Наведванне 120-й асобнай механізаванай брыгады

  • 9
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Аляксандр Лукашэнка 27 кастрычніка наведаў 120-ю асобную механізаваную брыгаду Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл, дзе азнаёміўся з узорамі мадэрнізаваных узбраення і ваеннай тэхнікі.

Кіраўнік дзяржавы праінфармаваны аб арганізацыйна-штатнай структуры, дыслакацыі брыгады, выкананні Дзяржаўнай праграмы па добраўпарадкаванні ваенных гарадкоў, а таксама арганізацыі заняткаў па баявой падрыхтоўцы з выкарыстаннем сучасных камп'ютарызаваных трэнажораў. Прэзідэнт пацікавіўся, наколькі эфектыўная падрыхтоўка на трэнажорах. На думку міністра абароны Андрэя Раўкова, гэты метад з'яўляецца сапраўды эфектыўным і дае магчымасць зменшыць затраты на падрыхтоўку спецыялістаў.

Затым Аляксандр Лукашэнка наведаў Пакой баявой славы, дзе адлюстравана гісторыя 120-й асобнай механізаванай брыгады. Кіраўнік дзяржавы пакінуў запіс у памятнай кнізе, дзе пажадаў воінам праслаўленага злучэння быць дастойнымі светлай памяці героеў-аднапалчан. "Народ Беларусі даверыў нам бяспеку радзімы, мір і спакой на беларускай зямлі, - адзначыў Прэзідэнт Беларусі - Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі. - Апраўдвайце гэты высокі давер сваёй ратнай працай у імя працвітання Айчыны".

Кіраўнік дзяржавы пабываў таксама ў адной з казарм брыгады, дзе пазнаёміўся з арганізацыяй жыцця і быту ваеннаслужачых. У іх створаны добрыя ўмовы.

Аляксандр Лукашэнка, змяніўшы праграму наведвання брыгады, зайшоў таксама ў салдацкую сталовую, дзе яму паказалі, як і чым харчуюцца ваеннаслужачыя, а таксама па-за праграмай наведаў медыцынскую роту.

 На вайсковым стрэльбішчы Прэзідэнту былі паказаны ўзоры ваеннай тэхнікі, баявой формы адзення, экіпіроўкі і стралковай зброі, якое плануецца прыняць на ўзбраенне механізаваных брыгад.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся таксама з тактыка-тэхнічнымі характарыстыкамі пісталетаў і іншай стралковай зброі, што знаходіцца на ўзбраенні ва Узброеных Сілах (у тым ліку гістарычных часоў Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў). Прэзідэнту былі прадэманстраваны элементы тактычнай стральбы з выкарыстаннем сучасных айчынных аптычных сродкаў.