Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Навагодняе дабрачыннае свята ў рамках акцыі "Нашы дзеці"

28 снежня 2017 года
Навагодняе дабрачыннае свята ў рамках акцыі "Нашы дзеці"
глядзіце таксама: відэа
28 снежня 2017 года
Навагодняе дабрачыннае свята ў рамках акцыі "Нашы дзеці"

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што маладое пакаленне зберажэ і прымножыць дасягненні сучаснай Беларусі. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў на навагоднім дабрачынным свяце для дзяцей, якое прайшло 28 снежня ў Палацы Рэспублікі ў рамках акцыі "Нашы дзеці".

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што, збіраючыся на гэту пераднавагоднюю сустрэчу, успамінаў свае дзіцячыя гады. "Яны былі шчаслівыя, таксама як і ваша дзяцінства. Многія праблемы, цяжкасці, якія дзеці тады адчувалі, мы ўбачылі толькі на адлегласці, пражыўшы шмат гадоў. Было шмат недзіцячых клопатаў, была цяжкая праца - такі час быў. Але ў нас і ў вас было адно агульнае - мы заўсёды з заміраннем сэрца чакалі гэта свята, Дзеда Мароза, які абавязкова павінен прыйсці і прынесці падарункі", - расказаў Прэзідэнт.

Вядома, заўважыў ён, падарункі, якія дарылі дзецям у тыя гады, адрозніваюцца ад сучасных. "Але, кажуць, не важна, які падарунак, важна ўвага. І сёння мы, дарослыя, вы гэта бачыце, наколькі можам, спрабуем рабіць вам падарункі, асабліва напярэдадні Новага года. Так, мы жылі ў іншы час, сёння час змяніўся, змяніліся і цацкі. Тады былі простыя, не ўсім даступныя, сёння гэта добрыя цацкі, якія развіваюць дзяцей. І мы ганарымся, што змаглі сваім дзецям стварыць такое жыццё, пры якім яны будуць мець такія цудоўныя цацкі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, як для любога з бацькоў яго дзіця - самае лепшае, так і для Прэзідэнта - дзеці яго краіны самыя прыгожыя і разумныя. "Вы ўсе мае дзеці, за якіх я адказваю. І я ганаруся гэтым", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён дадаў, што, хоць школьная праграма вельмі насычаная і складаная, важна прайсці гэты этап дастойна і  набыць веды, таму што ісці без іх у будучыню немагчыма. З іншага боку, адзначыў Кіраўнік дзяржавы, у Беларусі пастаянна праводзіцца работа па адаптацыі школьнай праграмы, робіцца ўсё, каб яна была даступнай і аптымальнай. "Каб настаўнікі і бацькі не насаджалі вам лішняга, каб вы, акрамя вучобы, у школьныя гады маглі займацца спортам, любімым мерапрыемствам. І мы ў гэтым напрамку нямала зрабілі, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Наступны год будзе самым сур'ёзным у плане адукацыі. Тут мы павінны правесці сур'ёзнае мерапрыемства па ўдасканаленні нашай адукацыі, зрабіць яе нармальнай і адаптаванай да сучаснага жыцця і жыцця ў будучым".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што сёння дзеці захоплены рознымі гаджэтамі, і гэта непазбежна для сучаснага чалавека. Але ён параіў ім часцей адрывацца ад камп'ютараў, бываць на свежым паветры, каб бачыць усё, што адбываецца навокал, не толькі праз інтэрнэт. "Так вы будзеце багацей, прыгажэй, сучасней. Так вы не страціце сваю ідэнтычнасць. Вы людзі і павінны валодаць чалавечымі эмоцыямі. На жаль, усяго гэтага камп'ютар даць не можа", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што для дарослых няма лепшага падарунка, чым шчаслівыя вочы і ўсмешкі на тварах дзяцей. "Мы жывём і працуем дзеля гэтага. Верым, што, калі настане час, вы гэтак жа будзеце радавацца шчаслівым вачам сваіх дзяцей", - сказаў беларускі лідар.

"Ведаю, вы разумныя, наглядальныя і разумееце, што на Зямлі не ўсе вашы равеснікі могуць вось так прыйсці да Прэзідэнта на ёлку, пабываць на школьнай ёлцы, у бацькоў на прадпрыемствах атрымаць падарункі. Далёка не ўсе. Ёсць шмат месц на нашай планеце, дзе дзеці не проста галадаюць, а паміраюць ад голаду. Я гэта гавару, каб мы з вамі аб гэтым помнілі. Калі мы гэта будзем помніць, мы будзем шанаваць і мінулае, і сучаснае, будзем ствараць лепшую будучыню. Гэта вельмі важна, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы стараемся, каб вы не толькі ганарыліся сваёй Радзімай, але і збераглі яе, прымножылі тыя дасягненні, якія дастануцца вам ад цяперашніх пакаленняў. Гэта самая вялікая мая мара, і я думаю, вы абавязкова яе рэалізуеце".

Прэзідэнт павіншаваў маленькіх гледачоў з надыходзячым Новым годам і пажадаў ім захаваць веру ў дабро, чысціню душы і шчырае стаўленне да людзей, а таксама здзяйсненні ўсіх жаданняў.

Навагодняе дабрачыннае свята стала цэнтральнай падзеяй акцыі "Нашы дзеці". На галоўную ёлку краіны былі запрошаны больш за 2,3 тыс. хлопчыкаў і дзяўчынак 8-14 гадоў з усіх рэгіёнаў Беларусі. У іх ліку дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці, якія выхоўваюцца ў апякунскіх сем'ях, выхаванцы кадэцкіх вучылішчаў, дзеці з сем'яў бежанцаў, навучэнцы - пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных алімпіяд, творчых конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў, навучэнцы, якія дасягнулі поспехаў у грамадскай рабоце.

У час свята дзецям паказалі маляўнічае казачнае музычна-сцэнічнае шоу "Выкрадальнікі часу, або Як выратаваць Новы год" у выкананні лепшых творчых калектываў краіны. Дзецям уручылі навагоднія падарункі ад Кіраўніка дзяржавы.

У сваю чаргу навучэнцы падарылі Аляксандру Лукашэнку сувеніры, зробленыя сваімі рукамі: пано "Зімовыя забавы" і арт-аб'ект "Казачніца", які ўяўляе сабой ёлку, выкананую ў стылі стымпанк.


© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь