Нарада аб стане і перспектывах развіцця беларускай фармацэўтычнай прамысловасці

  • 1
Насельніцтва Беларусі павінна быць забяспечана даступнымі і якаснымі айчыннымі лякарствамі. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 20 лютага  на нарадзе аб стане і перспектывах развіцця беларускай фармацэўтычнай прамысловасці.

Вытворчасць лякарстваў - адна з самых даходных і хуткарастучых галін у свеце. "І ў нас развіццё гэтай галіны вызначана доўгатэрміновым прыярытэтам", - падкрэсліў Прэзідэнт. У Беларусі створана база для развіцця фармацэўтычнай прамысловасці. У 2010 годзе Кіраўніком дзяржавы была пастаўлена задача давесці долю айчынных прэпаратаў на ўнутраным рынку да 50 працэнтаў. "Гэта адно з пытанняў нацыянальнай бяспекі. Мы павінны забяспечыць насельніцтва даступнымі якаснымі айчыннымі лякарствамі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Беларусь - сацыяльная дзяржава, і ўмацаванню здароўя людзей мы надаём першараднае значэнне. Так будзе заўсёды", - сказаў Прэзідэнт. З гэтай мэтай праводзіцца мадэрнізацыя медыцынскіх устаноў, аснашчэнне іх найноўшым абсталяваннем, рыхтуюцца кваліфікаваныя спецыялісты і, самае галоўнае, нарошчваецца вытворчасць айчынных лекавых сродкаў.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў сучасных умовах сур'ёзную небяспеку ўяўляе пранікненне на беларускі рынак фальшывых лякарстваў, якія могуць наносіць шкоду здароўю людзей і фінансам. Засцерагчы ад такіх пагроз у першую чаргу прызначана айчынная фармацэўтыка.

На нарадзе быў узняты шэраг актуальных пытанняў галіны. Закранаўся ход мадэрнізацыі фармпрадпрыемстваў, у 2012 годзе быў падпісаны спецыяльны ўказ наконт гэтага. "Работа ў цэлым ідзе, але па асобных праектах не ўсё так, як планавалася, - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым Прэзідэнту было даложана, аб якіх праектах ідзе размова і з чым звязана адступленне ад планаў.

Унутраны рынак лякарстваў Беларусі ацэньваецца амаль $1 млрд. Аднак у апошнія гады назіраецца хоць невялікі, але рост імпарту, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым Прэзідэнту было даложана, як рэалізуецца праграма імпартазамяшчэння ў галіне, наколькі актыўна ў фармпрамысловасць прыцягваюцца прамыя замежныя інвестыцыі.

У час нарады таксама закраналася тэма нарошчвання экспартнага патэнцыялу фармацэўтыкі, у прыватнасці, прычыны стрымлівання  росту экспарту беларускіх лякарстваў у Расію, Украіну, Казахстан і ў краіны далёкага замежжа.

Акрамя таго, Прэзідэнту было даложана, якія ёсць рэзервы для больш дынамічнага развіцця галіны, што трэба і можна сёння прапанаваць для дасягнення рэальнага прарыву ў гэтым напрамку. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што нельга разбураць ужо існуючыя і напрацаваныя кааперацыйныя сувязі. "Мы не павінны непрадуманымі дзеяннямі стварыць самім сабе непатрэбных канкурэнтаў на знешніх рынках. Нам важна не памыліцца. Трэба прыняць правільнае, узважанае рашэнне, нельга пайсці не ў той бок, таму што страцім час і грошы", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.

Па выніках нарады быў дадзены шэраг даручэнняў, перш за ўсё, па рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, накіраваных на забеспячэнне рынку якаснымі і даступнымі айчыннымі лякарствамі, а таксама па недапушчэнню неабгрунтаванага імпарту.