Нарада па пытаннях мадэрнізацыі ААТ "Камволь"

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў безумоўнага выканання раней дадзеных даручэнняў па мадэрнізацыі ААТ "Камволь". Аб гэтым ён заявіў 17 ліпеня на нарадзе, прысвечанай пытанням развіцця прадпрыемства.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што не адзін раз звяртаўся да пытанняў дзейнасці ААТ "Камволь" і ААТ "Сукно", быў на гэтых прадпрыемствах. "Тады мы прымалі канкрэтныя рашэнні. Былі вызначаны адказныя людзі за выкананне рашэнняў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт пацікавіўся ў прысутных на нарадзе, як выконваюцца яго даручэнні.

У адпаведнасці з Указам № 510, падпісаным Кіраўніком дзяржавы 14 лістапада 2013 года, інвестыцыйны праект па стварэнні новай вытворчасці па выпуску канкурэнтаздольных тканін бізнес- і эканомкласаў ва ўмовах ААТ "Камволь" прадугледжваецца рэалізаваць да канца 2015 года. Выхад на праектную магутнасць па выпуску да 6 млн паг.м тканіны ў год запланаваны ў 2017 годзе. Прадугледжвалася правесці комплексную мадэрнізацыю вытворчага корпуса, выканаць будаўніча-мантажныя работы, камплектацыю і мантаж асноўнага тэхналагічнага абсталявання, асвоіць выпуск тканін, пабудаваць аўтаномную энергакрыніцу і аб'екты дапаможнага і абслуговага прызначэння.

Кіраўніку дзяржавы даложана аб завяршэнні двух этапаў мадэрнізацыі. У канцы верасня чакаецца заканчэнне трэцяга.

У той жа час, паводле інфармацыі кантралюючых органаў, тэрміны мадэрнізацыі зацягваюцца, павялічваецца кошт будаўніча-мантажных работ.

Прэзідэнт даў строгае даручэнне прытрымлівацца першапачаткова вызначаных тэрмінаў, а таксама прарэвізаваць кошт.

У выніку мадэрнізацыі прадпрыемства павінна працаваць з рэнтабельнасцю не ніжэй за 15-20 % з тым, каб акупіць затраты.

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў прысутных, што заканчваецца адказны этап мадэрнізацыі прадпрыемства і надыходзіць не менш адказны па заваяванні рынкаў збыту.

Добрыя магчымасці для прадпрыемства адкрываюцца ў сувязі з адменай калегіяй Еўразійскай эканамічнай камісіі абмежаванняў доступу беларускіх камвольных тканін на расійскі рынак. Паводле слоў генеральнага дырэктара прадпрыемства Сяргея Гаравога, падлічваецца магчымасць паставак прадукцыі ў краіны СНД, Еўрапейскага саюза.

Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу ў першую чаргу закрыць патрэбнасці ўнутранага рынку ў прадукцыі ААТ "Камволь".

Ён падкрэсліў, што абяцаў калектыву ААТ "Камволь" і ўсёй краіне, што ў выніку мадэрнізацыі гэта будзе найсучаснейшае прадпрыемства. Чакаецца, што гэта будзе самае магутнае прадпрыемства на постсавецкай прасторы з пункту гледжання аб'ёмаў вытворчасці, якасці і асартыменту выпускаемай прадукцыі.

Аляксандр Лукашэнка мае намер у канцы верасня наведаць "Камволь", каб асабіста пракантраляваць, як завяршаецца мадэрнізацыя, а ў канцы года пабываць тут яшчэ раз, каб па выніках выканання мадэрнізацыі яшчэ раз вярнуцца да пытання аб аб'яднанні ААТ "Камволь" і "Сукно".

Прэзідэнт запатрабаваў не толькі захаваць абодва прадпрыемствы, але і рабочыя месцы на іх, эфектыўна правесці мадэрнізацыю, каб прадпрыемства было канкурэнтаздольным у доўгатэрміновым перыядзе.