Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Нарада з кіраўнікамі вядучых дзяржаўных СМІ

11 лютага 2020 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 лютага правёў нараду з кіраўнікамі вядучых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.

"Мы, вядома ж, будзем абмяркоўваць з вамі канкрэтныя праблемы, надзённыя праблемы функцыянавання сродкаў масавай інфармацыі. Я прапаную пабудаваць адкрытую размову, дыялог. Магчыма, у вас будуць нейкія пытанні, якія не адносяцца да тэматыкі сённяшняй нарады. Магчыма, будуць пытанні як практычнага, так і ідэалагічнага характару, у тым ліку па апошніх перагаворах з кіраўніцтвам Расійскай Федэрацыі, таму што вы не проста арганізатары вядучых сродкаў масавай інфармацыі, але і самі з'яўляецеся актыўнымі ўдзельнікамі стварэння прадукту вашых кампаній", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што неабходнасць размовы з кіраўнікамі дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі наспела даўно: каля двух гадоў прайшло з таго часу, як ва ўсіх буйнейшых СМІ змяніліся кіраўнікі. "Надышоў момант абмеркаваць выкананне даручэнняў, дадзеных вам у тым ліку і пры назначэнні, пачуць ваша бачанне далейшай стратэгіі работы, актуалізаваць задачы, якія стаяць перад сродкамі масавай інфармацыі", - растлумачыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, гэтыя задачы няпростыя, паколькі цяперашняя абстаноўка не заспакойвае. "Процістаянне, геапалітычная нестабільнасць у розных частках свету, у тым ліку ў нашым рэгіёне, - усё гэта сёння на парадку  дня", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт канстатаваў, што важнай складанай часткай незалежнасці любой дзяржавы з'яўляецца інфармацыйны суверэнітэт - права праводзіць уласную інфармацыйную палітыку, фарміраваць нацыянальную інфармацыйную інфраструктуру, забяспечваць інфармацыйную бяспеку. "І гэта права мы як суверэнная і незалежная дзяржава павінны адстойваць што б там ні было, у тым ліку на інфармацыйным полі. Здавалася б, што нам яшчэ тут змагацца і ваяваць на гэтым полі. Але, на жаль, даводзіцца", - падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што менавіта для таго, каб процістаяць новым рызыкам, выклікам і пагрозам, крыху менш як год таму распрацавана і прынята Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі Беларусі. "Не ведаю, наколькі яна эфектыўная. Вам больш відаць. Але гэта першы сур'ёзны крок да выпрацоўкі стратэгіі нашай інфармацыйнай бяспекі. Магчыма, як жывое творчае цела, трэба ўдасканальваць гэту канцэпцыю", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускае медыяполе сутыкнецца з нарастаннем пагроз у бліжэйшым будучым. Ён заўважыў, што сёння прэса - гэта не толькі сродак данясення інфармацыі, але і паўнацэнная зброя, прычым масавага паражэння.

"Падтасаваныя факты, фэйкі, дыпфэйкі, так званая постпраўда, калі аўдыторыяй умела маніпулююць, наўмысна адводзячы ад сапраўды важных праблем, - гэта і іншая інфармацыйная атрута падобная да хімічнай зброі. Ці тое яшчэ будзе. Нас чакаюць яшчэ больш складаныя рэчы, якія проста будзе цяжка абвяргаць. Прынамсі, у кароткім прамежку часу, - папярэдзіў Прэзідэнт. - Гэта няпраўда, хлусня выкошвае цэлыя слаі ўспрымальнага насельніцтва, робячы іх безабароннымі перад сваім разбуральным уздзеяннем. Таму інфармацыйнае проціборства цяпер адыгрывае асаблівую ролю".

На думку Аляксандра Лукашэнкі, канкурэнцыя на інфармацыйным полі сёння вельмі жорсткая, і Беларусь з усіх бакоў пранізана рознымі медыйнымі патокамі. "Многія з іх адкрыта дэструктыўныя, - заявіў Прэзідэнт. - Беларусь знаходзіцца ў самых складаных у гэтым плане адносінах. І не трэба нас, дапусцім, параўноўваць з дзяржавамі, такімі, нібыта, як мы: Швейцарыяй, Аўстрыяй і гэтак далей. Абсалютна нельга, паколькі гэтыя дзяржавы існуюць у складзе магутнага, вялікага Еўрапейскага саюза. І яны заўсёды абапіраюцца на сваіх саюзнікаў, і, прынамсі, у спіну ім не страляюць. Мы ж знаходзімся ў такім становішчы, што нам і ад саюзнікаў дастаецца, і ад сапернікаў або ворагаў, як мы іх называлі. І ў гэтым плане Беларусь прастрэльваецца з усіх бакоў. Ды і ў буйных замежных СМІ ў адносінах да нашай краіны часта з'яўляюцца інсінуацыі, а часам і зусім яўная хлусня і паклёп".








Аляксандр Лукашэнка расказаў, што нядаўна папрасіў прэс-сакратара, каб яму падрыхтавалі падборку апошніх публікацый у расійскіх СМІ - буйных, дробных, Тelegram-каналах. "За якімі стаяць канкрэтныя людзі, якія ва ўладзе. Таму што калі я вяду размову (не толькі мы пра нафту, газ гаворым, атамную станцыю, грошы), я пастаянна гавару па пытаннях СМІ, - расказаў Прэзідэнт. - Гэта сёння вельмі важна для нашага грамадства, у тым ліку і для расійскага. Мы тут сваё грамадства абаронім. Але мы ж сёння гандлюем з Расійскай Федэрацыяй. І што азначаюць інфармацыйныя ўкіданні наконт, дапусцім, нейкага няякаснага тавару з Беларусі, асабліва прадуктаў харчавання. Людзей гэта насцярожвае".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што абмяркоўваў гэта пытанне з расійскім Прэзідэнтам: "Ён гаворыць: ты ведаеш, краіна вялікая... Вось і апошні раз з Мядзведзевым, Пуціным утрох мы сустракаліся, закранулі гэтыя тэмы. Гаворыць: гэта не мы. Кажу: як гэта "не мы", калі за гэтым каналам стаіць вось такі і такі чалавек? І называю прозвішчы вядомыя, якія люта ненавідзяць або ж за грошы нешта пачынаюць у наш адрас скажаць".

Беларускі лідар арыентаваў дзяржаўныя СМІ на сумленную і аб'ектыўную размову з аўдыторыяй, каб у няпростых умовах інфармацыйнага поля ўтрымаць увагу гледачоў, чытачоў і слухачоў.

"Нам хапае з аднаго і другога боку. І ў гэтых няпростых умовах надзвычай важна ўзяць і ўтрымаць увагу. Але пры гэтым не страціць даверу гледачоў, чытачоў і слухачоў. Неабходна сумленна і аб'ектыўна гаварыць з людзьмі на зразумелай мове, даносіць ім нашу пазіцыю. У нас гэтага крыху не хапае", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У якасці станоўчага адрознення беларускіх СМІ ад шэрага замежных Аляксандр Лукашэнка адзначыў сумленную пазіцыю, адсутнасць фэйкавага выкладання падзей. "Беларусія СМІ, дзякуй боку, абсалютна праўдзіва выкладаюць тую ці іншую тэму або інфармацыю", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым ён адзначыў, што часам айчынныя тэлевізійныя СМІ ўступаюць замежным калегам у паказе: "Аператары, фарміраванне самога сюжэту... Мы ў гэтым уступаем. Таму нам трэба падумаць".

Гаворачы аб тэлебачанні, у тым ліку відэакантэнце ў сетцы інтэрнэт, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць якаснай падачы візуальнай інфармацыі. "Гэта перш за ўсё "гляджу", потым - "слухаю". Я асабіста вельмі ўважліва сачу за вашымі прадуктамі, асабліва тэлевізійнымі. І пустыя развагі, што інтэрнэт усё заб'е, тэлевізар не патрэбны будзе. Няпраўда. Як мінімум 55-60% насельніцтва стабільна будзе карыстацца тэлевізарам", - сказаў Прэзідэнт.

Ён адначасова прызнаў наяўнасць і новых трэндаў, звязаных з магчымасцямі распаўсюджвання інфармацыі праз інтэрнэт, але выказаў упэўненасць, што і іншыя СМІ цяпер не менш запатрабаваныя. "Няхай гэта будзе на цяперашнім этапе як дадатак да традыцыйных СМІ. Можа, яны (інтэрнэт-СМІ. - Заўвага) ужо недзе ўпоравень выйшлі, ледзь-ледзь наперад па нейкіх напрамках. Але традыцыйныя СМІ будуць заўсёды", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што СМІ часам памылкова гоняцца за колькасцю. Ён звярнуў увагу, што ў любым грамадстве ёсць лідары - людзі, якія фарміруюць пэўныя думкі і вядуць за сабой.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што часта ў эфіры дзяржаўных СМІ не хапае вастрыні і аператыўнасці. Акрамя таго, падкрэсліў ён, ім пара ўжо адыходзіць ад замежных платформ. "Далёка не ўсё, што там ёсць, добрай якасці. Трэба больш сваёй тэлепрадукцыі, - сказаў Прэзідэнт. - Калі мне гавораць, што Маркаў (кіраўнік АНТ Марат Маркаў. - Заўвага) сядзіць на платформе Грамадскага расійскага тэлебачання, я гэтага проста не разумею. Наша прастора, наша тэлебачанне, наш тэлевізар, наш канал АНТ (і нядрэнны) - пара ўжо вырашыць галоўную праблему: гэта наша. А калі нехта хоча сюды прыйсці - калі ласка, як мы туды. Плаціце грошы, запытайце дазволу, дайце свой тавар, прадукт, мы паглядзім - можа быць. Гэта ваш найпершы абавязак".

