Нарада з кіраўніцтвам сілавых структур Беларусі

  • 1

Маючыя адбыцца беларуска-расійскія вучэнні "Захад-2017" не нацэлены на тое, каб на некага нападаць, у чым змогуць пераканацца запрошаныя замежныя наглядальнікі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі Беларусі, праваахоўных органаў і ведамстваў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі.

"Хацеў бы напярэдадні пачатку актыўнай фазы вучэнняў "Захад-2017" пачуць інфармацыю ад Міністэрства абароны, якая сітуацыя ў гэтым плане. Пры гэтым хачу папярэдзіць: хопіць апраўдвацца - абарончы характар нашы вучэнні маюць, яшчэ штосьці. Ёсць армія, ёсць сумесная групоўка Беларусі і Расіі на заходнім напрамку. А калі яна існуе (мы ні ад каго гэта не ўтойвалі), мы яе будзем вучыць ваяваць. На ўсялякі выпадак", - заявіў беларускі лідар.

"Нападаць мы ні на каго не збіраемся. А якія будуць гэтыя вучэнні - мы запрасілі практычна ўсіх жадаючых. Няхай прыязджаюць і глядзяць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць пастаяннага і актыўнага ўдзелу дзяржорганаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі ў развіцці эканомікі, у тым ліку ў вырашэнні пытанняў выканання рэжыму эканоміі, выкараненні крадзяжоў і іншых злоўжыванняў.

"Справа не ў закручванні гаек. Ніякіх гаек мы закручваць не збіраемся. У сувязі з гэтым яшчэ раз трэба звярнуць увагу на прапрацоўку крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства. Усё лішняе трэба ўбраць. Гэты працэс ідзе. Устарэлыя нормы нам не патрэбны ў нашым заканадаўстве. Новыя павінны садзейнічаць развіццю эканомікі, а не тармажэнню", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Генеральнаму пракурору даваліся даручэнні адносна спагнання пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці замежных партнёраў перад беларускімі эканамічнымі суб'ектамі, а таксама па кантролі за своечасовай выплатай зарплат. "Мы сёння бяром крэдыты пад пэўныя працэнты, а нямала соцень мільёнаў долараў за межамі краіны - неаплачаных за пастаўленыя тавары і паслугі", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.


Ён таксама пацікавіўся, як забяспечваецца пакрыццё эканамічнага ўрону ад злачынстваў.

Яшчэ адной тэмай нарады сталі бяспека і правы непаўналетніх, папярэджанне выпадкаў насілля ў сем'ях і барацьба са злоўжываннем алкаголем. "Мы з Міністрам унутраных спраў у свой час вызначалі, што асноўную ўвагу мы павінны звярнуць на спыненне цяжкіх злачынстваў і злачынстваў у вёсцы. Як вырашаюцца гэтыя пытанні?" - задаў пытанне Прэзідэнт.

Тэма прадухілення нядбайнасці і неапраўданых эканамічных страт у час уборачнай кампаніі абмяркоўвалася на нарадзе Прэзідэнта Беларусі з кіраўніцтвам сілавых структур. "Даваліся даручэнні забяспечыць строгі кантроль за арганізацыяй і ходам уборачнай кампаніі. Мы павінны былі нарэшце навесці парадак па прадухіленні ўсялякай нядбайнасці, неапраўданых эканамічных страт, крадзяжоў, злоўжыванняў, махінацый і іншага", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што даручаў праваахоўным органам, пракурорскім работнікам актыўна падключыцца да пытанняў навядзення парадку і дысцыпліны, асабліва ў важны момант уборачнай кампаніі.