Бел
Галоўная   /  Падзеі

Навагодняе свята для студэнтаў і навучэнцаў у Палацы Незалежнасці

27 снежня 2017 года

У Беларусі робяць усё магчымае, каб дзеці жылі ў міры і ганарыліся сваёй краінай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 27 снежня на навагоднім свяце для студэнтаў і навучэнцаў, якія дасягнулі асаблівых поспехаў у вучобе, творчасці і спорце.

"Я шчыра рады ў такой святочнай атмасферы вітаць вас - лепшых, разумных, зусім яшчэ маладых людзей, якія падаюць вялікія надзеі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Для нас вельмі важна сёння ўбачыць тут будучых зорак, будучых вучоных. Для гэтага мы стваралі фонды па падтрымцы таленавітай, адоранай моладзі. І вельмі многія тут сёння прысутнічаюць".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што лепшыя прадстаўнікі маладога пакалення запрошаны на навагодняе свята ў Палац Незалежнасці, і гэта стане новай традыцыяй. "Любая краіна моцная традыцыямі. Няхай гэта маленькая традыцыя, але яна застанецца, ад яе ўжо не адыдзе ніводны Прэзідэнт, які прыйдзе ў гэты будынак пасля мяне. І тая моладзь, якая пасля вас сюды прыйдзе, заўсёды будзе рада прысутнічаць у пераднавагоднія святы ў галоўным палацы нашай краіны", - упэўнены ён.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што хто-небудзь з прысутных у будучым абавязкова апынецца ў цэнтры палітычнага жыцця. Можа, нехта ўжо цяпер мае намер стаць палітыкам. "Толькі майце на ўвазе: трэба вельмі шмат працаваць, а галоўнае - вучыцца. Я не хачу павучаць, гаварыць вам, што трэба добра вучыцца, на дзясяткі-дзявяткі, хадзіць на секцыі і іншае. Але скажу адно: у жыцці трэба рабіць усё своечасова, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Калі вы цяпер павінны атрымаць адукацыю, вы яе павінны атрымаць менавіта цяпер. Таму што заўтра ў вас будуць іншыя праблемы, і адукацыю атрымліваць будзе позна. Будзеце рабіць усё своечасова - будзеце паспяховымі".

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што моладзь практычна ўсё ставіць пад сумненне. У той жа час ён прызнаўся, што і сам жыве па такім прынцыпе. "І не я яго прыдумаў. Гэта ідэя Карла Маркса, ён заўсёды завяшчаў: стаў усё пад сумненне. Нельга ўспрымаць любую ідэю, навацыі або прапановы з ходу - стаў пад сумненне. Гэта не значыць, што ты не прымеш гэту ідэю, думку. Гэта першы крок да таго, што ты будзеш асэнсоўваць гэту ідэю. Ты яе асэнсуеш і потым прымеш рашэнне: быць ёй і табе ў гэтым працэсе, або ты гэту ідэю і гэты працэс для сябе не прымеш", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.


Паводле слоў Прэзідэнта, цяперашняе пакаленне нарадзілася і вырасла ў суверэннай, сучаснай, незалежнай Беларусі і не застала сапраўды цяжкі перыяд жыцця краіны. "Вы не ведаеце таго жыцця. Магчыма, нехта яго крылом неяк зачапіў, але не жылі ў той дзяржаве, у якой мы жылі. Добра тое, што вы грамадзяне сапраўды суверэннай, незалежнай краіны, якую вам сваімі рукамі ствараць", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў маладых людзей у будучым прадаўжаць той курс, які праводзіць цяперашняе пакаленне. "Давайце будзем шчырыя: цяперашняе пакаленне стварыла гэту краіну, гэту дзяржаву, якую вам давядзецца ўдасканальваць і падладжваць, калі гэта будзе патрэбна, пад сябе. Толькі не ламайце", - дадаў ён.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, сёння задача юных грамадзян - вучыцца, атрымаць дастойную адукацыю. "Мы гаворым, ІТ-краіна, лічбавая эканоміка, майнінг, біткоіны і блокчэйн. Без найвышэйшай адукацыі ў гэтай сферы нікуды не дзецца", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што ў бягучым годзе быў прыняты шэраг рашэнняў па ўдасканаленні бізнес-заканадаўства. "Мы прынялі шмат рашэнняў, і выконваць іх будуць маладыя людзі, толькі вы, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Можна было іх не прымаць і не ажыццяўляць гэтыя ідэі, але тады ўсё жыццё, увесь свет пройдзе міма нас, і мы застанёмся на абочыне. Таму вельмі важна ў гэтым цяжкім, складаным жыцці прыстасавацца. Не, не стаць прыліпалам да чаго-небудзь і маўкліва ісці. Не. Прыстасавацца да гэтых працэсаў, асядлаць іх, падпарадкаваць сабе і рухацца наперад".

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што моладзь будзе любіць і шанаваць сваю краіну. "Толькі тут вы можаце рэалізаваць сябе ў поўным аб'ёме як людзі, таму што карані вашы тут. Не спяшайцеся, паспрабуйце знайсці сябе. А калі нехта, паехаўшы, атрымае веды там, помніце, дзе вы нарадзіліся, вам трэба вярнуцца, аддаць абавязак гэтай зямлі і зрабіць усё для таго, каб яна была лепшай. Там нас ніхто не чакае. Там мы будзем падручнымі, і з мільёна адзін чалавек, наш беларус, можа там рэалізаваць сябе як самастойная асоба, - даў наказ маладым людзям Прэзідэнт. - Таму цаніце свой край, любіце сваю зямлю і помніце, што на ёй жыць не толькі вашым дзецям і ўнукам, але і ўсім вам".

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў навучэнцаў з надыходзячым Новым годам і пажадаў ім заставацца заўсёды такімі ж таленавітымі і разумнымі, якімі яны з'яўляюцца цяпер.


У навагодняй сустрэчы з Кіраўніком дзяржавы прынялі ўдзел 250 маладых людзей, з якіх 190 - студэнты ВНУ, у тым ліку з рэгіёнаў, 60 - навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай і агульнай сярэдняй адукацыі.

Усе яны - лепшыя прадстаўнікі навучэнскай моладзі ва ўзросце ад 16 гадоў і старэйшыя, якія праявілі сябе ў творчым, культурным, спартыўным і грамадскім жыцці, сталі ініцыятарамі сацыяльна значных праектаў. У іх ліку пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, конкурсаў і спаборніцтваў, творчых фестываляў, лідары маладзёжных парламентаў, актывісты БРСМ, валанцёры, лаўрэаты спецыяльных фондаў Прэзідэнта.

© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь