Нарада па ўдасканаленні заканадаўства аб ахове і выкарыстанні зямель

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка патрабуе ідэальнага парадку на зямлі. Такую задачу ён паставіў 21 мая на нарадзе па ўдасканаленні заканадаўства аб ахове і выкарыстанні зямель.

На разгляд Кіраўніка дзяржавы прадстаўлены праект указа, якім прапануецца ўнесці змяненні ў заканадаўства аб адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў.

"Мае адносіны да зямель, асабліва сельгаспрызначэння, ды і ляснога фонду, вы ведаеце. Сёння ніякіх мерапрыемстваў у плане будаўніцтва і гэтак далей, звязаных з адвядзеннем зямель, без дазволу Прэзідэнта ў краіне не праводзіцца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў свой час у Беларусі былі прадастаўлены паўнамоцтвы губернатарам распараджацца гэтымі землямі, аднак затым парадак быў зменены. "Чаму гэта адбылося, я гаварыў. Такога хаосу і непарадку на зямлі, як у той перыяд, у нас не было! Пачалі будаваць на ўрадлівых землях розныя склады, прадпрыемствы, ды і жыллё", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Землі сельгаспрызначэння - гэта святое. Многія пакаленні іх стваралі, высякаючы дрэвы, займаючыся лядным земляробствам, ствараючы тое, што корміць народ, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Зямельныя рэсурсы - гэта найвялікшая каштоўнасць для любой дзяржавы. Адсюль мае адносіны да гэтага".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што перш, чым падпісваць адпаведны ўказ, хацеў бы абмеркаваць пытанне рацыянальнага выкарыстання зямельных рэсурсаў. "Гэта наша багацце. 90 % тэрыторыі краіны - гэта землі сельгаспрызначэння і лясы, якія павінны выкарыстоўвацца эфектыўна", - сказаў ён.

Прэзідэнт пацікавіўся ў прысутных, чым выклікана неабходнасць карэкціроўкі існуючага парадку, што новага прапануецца ў плане ўдасканалення выкарыстання зямельных рэсурсаў і як гэта павысіць эфектыўнасць гаспадарання ў гэтай сферы.

"Пры гэтым хачу заўважыць: на зямлі павінен быць ідэальны парадак. Гэта наш брэнд, наш твар. Хто б у краіну ні прыязджаў, адзначае нашу гармонію з прыродай, што мы яе не сапсавалі, што чалавек у нашай краіне можа і адпачываць, і жыць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Чысціня - гэта і паветра, і зямельныя рэсурсы, лес - гэта здароўе нашага чалавека. Таму я ўдзяляю такую пільную ўвагу землям сельгаспрызначэння і лясным рэсурсам. І далей мае патрабаванні будуць толькі станавіцца больш жорсткімі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

На нарадзе разглядаўся інструментарый эканамічнага прымусу да павышэння эфектыўнасці выкарыстання зямель. У прыватнасці, прапануецца ўнесці адпаведныя змяненні ў падатковае заканадаўства. Абмяркоўваліся таксама пытанні, што датычаліся захавання прамысловых тэрыторый, жывёлагадоўчых ферм, старога жылля.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што многія грамадзяне, індывідуальныя застройшчыкі, дачныя кааператывы просяць новыя ўчасткі зямель, да якіх потым неабходна праводзіць інфраструктуру і камунікацыі. У той жа час у вёсках шмат пустуючых участкаў.

Прэзідэнту таксама ўнесена прапанова, што датычыцца абароны правоў грамадзян ад нядобрасумленных забудоўшчыкаў. У прыватнасці, прапануецца ў выпадку, калі нядобрасумленны забудоўшчык не выканаў свае абавязкі, зямельны ўчастак не выстаўляць паўторна на аўкцыён. Тым самым не адбудзецца падаражэнне будаўніцтва, участак аператыўна перадаецца іншаму забудоўшчыку, і людзі атрымліваюць жыллё за ранейшы кошт.

Акрамя таго, прапануецца ўскласці на мясцовыя органы ўлады вырашэнне некаторых пытанняў, звязаных з абаронай правоў пэўных катэгорый грамадзян.

Прэзідэнт даручыў дапрацаваць змяненні ў заканадаўства аб ахове і выкарыстанні зямель з улікам праведзенага абмеркавання.

На нарадзе таксама ішла размова аб пытаннях кормаўборкі. Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што ад сённяшняга дня залежыць у будучым вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі, яе якасць і аб'ёмы рэалізацыі.

Прэзідэнту даложана таксама аб падыходах па добраўпарадкаванні месц адпачынку каля Заслаўскага вадасховішча. Для адпачывальнікаў будзе створана максімум выгод, аднак і адказнасць за засмечванне месц адпачынку, пакіданне машын у неналежных месцах будзе жорсткай.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што выкарыстанне зямель павінна быць эфектыўным.