Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Нарада з кіраўніцтвам Савета Міністраў

2 жніўня 2019 года
Нарада з кіраўніцтвам Савета Міністраў
глядзіце таксама: відэа
2 жніўня 2019 года
Нарада з кіраўніцтвам Савета Міністраў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 жніўня правёў з кіраўніцтвам Савета Міністраў нараду, на якой абмяркоўваліся пытанні па далейшым эканамічным развіцці краіны.

Нарада з эканамічным блокам краіны - адзін з традыцыйных фарматаў, які выкарыстоўваецца Кіраўніком дзяржавы для абмеркавання бягучай сітуацыі ў Беларусі і выпрацоўкі эфектыўных рашэнняў.

"У нас чарговая нарада па актуальных бягучых пытаннях, хоць ёсць і пытанні стратэгічнага характару, як, дапусцім, адносіны з Расіяй у Саюзнай дзяржаве. Нам сёння трэба абмеркаваць гэтыя пытанні і прыняць рашэнні, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта не пытанні, дзе трэба з нуля нешта пачынаць і глыбока ўнікаць у сутнасць. Гэтыя пытанні даўно вядомы, яны так ці інакш абмяркоўваюцца ў грамадстве і намі. Не трэба самасправаздач. Патрэбны канкрэтныя прапановы і абгрунтаванне тых ці іншых палажэнняў".

Тэмы, якія абмяркоўваліся, датычыліся фінансаў, інвестыцый, знешнеэканамічнай дзейнасці. "Па некаторых раней прапанаваных праектах, указах, распараджэннях Прэзідэнта, праектах законаў я хацеў бы атрымаць дадатковыя тлумачэнні ад тых, хто ініцыіраваў гэтыя дакументы, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Вельмі важна пачуць і альтэрнатыўныя пазіцыі для прыняцця ўзважаных рашэнняў. Таму я запрасіў на гэту традыцыйную нараду па эканамічных пытаннях з Урадам і вышэйшых службовых асоб, кіраўнікоў сілавых структур, тых ведамстваў, чые інтарэсы закранаюць разглядаемыя пытанні".

У ліку разглядаемых пытанняў на нарадзе абмяркоўвалася развіццё адносін з Расіяй. Аляксандр Лукашэнка больш падрабязна праінфармаваў членаў Урада аб праведзеных нядаўна ў Санкт-Пецярбургу перагаворах з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным і даў даручэнне паскорыць работу над узгадненнем палажэнняў абноўленай праграмы дзеянняў.

Размова ішла таксама аб рэалізацыі буйных інвестыцыйных праектаў у сферы дрэваапрацоўкі ў Добрушы і Шклове і па запуску новай вытворчасці на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце.

Важнай тэмай нарады стаў ход уборачнай кампаніі. Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі, што ў гаспадарках краіны ўжо ўбрана 55% плошчаў і ў цэлым вынікі ўборачнай кампаніі значна лепшыя за мінулы год. Аднак Прэзідэнт звярнуў увагу, што не ва ўсіх раёнах аднолькава паспяховая абстаноўка. У сувязі з гэтым ён даў адпаведныя даручэнні, каб скарэкціраваць сітуацыю і забяспечыць сельгасарганізацыі неабходным запасам паліва.

Асобна закраналіся пытанні бязвізавага ўезду замежных грамадзян у Беларусь, заключэння пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму з Еўрасаюзам і аб узаемным прызнанні віз з Расійскай Федэрацыяй. Прынята рашэнне пашырыць бязвізавую зону ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях, а таксама актывізаваць работу па вырашэнні візавых пытанняў з ЕС і Расіяй.

Тэгі: Нарады
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь