Нарада з Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта, Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Дзяржсакратаром Савета Бяспекі і Міністрам аховы здароўя

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае людзей у бальніцах не апускаць рукі, нават пры станоўчым тэсце на каранавірус. Аб гэтым ён заявіў 13 красавіка, прымаючы з дакладам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара Сергяенку, Старшыню Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлю Качанаву, Дзяржсакратара Савета Бяспекі Андрэя Раўкова і Міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка. 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хацеў бы на сустрэчы абмеркаваць маючыя адбыцца мерапрыемствы, у прыватнасці палітычныя і ваенныя. "І запрасілі Міністра, каб ён далажыў, якая сітуацыя на фронце аховы здароўя. Пры гэтым хачу падкрэсліць: мяне сёння, зразумела, будзе цікавіць, як разгортваецца ў нас (або ўжо згортваецца) псіхоз з каранавірусам. Але мяне больш будзе цікавіць сітуацыя ў суадносінах з іншымі хваробамі, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Я яшчэ раз хачу нагадаць, што мы можам вельмі сур'ёзна проста пакрыўдзіць і прынізіць людзей, якія сёння знаходзяцца ў бальніцы, маюць іншыя захворванні: сардэчна-сасудзістыя, анкалогію, астматыкі ў нас ёсць, цукровы дыябет, увогуле пнеўманіі, як заўсёды ў гэты перыяд. Таму мяне цікавіць комплекс пытанняў. І звяртаю ўвагу, асабліва Міністэрства аховы здароўя, каб мы не забылі гэтых людзей". 

"І ўпершыню я хачу звярнуцца (шмат гаварылі пра ўрачоў, дзякуй ім, хто там начуе і днюе ў бальніцах, лечыць нашых людзей у гэты няпросты перыяд) да людзей, якія знаходзяцца ў стацыянарах і не проста хварэюць з органамі дыхання. Не, да ўсіх звярнуцца. Таму што апошнім часам мне паступае інфармацыя, што вось гэты псіхоз, асабліва каранавірусны, давёў да таго, што людзі ўжо апусцілі рукі. І ў бальніцах перасталі змагацца за сваё жыццё. Міністр ведае, што такое, калі чалавек перастае змагацца за жыццё", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. 

"Людзі баяцца. Таму я ім хачу сказаць наступнае: у нас у краіне не памёр ні адзін чалавек ад каранавіруса. Ні адзін! Яны памерлі ад букета хранічных захворванняў, якія ў іх былі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Спецыялісты СААЗ, яны гэта бачылі. Гэта сардэчна-сасудзістая недастатковасць, дыхальная лёгачная недастатковасць. У камплекце. І цукровы дыябет. А потым яшчэ там такія дыягназы, што я прачытаць нават не магу. І дабаўляецца каранавірус". 

"Каранавірус - гэта нават не штуршок. Гэта тая атмасфера, у якой развіваюцца іх хранічныя захворванні. Вось у чым прычына. Таму я гавару, што ў нас толькі ад каранавіруса ні адзін чалавек не памёр. Мы змагаемся за кожнага чалавека, як я абяцаў. Вось за гэта я ўдзячны і Міністэрству аховы здароўя, і ўрачам. Мы ўзварухнулі ўсю сістэму аховы здароўя. Калі б мы вось так за кожнага не змагаліся, смярцей было б больш", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуўся да ўсіх пацыентаў, якія знаходзяцца ў бальніцах, і асабліва ў каго быў выяўлены каранавірус. "Няхай нават не перажываюць. Ніхто ад каранавіруса ў нашай краіне не памрэ. Я публічна аб гэтым заяўляю. Гэта маё цвёрдае перакананне, зыходзячы з аналізу не толькі мінулых гадоў. У нас ужо вопыт гэтага года ёсць. І, зыходзячы з вопыту нашага, кітайскага, амерыканскага, еўрапейскага (развіцця гэтых хвароб), мы бачым, як працаваць. Мы ўжо знайшлі камбінацыі лякарстваў, каб ратаваць людзей. Таму мы за кожнага чалавека будзем змагацца. І калі гэты чалавек не апусціў рукі, ён абавязкова паправіцца", - рэзюмаваў Прэзідэнт.


Кіраўнік дзяржавы даручыў Ігару Сергяенку падрыхтаваць пералік прадпрыемстваў, якія выпускаюць сродкі аховы і якія могуць гэтым займацца. "Я знайду час пабываць там, дзе палічу патрэбным. І спытаю, ці круглыя суткі яны працуюць і шыюць маскі, - сказаў Прэзідэнт. - Цяпер маскі і іншае - бахілы, акуляры, шчыткі - каштуюць вялікіх грошай. Цэны падскочылі".

"Нам сёння прапануюць ужо розныя краіны: і гэта ў нас купіце, і гэта, і гэта... А мы тое, што можам зрабіць самі і грошы пакінуць у сябе ў краіне, у тры разы даражэй пачынаем купляць за яе межамі. Я маю на ўвазе сродкі аховы: маскі, рэспіратары і гэтак далей", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з гэтым Прэзідэнт заклікаў людзей падыходзіць да ўсяго ўзважана, у тым ліку да выкарыстання сродкаў індывідуальнай аховы. "Слухайце, мы ўжо таксама перагнулі з гэтымі маскамі. Я ўчора праехаў па Мінскай вобласці. Еду сам за рулём. Людзі выходзяць з вёскі ў поле. І ідзе чалавек: адзін (вецер такі, надвор'е цяпер добрае сухое) і маска на твары, - падзяліўся назіраннямі Кіраўнік дзяржавы. - Здымі маску, падыхай свежым паветрам. Ну калі ты ў горадзе, дзе вялікая колькасць людзей, надзень і хадзі гадзіну-другую. А навошта паміж вёскамі ідзе ў поле ў гэтай масцы. Мы ўжо людзей перанапружылі. Ад чаго абароніць маска ў полі?"

Прэзідэнт адзначыў, што кожныя суткі аналізуе сітуацыю з захваральнасцю ў краіне. Зыходзячы з існуючай інфармацыі і прадстаўленых графікаў, адзначаюцца пэўныя станоўчыя тэндэнцыі. "Гэта абсалютна паказальныя графікі, яны шмат аб чым сведчаць. Я задаволены тым, што мы практычна звялі да мінімуму ВРВІ (гэта сезонныя ўсе захворванні). Яны ў нас пайшлі ўжо на спад. Урачы і Міністэрства аховы здароўя яшчэ раней мне з вопыту сказалі аб тым, што на спадзе ВРВІ даюць хвост пнеўманій. Гэта значыць, пнеўманіі ў час спаду ВРВІ заўсёды павялічваліся. Я гэта бачу па графіку, у тым ліку ў гэтым годзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Адначасова Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што за апошнія дні, напрыклад у Віцебскай вобласці, прырост колькасці новых пнеўманій істотна скараціўся. "Цяпер у 2,5 раза знізілася. І гэта наша паўночная Віцебская вобласць. Тое ж самае па Мінску, добрая тэндэнцыя", - расказаў Прэзідэнт.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што супакойвацца нельга, асабліва адносна пнеўманій. Часткова гэта звязана і з няўстойлівым веснавым надвор'ем. "Нам утрымацца б на гэтым узроўні. Я гаварыў, што гэты тыдзень да Вялікадня будзе паказальным для ўсёй краіны. Калі мы хаця б утрымаемся на цяперашнім узроўні гэты тыдзень, значыць, мы перамаглі, - падкрэсліў беларускі лідар. - Нам трэба гэты тыдзень напружыцца, чаго гэта ні каштавала б. Не таму, што ў нас катастрофа. Дзякуй богу, у нас яе няма. У нас няма лавінападобнага нарастання хвароб. І гэта дзякуючы ўрачам і людзям".

"Малайцы людзі! Нічога не забараняем, але сказалі, што жыццё ў вашых руках. Туды, куды чалавек не хоча ісці, ён не ідзе. Нічога не забараняем, ніякіх каранцінаў, нічога не ўводзілі. Цяпер людзей, якія без справы ходзяць па вуліцы, няма. Гэта значыць, людзі адрэагавалі, людзі гэта разумеюць. І не трэба іх заганяць у кватэры, запіраць іх там. Чалавек сваім жыццём распараджаецца сам. А мы павінны яму дапамагаць, што мы і робім", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.


На нарадзе таксама абмеркаваны пытанні амбулаторнага лячэння і адпаведных тэрмінаў у рамках процідзеяння распаўсюджванню каранавіруса. "Апошнім часам мы гаворым: самаізаляцыя, самаізаляцыя... Шчыра скажам, у нас няма ніякай самаізаляцыі. Гэта фактычна амбулаторнае лячэнне. Мы ж на гэту самаізаляцыю накіроўваем людзей рашэннем урача. Гэта было маё жалезнае патрабаванне - выпрацуйце дакументы", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, калі раней шпіталізавалі ўсіх сотнямі, уключаючы асоб, прызнаных кантактамі першага і другога ўзроўняў, то цяпер зразумелі, што ў гэтым не заўсёды ёсць неабходнасць. Асабліва размова аб працяглых тэрмінах шпіталізацыі. "Мы бачым, што чалавек нармальны, ён у нас пабыў 3-5 дзён. Урач бачыць (ужо з вопыту), што яго там трымаць не трэба, але трэба паберагчы. Мы яму, груба кажучы, па-народнаму, у зубы дакумент, ён распісваецца, а ўрач яму прапісвае 3, 5, 7 дзён на гэту самаізаляцыю (гэта значыць, фактычна амбулаторнае лячэнне). Ён у нас на кантролі. Калі трэба, мы яго лечым, урач прыходзіць. Міліцыя кантралюе, каб ён гэтыя 3 або 5 прапісаных у дакуменце дзён, сядзеў дома", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён заклікаў урачоў, каб яны не накіроўвалі на доўгае амбулаторнае лячэнне ў дамашніх умовах толькі зыходзячы з нейкай перастрахоўкі. "Некаторыя ўрачы ў гэтым дакуменце накіроўваюць на гэта лячэнне, самаізаляцыю аж на 14 дзён. Не будзе ён 14 дзён сядзець. Гэта фактычна чалавек, які выздараўлівае або здаровы. Пішыце столькі, колькі патрэбна. Слухайце, калі 14 дзён, то яго ўжо лепш у стацыянары трымаць. Мы ж адпускаем тых, хто ідзе на папраўку, прытым добрымі тэмпамі. У яго сімптомаў няма ніякіх. Урач бачыць, што ён можа дома далячыцца", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі прайшоў ужо каталіцкі Вялікдзень, і хоць не шмат, але людзі прыходзілі ў храмы, збіраліся каля іх. "Гэта справа кожнага чалавека. Але мы не забаранялі ніводнаму чалавеку. Калі вы хочаце схадзіць, калі ласка, ідзіце. Але людзі паберагліся. Гэта іх права", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

На гэтым тыдні Вялікдзень будуць адзначаць праваслаўныя вернікі, якіх у Беларусі большасць. "Яшчэ раз падкрэсліваю: мы дарогу да храма нікому не закрываем. Гэта маё строгае патрабаванне. Мы нікому нічога не забараняем. Мы гэта давялі да кіраўніцтва ўсіх цэркваў, канфесій, у тым ліку і праваслаўнай царквы. Хто хоча, той памоліцца, сходзіць у храм. Я буду ў царкве. Гэта мая традыцыя. Я рэдка бываю, але на Нараджэнне Хрыстова і на Вялікдзень я заўсёды ў царкве. Звычайна ў раёны выязджаю, бываю ў гэтых маленькіх цэркаўках", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым ён звярнуўся з заклікам да свяшчэннаслужыцеляў з улікам абстаноўкі, якая складваецца, не трымаць людзей доўга ў храмах. "Свечку паставіў, выйшаў і пайшоў. Усе пропаведзі лепш каля храма", - сказаў беларускі лідар.

Ён таксама заявіў аб неабходнасці прадугледзець спецыяльныя месцы для традыцыйнага асвячэння яек і кулічоў, каб сталы былі не ў памяшканнях, а на адкрытым паветры. "Сталы трэба паставіць там, дзе вышэй, ветрык і іншае. Каб гэта не было ў памяшканнях. Трэба паберагчыся там, дзе можна. І свяшчэннаслужыцелі гэта павінны разумець, асабліва ў гарадах", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.


Прэзідэнт закрануў і тэму асвятлення сітуацыі з каранавірусам у СМІ. Ён папракнуў расійскія СМІ ў прадузятым асвятленні мер па барацьбе з каранавірусам, што прымаюцца ў Беларусі. "Хацеў бы яшчэ раз закрануць пытанне СМІ. Нядрэнна пачалі працаваць нарэшце і беларускія СМІ. Я ўчора глядзеў падагульняючыя праграмы па ўсіх каналах. Вельмі аб'ёмна. Нават ва Уладзіміра Сцяпанавіча (Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. - Заўвага) забралі работу. Ужо так растлумачылі ўсё і пра маскі, і пра бахілы, і лячэнне, што толькі сядзі дома і лячыся, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мне шмат гавораць, што мы там прайграём  Telegram-каналам і іншае. Так, напэўна, там бруду больш, чым нашых галасоў - афіцыйных улад. Хаця інфармацыі не скажаш, што не хапае. Але я так падумаў, ну што нам, піярыцца і пачынаць ствараць нейкія Telegram-каналы і там якую-небудзь паўжоўтую інфармацыю ўкідваць, каб там прысутнічаць... Напэўна, гэта не наш шлях".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для тых, хто хоча пачуць прафесійны пункт гледжання, інфармацыі дастаткова: "Кожны дзень мы, нічога не ўтойваючы, выдаём у эфір. Выступаюць медыкі, спецыялісты, прафесіяналы. Дайшлі да таго, што ўжо ўрачы-пульманолагі выступаюць".

Разам з гэтым Прэзідэнт у негатыўным ключы выказаўся аб тым, як асвятляюць падзеі ў Беларусі ў расійскіх медыя, прытым не толькі ў ананімных Telegram-каналах, але і ў агульнарасійскіх СМІ. "Даюць такую гадкую інфармацыю. А, бацька там лечыць сваіх трактарам, гарэлкай, лазняй... Ведаеце, некалі я пажартаваў. Але ў кожным жарце ёсць доля жарту", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

"Расіянам хацеў бы сказаць - гэтым, якія "плявузгаюць": не чапайце нас! Мы ж у іх нічога не просім. Мы ратуемся, абараняемся самі. Прыязджайце да нас, паглядзіце самі. Але навошта ж вы нас у Расіі робіце дурнямі? Навошта рускаму чалавеку ўбіваць у галаву, што там, на Захадзе, нашы гэтыя беларусы, яны нейкія ненармальныя?" - паставіў пытанне Аляксандр Лукашэнка.

"Прытым тут ужо не адбрыкаешся, што гэта некіруемыя каналы. Вось мне нядаўна паказалі чарговы раз нейкага Кляймёнава, які там на Расію выдаваў, што ў нас і захворванні, і ўтойваюць інфармацыю... Ну і нашы пачалі падхопліваць. Мы запрасілі Сусветную арганізацыю аховы здароўя. А слабо ўсім паклікаць спецыялістаў у краіну? Расіянам, амерыканцам (ад сусветнай арганізацыі). І вось гэтак сказаць: ідзіце і паглядзіце, як у нас яны былі. І што яны (СААЗ. - Заўвага) сказалі - прэтэнзій да беларусаў няма", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Так, ёсць рэкамендацыі: не хадзіце натоўпам, не трыцеся адзін аб аднаго, не цалуйцеся, не абдымайцеся і іншае. Мы ўспрымаем гэтыя рэкамендацыі. Але што мы робім няправільна і дзе мы хлусілі? Публічна сказалі, што ні Міністэрства аховы здароўя, і ўлады тут не хлусілі. Мы адкрыты - прыходзьце і глядзіце. Мы робім гэта для сваіх людзей. Але расіяне нам не чужыя. Мы гатовы з імі сустракацца, раіцца", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што калі ў Расіі сапраўды хочуць неяк дапамагчы Беларусі, то маглі б знізіць да сусветнай цану на пастаўляемы прыродны газ: "Калі хочаце дапамагчы, зрабіце нам сусветную цану па газу. Сёння ў Еўропе прыродны газ Расія прадае па $80, не вышэй як $90 за 1 тыс. куб.м.  А мы плацім $127. Дзе такая цана сёння ёсць? Вось хочаце дапамагчы, дапамажыце. Ні грошай, нічога не просім. Навошта з нас шкуру драць?"

"Але пра гэта ў Расіі ніхто не скажа. Гэта праўда камусьці там не патрэбна. Здагадайцеся з трох разоў, каму. Таму яшчэ раз паўтараю: вы нас не чапайце! Скончыцца гэта ўсё, потым мы паглядзім, хто мае рацыю, а хто не", - дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта аб задачы спыняць у Беларусі ўсялякія спробы хайпаваць на тэме каранавіруса. "І сваіх трэба кантраляваць. І Камітэту дзяржбяспекі больш жорстка тут, і міліцыі, і Мінінфармацыі няхай глядзіць за ўсімі. Калі пабывалі тут міжнародныя эксперты, іх паменшылася - такіх смелых, якія хайпавалі ў інтэрнэце на гэтай бядзе. Але яшчэ яны ёсць. Іх трэба ставіць на месца. І не баяцца, што нас абвінавацяць ў нейкай недэмакратычнасці. Пройдзе гэта ўсё, і мы паглядзім, хто нагнятае псіхоз", - сказаў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што ёсць у свеце СМІ і палітыкі, якія хайпуюць на гэтай тэме, і папярэдзіў, што ў Беларусі так не робяць. "Мы гэта не рабілі. І я вас заўсёды папярэджваў, што не трэба гэтага рабіць. Таму што потым сорамна будзе сваім людзям глядзець у вочы. Палітыка, якая зыходзіць ад зямлі, ад людзей, і мы гэтай палітыкі павінны прытрымлівацца, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Мы выпрацавалі сваю тактыку барацьбы з гэтымі інфекцыйнымі захворваннямі. Мы, не разваліўшы сістэму, маем інфекцыйныя бальніцы ад раёнаў да Мінска, навукова-практычныя цэнтры. Яны аснашчаны. Гэта нас сёння выратоўвае".

"Давайце будзем спакойна жыць, займацца сваёй справай, гадаваць дзяцей і думаць пра будучыню. А мы зробім усё для таго, каб кожны чалавек захаваў сваё жыццё. Асабліва цяпер, каб даказаць, што мы можам змагацца за чалавека і перамагаць гэту заразу. Як я сказаў, прыгожа перамагаць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што ў ліку пытанняў, якія абмяркоўваюцца на нарадзе, не толькі тыя, якія звязаны з хваробамі, але і перспектыўныя тэмы, якія трэба вырашаць. Акрамя таго, у краіне набірае абароты пасяўная кампанія. "Людзі працуюць так, як трэба. Малайцы. Але, тым не менш, мы павінны бачыць перспектывы, што будзе заўтра-паслязаўтра, калі гэта ўсё скончыцца", - рэзюмаваў Прэзідэнт.