Нарада з кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі

  • 1

Актуальныя пытанні нацыянальнай бяспекі краіны абмеркаваны 27 ліпеня на нарадзе ў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб даручэнні выпрацаваць сістэму работы Прэзідэнта з кіраўніцтвам Апарату Савета Міністраў, Адміністрацыі Прэзідэнта, Дзяржсакратарыята Савета Бяспекі, іншых асноўных структур і галін улады краіны. "Зразумелы паўнамоцтвы і работа Адміністрацыі - гэта кадры, ідэалагічная работа, прававыя пытанні і кантроль за работай эканамічнага блока. Урад - гэта эканамічны штаб Прэзідэнта. Дзяржсакратарыят - гэта сілавы штаб, апарат, які забяспечвае функцыянаванне і кантроль, даклад Прэзідэнту па дзейнасці ўсяго сілавога блока краіны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што практыка рэгулярных рабочых сустрэч з такімі своеасаблівымі штабамі будзе пастаўлена на сістэмную аснову.

На гэтай нарадзе размова ішла аб важных і актуальных пытаннях нацыянальнай бяспекі, закраналася каля дзясятка тэм. Вялікая ўвага была ўдзелена правядзенню Беларуссю важных міжнародных мерапрыемстваў.

Прэзідэнт асаблівую ўвагу звярнуў на пытанні дзейнасці сістэмы калектыўнай бяспекі ў АДКБ, дзе Беларусь цяпер старшынствуе. "Ад Беларусі заўсёды чакаюць эфектыўнага старшынства. Нам трэба коратка абмеркаваць, як развіваюцца падзеі па беларускім старшынстве, як мы ажыццяўляем заяўленыя напрамкі дзейнасці", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Галоўным у шэрагу мерапрыемстваў беларускага старшынства павінна стаць сесія Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, якая запланавана на восень. Прэзідэнту даложана аб ходзе падрыхтоўкі важнейшых дакументаў, якія ўнясуць на разгляд кіраўнікоў дзяржаў.

Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму маючых адбыцца сумесных стратэгічных вучэнняў узброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017". "Аб гэтым шмат сказана, і я хацеў бы пачуць нешта новае. Усе старыя пытанні - і заклапочанасць НАТА, і нашы суседзі, і ва Украіне я нядаўна быў - усім усё растлумачылі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Вучэнні адкрытыя, мы запрашаем або ўжо запрасілі вялікую колькасць наглядальнікаў. Прыязджайце, глядзіце. Вучэнні маюць абарончы характар. Разам з Расійскай Федэрацыяй традыцыйна правядзём гэтыя вучэнні".

Прэзідэнт быў праінфармаваны аб выніках праверкі органаў пагранічнай службы і сітуацыі на беларуска-расійскай граніцы. Ён растлумачыў, чаму Дзяржсакратарыяту было даручана праверыць гэта ведамства. "Адказ просты. Нелегальная міграцыя, кантрабанда, наркотыкі і іншае - на жаль, паток не змяншаецца", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы, пры гэтым выказаўшы меркаванне, што пагранічнікі працуюць напружана. У прыватнасці, у гэтым годзе колькасць затрыманняў на граніцы павялічылася на 30%.

З улікам маючых адбыцца ў 2019 годзе ў Мінску II Еўрапейскіх гульняў на нарадзе размова ішла аб падрыхтоўцы да гэтых прэстыжных міжнародных спаборніцтваў. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці ёсць якія-небудзь пытанні па іх правядзенні. Ён звярнуў увагу, што ў гэты перыяд часу беларуская сталіца стане міжнародным спартыўным эпіцэнтрам. У Мінск прыбудзе нямала замежных гасцей не толькі з еўрапейскіх, але і іншых замежных дзяржаў, таму ў ліку пытанняў падрыхтоўкі да Еўрагульняў знаходзяцца і тэмы забеспячэння бяспекі. "Беларусь павінна дастойна правесці II Еўрапейскія гульні ў 2019 годзе", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Асобна быў разгледжаны стан спраў у сілавым блоку. Аляксандр Лукашэнка лічыць прынцыповым пытанне аптымізацыі сілавых структур. "Мы вызначым узровень колькасці, затраты на тыя ці іншыя напрамкі, прывядзём гэта ў адпаведнасць у бягучым годзе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. У далейшым пытанні аптымізацыі не знікнуць, лічыць Прэзідэнт, але гэта будзе ўжо задача кіраўнікоў ведамстваў. "Мы іх будзем проста трымаць на кантролі, стымуляваць да аптымізацыі структур. Але ўжо не на самым высокім узроўні і не ў маштабах краіны, як мы гэта робім цяпер", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, Прэзідэнту было даложана аб выніках дзейнасці ўсіх сілавых органаў краіны за першае паўгоддзе. Паводле слоў Дзяржсакратара Савета Бяспекі Станіслава Зася, усе дзяржорганы па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі першае паўгоддзе адпрацавалі ў штатным рэжыме, без зніжэння эфектыўнасці ў паўсядзённай дзейнасці. Вынікі па ўсіх асноўных напрамках дзейнасці станоўчыя.

Асаблівая ўвага была ўдзелена выкананню Дырэктывы №1 "Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны". Аляксандр Лукашэнка быў праінфармаваны, што ідзе сістэмная работа пад кіраўніцтвам Дзяржсакратарыята Савета Бяспекі па праверцы выканання патрабаванняў гэтага дакумента як у органах выканаўчай улады, так і ў міністэрствах.

Прэзідэнт лічыць дысцыпліну вельмі важным пытаннем. Параўноўваючы сітуацыю ў Беларусі з сітуацыяй у іншых краінах, ён падкрэсліў важнасць таго, што ў нас "людзі жывуць у спакойнай, бяспечнай абстаноўцы, дзе на запыты людзей адказвае ўлада".

"У аснове гэтага - дысцыпліна, - перакананы Аляксандр Лукашэнка. - Я не скажу, што мы дасягнулі вяршыні ў гэтым плане, таму дысцыпліна - пытанне нумар адзін. Асабліва гэта залежыць ад сілавога блока, ад паводзін ваеннаслужачых, людзей у пагонах".

На нарадзе размова ішла і аб арганізацыі сумеснага патрулявання ваеннаслужачых і супрацоўнікаў МУС у мэтах падтрымання парадку на вуліцах населеных пунктаў.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка даручыў праваахоўным органам пракантраляваць шэраг пытанняў уборачнай кампаніі.