. Напрыклад, па Мінску можна заўважыць зялёныя кантэйнеры, у якіх грамадзяне пакідаюць старыя кнігі, часопісы і іншую друкаваную прадукцыю. Яны належаць прадпрыемству. Як расказалі на заводзе, такім чынам за год збіраюць некалькі дзясяткаў тысяч кніг. Часам сярод іх трапляюцца ўнікальныя выданні. Асноўную частку выратоўваюць і аддаюць школам і бібліятэкам, астатняе накіроўваюць на перапрацоўку.

"Малайцы", - пахваліў прадпрыемства Кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка здзівіўся, як грамадзяне могуць выкідваць кнігі, асабліва беларускую літаратуру, творы сусветных класікаў і ўнікальныя энцыклапедыі. "Савецкі энцыклапедычны слоўнік, - узяў Прэзідэнт адну са знойдзеных кніг. - У мяне з тых часоў ёсць. У чарзе стаяў, каб купіць. Гэта ўнікальная рэч".

На заводзе Кіраўніку дзяржавы расказалі, што раней прадпрыемства размяшчалася ў Мінску па вул.Казлова, а ў 2019 годзе пераехала на новую пляцоўку - у аграгарадок Гатава. На старым месцы "Белгіпс" хоча пабудаваць жылы квартал. Тут атрымаюць арэндныя кватэры і супрацоўнікі прадпрыемства. "Вы хочаце там пабудаваць жыллё? Падумаем, - сказаў Прэзідэнт. - Мы разгледзім твае (старшыні савета дырэктараў карпарацыі "Волма" Юрыя Ганчарова. - Заўвага) прапановы. А што датычыцца прамысловасці, я цябе буду заўсёды падтрымліваць, таму што з 2014 годзе ты ні разу не падвёў. Мы з табой будзем працаваць".



Гаворачы ў цэлым пра будаўнічую праблематыку, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што арганізацый, якія жадаюць будаваць жыллё ў Мінску, - вельмі шмат. "Для нас жыллё ў Мінску ўжо не праблема. Скажу сумленна, нам і не трэба столькі будаваць жылля ў Мінску, паколькі мы паўторым сумны вопыт Масквы. Я баюся гэтага: каб Мінск не ператварыўся ў Маскву, Нью-Ёрк, Лондан - у гэтыя вялікія агламераты, дзе людзей, як тараканаў. Хіба гэта жыццё?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што да забудоўшчыкаў у Беларусі прад'яўляюцца пэўныя патрабаванні: у першую чаргу землі выдзяляюцца арганізацыям, у якіх ёсць уласныя рэсурсы для будаўніцтва. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі не будуць працаваць з тымі, хто хоча прыйсці ў Мінск, пабудаваць жыллё і набіць кішэні за кошт людзей. "Не толькі нашых: цяпер і расіяне скупляюць у Мінску квадратныя метры", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнту ў час наведвання прадпрыемства прадэманстравалі працэс машыннага нанясення гіпсавага тынку, што значна паскарае і аблягчае работу тынкоўшчыкаў. Кіраўнік дзяржавы зацікавіўся, падрабязна азнаёміўся з тэхналогіяй і нават сам паспрабаваў на справе спецыяльнае правіла для выраўноўвання тынку. "Дзякуй за навуку", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама даручыў ужо ў бягучым годзе наладзіць выпуск у Беларусі такіх агрэгатаў для машыннага нанясення тынку.

Азнаёміўшыся з тэхналагічнымі працэсамі на прадпрыемстве, Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з работнікамі завода. І адразу ж растлумачыў мэту свайго візіту: "Я прыехаў не таму, што вы працуеце на добрым прадпрыемстве. Гэта не галоўнае. Хацелася паглядзець, як зрабілі тое, аб чым мы дамаўляліся ў 2014 годзе. Малайцы, зрабілі добрае прадпрыемства. Самае галоўнае, што прадукцыя, якую вы вырабляеце, карыстаецца попытам на рынку. Добра, што вы прыўносіце новае ў нашу будаўнічую галіну. Добра, што на ўнутраным рынку вы актыўнае працуеце і, канкурыруючы, замяшчаеце імпарт".

Работнікі "Белгіпса" расказалі Прэзідэнту аб праблемах, якія ўзнікаюць з праездам на работу і назад па ўчастку дарогі ад МКАД да вёскі Новы Двор, яна вузкая, там высокая аварыйнасць, ёсць неабходнасць расшырыць яе прапускную здольнасць.

"Я цяпер праехаў па гэтай дарозе, ды і раней бываў тут. Яна двухпалосная, вузкая, ды ўжо і старая, відаць, нагрузка вялікая, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Я ехаў і прыкідваў: калі яе расшыраць, ці ёсць тут месца. Хапае. Нават дрэвы сячы не трэба, я гэта катэгарычна забараняю".

"Давайце рабіць гэта разам, я паўдзельнічаю. Вось усіх збяром і падумаем, як зрабіць. Трэба расшыраць дарогу і рабіць гэта паступова, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Але калі будзем рабіць, то трэба паглядзець і, можа, зрабіць бетонку. Мы ўжо ўбачылі, што такое бетонка". Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што кусок кальцавой дарогі зрабілі бетоннай, і якасць яе вельмі высокая.

"Калі ўсё арганізаваць хутка, то можна зрабіць за лета", - выказаў меркаванне Прэзідэнт.

Работнікі прадпрыемства таксама пацікавіліся ў Кіраўніка дзяржавы, ці не згубіцца ў негатыўным інфармацыйным патоку тэма святкавання юбілею Вялікай Перамогі. Прэзідэнт запэўніў: "Не, не згубіцца". Паводле яго слоў, падрыхтоўка ў краіне прадаўжаецца і ніякія запланаваныя мерапрыемствы не адмяняюцца.

Разам з гэтым Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму паездкі на парад, які намечаны ў Маскве на Краснай плошчы: "У мяне часта пытаюцца - а вы паедзеце на парад у Маскву? Вядома. Калі ўжо з Беларусі ніхто не прыедзе ў Маскву, то хто ж тады паедзе. Зразумела, што з Украіны ніхто не паедзе".

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на запланаваныя ў той жа час у нашай краіне святкаванні: "У мяне адна праблема: у нас гэтакія ж мерапрыемствы і вось мы думаем, як зрабіць так, каб я змог пабываць там. Але я не ведаю, зыходзячы з таго, што ў іх адбываецца і гэты псіхоз іх ахапіў (у сувязі з каранавірусам. - Заўвага), ці будуць яны праводзіць гэтыя мерапрыемствы. Мы пакуль нічога не адмяняем, у нас будуць усе запланаваныя мерапрыемствы".

Нараўне з гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што трэба агульнымі намаганнямі добраўпарадкаваць тыя мясціны ў краіне, якія так ці інакш звязаны з ваеннымі падзеямі, помнікі і абеліскі, а таксама ў цэлым навесці парадак на тэрыторыі сваіх прадпрыемстваў, як у нас гэта звычайна робіцца вясной.

"Мы павінны гэта зрабіць і на самым высокім узроўні правесці гэта мерапрыемства, каб і дзеці нашы, і ўвесь свет бачыў - мы помнім. Таму што Беларусь - гэта жывы помнік той страшнай вайны, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Больш, чым Беларусь, ніводная краіна не пацярпела. Так было. Наша краіна была сцёрта з зямлі, у нас кожны трэці чалавек загінуў, і шмат людзей калекамі вярнуліся з вайны". "Таму Гасподзь нас павінен берагчы ад каранавіруса, мы ўжо шмат насельніцтва страцілі", - дадаў Прэзідэнт.

"Вы не хвалюйцеся, гэта не самая вялікая праблема для Беларусі - зрабіць так, каб аб гэтай вайне не забылі", - запэўніў ён.

Кіраўнік дзяржавы спыніўся і на мерах, якія прымаюцца ў краіне для прафілактыкі і прадухілення распаўсюджвання каранавіруса COVID-2019. Паводле яго слоў, кожная служба ў краіне - ад медыкаў да праваахоўных органаў - займаецца ў гэтым плане сваёй справай. Выяўляюцца кантактныя асобы, вядзецца работа па прафілактыцы. Аднак Аляксандр Лукашэнка супраць псіхозу і панікі вакол гэтай тэмы. "Мы гэтым займаемся. Але толькі без шуму і пылу", - сказаў ён.



Прэзідэнт таксама акцэнтаваў увагу на ўплыве прымаемых у свеце мер на эканоміку. Сітуацыя ўплывае і на Беларусь. Ён прывёў у якасці прыкладу нядаўнюю заяву Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб тым, што наступствы для эканомікі і жыцця людзей у выніку могуць быць цяжэйшымі, чым ад самога віруса.

У цэлым Кіраўнік дзяржавы выказаўся па розных аспектах праблемы, пачынаючы ад меркаванняў, што гучаць, аб увядзенні каранціну і спынення прадпрыемстваў да пытанняў харчовай бяспекі і забеспячэння асартыменту ў магазінах.

"Мы гэтым псіхозам сёння спынілі эканоміку практычна ўсяго свету. Нават Расійская Федэрацыя, якая падобна да нас, пачала згортваць свае вытворчасці", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць недальнабачным, што і ў ЗША некаторы час таму было аб'яўлена надзвычайнае становішча. "Але Трамп як чалавек, які некалі займаўся бізнесам, хутка сарыентаваўся, апошнія яго заявы мне вельмі спадабаліся. Ён сказаў так: калі мы неадкладна не вернемся на прадпрыемствы і не пачнём працаваць, то ад беспрацоўя памрэ значна больш амерыканцаў, чым ад каранавіруса. Цяпер вы зразумелі, чаму я не закрываў прадпрыемствы. Хоць дарадчыкаў было шмат: закрыць граніцы, прадпрыемствы, усіх пасадзіць на каранцін. Тады мною было прынята жорсткае рашэнне: саджаць будзем толькі тады, калі патрэбна", - заявіў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што рана ці позна, але праблема каранавіруса скончыцца, псіхоз пройдзе, і галоўнай праблемай ва ўсім свеце стане эканоміка і работа прадпрыемстваў, пытанні занятасці.

"Нам хапае не толькі завезенага каранавіруса, але і эканамічных праблем. Нам іх падкінуць звонку. Дык навошта нам ускладняць унутры краіны?" - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.

У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што кіраўніцтва прадпрыемстваў павінна несці адказнасць за работу калектываў. "Трэба гэта перажыць дастойна. Таму што ў нас няма трубы, і мы не друкуем долары. Амерыка можа надрукаваць два трыльёны долараў - яны будуць стымуляваць эканоміку. Мы не можам сабе гэта дазволіць. У нас няма станка, трубы. І мы не такія багатыя, як Германія", - сказаў ён.

"Разлічваць трэба на сябе, калі мы хочам быць суверэннымі і незалежнымі. Мы адназначна выжывем, - запэўніў Кіраўнік дзяржавы. - У прамысловасці ні ў якім выпадку нельга згортваць работы. Яшчэ раз гавару: праз месяц-два мы зразумеем, што значыць спыніць эканоміку вядучых краін свету".

Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі ў цэлым кожную вясну назіраецца пад'ём вірусных захворванняў, і ў бягучым годзе да гэтага яшчэ дабавілася сітуацыя з распаўсюджваннем у свеце новага каранавіруса.

З улікам таго, што ў Беларусі фіксуюцца завозныя выпадкі, былі прыняты неабходныя меры па прафілактыцы і выяўленні як тых, хто заразіўся, так і тых, хто з імі кантактаваў. "На граніцы і ў аэрапортах мы ўсіх, хто прыбывае, узялі на кантроль. Калі толькі выяўлялі хоць аднаго чалавека, мы неадкладна з дапамогай міліцыі, КДБ, відэакамер устанаўлівалі, з кім ён кантактаваў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ўся сістэма аховы здароўя, праваахоўныя органы, спецслужбы працуюць і займаюцца сваёй справай, забяспечваючы бяспеку народа.

"Калі мы ўбачылі, што гэта завозны каранавірус, трэба было рэагаваць. Тады мною было прынята рашэнне (Урад учора фармалізаваў): на граніцы нічога не закрываючы. А навошта закрываць? Украіна граніцу закрыла, Польшча, балтыйскія дзяржавы закрылі, а потым і браты-расіяне таксама закрылі гэту граніцу. Добра, закрывайцеся, але жыццё ідзе, яго не спыніш", - канстатаваў беларускі лідар.

У гэтым плане Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Беларусь выконвае функцыі па забеспячэнні транзіту міжнародных грузаў. Вызначаны асноўныя дарогі і транзітныя калідоры, месцы для абслугоўвання. "Мы за гэты час ні разу не атрымалі ні адной праблемы ад вадзіцеляў гэтых велікагрузаў. Нічога не закрываючы, але кантралюючы на ўездзе і выездзе. Гэта значыць, мы рэагуем па сітуацыі. Калі ёсць нейкі факт, неадкладна ў гэтым напрамку працуем", - дадаў ён.

"Павінен вам сказаць, я нікуды не хаваюся. Катэгарычна забараніў, хто ні прыходзіў бы, нейкія залішнія мерапрыемствы. А то атрымаецца, што людзям я гавару адно, а сам схаваўся нават не за гіпсавыя перагародкі, а за жалезабетон. Не, нічога асаблівага. Пра гэта прэс-сакратар нядаўна гаварыла. Гэта вельмі цікавіла нашу апазіцыю. Абсалютна нармальнае жыццё", - расказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся наконт адукацыйнага працэсу ў школах і таго факта, што частка бацькоў не пускаюць сваіх дзяцей на заняткі, пакідаючы іх дома. "У мяне свой такі ў школу ходзіць. У мяне, можа, і ёсць такая магчымасць, каб дзіця было ізалявана, але я яго не ізалюю", - расказаў пра сваю пазіцыю Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, са слоў сына, які наведвае школу, у іх у некаторых класах цяпер не наведваюць заняткі да паловы вучняў. "Бацькі не пускаюць. Гэта іх справа, іх дзіця, мы тут не забараняем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.



Ён таксама заклікаў з улікам будучых канікулаў праявіць клопат пра людзей старэйшага пакалення, паколькі менавіта да сваіх бабуль і дзядуль многія могуць адправіць дзяцей на перыяд канікулаў. "А ў зоне рызыкі старыя людзі", - падкрэсліў Прэзідэнт, адзначыўшы, што размова не толькі пра каранавірус, але і пра іншыя інфекцыі, якія цыркулююць у гэты перыяд.

"Трэба сказаць, што старыя людзі адгукнуліся на просьбу, каб яны менш хадзілі (наведвалі грамадскія месцы ў перыяд пад'ёму вірусных захворванняў і на фоне сітуацыі з каранавірусам. - Заўвага). Мы, вядома, мабілізавалі ўсіх, каб адзінокім старым маглі лякарствы прынесці і прадукты харчавання. Галоўнае - дадзена каманда ўсёй вертыкалі ўлады - калі старому чалавеку нешта патрэбна, ён не павінен шукаць нейкі асаблівы тэлефон. Ён павінен пазваніць у сельскі савет, райвыканкам, адміністрацыю горада", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не трэба ствараць і выдумляць нейкія штабы і да таго падобнае, паколькі менавіта на гэта - штодзённую работу і дапамогу насельніцтву - нацэлены мясцовыя органы ўлады, у іх распараджэнні і так ёсць усе неабходныя рэсурсы і рычагі.

Прэзідэнт пахваліў урачоў і адзначыў, што апошнім часам іх работу крыху пераарыентавалі. "Я катэгарычна забараніў ствараць усякія штабы. У нас ёсць штаб у Міністэрстве аховы здароўя. Там глядзіце і прымайце меры. Адміністрацыя Прэзідэнта павінна арганізаваць інфармаванне насельніцтва. Мы нічога лішняга не стваралі, але ўзялі пад кантроль. Вось ужо 10 дзён я кантралюю работу Міністэрства аховы здароўя і ўрачоў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што рашэнні, напрыклад аб тым, забараняць або дазваляць працаваць прадпрыемствам, павінны прымаць улады, а справа ўрачоў - лячыць людзей у любой сітуацыі. "Урач павінен лячыць, журналіст - інфармаваць... І кожны займаецца сваёй справай", - акцэнтаваў увагу беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што аналізаваў смяротнасць па двух першых месяцах года ў параўнанні з папярэднімі аналагічнымі перыядамі мінулых гадоў, і фіксуецца істотнае падзенне смяротнасці, у прыватнасці ад пнеўманій. Прэзідэнт таксама заклікаў за тэмай каранавіруса не забываць пра іншыя захворванні, ад якіх у Беларусі часцей за ўсё паміраюць людзі - сардэчна-сасудзістыя хваробы, анкалогія. "Гэта галоўнае. А мы ўсе кінуліся на каранавірус. Дзесьці павызвалялі ложкі, не праводзім планавыя агляды", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб харчовай бяспецы, ён падкрэсліў, што прадуктаў харчавання ў краіне хопіць, таму хвалявацца не трэба. "Калі павысіўся попыт, я сказаў: а чаго хвалюецеся - малако, мяса - не трэба нікуды вазіць, у Расію прабівацца, Кітай на некаторы час закрыўся. На прылаўкі, няхай людзі ядуць", - сказаў Прэзідэнт.

Наконт некаторага ажыятажнага попыту на грэцкія крупы Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што запасаў гэтага прадукту дастаткова, хопіць на паўгода наперад. "Няма ніякіх вялікіх праблем. Ну не будзе грэчкі, будзем прасяную кашу есці... Не забывайце, што ў нас бульба ёсць. Таму мы з голаду не памром", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што, калі скончыцца сітуацыя з каранавірусам і спадзе псіхоз, ён на гэту тэму раскажа вельмі шмат цікавага. А пакуль што ён прапанаваў падумаць над шэрагам пытанняў. У тым ліку, ці з'яўляецца каранавірус нечым выпадковым або ж рукатворным, каму гэта было патрэбна, хто і як паспрабаваў скарыстаць гэту сітуацыю ў сваіх мэтах і інтарэсах. "Кожны пачынае вярцець-круціць. З агнём жартуюць. Але мы на гэту тэму пагаворым потым", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама адзначыў, што з'явіліся людзі, у тым ліку і ў Беларусі, якія спрабуюць хайпануць у інтэрнэце на тэме каранавіруса. "Мы пачалі адлоўліваць такіх. Псіхозу і так хапае. Але (ім. - Заўвага) трэба падагрэць недзе, паказаць... А так званая апазіцыя спрабуе выкарыстоўваць гэта супраць улады. Ну, я маўчу. Час нас рассудзіць", - заявіў Прэзідэнт.

Ён таксама лічыць, што ў сучасным свеце не заўсёды магчыма закрыць граніцы і поўнасцю ізалявацца, што паказала, у прыватнасці, сітуацыя на беларуска-расійскай граніцы. Многія знаходзілі абходныя шляхі, і ўстаноўленыя расійскім бокам забароны страчвалі сваю эфектыўнасць. "Павінен быць парадак, але трэба разумець, што ты не можаш у гэтым глабальным свеце закрыцца", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

У канцы сустрэчы супрацоўнікі завода падарылі Кіраўніку дзяржавы статуэтку зубра ручной работы. Яна выканана з суцэльнага гіпсавага каменю белага колеру. У пастамент убудавана электрычная лямпа. Вага гіпсавага вырабу складае 41 кг.

Пакідаючы прадпрыемства, Прэзідэнт даў чыноўнікам важнае даручэнне: перасцерагчы бізнес ад звальнення людзей у складаны час. "Асабліва прыватныя прадпрыемствы, я заўважыў (учора інфармацыя паступіла), пачалі згортваць работу, перш за ўсё будаўнічыя фірмы, і, галоўнае, звальняць людзей. Перадайце прыватнікам, каб усе пачулі: калі толькі хоць адна кампанія, дробная або вялікая, выкіне на вуліцу людзей (у дзяржаўных гэта немагчыма, таму што мы гэта кантралюем), яна наўрад ці далей будзе існаваць у Беларусі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў цяжкі час людзей трэба, наадварот, падтрымліваць і захоўваць працоўныя месцы. Ён упэўнены, што ў бізнесу ёсць для гэтага магчымасці. "Няхай у сябе ў кішэнях, сейфах пакапаюцца, падтрымаюць сваю кампанію і людзей, якія на іх працавалі і зараблялі гэтыя грошы", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, пакуль сітуацыя не з'яўляецца праблемнай у Беларусі, але негатыўныя тэндэнцыі ўжо намячаюцца. "Гэта толькі пачатак. Але можа быць горш. Выкінуць людзей прасцей. Кішэні грашыма набіты, асабліва ў будаўнікоў: на кватэрах зарабілі. Цяпер ён людзей выкіне і гэтыя грошы будзе траціць на сябе, а потым прыйдзе і скажа: я ж рабочыя сілы магу аднавіць, але дай мне або танны крэдыт, або субсідыю з бюджэту. Няхай апошнім падзеляцца, але людзей на вуліцу не выкідваюць", - падагульніў беларускі лідар.


Тэгі: Паездкі
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь