Наведванне 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады ў Віцебску

  • 10
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць павышэння мабільнасці беларускай арміі. На гэты факт ён звярнуў увагу 8 ліпеня ў час наведвання 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Беларусі ў Віцебску.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з прызначэннем і арганізацыйна-штатнай структурай асобнага атрада спецыяльнага прызначэння, арганізацыяй падрыхтоўкі да выканання задач па прызначэнні, а таксама арганізацыяй харчовага забеспячэння і баявой падрыхтоўкі.

Аляксандр Лукашэнка пабываў у вучэбным корпусе, дзе паглядзеў, як аснашчаны вучэбныя класы, азнаёміўся з узбраеннем і экіпіроўкай ваеннаслужачых падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння.

Потым Кіраўнік дзяржавы наведаў парк баявых машын. Прэзідэнт пацікавіўся тэрмінамі мадэрнізацыі тэхнікі, што знаходзіцца на балансе ў часцях Узброеных Сіл. Як было даложана, гэта работа завершыцца ў 2017-2018 гадах. На гэты момант праводзіцца праверка стану тэхнікі.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з тым, як арганізавана работа па тэхнічным абслугоўванні і рамонце ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што беларускую армію неабходна аснашчаць мабільнымі сродкамі. Кіраўніку дзяржавы быў прадэманстраваны адзін з узораў машын, якія збіраюцца на Мінскім заводзе колавых цягачоў з выкарыстаннем расійскіх камплектуючых. Прэзідэнт даручыў максімальна лакалізаваць вытворчасць такой тэхнікі ў Беларусі, удзяліўшы пільную ўвагу якасці. "Такія машыны нам патрэбны для павышэння мабільнасці арміі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - ППА - гэта добра, але не дай бог нас не падстрахуюць са спіны браты, і нам давядзецца весці вайну самім". Аляксандр Лукашэнка лічыць гэта перспектыўным узбраеннем.

Агледзеўшы салдацкую сталовую і заслухаўшы даклад аб тым, як арганізавана харчовае забеспячэнне Узброеных Сіл і сіл спецыяльных аперацый, Аляксандр Лукашэнка папрасіў Міністра абароны даць яму на пробу некалькі сухіх пайкоў і кансервы. Як было даложана Кіраўніку дзяржавы, у бягучым годзе былі зменены нормы харчовых пайкоў ваеннаслужачых, якія ўлічваюць іх энергазатраты. Прэзідэнт наведаў таксама мнагамэтавы комплекс, які ўяўляе сабой гарадок тактыка-спецыяльнай падрыхтоўкі і паветрана-дэсантны комплекс. Ён паглядзеў, як вядзецца падрыхтоўка байцоў.