Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Нарада па вырашэнні актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі

3 мая 2018 года
Спрыяльныя знешнеэканамічныя ўмовы дазваляюць разлічваць на дадатковыя даходы ў бюджэт. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявищ 3 мая на нарадзе па вырашэнні актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі.

"Цяпер склаліся спрыяльныя ўмовы. Рост сусветных цэн (на нафту) таксама нам на руку, паколькі растуць цэны і на нафтапрадукты, якія мы вырабляем у Беларусі. Даражэй мы прадаём мінеральныя ўгнаенні, у тым ліку калій. Гэта дазваляе разлічваць на дадатковыя даходы ў бюджэт, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Які перыяд часу гэта будзе прадаўжацца, ніхто не ведае, але вечна гэта дакладна не будзе. Трэба літаральна паспець атрымаць максімум выгады з кан'юнктуры, якая склалася, і захаваць апераджальную дынаміку ва ўсіх сферах".

Прэзідэнт канстатаваў наяўнасць немалой колькасці нявырашаных пытанняў і розных меркаванняў наконт гэтага, асабліва наконт напрамкаў расходавання бюджэтных сродкаў. "Рэальны сектар будзе, вядома ж, цягнуць коўдру на сябе, як гэта ў нас часта бывае. Фінансісты скажуць, што трэба перш за ўсё скарачаць дзяржаўны доўг", - адзначыў беларускі лідар.

"Маю пазіцыю чулі не толькі вы, але і ўвесь народ. Бюджэт служыць мэтам сацыяльнай палітыкі. Падаткі павінны максімальна вяртацца ў грамадства праз медыцыну, адукацыю, заработныя платы бюджэтнікам, падтрымку найбольш слабаабароненых слаёў насельніцтва", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Урад мае намер прадоўжыць практыку аказання дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемствам. Не спрачаюся, відаць, некага трэба і падтрымліваць. Аднак галоўнае пытанне: на якія мэты накіраваны прапановы па аказанні гэтай падтрымкі. Калі на бягучыя патрэбы, то абмеркаванне сёння можна і не пачынаць. Мы не бачым абяцанага эфекту ў поўным аб'ёме ад раней аказанай дзяржпадтрымкі. Нам патрэбны прадпрыемствы, якія жывуць без пастаяннай падпіткі з дзяржбюджэту. Такім чынам мы прывыклі забіраць грошы настаўнікаў і ўрачоў і накіроўваць іх туды, дзе яны павінны зарабляцца і наадварот накіроўвацца ў бюджэт", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

"Мы за кошт бюджэту ўсім дапамагчы не зможам. Напрыклад, падтрымалі мадэрнізацыю многіх прадпрыемстваў, і цяпер іх эканоміка павінна быць самастойнай і вяртаць укладзенае", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.

"Хацелася б, каб Прэм'ер-міністр далажыў аб тым, як будуць расці даходы насельніцтва: зарплаты, пенсіі. Мы не можам у чорным целе трымаць народ, - заявіў Прэзідэнт. - Як будзем павышаць эфектыўнасць бюджэтнай сістэмы для забеспячэння сацыяльных стандартаў грамадства? Ці дастаткова прапануемых вамі мер для скарачэння дзяржаўнага доўгу?"

Аляксандр Лукашэнка таксама папрасіў Міністра эканомікі праінфармаваць аб тым, што трэба зрабіць для апераджальнага эканамічнага росту. "Што стрымлівае гэты рост сёння? Аснова нашай эканамічнай палітыкі непарушная - калі бачыце неабходнасць пераўтварэнняў у любым напрамку (эканоміка, жыццё грамадства, асабліва прадпрыемствы матэрыяльнай сферы), закон адзін - сацыяльная адказнасць і ўлік інтарэсаў нашага народа", - падкрэсліў беларускі лідар.

"У абмеркаванні актуальных пытанняў мы павінны зыходзіць з таго, што ў нас ёсць абавязацельствы перад народам, якія патрабуюць няўхільнага выканання. Мэта нязменная - забяспечыць павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

На нарадзе абмяркоўваліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця ў першым квартале 2018 года, адзначана дадатная дынаміка, выкананне даходнай часткі бюджэту. Былі разгледжаны прапанаваныя Урадам падыходы па выкарыстанні існуючых дадатковых даходаў, у тым ліку на павелічэнне зарплат у бюджэтных арганізацыях, пенсій, абслугоўванне знешняга дзяржаўнага доўгу. Абмеркавана і тэма работы дзяржпрадпрыемстваў, эфектыўнасці выкарыстання імі сродкаў дзяржпадтрымкі і крэдытных рэсурсаў. Кіраўнік дзяржавы ў ходзе нарады выслухаў прапановы Урада і даў у сувязі з гэтым шэраг канкрэтных даручэнняў.
Тэгі: Нарады
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь