Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Нарада па выніках беларуска-расійскіх перагавораў у Сочы

22 верасня 2018 года
Беларуска-расійскія перагаворы ў Сочы былі цяжкія, але выніковыя. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 верасня на нарадзе з удзелам членаў Урада ў Мінску.

"Асноўная частка перагавораў была сам-насам з Прэзідэнтам (Расіі). Перагаворы доўжыліся 6 гадзін, нават больш. І калі шчыра, то гэта былі нават не складаныя, а цяжкія перагаворы. Але выніковыя", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Я запрасіў вас для таго, каб абмеркаваць вынікі перагавораў з Расіяй па актуальных пытаннях нашых адносін", - адзначыў Прэзідэнт, звяртаючыся да членаў Урада.

Улічваючы, што многія тэмы падрабязна абмяркоўваліся менавіта кіраўнікамі дзяржаў у фармаце сам-насам, Аляксандр Лукашэнка комплексна праінфармаваў удзельнікаў нарады аб выніках перагавораў.

Абмяркоўваліся палітычныя пытанні, узаемаадносіны Расіі і Беларусі ў рамках ЕАЭС, СНД, АДКБ і далейшага будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. "Канкрэтныя пытанні ў нас, вядомыя пытанні, па АДКБ, перш за ўсё, старшынства ў АДКБ і развіцця гэтай арганізацыі. Шмат увагі мы ўдзялілі вострым пытанням у рамках СНД, якія датычацца нашых абедзвюх дзяржаў. Перш за ўсё - Украіна. У вельмі пазітыўным ключы быў дыялог, асабліва з боку Прэзідэнта Расіі", - расказаў беларускі лідар.

"Думаю, што гэтыя пытанні будуць яшчэ абмяркоўвацца перш за ўсё ў Душанбэ праз тыдзень (на саміце СНД). Ну і не абыдзем мы іх 12 кастрычніка ў Магілёве ў час Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, на якім будуць абодва прэзідэнты і кіраўнікі ўрадаў", - дадаў Прэзідэнт.

Нямала ўвагі на перагаворах у Сочы было ўдзелена пытанню развіцця сельскай гаспадаркі і вядомых узаемных прэтэнзій па пастаўках беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі ў Расію. "Тут ёсць поўнае разуменне. Мы прыйшлі да высновы, што літаральна на працягу тыдня будзе выпрацаваны індыкатыўны баланс, гэта значыць, план узаемных паставак сельгаспрадукцыі. Гэта галоўнае", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Адпаведныя балансы будуць падпісаны або на ўзроўні міністэрстваў, або віцэ-прэм'ераў, якія курыруюць гэты напрамак. "Трэба сказаць, што нашы віцэ-прэм'еры ўжо дзве дарожныя карты распрацавалі па вырашэнні гэтых праблем. Але да ўчарашняга дня, ды і да сённяшняга, гэтыя праблемы ў поўным аб'ёме так і не былі вырашаны", - заўважыў беларускі лідар.

"Мною было пастаўлена пытанне, прытым жорстка, ужо на другім пасяджэнні ў шырокім складзе аб тым, што нам нядобра дзейнічаць такім чынам, як мы цяпер дзейнічаем. Асабліва з боку Расіі. Нешта не спадабалася - закрылі прадпрыемства. І сёння чатыры з паловай дзясяткі малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў і, напэўна, два з паловай дзясяткі мясаперапрацоўчых не маюць магчымасці ў поўным аб'ёме пастаўляць сваю прадукцыю на расійскі рынак", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.


"Прэзідэнт Расіі мне яшчэ раней гаварыў, што гэта сітуацыя няправільная, непрымальная. І яе трэба выпраўляць. Я думаю, што да канца года гэта сітуацыя будзе кардынальным чынам зменена", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.

Размова на перагаворах ішла і аб існуючых праблемах машынабудаўнічых комплексаў. "Мы асабліва шмат увагі ўдзялілі гэтаму на перагаворах у фармаце сам-насам. У тым ключы, што нам не трэба было б паўтараць адну і тую ж вытворчасць, ствараючы прадпрыемствы, асабліва ў Расіі", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён прывёў прыклад, што калі ў Беларусі ёсць прадпрыемства БелАЗ, то навошта такое прадпрыемства па выпуску аўтамабіляў вялікай грузападымальнасці ствараць у Расіі. "Няма такой неабходнасці. Звернута была ўвага на работу па кааперацыі, як гэта было і раней. Поўнае ўзаемаразуменне з Прэзідэнтам Расіі", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

"Але ўся бяда ў тым, што мы там дрэнна працуем. Дрэнна мы яшчэ працуем са сваімі калегамі - міністр з міністрам, віцэ-прэм'ер з віцэ-прэм'ерам", - адзначыў Прэзідэнт.

"Таксама гаварылі аб роўных умовах гаспадарання, так званым утылізацыйным зборы", - падзяліўся Кіраўнік дзяржавы падрабязнасцямі перагавораў.

У Сочы абмяркоўваўся таксама блок фінансавых праблем. Адно з пытанняў - выдзяленне Беларусі крэдытных рэсурсаў Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця ў агульным аб'ёме $2 млрд. "Мы атрымалі пяць траншаў. Застаўся шосты і сёмы. Я не бачу ніякіх праблем з выдзяленнем шостага траншу, і, як было заяўлена, можна вырашыць пытанне па сёмым траншы. Усё залежыць ад таго, як перш за ўсё беларускі бок у гэтым напрамку будзе працаваць. Думаю, што гэта вырашальнае пытанне. Шосты транш Беларусь атрымае ў бліжэйшы час. Сёмы - гэта ўжо справа актыўнасці перш за ўсё беларускіх членаў Урада", - заявіў беларускі лідар.

"Мы таксама абмяркоўвалі пытанне аб рэфінансаванні доўгу ў памеры $1 млрд. І тут адчужэння не было ніякага", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.


Акрамя таго, бакі абмеркавалі пытанне аб прадаўжэнні тэрміну вяртання крэдыту на будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі і зніжэнні працэнтнай стаўкі. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што беларускі бок гэта матывуе тым, што тэрміны па будаўніцтве расійскім бокам парушаны. "Пакуль адкладваецца запуск першага блока аж на год. Баюся, як мяне інфармуюць кантралёры, што, можа быць, Расія папросіць яшчэ перанясення тэрміну, што ўжо наогул недапушчальна. І калі тэрміны былі сарваныя (мы, вядома, не хочам ісці ў суды, судзіцца, як гэта паводле дагавора), мы дамовілся аб тым, што тэрмін вяртання крэдыту трэба прадоўжыць. І працэнтная стаўка павінна быць не горшая, чым для іншых дзяржаў. Напрыклад, Арменіі, Бангладэш, Венгрыі і гэтак далей, - адзначыў Прэзідэнт Беларусі. - Гэта прыкладна да 3%. Трэба проста дапрацаваць гэта пытанне. І я думаю, што мы можам вырашыць гэта пытанне ў тым ключы, у якім я сказаў".

Абмяркоўвалася таксама пытанне аб вырашэнні праблемы перасячэння беларуска-расійскай граніцы грамадзянамі трэціх краін. Прэзідэнт адзначыў, што паміж дзвюма дзяржавамі фактычна няма граніцы, аднак для грамадзян трэціх краін узнікаюць дадатковыя складанасці. "У гэтым напрамку нам трэба працаваць, і разуменне ў гэтым ёсць. Гэта ў інтарэсах і Расіі, і Беларусі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што самае галоўнае пытанне, якое абмяркоўвалася ў Сочы, было звязана з вяртаннем грашовых сродкаў ад "ператаможкі" сырой нафты ў беларускі бюджэт. "А таксама пытанне перапрацоўкі ў Беларусі цёмных нафтапрадуктаў, напрыклад, мазуту, які купляўся нашымі кампаніямі ў расійскіх, перапрацоўваўся, а нафтапрадукты рэалізоўваліся на беларускім і замежных рынках", - удакладніў Прэзідэнт.

"Гэта няпростае, складае пытанне. Мы выпрацавалі два варыянты і дамовіліся з Прэзідэнтам Расіі, што мы гэтыя два варыянты абмяркуем у Мінску. І ў Душанбэ (на палях маючага адбыцца саміту СНД) канчаткова ўзгоднім вырашэнне гэтага пытання, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Але фактычна яно вырашана. Трэба выбраць той ці іншы варыянт. Сёння мы і абмяркуем з вамі, які варыянт, паглыбіўшыся ў тыя дамоўленасці, якіх мы дасягнулі з Расіяй".

"Мы таксама абмяркоўвалі пытанне нашых грузаперавозчыкаў, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта ненармальна, што Расійская Федэрацыя, выдаючы дазволы на перавозку грузаў, павялічыла для Польшчы, Літвы, Латвіі гэтыя дазволы (іх колькасць) аж у тры разы за апошнія тры гады, у той жа час знізіўшы іх для беларускіх перавозчыкаў. Ну якая ж тут Саюзная дзяржава..."


"Дарэчы, гэта здзівіла Прэзідэнта Расіі, і я так разумею, што яго проста не інфармавалі па гэтым пытанні. Але сказаў (Уладзімір Пуцін), што гэта ненармальна. Мы гэта пытанне абмяркоўвалі і сам-насам. І што мы павінны выправіць гэту сітуацыю. Зноў жа, пытанне за адпаведнымі членамі ўрадаў Беларусі і Расіі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

На перагаворах закранута таксама пытанне тытунёвага рынку і акцызаў. У закрытым рэжыме абмеркаваны блок ваенна-палітычных пытанняў.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў на нарадзе разам падумаць і абмеркаваць, як у далейшым будуць рэалізоўвацца дасягнутыя дамоўленасці. "Перш за ўсё звязаныя з так званай ператаможкай, пастаўкамі Беларусі цёмных нафтапрадуктаў, пастаўкамі прыроднага газу і аплаты прыроднага газу з боку Беларусі", - рэзюмаваў беларускі лідар.
Тэгі: Нарады
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь