Нарада з актывам Мінска

  • 10

У аснову беларускай нацыянальнай палітыкі павінна быць пакладзена справядлівасць да людзей. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 20 снежня на нарадзе з актывам Мінска.

Аляксандр Лукашэнка бачыць неабходнасць у распрацоўцы і заканадаўчым замацаванні планаў па развіцці прыгарадных зямель горада Мінска. "Сталіцы часцей за ўсё размешчаны ўнутры сталічных рэгіёнаў і таму натуральным чынам абмежаваны ў тэрытарыяльным росце. Гораду і Мінскай вобласці пры каардынацыі Урада неабходна распрацаваць і заканадаўча замацаваць планы па развіцці прыгарадных зямель. Вызначыць у іх функцыянальнае прызначэнне тэрыторый з разумным заніраваннем і ўлікам інтэнсіўнасці іх выкарыстання", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка назваў асновай увязку планаў развіцця дзвюх адміністрацыйных адзінак. "Пакуль у гэтым пытанні шмат бессістэмнасці і, я нават сказаў бы, хаатычнасці", - лічыць ён.

"Гаворачы аб эканоміцы, як правіла, я выкарыстоўваю тэрмін "апераджальнае развіццё". Бо тут усё, як у спорце: калі бяжыш павольней, чым іншыя, значыць адстанеш. Такі ж вобраз прымяняльны і да развіцця Мінска ў параўнанні з іншымі буйнымі гарадамі свету", - адзначыў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу на асаблівы статус горада Мінска, які з'яўляецца палітычным, эканамічным, культурным цэнтрам краіны, важнейшым транспартным вузлом. Тут пражывае пятая частка насельніцтва Беларусі - амаль 2 млн чалавек, а па асноўных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця гораду Мінску належыць ад чвэрці (валавы ўнутраны прадукт) да 80% (прамыя замежныя інвестыцыі) агульнарэспубліканскіх значэнняў. "Калі да сярэдзіны 2000-х мы аднаўлялі горад пасля развалу СССР, то затым Мінск выйшаў на сваю траекторыю развіцця, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - За дзве з паловай пяцігодкі насельніцтва прырастала па 16-17 тыс. чалавек у год, і па колькасці мы практычна дасягнулі разумнай мяжы. Я не раз пра гэта гаварыў. Было сказана дакладна: хопіць, такімі тэмпамі Мінск развівацца ў плане насельніцтва не можа".

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў сталіцы з'явіліся аб'екты, якія кардынальна змянілі ўспрыманне горада. Пабудаваны дзве спартыўныя арэны сусветнага ўзроўню, Нацыянальны алімпійскі стадыён "Дынама", новыя станцыі метро, 14 сучасных гасцініц і гандлёвыя цэнтры. Праведзена рэканструкцыя Нацыянальнага аэрапорта, адкрыты адзін з самых вялікіх аквапаркаў у Еўропе. У Мінску таксама атрымалі развіццё самыя сучасныя медыцынскія тэхналогіі. Уведзены ў эксплуатацыю 17 буйных медыцынскіх цэнтраў і 8 паліклінік. Для сферы адукацыі пабудаваны 42 дашкольныя ўстановы і 18 школ.

"Узвядзеннем новага музея Вялікай Айчыннай вайны мы ўвекавечылі памяць аб подзвігу нашага народа. Сталіца стала пляцоўкай для міжнародных кіна- і тэатральных фестываляў. Мы прымаем дзясяткі буйных сусветных і еўрапейскіх спартыўных мерапрыемстваў. Нядаўна на дастойным узроўні правялі конкурс дзіцячай песні "Еўрабачанне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць недастатковымі тэмпы рэалізацыі праграмы па развіцці гарадоў-спадарожнікаў Мінска. Ён нагадаў, што некалькі гадоў таму было вырашана, што апорныя кропкі мінскай агламерацыі павінны зрушвацца ў бок гарадоў-спадарожнікаў - Дзяржынска, Заслаўя, Лагойска, Смалявіч, Фаніпаля і Рудзенска. "Аднак з 2012 года справа не пайшла далей за адзін здадзены дом у Смалявічах, - канстатаваў ён. - Яна і не зрушыцца, калі дзяржаўная праграма па вынасе вытворчых аб'ектаў правалена. А перанос запланаваных 12 прадпрыемстваў (напрыклад, "Беларускія шпалеры", абутковая фабрыка "Прамень", Мінскі завод ацяпляльнага абсталявання і іншыя) прыцягнуў бы ў рэгіёны рабочую сілу", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што недастаткова развіты хуткія і недарагія транспартныя зносіны з гарадамі-спадарожнікамі: "Вы ніколі не ўгаворыце чалавека туды пераехаць, калі ён будзе траціць на дарогу ад дома да работы больш за адну гадзіну".

"Як і калі Мінгарвыканкам плануе будаўніцтва новай магістралі Мінск - Нацыянальны аэрапорт, а таксама лініі скораснага трамвая, які будзе забяспечваць хуткую дастаўку пасажыраў? Гарады-спадарожнікі, індустрыяльны парк - гэта вектары развіцця і разгрузкі сталіцы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён пацікавіўся ў новага кіраўніцтва сталіцы, як бачыцца вырашэнне гэтых пытанняў з улікам устаноўленага парога ў памеры 2 млн чалавек. "Перасягнуць яго нельга. Гэта не капрыз, а ўмова камфортнага жыцця людзей, - заўважыў Прэзідэнт. - Шчыльнасць насельніцтва ў Мінску і так вышэйшая, чым у Варшаве, Берліне, Кіеве, Рызе, Вільнюсе і іншых сталіцах. Праблему перанасялення можна вырашыць толькі ва ўвязцы з пытаннямі эканамічнага развіцця горада".

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за 8 гадоў эканоміка горада прырасла крыху больш як на 20%, аднак гэта не можа быць падставай для гонару. "З аднаго боку, валавы рэгіянальны прадукт сталіцы на 70% фарміруецца ў сферы паслуг, гандлі і фінансах. З іншага - ён пакуль яшчэ рэсурсаёмісты, а прамысловыя прадпрыемствы адстаюць ад патрабаванняў сучаснага рынку і экалагічных норм. Сярэдні паказчык рэнтабельнасці не можа дасягнуць двухзначнай лічбы і вагаецца каля яе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што сфера бізнесу можа адыграць значную ролю ў справе пашырэння занятасці ў сталіцы. "У бліжэйшым будучым рабатызацыя ахопіць і прамысловыя прадпрыемствы Мінска. Галоўная задача - працаўладкаваць людзей, і аб гэтым трэба думаць ужо сёння. Спрыяльным асяроддзем для пашырэння занятасці можа стаць малы і сярэдні бізнес. Але пры ўмове, што колькасць яго суб'ектаў у сярэднетэрміновай перспектыве вырасце не менш як у 2 разы", - сказаў беларускі лідар.

"Калі гарадская ўлада будзе "стымуляваць" прадпрымальніцтва так, як гэта рабіла былая, то праблему мы ніколі не вырашым. Пакуль за студзень-верасень 2018 года створана ўсяго 195 высокапрадукцыйных рабочых месцаў. Пры гэтым, нягледзячы на рост насельніцтва сталіцы, колькасць занятых з 2010 года скарацілася на 28 тыс. чалавек", - акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Мінск - адзіны з рэгіёнаў устойліва фарміруе прафіцытны бюджэт, аднак сёння гэта адбываецца за кошт імпарцёраў. "У сталіцы іх 10 тыс. - палова ад агульнай колькасці па рэспубліцы. Але Ураду пастаўлена задача разабрацца з гэтым імпартам, заняцца прадметна імпартазамяшчэннем, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Структура бюджэтных даходаў павінна быць менш залежнай ад імпарту з улікам прыбытковасці бізнесу ў горадзе, кошту зямельных участкаў, узроўню даходаў".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што прамысловасць Мінска складае амаль 16% ад рэспубліканскіх аб'ёмаў вытворчасці. З-за сваёй сярэднетэхналагічнай структуры яна адчувае пастаянны дэфіцыт работнікаў па спецыяльнасцях, якія непрывабныя для жыхароў сталіцы. "А значыць, сюды едуць людзі з рэгіёнаў. Сёння ў рэальным сектары горада працуюць амаль 200 тыс. чалавек. У любой з абласцей гэты паказчык меншы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што задача па павышэнні зарплат нізкааплатных катэгорый работнікаў актуальная і для Мінска, нягледзячы на тое, што даходы ў Мінску на душу насельніцтва ў паўтара раза большыя, чым у сярэднім па краіне.

"Дваццаць працэнтаў жыхароў горада да гэтага часу атрымліваюць менш за чатырыста рублёў у месяц. Таму задача па павышэнні зарплат нізкааплатных катэгорый работнікаў актуальная і для Мінска. Тым больш што цэны на тавары і паслугі тут самыя высокія ў краіне", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Мінску на гэты момант функцыянуюць каля 12 тыс. рознічных гандлёвых аб'ектаў, 3 тыс. аб'ектаў грамадскага харчавання і 98 гандлёвых цэнтраў. За дзве з паловай пяцігодкі гандлёвыя плошчы павялічыліся амаль у тры разы. "Аднак такая маштабная канкурэнцыя слаба ўплывае на цэнавую сітуацыю. Па-ранейшаму рэальных скідак няма або яны сімвалічныя, а заходнееўрапейскі шопінг у мінчан лічыцца больш прывабным", - канстатаваў ён.

Прэзідэнт у сувязі з гэтым паставіў задачу для гарадской улады стварыць такія ўмовы, каб людзям хацелася траціць грошы ў сваім горадзе.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ўжо гаварыў пры назначэнні Анатоля Сівака старшынёй Мінгарвыканкама аб тым, што трэба сур'ёзна звярнуць увагу на "сеткавых монстраў" у сталіцы. "Ні ў якім разе нельга загубіць магазіны крокавай даступнасці. Яны павінны існаваць", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка даручыў прыкласці дадатковыя намаганні па стварэнні камфортнага гарадскога асяроддзя ў сталіцы. "Далейшае развіццё Мінска павінна праходзіць перш за ўсё за кошт рэканструкцыі існуючых тэрыторый, а не новага будаўніцтва. Велізарныя плошчы заняты вытворчымі аб'ектамі, якія можна выкарыстоўваць больш эфектыўна. Пачынае праяўляцца хвароба нераўнамернасці транспартнай нагрузкі. Асобныя вуліцы, развязкі проста задыхаюцца. Неабходны недарагія, але прадуманыя рашэнні. Пры гэтым замахвацца на зялёныя насаджэнні нават і не думайце", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Майце на ўвазе, што спецыяльна група маніторыць інтэрнэт і бачыць, як па краіне начальнікі і кіраўнікі абыходзяцца з дрэвамі, паркамі і скверамі. Аб гэтым адразу ж пісьмова інфармуецца Прэзідэнт. І мы разбіраемся з кожным гэтым выпадкам, - падкрэсліў беларускі лідар. - Перш чым сячы, падумайце, колькі дрэў вы пасадзілі. Гэта ж здароўе. Падумайце пра дзяцей".

Ён таксама запатрабаваў выключыць практыку, калі забудоўшчыку дазваляецца адкарэкціраваць праект і не будаваць паркінгі, аб'екты сацыяльнага прызначэння, не займацца добраўпарадкаваннем. "Хіба гэта зніжае канчатковую вартасць? Эканомія ідзе у кішэнь забудоўшчыка, а нагрузка на інфраструктуру і бюджэт узрастае да крытычных значэнняў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Звяртае на сябе ўвагу і праблема няўзгодненасці дзеянняў розных службаў на мясцовым узроўні. "На канкрэтных прыкладах гэта наогул як на далоні. Спачатку дарожнікі латаюць ямы, потым камунальшчыкі ўзрываюць асфальт і пракладваюць трубы, затым свае сеткі мяняюць электрыкі, сувязісты... І людзі ўсё гэта бачаць", - прывёў прыклад беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка закрануў і тэму жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мінска, якая ўяўляе сабой комплекс з самай вялікай колькасцю спажыўцоў. "Ад бездакорнасці яго функцыянавання залежаць развіццё эканомікі, здароўе і працаздольнасць людзей, настроі ў грамадстве. І ў тым ліку рэпутацыя ўлады. З пазіцыі горада многія праблемы могуць здавацца дробнымі. Але канкрэтным людзям яны прычыняюць сур'ёзны дыскамфорт, з часам накопліваюцца і перарастаюць у велізарную праблему. У мэра Мінска павінна быць выбудавана эфектыўная сістэма своечасовага рэагавання", - даручыў Прэзідэнт.

Ён дадаў, што ключавая задача для Мінска такая ж, як і для ўсёй краіны, - павышэнне якасці паслуг пры адначасовым зніжэнні затрат на іх аказанне. "Напрыклад, страты цяпла знізіліся з 13 да 8%. Але гэта трэба праверыць. Нядрэнна, але ў той жа час мала. Страты павінны быць 5% і менш. Гэта будзе добры паказчык для Мінска", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы даручыў да сярэдзіны наступнай пяцігодкі цалкам перавесці пітное водазабеспячэнне горада на падземныя крыніцы. "Усе буйныя гарады маюць праблемы з водазабеспячэннем. Мінску патрэбна паўмільёна кубаметраў вады ў дзень. Напрыклад, вады з возера Нарач хапіла б толькі на 3-4 гады. У сталіцы сёння трэць крыніц - паверхневыя. Гэта няправільна. Плануйце да сярэдзіны наступнай пяцігодкі (крайні тэрмін - 2025 год) цалкам перавесці ўсё пітное водазабеспячэнне горада на падземныя крыніцы", - даручыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на стан унікальнай мінскай воднай сістэмы. "Рака Свіслач, яе прытокі, прылеглыя да яе тэрыторыі неабходна перш за ўсё прывесці ў належны санітарна-гігіенічны стан, - сказаў Прэзідэнт. - Дарэчы, я паказаў ужо, як гэта зрабіць уласнымі рукамі. Едзьце - насупраць Драздоў па рэчцы прайдзіцеся і паглядзіце. І кожны год гэты парадак падтрымліваю".

Кіраўнік дзяржавы таксама лічыць неабходным паступова адмаўляцца ад выкарыстання пластыкавай тары, якая наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю. Ён прапанаваў пачаць гэту работу з бутэлек для вады. "Нам трэба адыходзіць ад поліэтылену, спачатку хаця б для разліву вады. У нас дастаткова вытворчасці шклянога посуду. І не трэба труціць людзей. Упэўнены, што ў вялікіх і малых начальнікаў ужо вадзічка ў шкле. У свеце пайшла тэндэнцыя вызваляцца да поліэтылену і больш арыентавацца на экалагічна чыстую тару. Гэта задача для вас", - сказаў Прэзідэнт.

Важнай тэмай Аляксандр Лукашэнка назваў збор, перапрацоўку і пахаванне цвёрдых бытавых адходаў. "Магутнасцей адзінага палігона хопіць гады на тры-чатыры. Неабходны кардынальныя сучасныя экалагічныя рашэнні. У адваротным выпадку нам пагражае тое, што вакол горада-героя Мінска з'явяцца дзясяткі гор. Толькі мы не ведаем, што з імі рабіць, такія горы нам не патрэбны", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з перапрацоўкі смецця можна атрымліваць немалы даход, і гэта бачна на прыкладзе адпаведнага прадпрыемства ў Брэсце. "Яшчэ важней - гэта вельмі дрэннае наша стаўленне да перапрацоўкі другаснай сыравіны. Па-мойму, у Швейцарыі ўсё шкло вырабляецца з адходаў гэтага ж шкла. Усё ідзе ў перапрацоўку", - прывёў прыклад беларускі лідар.

Ён лічыць, што дрэнна арганізавана работа з насельніцтвам, толкам не функцыянуе сістэма раздзельнага збору адходаў. У выніку перапрацоўваецца ўсяго 17%, а павінна не менш за палову або хаця б за 30% на першым этапе. "Гэта выключна арганізацыйныя пытанні, і вялікіх сродкаў тут не патрэбна. Проста трэба навесці парадак", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што Мінск стаў горадам для машын, і колькасць аўтамабілістаў пачынае ўжо зашкальваць. Канцэнтрацыя транспарту ў цэнтры, загрузка ў гадзіны пік, экалагічнае ўздзеянне, высокі ўзровень аўтамабілізацыі - ужо рэальнасць.

"У гэтых умовах асабліва непакоіць тэма бяспекі людзей, асабліва дзяцей. Трэба вяртаць горад людзям. Ён павінен быць зручным для перамяшчэння перш за ўсё на грамадскім транспарце, электрасамакатах, веласіпедах, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Праязджаючы па Мінску, я проста радуюся, бачачы, колькі людзей сёння перамяшчаюцца сем'ямі на веласіпедах. Але актыўнасць мясцовых улад у развіцці інфраструктуры адстала ад надзённых патрэбнасцей як мінімум на некалькі гадоў".

Грамадскі транспарт не адпавядае цяперашнім запатрабаванням грамадства. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што метро павінна сур'ёзна аблягчыць дыханне горада, таму чатыры станцыі на трэцяй лініі трэба ўвесці ў эксплуатацыю ў 2020 годзе, і пажадана ў першай палове.

"Пачалі выкарыстоўваць электробусы. Людзям яны спадабаліся. Але высокая цана новага транспарту цяжкая для бюджэту. Вытворцу трэба думаць над істотным зніжэннем затрат, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Што датычыцца асабістага электратранспарту. Праз год уводзім станцыю (АЭС. - Заўвага), а ў Мінску да гэтага часу няма ні зараднай інфраструктуры, ні комплексных правіл яе размяшчэння, ні сур'ёзных стымулаў да стварэння".

Прэзідэнт падкрэсліў, што трэба арыентавацца на электратранспарт. І гэта, паводле яго слоў, не проста заклік: увесь свет павярнуўся ў гэтым напрамку. "Мы задыхаемся перш за ўсё ад выкідаў аўтамабіляў, асабліва ў Мінску", - канстатаваў ён. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што многія людзі імкнуцца жыць у цэнтры горада, але экалагічная абстаноўка там далёка не самая лепшая. "Выкіды каласальныя, нічога не праветрываецца. Людзі жывуць і ўсім гэтым дыхаюць", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён заявіў, што вырашэнне транспартных задач для новага мэра Мінска як для былога міністра транспарту - справа гонару.

Аляксандр Лукашэнка даручыў распрацаваць канцэпцыю развіцця сталіцы як "разумнага горада". "Распрацуйце канцэпцыю развіцця Мінска як "разумнага горада", прынамсі, на пяцігадовую перспектыву. Вызначце ў ёй бачанне развіцця тэхналогій, канкрэтныя праекты, спосабы іх рэалізацыі і фінансавання", - даручыў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што ў Беларусі ўзялі курс на развіццё ІТ-краіны. І гарады, у першую чаргу сталіца, павінны адпавядаць гэтаму статусу. Кіраўнік дзяржавы перакананы, што ў Мінска ёсць усе рэсурсы, каб хутчэй за іншых справіцца з задачамі лічбавай трансфармацыі і пераўтварэння ў "разумны горад".

"Пакуль работа тут не вядзецца. Помніце, што ў цэнтры - чалавек і яго камфорт. Усё павінна быць прадумана", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Да гэтага часу мы мала ўвагі ўдзялялі фарміраванню цэласнага архітэктурнага аблічча нашай сталіцы. Як вынік, у ім з'явілася мноства неаднастайных рашэнняў. Вам трэба будзе ўстараніць дапушчаныя пралікі", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да новага мэра горада.

Прэзідэнт расказаў, што яму вельмі часта даводзіцца асабіста разбірацца з праектамі па развіцці асобных раёнаў Мінска. "Трэба стварыць групу талковых архітэктараў, якія прапішуць, як развівацца хаця б асноўным магістралям, што і дзе будзем будаваць", - перакананы Кіраўнік дзяржавы.

Ён прывёў у прыклад раён каля гасцініцы "Беларусь" у цэнтры Мінска. На думку Аляксандра Лукашэнкі, гэта тэрыторыя недастаткова добраўпарадкавана. "Трэба пакінуць спуск ад гасцініцы да ракі для адпачынку. Але паглядзіце, колькі там пустаты. І там патрэбны нейкі прыгожы аб'ект, які ўпісаўся б у існуючую структуру, але ні ў якім разе не перагрузіць яе. Вядома, гэта павінен быць не нейкі жылы дом. І шмат такіх месцаў, дзе я проста ўтрымліваю некаторых заўзятых начальнікаў і бізнесменаў, якія гатовы ўжо жыллё там пабудаваць і атрымаць пэўныя дывідэнды", - дадаў беларускі лідар.

"Але гэта няправільна, калі Прэзідэнт дзвюма рукамі ўтрымлівае тэрыторыю. Трэба раз і назаўсёды выпрацаваць канцэпцыю забудовы і такіх месцаў, якія з'яўляюцца для нас ужо святымі. Іх нельга сапсаваць, але і нельга ў такім выглядзе пакідаць. Перагрузіць нельга, але трэба падумаць, як прыгожа там штосьці пабудаваць, каб і людзям было добра, і тым, хто будзе эксплуатаваць гэтыя памяшканні, і гораду даход быў", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што неабходна распрацаваць канцэпцыю нават не забудовы, а прывядзення Мінска ў парадак. "Усё гэта будзе ўзбагачаць сталіцу, падтрымліваць, умацоўваць пераемнасць традыцый, - упэўнены ён. - І вельмі вас прашу: не плануйце вышынныя будынкі".

Больш творча і сучасна трэба падыходзіць да азелянення і кветкавага афармлення Мінска, да малых архітэктурных форм, паколькі ўсё гэта не толькі ўпрыгожвае горад, але і з часам можа стаць яго здабыткам, сказаў Прэзідэнт. "Там, дзе нашы бацькі і дзяды будавалі гарады, усё патанае ў зеляніне. Новыя мікрараёны - страшна глядзець", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Нашы зялёныя зоны і паркі маюць патрэбу ў абнаўленні, а дзесьці нават у аднаўленні. Ва ўсім свеце гэта прыродныя аазісы ўнутры каменнага мегаполіса, якія становяцца гонарам горада і нават краіны. Паглядзіце ўважліва на парк Горкага. На ваш погляд, ці адпавядае яго стан узроўню цэнтральнага парку сталіцы?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён даручыў сталічнай мэрыі на працягу двух гадоў асвоіць усе ландшафтныя зоны, якія сёння прадугледжаны пад азеляненне, і пры гэтым даць людзям магчымасць самім прыняць удзел у гэтых работах, пасадзіць сваё дрэва. "Кожны павінен клапаціцца пра Мінск, няхай нават гэта не ваш мікрараён. Але гэта ваша малая радзіма, няхай другая малая радзіма, як мая. Але трэба клапаціцца пра гэты куток", - перакананы беларускі лідар.

"Толькі прыгожымі фасадамі і зялёнымі насаджэннямі задачу па фарміраванні міжнароднага аблічча Мінска як еўрапейскай сталіцы не вырашыць. Пытанне глыбей. Да нас прыязджаюць тысячы гасцей, якія захапляюцца чысцінёй і гасціннасцю. Але ці застаецца Мінск у іх памяці як унікальны горад са сваім уласным стылем? Сёння як ніколі востра паўстала пытанне аб яго фарміраванні, прычым у самым шырокім сэнсе слова", - заявіў Прэзідэнт.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, важна ўсё, аж да, здавалася б, нязначных дробязей - элементаў упрыгожвання будынкаў, аўтобусных прыпынкаў, дарожных знакаў, вулічных ліхтароў, падсветкі, рэкламы і нават уніформы гарадскіх службаў.

"Размова ідзе ў тым ліку і пра брэнд-платформу, канцэпцыю, лагатып. Гэта дапаможа сфарміраваць непаўторны вобраз Мінска, пазнаваемы ва ўсім свеце, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Дабаўце сюды яркія падзеі - і імідж горада адразу зменіцца. Мы павінны зрабіць Мінск модным і папулярным. Ва ўсіх краінах шукаюць любую падставу, каб прыцягнуць да сябе ўвагу турыстаў. Вы павінны сабраць разумных і творчых людзей, выпрацаваць інавацыйную стратэгію фарміравання аблічча і стылю. Яны павінны выклікаць эмоцыі, адпавядаць культурным традыцыям і адлюстроўваць памкненні гараджан".

Прэзідэнт дадаў, што кожны год у сталіцы праводзіцца больш за тысячу культурных і спартыўных мерапрыемстваў рознага маштабу, але наступны год будзе асаблівы - летам пройдуць II Еўрапейскія гульні. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што спаборніцтвы будуць успрымацца як беларуская Алімпіяда. У краіну прыедуць некалькі тысяч атлетаў і трэнераў, сотні тысяч балельшчыкаў.

"Кожны метр гарадскога асяроддзя павінен працаваць на гасцей і ўдзельнікаў гэтай спартыўнай падзеі. Мінскаму гарвыканкаму неабходна мабілізаваць усе намаганні і на самым высокім узроўні правесці гэта мерапрыемства", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што турысты традыцыйна адзначаюць бяспеку Мінска. Жыхары сталіцы, паводле яго слоў, і самі ведаюць, што могуць спакойна прагульвацца, вяртацца з работы або вучобы дадому ў любы час.

"Галоўнае, мы паступова павінны пераходзіць да больш сучасных, эфектыўных форм забеспячэння бяспекі, у тым ліку на аснове лічбавых тэхналогій. Наконт гэтага рашэнні мною прыняты ўжо. Трэба актыўней развіваць сістэму маніторынгу грамадскай бяспекі, каб максімальна аўтаматызаваць кантроль за спакоем на вуліцах і не трымаць там лішніх супрацоўнікаў. Бяспека і далей павінна быць забяспечана на самым высокім узроўні", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, Мінск, несумненна, мае патрэбу ў развіцці падзейнай прасторы. Яе ключавымі характарыстыкамі павінны стаць бесперапыннасць, убудаванасць у гарадское асяроддзе і сусветныя трэнды, а таксама даступнасць для розных катэгорый мінчан.

"Жыццё Мінска - гэта жыццё, круглы год насычанае мерапрыемствамі, якія арганічна дапаўняюць адно аднаго. Людзям спадабаліся, напрыклад, музычныя і культурныя вечары на плошчы Свабоды. Гэта трэба развіваць. Тбілісі, Львоў на джазе стварылі сабе новы твар, прымусілі гаварыць аб іх у свеце і прыцягнулі сотні тысяч турыстаў. Давайце актыўней выходзіць за сцены тэатраў, канцэртных залаў і стадыёнаў. Гарадскі ландшафт - гэта ж цудоўныя дэкарацыі для відовішчных мерапрыемстваў", - лічыць Прэзідэнт.

Аднак тое, што для людзей радасць і адпачынак, - для гарадскіх улад работа, канстатаваў ён. Асабліва гэта датычыцца падтрымання грамадскага парадку і бяспекі. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што колькасць зарэгістраваных злачынстваў у Мінску за восем гадоў знізілася амаль у два разы. "Важна не рэгістрацыя, а іх рэальнае скарачэнне", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

На нарадзе Аляксандр Лукашэнка ўзняў і тэму стварэння безбар'ернага асяроддзя. "Мінск проста павінен стаць эталонам па ўладкаванні безбар'ернага асяроддзя на ўсіх аб'ектах. Пакуль толькі 36% будынкаў, нават камунальнай формы ўласнасці, даступны для фізічна аслабленага чалавека", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што сучасны горад - гэта не толькі інфраструктура і глянец будынкаў, але і сістэма ўзаемаадносін улады і жыхароў. "Уменне бачыць праблемы іншых і вырашаць іх - вось прыкмета сучаснага і развітога грамадства. Сярод тых, каму дзяржава ў першую чаргу павінна аказваць падтрымку, - людзі з абмежаванымі магчымасцямі", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

У Мінску сёння іх пражывае больш за 125 тыс. - амаль чвэрць ад агульнай колькасці па краіне. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што работу па стварэнні безбар'ернага асяроддзя неабходна вывесці на новы якасны ўзровень. У першую чаргу гэта адносіцца да транспартнай інфраструктуры, а таксама да аб'ектаў з масавым знаходжаннем людзей. "Аднак лепшы шлях - гэта планаванне гарадскога асяроддзя такім чынам, каб пазбегнуць штучных перашкод", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў беларускай сталіцы сёння жывуць амаль 160 тыс. грамадзян старэйшых за 70 гадоў, з іх каля 13% - адзінокія людзі, якія не маюць блізкіх сваякоў. Ён падкрэсліў, што яны павінны быць акружаны клопатам дзяржавы.

Асаблівую ўвагу, паводле слоў Прэзідэнта, неабходна ўдзяляць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Усяго ў краіне іх засталося сем з палавінай тысяч, больш за дзве тысячы пражываюць у Мінску, і кожны другі з'яўляецца адзінокім.

"Будучыня краіны - гэта нашы дзеці. Праблема перапоўненасці дашкольных устаноў і школ не знята. На 100 месцаў прыпадае 117 дзяцей. Асобныя школы перагружаны амаль у два разы. Двухмільённаму Мінску трэба яшчэ як мінімум 20 дзіцячых садоў і сем школ", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Актуальнай застаецца і кадравая праблема. На сённяшні дзень у дашкольных установах 273 вакансіі выхавальнікаў. У школах дэфіцыт педагагічных работнікаў складае 159 чалавек. "Пытанне да Міністэрства адукацыі. Ад горада патрабуецца дакладнае бачанне вырашэння гэтых праблем", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт чакае ад улад Мінска бескампраміснай барацьбы з бюракратыяй і карупцыяй. "Трэба вам (кіраўніцтву горада. - Заўвага) ва ўзаемадзеянні з Адміністрацыяй Прэзідэнта па прозвішчах разабрацца, з кім вам працаваць, а з кім - не. Асабліва ў падведамных Мінскаму гарвыканкаму арганізацыях, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вы павінны аб'явіць бескампрамісную барацьбу бюракратыі і карупцыі, паколькі адно спараджае другое".

Ён падкрэсліў, што рэзанансныя карупцыйныя злачынствы, фігурантамі якіх перыядычна становяцца службовыя асобы рознага рангу, падрываюць аўтарытэт гарадской улады і кідаюць цень на прыстойных супрацоўнікаў. "Карупцыя - гэта дзікая несправядлівасць і ржа, якая знішчае ўсё. А гэтага "дабра" ў Мінску дастаткова. Вы ведаеце, колькі ў месцах пазбаўлення волі сёння знаходзіцца мінчан, - ад бізнесменаў да ўлады. Не хацелася, каб так было", - заўважыў Прэзідэнт.

"Трэба сфарміраваць эфектыўны апарат Мінскага гарвыканкама. Гнаць нікога не трэба, але і трымаць тых, хто сябе дыскрэдытаваў і працаваць не хоча, ні мінуты нельга, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць падбору і расстаноўцы кадраў па прыярытэтных напрамках развіцця вялікага горада. Працаваць павінны толькі тыя людзі, якія могуць забяспечыць устойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё сталіцы, хутка рэагаваць на змяненні ўмоў жыцця насельніцтва".

Прэзідэнт адзначыў, што, калі атрымлівае інфармацыю, дзе недапрацоўвае мясцовая ўлада, то пачынае абурацца. "Як бы вы жылі, калі б са столі кожны дзень цякла вада і вы ставілі тазікі каля сваёй пасцелі? Гэта нармальна? Упэўнены, ніхто з прысутных у гэтай зале так не жыве. Зрабіце хоць неабходнае для людзей там, дзе яны не могуць зрабіць", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што катэгарычна незадаволены работай Мінскага гарвыканкама. "Не магу я згадзіцца з тым, як вы працуеце. Гэта - перш за ўсё прычына сённяшняй нарады, а не таму што новы кіраўнік горада", - растлумачыў ён.

Прэзідэнт даручыў прапрацаваць меры і падрыхтаваць прапановы па ўзмацненні адказнасці за карупцыйныя правапарушэнні. "Спагнанне па пытаннях карупцыі трэба ўзмацніць. Падрыхтуйце прапановы. Мы ўзмоцнім адказнасць за карупцыйныя правапарушэнні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён папярэдзіў, што ні адзін факт карупцыі не можа застацца незаўважаным, і рана ці позна вінаватых прыцягнуць да адказнасці.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што займаецца барацьбой з карупцыяй ужо на працягу многіх гадоў, і нават узначальваючы адпаведную парламенцкую камісію, меў магчымасць атрымліваць звесткі аб тых ці іншых фактах, якія нехта спрабаваў утаіць. "Звычайныя хлопцы, асабліва з МУС і КДБ, простыя лейтэнанты - аператыўнікі прыносілі мне пачкамі гэтыя дакументы. Баяліся, каб ніхто з генералаў і начальнікаў не заўважыў. За пазухай прыносілі дакументы. Дастаткова было сігналу. Потым мы самі разбіраліся. Я проста прыводжу прыклад, што немагчыма нічога ўтаіць", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што калі яму дакладваюць аб фактах карупцыі ў адносінах да высокіх службовых асоб, ён заўсёды патрабуе прад'явіць канкрэтныя доказы, узяць з доказамі злачынства. "Толькі тады з майго ведама прымаюцца рашэнні. Гэтым самым я абараняю невінаватага чыноўніка. Таму што ўсялякае можа быць. Наедуць ні за што на адказнага, добрага чалавека, які любіць краіну. Таму я патрабую даклада па ўсіх напрамках, у тым ліку па буйных правапарушэннях. Не бывае выпадку, каб вы недзе нешта заказалі, жонка, сваякі і заўтра-паслязаўтра гэта не было вядома. Адразу бяром на кантроль. Праз месяц усё зразумела - цэлая схема. І вось тут даравання не чакайце", - папярэдзіў беларускі лідар.

Прэзідэнт лічыць важным прыцягваць неабыякавых мінчан да вырашэння праблем сталіцы. Ён канстатаваў, што ўзровень даверу насельніцтва мясцовай уладзе ў сталіцы - самы нізкі па краіне. Паводле яго слоў, для гэтага ёсць свае прычыны: з аднаго боку, большасць мінчан маюць крытычны погляд і высокія чаканні, з іншага - мясцовыя ўлады не гатовы апраўдваць гэтыя чаканні.

"Слаба падрыхтаваныя грамадскія абмеркаванні толькі ўзмацняюць нездаровы ажыятаж вакол тых ці іншых праектаў, праблем. Людзям неабходна расказваць аб планах па развіцці горада. Трэба актыўна прыцягваць неабыякавых грамадзян да вырашэння праблем горада", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта не запатрабуе вялікіх фінансавых затрат, але ўмацуе ўзровень даверу да ўлады. "Кожнаму работніку Мінскага гарвыканкама і адміністрацый горада трэба павярнуцца тварам да людзей, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Недапушчальна, калі чалавек не можа трапіць на прыём у свой гарвыканкам, калі нават радавы служачы выканаўчага органа ўлады паводзіць сябе як удзельны князёк. Яшчэ раз патрабую ад вас аб'явіць самую непрымірымую барацьбу з гэтымі негатыўнымі з'явамі, якія разлагаюць кіраўніцкі апарат".

Яшчэ адно важнае пытанне - работа са зваротамі грамадзян. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэта не проста выкананне патрабаванняў заканадаўства.

"Трэцяя частка зваротаў на маё імя паступіла менавіта з горада-героя Мінска, а разам з Мінскай вобласцю - палова, - расказаў Кіраўнік дзяржавы. - Своечасовае рэагаванне на ўзнікаючыя, на першы погляд, малазначныя, праблемы мае велізарнае значэнне. Калі не мы будзем кіраваць сітуацыяй, то яна будзе кіраваць намі. У лепшым выпадку зможам справіцца, але з пэўнымі стратамі для сябе, часам вельмі цяжкімі. У горшым - праблемамі будуць займацца іншыя. Паглядзіце, што сёння робіцца ў Францыі, багатай, развітой. Прычына - ва ўладзе".

"Я нядаўна прыводзіў прыклад: у Расіі правялі сацыялагічнае даследаванне, і галоўнае запатрабаванне ні на каўбасу, ні на хлеб, ні на бяспеку - на справядлівасць. А шмат гадоў таму я ж ад вас патрабаваў і да гэтага часу патрабую: у аснову нашай палітыкі як нацыянальная ідэя павінна быць пакладзена галоўнае - справядлівасць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Няма справядлівасці - не будзе дзяржавы. Яна пачынае разбурацца адсюль".

Прэзідэнт адзначыў, што сталіца - гэта рэгіён, дзе пераважае высокаадукаванае насельніцтва з павышанымі сацыяльнымі, інтэлектуальнымі і культурнымі запатрабаваннямі. Ён адзначыў, што мінчане больш востра рэагуюць на фармалізм і бюракратычную валакіту, задаюць шмат крытычных пытанняў. Разам з тым яны гатовы да дыялогу, няхай не заўсёды беспраблемнага, але неабходнага.

"Ці гатовы да такога дыялогу мінскі актыў? Прадстаўнікі ўлады не павінны баяцца людзей, трэба сустракацца, размаўляць, тлумачыць, даказваць. А пры неабходнасці пераконваць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Чаму ў вырашэнні такой складанай задачы не праяўляюць актыўнасць грамадскія арганізацыі? Іх наогул нідзе не відаць. На іх варта абапірацца больш".

І гэта задача не толькі для ідэалагічных работнікаў, паколькі сёння кожны прадстаўнік улады - ідэолаг, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. "Яго словы і справы фарміруюць імідж дзяржавы. Ні ў якім разе нельга адарвацца ад народа: ён не пацерпіць несправядлівасці і снабізму", - заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што больш за 25% насельніцтва Мінска - гэта моладзь, фарміраванне актуальнага для яе парадку дня мае свае асаблівасці. "Важна не дапусціць правалу ў выхаваўчай, ідэалагічнай рабоце, не даць запоўніць розумы танным "фастфудам". Неабходна даць ім інфармацыю аб вакансіях, стажыроўках, конкурсах, майстар-класах, бясплатных адкрытых лекцыях. Трэба іх уключыць у жыццё - ад спорту, працы да адпачынку, - сказаў Прэзідэнт. - Трэба памятаць, што для моладзі самае важнае - гэта магчымасць для самарэалізацыі, асобаснага і прафесійнага росту. І ў горадзе павінны быць створаны самыя сучасныя ўмовы для гэтага".

Аб праблемных пытаннях у рабоце мясцовых органаў улады на нарадзе расказала Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава, Старшыня КДБ Валерый Вакульчык далажыў аб карупцыйных праявах і мерах па іх прадухіленні. У сваю чаргу назначаны нядаўна старшыня Мінскага гарвыканкама Анатоль Сівак расказаў аб планах і рабоце па стварэнні камфортнага гарадскога асяроддзя і фарміраванні аблічча Мінска.

Завяршаючы нараду, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што палічыў патрэбным яшчэ раз з актывам сталіцы ўзняць асноўныя праблемныя моманты ў развіцці горада. "Трэба ўзяцца за справу і займацца Мінскам. Вельмі на вас разлічваю. Мэту сённяшняй нарады мы дасягнулі. Вы пачулі мяне, мы зразумелі адзін аднаго. Гэта галоўнае, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вельмі хацеў бы, каб мы дастойна выглядалі перад сваімі людзьмі. А на вас глядзяць не толькі два мільёны мінчан, але і ўсе жыхары краіны".

"Сённяшні Мінск - гэта прыгожы, утульны, вялікі горад з вялікімі недахопамі, якія мы павінны абавязкова вырашыць", - даў наказ беларускі лідар.