Нарада з кіраўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Беларусі

  • 1

У новых геапалітычных рэаліях Беларусі трэба быць моцнай - і палітычна, і асабліва эканамічна. Аб гэтым Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка заявіў 17 ліпеня на нарадзе з кіраўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Беларусі.

"На нашых вачах імкліва змяняецца агульнасусветная абстаноўка. Мы сутыкнуліся з зусім новымі геапалітычнамі рэаліямі. Адсутнічае стабільнасць не толькі недзе далёка - у Паўночнай Афрыцы або на Блізкім Усходзе, а зусім побач, у нас пад бокам. І мы бачым: запалаць, узарвацца можа ў любым месцы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Адбываецца дэвальвацыя норм і прынцыпаў міжнародных паводзін, разбурэнне дзесяцігоддзямі ствараемай сістэмы міжнароднага права. Зразумела адно: б'юць слабых, з моцнымі лічацца. Таму нам трэба быць моцнымі  - і палітычна, і асабліва эканамічна", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь працуе над дасягненнем гэтых мэт і на ўнутраным, і на знешнім полі. На гэта накіраваны пастаўленыя Прэзідэнтам задачы нарошчвання экспарту, мадэрнізацыі эканомікі, павышэння ўзроўню жыцця. "Гэтым абумоўлены выбар на карысць умацавання Саюзнай дзяржавы, стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза, выбудоўвання стратэгічных адносін з Кітайскай Народнай Рэспублікай, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Адсюль і наша пазіцыя адносна Захаду, якая заключаецца ў гатоўнасці развіваць адносіны па ўсім спектры перспектыўных напрамкаў. Але толькі на прынцыпах узаемнай павагі, без усялякіх санкцый і дыктату".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што за два апошнія дзесяцігоддзі краіна прыбавіла ў знешнім гандлі. Калі ў 1995 годзе аб'ём знешняга гандлю склаў крыху больш як $10 млрд, то па выніках 2013 года ён перасягнуў ужо $80 млрд. Экспарт за гэты ж перыяд павялічыўся амаль у 8 разоў - больш як на $32 млрд. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння гэтага недастаткова, знешнегандлёвае сальда ў краіне, як правіла, бывае адмоўным.

"Мы зыходзім з таго, што развіццё міжнароднага супрацоўніцтва, выпрацоўка знешнепалітычнай стратэгіі і тактыкі павінны жорстка праламляцца скрозь прызму нашых унутраных прыярытэтаў. Мэтай з'яўляецца пастаяннае павышэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва, умацаванне міжнародных пазіцый і суверэнітэту дзяржавы", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусі неабходна максімальна прагматычна выкарыстоўваць сучасныя сусветныя тэндэнцыі. "Падзеі ва Украіне, якія паставілі свет на мяжу новай халоднай вайны, наглядна прадэманстравалі, што дзеючая сістэма міжнароднай бяспекі, на жаль, не працуе. У той жа час завяршэнне вострай фазы сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу класічным чынам супала з перадзелам сфер уплыву", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Гэта новая сітуацыя справакавала рэзкі рост інтарэсу да нашага рэгіёна з боку асноўных вядучых сусветных дзяржаў. І нам трэба дасканала прааналізаваць гэту сітуацыю, выкарыстаць яе максімальна прагматычна для пашырэння сваіх нацыянальных інтарэсаў, абароны цэласнасці і незалежнасці краіны", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, рэаліі сённяшняга дня такія, што імкненне вядучых сусветных ігракоў задзейнічаць сілавыя метады, націск, эканамічныя і рэсурсныя перавагі ствараюць дадатковыя крыніцы напружанасці. "Для пашырэння сваіх інтарэсаў выкарыстоўваюцца двайныя стандарты, навязванне ўласнай мадэлі развіцця, а часам і непрыкрыты цынізм, - адзначыў Прэзідэнт. - Усё гэта павышае ступень нявызначанасці, стварае складаныя суадносіны плюсоў і мінусаў для такіх дзяржаў, як Беларусь, прымушаючы знаходзіць нестандартныя рашэнні, каб упісацца ў існуючую геапалітычную рэальнасць".

"Напярэдадні 2015 года націск на нашу краіну прадказальна ўзрасце. Прэзідэнцкая выбарчая кампанія для любой дзяржавы з'яўляецца выключна важнай палітычнай падзеяй, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Адказнасць моманту заключаецца перш за ўсё ў выбары далейшага курсу, вызначэнні ключавых напрамкаў развіцця краіны на перспектыву. Таму дзеянні і рэакцыя Захаду будуць у многім прагназуемымі".

"Я не раз гаварыў аб тым, што мы праводзім выбарчыя кампаніі не для Вашынгтона і Бруселя, таксама як і Крамля, а для сябе, у строгай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам, - падкрэсліў беларускі лідар. - І не трэба тут уніжацца і спрабаваць некага чым-небудзь задобрыць, каб нам паўсміхаліся або "пагладзілі па галаве", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт папярэдзіў, што трэба быць гатовымі да процістаяння з глабальнымі ігракамі па пытаннях праводзімай Беларуссю палітыкі. "Так званая мяккая сіла будзе выкарыстоўвацца максімальна па ўсім перыметры нашых граніц. На танках да нас пакуль ніхто не палезе, але націск узрасце кратна", - сказаў ён.

"Да традыцыйнай крытыкі ў сувязі з нібыта парушэннямі правоў чалавека дабаўляюцца прэтэнзіі аб нелаяльнасці дзяржавы да розных меншасцей, нарастае непрыкрыты націск на маральныя ўстоі грамадства. Пераварочваюцца з ног на галаву традыцыйныя, у тым ліку сямейныя, каштоўнасці. Не ўсіх задавольвае і наш выбар на карысць еўразійскай інтэграцыі", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт запатрабаваў ад дыпламатаў шукаць перспектыўных партнёраў у розных рэгіёнах свету, каб развіваць супрацоўніцтва па аналогіі з тым, як Беларусь выбудавала сваё ўзаемадзеянне з Венесуэлай у Лацінскай Амерыцы. Ва ўмовах адкрытай, арыентаванай на экспарт эканомікі Беларусі яе знешнеэканамічны складнік мае ключавое значэнне.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, сучасная беларуская знешняя палітыка павінна быць непасрэдным увасабленнем формулы "дыпламатыя - гэта майстэрствамагчымага". "Але не ў сэнсе "спачываць на лаўрах" або "спаць у шапку", апраўдваючыся знешнімі неспрыяльнымі ўмовамі. Неабходна ставіць максімальныя мэты, прычым на ўсіх напрамках. І толькі тады можна разлічваць на нейкі прымальны вынік", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў некалькі буйных праектаў. Адзін з іх - будаўніцтва Беларускай АЭС. "Гэта вельмі маштабны праект, які не ўсім па душы. На нас спрабуюць націскаць як па лініі двухбаковых адносін, так і міжнародных арганізацый. Маўляў, "не ўзгаднілі канчаткова", "небяспечную АЭС будуеце". Хопіць! Узгаднілі! Бяспечная!" - падкрэсліў беларускі лідар.

"МЗС, Мінпрыроды, іншыя зацікаўленыя павінны арганізаваць сваю работу так, каб гэтыя надуманыя прэтэнзіі былі зняты", - даручыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў аб неабходнасці кадравай мадэрнізацыі нараўне з абнаўленнем вытворчай базы прадпрыемстваў. "Тэма няхваткі кваліфікаваных спецыялістаў у знешнеэканамічных і маркетынгавых службах дзяржпрадпрыемстваў ужо нагнала аскому". "Напэўна, трэба зацвердзіць пералік пасад, у першую чаргу службаў знешніх сувязей прадпрыемстваў з дзяржаўным удзелам, якія можа займаць толькі чалавек, здольны без слоўніка размаўляць з патэнцыяльнымі кліентамі з-за мяжы", - заявіў Прэзідэнт.

Асобнае даручэнне Кіраўніка дзяржавы датычылася вывучэння эфектыўнасці работы дылерскай сеткі беларускіх прадпрыемстваў за мяжой. "Стаўлю ўраду і МЗС задачу ў бліжэйшы час праверыць нашы дылерскія цэнтры, прадстаўнікоў, усю дылерскую сетку, асабліва ў Расіі і іншых буйных краінах, і паглядзець, як яны працуюць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"МЗС пры гэтым павінен і можа падказаць, дзе знайсці патэнцыяльных партнёраў, дапамагчы арганізаваць перагаворы. Але стратэгію і геаграфію продажаў у канчатковым выніку вызначае вытворца, ён жа і заключае кантракты. Кожны павінен рабіць сваю справу сумленна на даручаным яму ўчастку", - падкрэсліў беларускі лідар.

Асаблівы акцэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў на неабходнасці практычнай аддачы ад дзейнасці беларускіх дыппрадстаўніцтваў. "Цяпер у нас ёсць пасольствы ў 56 краінах. У планах застаецца яшчэ некалькі загранустаноў, якія мы не паспелі адкрыць па тых ці іншых прычынах. Але прынцыпова давайце зыходзіць з таго, што магчымасці не бязмежныя, што працэс нашага пашырэння, па сутнасці, блізкі да завяршэння", - заявіў Прэзідэнт.

Таксама Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што і ў гэтых рамках МЗС павінна быць гібкім і мабільным, перш за ўсё ў пераразмеркаванні існуючых кадравых і фінансавых рэсурсаў. "Гэтага ад нас патрабуе міжнародная абстаноўка, якая хутка змяняецца. І вы як дыпламаты павінны першымі падлічваць новыя вектары развіцця. Калі становіцца зразумела, што з-за нейкіх прычын, ці то ваенныя дзеянні, палітычная кан'юнктура або нешта яшчэ, двухбаковыя эканамічныя адносіны з нейкай краінай прабуксоўваюць, або будуць пагаршацца, або іх не стала наогул, аператыўна ўносьце прапановы па карэкціроўцы сеткі загранустаноў", - даручыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што цяпер у краіне на мэты мадэрнізацыі накіроўваюцца мільярды фінансавых рэсурсаў. "І не толькі свае, але і пазыковыя сродкі. Запатрабаванне за гэта будзе двайное. Трэба дакладна ўяўляць, што будзе, калі запусцім усё гэта перадавое абсталяванне, ці ёсць рынкі збыту пад новую прадукцыю", - заўважыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не толькі вытворцы тавараў, але і дыпламаты павінны прымаць актыўны ўдзел у папулярызацыі беларускай прадукцыі на знешніх рынках.

Закранаючы тэму прыцягнення прамых замежных інвестыцый, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад Міністэрства эканомікі заняцца павышэннем эфектыўнасці работы Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі, ператварыўшы яго ў дзейснае "адно акно" для замежных інвестараў. Прэзідэнт адзначыў, што ў краіне ёсць паспяховыя прыклады інвестыцыйнага супрацоўніцтва, згадаўшы ў якасці прыкладу дзейнасць швейцарскай кампаніі "Штадлер Рэйл". "Вось на што трэба раўняцца. Калі ў нас будзе 15-20 такіх "штадлераў", можна сказаць, што мы эфектыўна спрацавалі па прыцягненні інвестыцый", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь павінна атрымаць максімальную выгаду ад паскарэння інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы. "У Еўразійскім эканамічным саюзе нам давядзецца жыць у бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Таму мы павінны імкнуцца да якаснага рыўка на рынках Расіі і Казахстана", - адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што адначасова трэба ў поўнай меры задзейнічаць існуючыя ў рамках ЕАЭС рычагі па абароне беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

"Падпісаны намі Дагавор аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза не зусім тое, на што мы разлічвалі, але гэта ўсё роўна крок наперад. Няхай не той, якога мы чакалі, але гэта рух наперад. На сённяшні дзень гэта не страты, гэта не рух у няправільным напрамку, гэта якраз рух у правільным напрамку, дзе нас чакаюць і ад чаго мы не можам ні ў якім выпадку адмаўляцца", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Гаворачы аб знешнепалітычным супрацоўніцтве, Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь прадоўжыць умацоўваць стратэгічнае партнёрства з Расіяй, мае намер актыўна працаваць на рынку Украіны. Кіраўнік дзяржавы чакае істотнага рыўка ў пашырэнні беларускіх эканамічных інтарэсаў на рынках Блізкага Усходу, актыўнага асваення новых рынкаў у Афрыцы і выкарыстання новых механізмаў уваходжання на мясцовыя рынкі ў Лацінскай Амерыцы. Беларускі бок зацікаўлены ў аднаўленні маштабнага супрацоўніцтва з Сірыяй, Іракам, Егіптам, Лівіяй па меры ўрэгулявання там сітуацыі. Што датычыцца адносін з Кітайскай Народнай Рэспублікай, то, на думку Прэзідэнта, тут трэба пераходзіць ад крэдытнага да інвестыцыйнага ўзаемадзеяння. У супрацоўніцтве з краінамі Еўропы Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным замацаваць зрухі, якія намеціліся за апошнія два гады.

У цэлым Прэзідэнт арыентуе беларускіх вытворцаў на адыходжанне ад стэрэатыпных падыходаў пры асваенні знешніх рынкаў.

"Ва ўрада, органаў дзяржкіравання, МЗС, загранустаноў задача адна - у самыя кароткія тэрміны аднавіць пазіцыі на традыцыйных рынках, нарасціць пастаўкі нашай прадукцыі на новыя перспектыўныя гандлёвыя пляцоўкі і да канца года забяспечыць выкананне ўстаноўленых паказчыкаў знешняга гандлю. Таму запатрабаванне будзе персанальнае", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што сёння сфарміраваны даволі моцны корпус паслоў, і падкрэсліў, што чакае ад іх вынікаў у рабоце. "Маштаб адказнасці і спецыфіка задач, што вырашаюцца МЗС, выстаўляюць асаблівыя, павышаныя патрабаванні да дыпламатычных кадраў. У МЗС не павінна быць месца кадраваму баласту, разгільдзяйству і, барані бог, карупцыі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.