Нарада па развіцці Мінска

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка занепакоены невыкананнем даручэнняў па развіцці Мінска. Аб гэтым ён заявіў 28 красавіка на адпаведнай нарадзе.

"Даручэнняў было вельмі шмат, я ўжо выказваў свой неспакой, што пакуль не бачу іх выканання, што, вядома, непрымальна, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Тым больш яны ж не касмічныя".

На думку Прэзідэнта, у мэра Мінска каласальныя магчымасці, якія дазваляюць аператыўна выканаць даручэнні Кіраўніка дзяржавы.

"У Мінску работы шмат. Мэр Мінска - гэта цяжкая работа, увесь час на вачах. Мінск павінен дынамічна развівацца. Я не магу дапусціць, каб быў нейкі застой. Таму і мае адпаведныя патрабаванні", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт запатрабаваў павышэння адказнасці кіруючых кадраў усіх узроўняў.

"Я таксама непакоюся з-за таго, каб цяперашні старшыня гарвыканкама не лёг на пасаду, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Людзей разганяць не трэба, усякія моманты бываюць у жыцці, але калі чалавек праз 3 месяцы, паўгода на пасадзе не спраўляецца з абавязкамі, тады трэба такіх работнікаў мяняць, не адкладаючы надоўга. Справа цярпець не павінна".

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся развіццём прамысловасці Мінска, паколькі ад яе шмат у чым залежыць развіццё прамысловасці ў краіне, рэалізацыяй інвестыцыйных праектаў. Прэзідэнт пасля майскіх свят мае намер наведаць МАЗ, МТЗ, Мінскі маторы завод.        

"Ёсць пытанні па шэрагу аб'ектаў, якія нашы так званыя гора-інвестары не пабудавалі, узяліся і не зрабілі. Дапусцім, насупраць "Мінск-Арэны" ў Лябяжым", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама закрануў пытанне будаўніцтва невялікага функцыянальнага цэнтра мастацкай гімнастыкі. Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на эканомію сродкаў пры ўзвядзенні цэнтра і запатрабаваў распрацаваць найбольш аптымальны варыянт суадносін цаны і якасці, будаваць без празмернасцей.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка закрануў пытанні добраўпарадкавання горада да Дня Перамогі, падкрэсліўшы, што ў тэрміновым рэжыме Мінск неабходна прывесці ў належны парадак.