Нарада па выніках дзейнасці праваахоўных органаў у 2016 годзе і пытаннях аптымізацыі праваахоўнай і судовай сістэм

  • 8

Праведзеная 10 сакавіка ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі нарада, дзе разглядаліся вынікі дзейнасці праваахоўных органаў у 2016 годзе і пытанні аптымізацыі праваахоўнай і судовай сістэм, было чаканым мерапрыемствам. Да яго доўга і дасканала рыхтаваліся, бо галоўная задача заключалася ў тым, каб максімальна прадметна і адкрыта абмеркаваць усе існуючыя ў гэтай сферы пытанні. Нягледзячы на асобныя нюансы, праваахоўныя структуры краіны павінны працаваць ва ўзаемаўвязцы, а таму і закранутыя на нарадзе тэмы датычыліся кожнага міністэрства і ведамства. Адсюль і прадстаўнічы склад удзельнікаў мерапрыемства - больш як дзве з палавінай сотні чалавек, уключаючы вышэйшых службовых асоб.

Аб дасягненнях і праблемных момантах у праваахоўнай сферы далажылі Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Станіслаў Зась, Старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала, Генеральны пракурор Аляксандр Канюк. Шэраг заўваг і прапаноў прагучалі з вуснаў Міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча і Старшыні Следчага камітэта Івана Наскевіча.

У цэлым на нарадзе ўзнімаліся самыя розныя пытанні. Акрамя аптымізацыі, размова вялася аб эканоміі сродкаў пры выкананні тых ці іншых функцый, пазбаўленні ад фармалізму ў рабоце, барацьбе з карупцыяй і іншымі правапарушэннямі, забеспячэнні эканамічнай бяспекі дзяржавы і падтрыманні транзітнай прывабнасці. Асобна падкрэслівалася важнасць прафілактычнай і папераджальнай работы па розных напрамках.

Праведзеная прадметная размова паказала, што ў Беларусі сфарміраваны канцэптуальныя падыходы да арганізацыі дзейнасці праваахоўных органаў. Сістэма выбудавана і працуе. Ажыццяўляецца планамерная практычная рэалізацыя задуманага, і для гэтага праваахоўнікі надзелены дастатковымі ўладнымі паўнамоцтвамі.

"Час патрабуе кардынальнага павышэння эфектыўнасці ўсіх структур"

"Час настойліва патрабуе кардынальнага павышэння эфектыўнасці работы ўсіх структур і звёнаў праваахоўнай і судовай сістэм. У першую чаргу неабходна правільна арганізаваць сваю дзейнасць, аптымізаваць затраты, развіваць канструктыўнае ўзаемадзеянне паміж імі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прычым недапушчальна падмяняць гэту работу скараспелымі заканадаўчымі ініцыятывамі, заснаванымі на вузкаведамасных інтарэсах, а не накіраванымі на ўрэгуляванне тых ці іншых грамадскіх адносін.

Прэзідэнт патрабуе, каб працэс удасканалення сістэмы забеспячэння бяспекі і падтрымання правапарадку быў бесперапынным.

Без дубліравання і лішняй справаздачнасці

Адной з існуючых праблем у сілавым блоку Аляксандр Лукашэнка назваў дубліраванне функцый. "Кампетэнцыя кожнага органа павінна быць дакладна сфармулявана, каб не дапускаць двайнога тлумачэння", - патрабуе Кіраўнік дзяржавы.

"Гэта не значыць, што калі ДФР (Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК) бачыць карупцыйную праяву, ён павінен прайсці міма, таму што гэта не яго работа. Не, так быць не павінна. Проста такія факты трэба перадаваць для расследавання спецыялістам, калі ў вас такіх не хапае. Тут вельмі тонкая грань. Па вялікім рахунку, адзін за адным толькі хадзіць не трэба", - прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама даручыў і далей пазбаўляцца ад залішняй справаздачнасці, як гэта ўжо зрабілі ў органах пракуратуры, МУС. Актуальным крытэрыем ацэнкі работы праваахоўных органаў павінна быць не статыстыка, а аператыўнае рэагаванне на дынамічна зменлівую абстаноўку, выклікі і пагрозы, якія ўзнікаюць. "І такі падыход павінен быць у кожнага - ад кіраўніка да радавога выканаўцы", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Не біць па "хвастах"

Асноўнымі задачамі для праваахоўных органаў павінны быць як спыненне, раскрыццё і расследаванне правапарушэнняў, прыцягненне да адказнасці вінаватых, ліквідацыя надзвычайных сітуацый, так і іх папярэджанне, сістэма прафілактычных мер.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што, вядома, праваахоўнікам у іх штодзённай дзейнасці часам даводзіцца працаваць па "факце" і біць па "хвастах". Але важна і прафілактыка, прычым не толькі словам, але і справай.

"Да таго часу, пакуль мы будзем змагацца з наступствамі, а не з прычынамі, карэннага паляпшэння сітуацыі з правапарушэннямі (тымі ж наркаманіяй, алкагалізмам, гібеллю людзей на вытворчасці і ў быце, у дарожна-транспартных здарэннях) мы не даб'ёмся", - упэўнены беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што толькі пераадолеўшы шаблоннасць, фармалізм у рабоце, праваахоўнікі змогуць канструктыўна і эфектыўна садзейнічаць развіццю і ўмацаванню дзяржавы. "Так, у гэтым плане шмат чаго ўдалося дасягнуць. Але і зрабіць яшчэ трэба нямала", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аптымізацыя не на шкоду якасці

Цяпер, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, створаны спрыяльныя ўмовы для правядзення аптымізацыі: даволі моцныя праваахоўныя органы, якія маюць вопыт работы; аснашчаныя і падрыхтаваныя кадры; адбудаваная сістэма дзейнасці сілавога блока, якая дае станоўчыя вынікі, у тым ліку па зніжэнні ўзроўню злачыннасці ў краіне. Беларусь увайшла ў дзясятку краін з найменшым узроўнем злачыннасці і высокім узроўнем бяспекі.

"Таму цяпер мы можам гаварыць аб далейшым правядзенні аптымізацыі як аб прыярытэтным напрамку. Нельга яе зводзіць да простага скарачэння штатаў, хоць лішніх людзей быць не павінна", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што гэты працэс ніякім чынам не павінен паўплываць на якасць функцыянавання праваахоўнай і судовай сістэм. "Мы не павінны дапусціць, каб скарачэнне праваахоўнага блока прывяло да ўсплёску злачыннасці. Таму неабходна захаваць моцныя і збалансаваныя структуры, здольныя эфектыўна вырашаць існуючыя задачы", - сказаў Прэзідэнт.

Праблема страхавога стажу

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, неабходна ўважліва паглядзець на праблему так званага страхавога стажу для ваеннаслужачых. "Гэта няправільна, калі выслуга гадоў на ваеннай службе наогул не залічваецца ў страхавы стаж, неабходны для назначэння працоўнай пенсіі", - заявіў ён.

У выніку ваеннаслужачы, які звольнены без ваеннай пенсіі, але праслужыў 10, 15 і больш гадоў, павінен нараўне з учарашнім студэнтам у сталым узросце адпрацаваць яшчэ 20 гадоў для атрымання працоўнай пенсіі, прывёў прыклад Кіраўнік дзяржавы.

Ён назваў такую сітуацыю асабліва несправядлівай у адносінах да ваеннаслужачых, якія звальняюцца са службы без ваеннай пенсіі па прычынах, што не залежаць ад іх.

Аляксандр Лукашэнка коратка абазначыў ключавыя праблемы, якія трэба будзе вырашыць у кожным з ведамстваў праваахоўнага блока.

Аб дзяржсакратарыяце Савета бяспекі

Дзяржаўны сакратарыят Савета бяспекі - гэта рабочы орган Прэзідэнта па кантролі над функцыянаваннем сілавых структур. "Са сваімі функцыямі яны спраўляюцца. Аднак трэба разумець, што гэта стратэгічны орган, і задачы ў яго павінны быць адпаведныя. Таму ніякай дробязнай апекі быць не павінна, асабліва ўмяшання ў дзейнасць тых ці іншых міністэрстваў", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Дзяржаўны сакратарыят павінен прыкладаць першачарговыя намаганні для вызначэння асноўных пагроз нацыянальнай бяспецы, пошуку шляхоў іх устаранення.

Аб пракуратуры

Прэзідэнт патрабуе ад пракурораў аб'ектыўнага і прафесійнага падыходу, заснаванага на законе, а не на ведамасных інтарэсах.

Генеральнай пракуратуры трэба больш увагі ўдзяліць праблеме паўнаты пакрыцця ўрону, нанесенага злачынствамі. Цяпер узровень яго пакрывальнасці  недапушчальна нізкі - толькі каля 33 працэнтаў, а па карупцыйных злачынствах - прыкладна 40 працэнтаў. Гэта значыць, маёмасныя правы канкрэтных грамадзян, арганізацый і дзяржавы ў многіх выпадках застаюцца не адноўленымі. "Неабходна сумесна са Следчым камітэтам, МУС, КДБ, іншымі структурамі дасканала вывучыць гэту праблему і прыняць дзейсныя рашэнні па выпраўленні сітуацыі", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

У далейшым удасканаленні мае патрэбу і нагляд за дакладным выкананнем законаў і іншых нарматыўных прававых актаў.

Нельга таксама дапусціць, каб прыгожая статыстыка планавых мерапрыемстваў закрывала сабой адсутнасць пракурорскага рэагавання на сапраўды сур'ёзныя праблемы і хібы ў абароне дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў.

"Звяртаю ўвагу не толькі пракуратуры, але і ўсіх кантралюючых органаў. Меры адказнасці, што прымяняюцца да парушальнікаў, павінны быць сувымерныя з дапушчанымі парушэннямі, стымуляваць добраахвотнае ўстараненне наступстваў гэтых парушэнняў і кампенсаванне ўрону пацярпелым, - сказаў беларускі лідар. - Недапушчальныя дробязныя прыдзіркі да прадстаўнікоў рэальнага сектара эканомікі і інвестараў, калі залішняя прынцыповасць у пытаннях прынясення іскаў і прадстаўленняў па фармальных прыкметах невыканання заканадаўства прыводзіць да прыпынення рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, спынення дзейнасці суб'ектаў гаспадарання".

Аб Следчым камітэце

Кіраўнік дзяржавы адразу ж звярнуў увагу: якасць следчай работы паступова паляпшаецца, але спыняцца на дасягнутым нельга.

"Злачыннасць скарачаецца, нагрузка на следчых зніжаецца, але чамусьці мы не бачым кардынальнага росту раскрывальнасці. Мабыць, праблема ў тым, што следчыя рэдка ўключаюцца ў работу на ранняй стадыі і чакаюць гатовыя матэрыялы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прывёў прыклад, што сёння першапачатковае расследаванне нават грабяжу ці разбою ўскладзена законам на органы дазнання. Можа, ёсць рацыянальнае зерне ў тым, каб заканадаўча пашырыць катэгорыі паведамленняў аб злачынствах, якія павінны першапачаткова правярацца следчымі, выказаў меркаванне Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама перасцярог ад "карпаратыўнага" погляду на рэалізацыю задач па абароне правоў і інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы: "Расследаванне часта падпарадкавана імкненню ўкласціся ў параметры дадатнай статыстыкі і судовай перспектывы. Гэта вядзе да боязі прыняцця нават простых рашэнняў, перастрахоўкі, фармалізму, цяганіны. Але самае галоўнае - гэта падрывае давер".

Сёння актыўна абмяркоўваецца і тэма дэкрыміналізацыі эканамічных злачынстваў. "Але, выключыўшы іх з Крымінальнага кодэкса, мы можам пакінуць бізнес сам-насам з махлярамі. Таму адначасова з пытаннем дэкрыміналізацыі трэба вывучыць магчымасць аднясення такіх злачынстваў да спраў прыватнага абвінавачання", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Такі крок, паводле яго слоў, дасць магчымасць адначасова разгрузіць праваахоўны блок і павысіць даступнасць правасуддзя, пры гэтым не дапускаючы разгулу крыміналітэту.

Аб міліцыі

Пытанні рэфармавання асноўных напрамкаў работы МУС не раз абмяркоўваліся на нарадах у Прэзідэнта. Вынікі ёсць - аб іх сведчыць спакойная абстаноўка ў краіне. "Разам з тым для сістэмы МУС праблема чыстаты кадраў застаецца. Павінны быць прыняты вычарпальныя і строгія меры па навядзенні парадку ўнутры сістэмы, недапушчэнні злачынстваў, парушэнняў законнасці з боку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, асабліва карупцыйных праяў", - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.

Сёння, калі на парадку дня стаіць пытанне правядзення чарговай маштабнай аптымізацыі ведамства, неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на стыль і метады работы. Міліцыя павінна адпавядаць сучаснаму ўзроўню, працаваць меншымі сіламі, з меншымі затратамі, але больш эфектыўна.

Крымінальная міліцыя, на думку Прэзідэнта, павінна больш аператыўна рэагаваць на змяненні абстаноўкі, раскрываць не толькі рэзанансныя злачынствы і якія стаяць на кантролі, але і тыя, якія, на першы погляд, не ўяўляюць вялікай небяспекі, але прыносяць бяду і пакуты простаму чалавеку.

Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, падкрэсліў важнасць барацьбы з такімі праявамі, як карупцыя, наркаманія, злачынствы ў сферы высокіх тэхналогій.

Ён таксама адзначыў асаблівы статус міліцыянера, які, знаходзячыся на варце законнасці і правапарадку, у тым ліку мае права на прымяненне зброі. Адсюль і павышаныя патрабаванні да прафесійнай падрыхтоўкі, падбору кадраў.

Аб КДБ

"Дасягнуты пэўныя вынікі па забеспячэнні эканамічнай бяспекі, барацьбы з карупцыяй. Але, працуючы ў праваахоўнай сферы, не трэба падмяняць іншыя ведамствы. КДБ - гэта перш за ўсё спецслужба са сваімі функцыямі і задачамі, якія ні на каго больш не ўскладзены", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, пільнай увагі заслугоўваюць контрразведвальны і антытэрарыстычны складнікі ў функцыянаванні КДБ.

"Мы не павінны дапусціць да нас асоб, якія выношваюць варожыя і экстрэмісцкія намеры. Больш прадметным павінен быць кантроль за абстаноўкай у дзяржорганах, праваахоўных, кантралюючых структурах. Трэба не толькі выяўляць злачынствы, але і глыбока валодаць працэсамі, што там адбываюцца, аказваць на іх пазітыўнае ўздзеянне", - арыентаваў Аляксандр Лукашэнка кіраўніцтва камітэта.

Аб граніцы

Перад пагранічным ведамствам пастаўлены задачы па ўзмацненні вайсковага кампанента. Таксама неабходна на парадак павысіць якасць аператыўнай дзейнасці, работы з мясцовым насельніцтвам.

"Улічваючы, што мы - транзітная краіна, адна з асноўных задач для кантрольных органаў на граніцы - стварэнне спрыяльных умоў для перамяшчэння пасажыраў і грузаў. Не справа, калі праезд праз граніцу становіцца пакутлівым выпрабаваннем для людзей", - падкрэсліў беларускі лідар.

У якасці прыкладу быў прыведзены выпадак з дзіцячай спартыўнай камандай, якая, вяртаючыся з Вільнюса ў снежні мінулага года, правяла на граніцы ў пункце пропуску "Каменны Лог" амаль 10 гадзін. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў гэтым, магчыма, віна не толькі пагранічных органаў, але і суправаджальнікаў, якія своечасова не звярнуліся за садзейнічаннем. "Але тым не менш нам трэба таксама быць больш уважлівымі", - дадаў Прэзідэнт.

Пры ахове граніцы нельга забываць і аб забеспячэнні эканамічнай бяспекі дзяржавы. "На жаль, актыўна выкарыстоўваюць зручныя транзітныя беларускія калідоры кантрабандысты і розныя нядобрасумленныя прадпрымальнікі, адкрыта "купляючы" службовых асоб мытнага і пагранічнага ведамстваў, - канстатаваў Прэзідэнт. - Час мяняць тактыку барацьбы з карупцыяй у гэтай сферы. Не дапускаць подкупу супрацоўнікаў на граніцы і іх работы ў інтарэсах кантрабандыстаў, а пераходзіць у наступленне, выходзіць на асноўных выканаўцаў і арганізатараў кантрабандных каналаў".

Аб МНС

"У цэлым са сваімі задачамі ведамства спраўляецца. Зніжаецца колькасць пажараў і аварый, гібелі ў іх людзей. Але разам з тым патрэбны новыя падыходы да нагляднай дзейнасці. Пажарны інспектар не павінен быць пудзілам, асабліва для прадпрымальнікаў. Мы аб гэтым гаварылі. Думаю, што пасля гэтых размоў справа з мёртвага пункта зрушылася", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Міністэрству па надзвычайных сітуацыях, на думку Прэзідэнта, трэба спрашчаць і рабіць таннейшай дазвольную сістэму. Паколькі няправільна, калі дзяржорган імкнецца зарабляць на сертыфікацыі прадукцыі або выдачы ліцэнзій. Менавіта адсюль ідзе карупцыя і іншыя злоўжыванні.

У рамках далейшай аптымізацыі МНС таксама трэба развіваць добраахвотныя пажарныя каманды, як гэта прынята і ў Еўропе, і ў Амерыцы.

Яшчэ адной з важнейшых задач ведамства з'яўляецца кантроль за забеспячэннем ядзернай і радыяцыйнай бяспекі Беларускай АЭС. "БелАЭС павінна быць і будзе самай бяспечнай, але кадры трэба рыхтаваць сёння", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Аб судовай сістэме

Важнейшай умовай работы судовай сістэмы павінна быць найстражэйшае выкананне законнасці і недапушчальнасць прыцягнення невінаватых да крымінальнай адказнасці.

"У апошнія гады судамі не дапушчана неабгрунтаванага асуджэння. Гэта сведчыць аб якаснай і добрасумленнай рабоце суддзяў. Але ёсць адзін немалаважны факт, над якім трэба падумаць: судовае рашэнне павінна быць сацыяльна справядлівым", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Каб людзі давяралі судам, патрэбны моцны кадравы патэнцыял, адкрытасць, галоснасць судовага разбору. "І мы ўжо гаварылі аб тым, што судовы працэс павінен быць таннейшым. Для гэтага ў нас усё ёсць", - адзначыў ён.

Аб арміі

Баяздольнасць беларускай арміі, сказаў Кіраўнік дзяржавы, дазваляе вырашаць пастаўленыя задачы па абароне краіны. Але неабходна больш увагі ўдзяліць планаванню прымянення Узброеных Сіл у сучасных умовах. Відавочна, што цяпер патрэбны новыя падыходы да вядзення аперацый.

"Неабходна актывізаваць работу па аптымізацыі Мінабароны. Кажуць, што вы ўзялі ў 2016 годзе нейкую паўзу і не выканалі запланаванае скарачэнне забяспечваючых структур. Трэба да гэтага вярнуцца, не трэба зацягваць гэтыя працэсы. Армія не павінна быць празмернай, але гэта не значыць, што яе баяздольнасць павінна панізіцца", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на наяўнасць фактаў парушэння дысцыпліны і правапарушэнняў, якія катэгарычна недапушчальны для людзей у пагонах.