Нарада з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта

  • 1

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка правёў 23 чэрвеня нараду з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта.

У пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што існуе нямала пытанняў, якія падлягаюць разгляду на самым высокім узроўні. Адно з іх - стан спраў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Удасканальваць гэту сферу вырашана на прыкладзе Мінска, нагадаў Прэзідэнт. "Мы павінны ў бліжэйшы час правесці такую нараду і сказаць усёй краіне, як будзем працаваць у гэтай сферы і ў якім напрамку будзе развівацца жыллёва-камунальная гаспадарка. Зразумела, павінна быць сур'ёзная аптымізацыя, работа з сабекоштам, каб выйсці на нізкія тарыфы, каб насельніцтва не крыўдзілася", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Для гэтага неабходна ўдасканальваць саму сітуацыю ў ЖКГ і стыль работы ў гэтай сферы. "Яшчэ раз нагадваю, што цяперашні мэр Мінска назначаўся ў тым ліку таму, што ён быў міністрам жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Яму была пастаўлена задача прывесці Мінск у ідэальны стан, каб на мінскім вопыце маглі навучыць арганізацыі ў краіне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Мае патрэбу ў змяненнях і сфера адукацыі. "Мы павінны ў жніўні расставіць усе кропкі над "і" і вызначыць тэрміны, у якія мы вырашым тыя праблемы, якія там засталіся. Напрыклад, падручнікі. Калі, дзе, у якім аб'ёме мы прапрацуем новыя падручнікі і выдадзім іх? Гэта адна з праблем, ёсць і іншыя", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Шмат пытанняў у сферы сельскай гаспадаркі. Аднак падрабязна гэта тэма будзе разгледжана пазней. "Мы дамовіліся, што вернемся да гэтай праблемы восенню, пасля ўборачнай кампаніі", - нагадаў Кіраўнік дзяржавы.

Немалаважная тэма - так званае разняволенне прадпрымальніцкай ініцыятывы. "Мы павінны абмеркаваць гэту задачу з прыняццем рашэнняў на ўзроўні Прэзідэнта. Гэта праблема вывучаецца. Я разумею Міцкевіч (намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерый Міцкевіч) у нас займаецца, як і раней, гэтай праблемай, кантралюе яе. Наколькі я праінфармаваны, Урад разгледзеў гэтыя пытанні. Мы павінны на ўзроўні Прэзідэнта правесці нараду і прыняць адпаведнае рашэнне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама пацікавіўся, як цяпер будуецца работа Адміністрацыі Прэзідэнта. "Я думаю, Адміністрацыя Прэзідэнта прайшла той перыяд, калі можна гаварыць аб станаўленні самой работы, магчыма, недзе аб змяненнях і ўдасканаленнях стылю работы. Таму я хацеў бы пачуць ваша меркаванне наконт гэтага. Завяршыўся гэты этап, не завяршыўся, ці ёсць якія-небудзь у сувязі з гэтым пытанні?" - спытаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць вядзення работы з грамадзянамі. Тут, на яго думку, неабходна дайсці да кожнага чалавека, дапамагчы ў тых пытаннях, якія яго хвалююць.

Асобна была закранута тэма падрыхтоўкі і падбору кіраўніцкіх кадраў. Было адзначана, што ў гэтым пытанні сур'ёзная роля адведзена Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. Сама гэта сфера мае патрэбу ва ўдасканаленні.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ёсць і шэраг іншых значных для краіны пытанняў. Каб своечасова знаходзіць ім рашэнні, уся вертыкаль улады павінна быць раз у квартал на нарадзе ў Прэзідэнта. "Мы будзем абмяркоўваць сур'ёзныя пытанні, якія датычацца развіцця ўсёй краіны. Напрыклад, сельская гаспадарка, ЖКГ. Ды і адукацыя - гэта агульнанацыянальнае пытанне. Таму такія тэмы мы павінны вызначаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Фармат правядзення такіх нарад яшчэ трэба будзе распрацаваць. "Можа, вярнуцца да практыкі, калі мы адзін дзень прысвячалі вучобе кадраў па тым ці іншым пытанні, а другі дзень абмяркоўвалі, дзяліліся ўражаннямі, узнімалі праблемы і, калі была магчымасць, непасрэдна там вырашалі іх, не - значыць, складалі план для вырашэння выяўленых праблем, - прапанаваў Прэзідэнт. - Трэба падумаць па форме правядзення такіх мерапрыемстваў".

У краіне дзейнічаюць тры "штабы": палітычны - гэта Адміністрацыя Прэзідэнта, эканамічны - Урад, за бяспеку рэспублікі адказвае Савет Бяспекі. Трэба вызначыцца з перыядычнасцю вынясення на ўзровень Кіраўніка дзяржавы важных пытанняў, за якія адказваюць гэтыя структуры, звярнуў увагу беларускі лідар.

У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка заслухаў не толькі Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, але і яе намеснікаў, памочнікаў Прэзідэнта, якія прадставілі сваё бачанне сітуацыі па пытаннях, што ўваходзяць у іх кампетэнцыю.

Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу рэгулярна праводзіць такія нарады, каб аператыўна разглядаць актуальныя тэмы і прымаць па іх рашэнні.