Друкаваныя ж СМІ, каб утрымацца на плаву ў сучасным лічбавым свеце, павінны актыўна займацца аналітыкай, лічыць Аляксандр Лукашэнка. "Вядома, мы заўсёды былі і будзем аб'ектыўныя. Але нашы навіны, наша сумленная пазіцыя павінны быць данесены да кожнага і пачуты ўсімі, - падкрэсліў ён. - Нам наогул саромецца няма чаго (а ў нас часам гэта бывае): мы працуем на сваю краіну і свой народ. Дзякуй богу, мы ўжо адышлі ад таго, што было ў сярэдзіне 1990-х пасля распаду Савецкага Саюза: тады ўсе журналісты былі "нашы" і "не нашы". Калі ты сказаў праўду з пазіцыі ўлады - усё, ты вораг, ты не наш. Гэтага ўжо няма. Вы ўжо на роўных з імі канкурыруеце. Ужо камяні ў вас так не кінуць. Калі вы там недзе нешта пра Прэзідэнта сказалі, вам ніхто ніколі сумленна, аб'ектыўна ў вока не тыцне і не скажа, што зладзюга нейкі або чалавек, які займаецца прапагандай дзеля таго, каб толькі ўтрымаць уладу і забяспечыць сябе і свой бліжэйшы асяродак. Але гэта не значыць, што трэба перабіраць, пахвальваючы Прэзідэнта. Трэба ўсё рабіць па-дзелавому. Мы павінны рабіць гэта плячо ў плячо, падтрымліваючы, дапаўняючы і ўзмацняючы адзін аднаго. Не трэба самазаспакойвацца і спыняцца ў развіцці. Час змяняецца імкліва".

Паводле яго слоў, сёння інтэрнэт ужо не проста дыхае ў спіну дзяржаўнай прэсе, але і па некаторых пазіцыях вырываецца наперад, а Telegram-каналы, блогі, сацыяльныя сеткі па ўплыве як мінімум зраўнаваліся з традыцыйнымі СМІ. "Моладзь у асноўным там. Мабільны тэлефон з выхадам у інтэрнэт у распараджэнні ўсіх жадаючых ад дзіцяці да састарэлага чалавека. І гэтыя матэрыялы ім даступныя ў любы час сутак. Нашым СМІ ў інтэрнэце трэба працаваць больш маштабна, больш эфектыўна. Што ўжо зроблена ў гэтым напрамку і куды вы маеце намер рухацца далей?" - запытаў Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, упэўнены Прэзідэнт, таленавіты журналіст можа і павінен быць лідарам грамадскай думкі. "Гэта рэдкасць. Сёння аблічча любога СМІ павінна вызначаць аўтарская журналістыка. Нам неабходны новыя асобы, цікавыя персаналіі, тэмы. Вы павінны быць таленавітыя і пераканаўчыя ў падачы інфармацыі", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся агульнай ацэнкай сітуацыі на медыйным полі, а таксама запытаў у кіраўнікоў СМІ, як будуць далей развівацца іх рэдакцыі і якімі ім бачацца перспектывы. "Давайце не толькі без самасправаздач, але сумленна і шчыра пагаворым аб праблемах", - прапанаваў ён.

Кіраўнікі буйнейшых дзяржаўных СМІ ўнеслі Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку шэраг прапаноў. Сярод іх, напрыклад, стварэнне канала навін накшталт Euronews і будаўніцтва медыяцэнтра.

"Я ведаю вашы праблемы. Вы іх даўно агучвалі. І пра медыявымяральнік, і пра медыяцэнтр, і пра тое, што мы павінны стварыць мабільны канал накшталт Euronews і іншых, якія вельмі коратка і даступна (тым не менш, і аналітыка ў іх ёсць) выдаюць інфармацыю. Людзі вельмі занятыя, каб слухаць доўгія, як вечарам на БТ або СТБ, падагульняючыя перадачы... На працягу дня людзі хочуць атрымаць галоўную інфармацыю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прызнаўся, што часта адрываецца ад доўгіх сюжэтаў і чытае навіны, якія ідуць бягучым радком. "Таму патрэбна сціслая, кароткая інфармацыя па сутнасці з нейкім відэарадам. Я гэта ўсё ведаю і разумею, сам ініцыяваў гэта", - дадаў ён.

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: лішніх грошай няма. Трэба вызначыцца, што неабходна ў першую чаргу: абнавіць здымачнае абсталяванне, забяспечыць канкурэнтаздольную зарплату або ж пабудаваць медыяцэнтр. "Усё патрэбна. Але трэба выбудаваць па прыярытэтах. Прашу гэта мець на ўвазе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У нарадзе прынялі ўдзел старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, старшыня праўлення тэлеканала АНТ Марат Маркаў, генеральны дырэктар тэлеканала СТБ Ігар Луцкі, генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірына Акуловіч, дырэктар - галоўны рэдактар выдавецкага дома "Беларусь сегодня" Дзмітрый Жук, дырэктар - галоўны рэдактар выдавецкага дома "Звязда" Павел Сухарукаў, дырэктар Нацыянальнага філіяла (прадстаўніцтва) Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Мір" Уладзімір Пярцоў.


Тэгі: Нарады
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь