Бел
Галоўная   /  Падзеі

Нарада па актуальных пытаннях знешняй палітыкі

17 лістапада 2020 года
Нарада па актуальных пытаннях знешняй палітыкі
глядзіце таксама: відэа
17 лістапада 2020 года
Нарада па актуальных пытаннях знешняй палітыкі

Беларусь, як і раней, нацэлена на ўмацаванне ўзаемавыгадных сувязей з усімі замежнымі партнёрамі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 17 лістапада на нарадзе па актуальных пытаннях знешняй палітыкі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што міжнародная сітуацыя застаецца няпростай і, паводле яго слоў, справа не толькі ў пандэміі. Пастаянна ўзнікаюць новыя выклікі і пагрозы, звязаныя ў тым ліку з эканамічнай бяспекай. Беларусь вымушана рэагаваць на іх, падкрэсліў Прэзідэнт.

"Зноў палыхнула на прасторы былога Савецкага Саюза. На гэты раз у Нагорным Карабаху. Завершаны там гарачы канфлікт паміж нашымі блізкімі партнёрамі - Арменіяй і Азербайджанам - цяпер, відаць, будзе разгортвацца ў дыпламатычнай плоскасці, - выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка. - Пасля таго як Расія пачала сябе актыўна там паводзіць (будзем гаварыць адкрыта, Турцыя таксама не была ўбаку, проста ў асобных СМІ гэта не вельмі падаецца), на Захадзе занепакоіліся сустаршыні так званай Мінскай групы (АБСЕ. - Заўвага). Акрамя Расіі, там Францыя і ЗША. Яны гатовы ўжо разглядаць нешта, як будзе потым і чаму там адны міратворцы Расіі".

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што да сапраўднага міру ў Нагорным Карабаху - каб пасля вайны людзям далі асталявацца на пакінутых імі землях, а нацыянальныя меншасці адчувалі сябе ў бяспецы - яшчэ далёка. Ён таксама заўважыў, што да гэтага часу не спыніліся войны на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, дзе ў Беларусі таксама ёсць эканамічныя інтарэсы. Выклікаюць хваляванне пратэсныя настроі ў нашым еўрапейскім доме, якія ўзмацняюцца на фоне абмежавальных мер у барацьбе з каранавірусам і тэрарыстычных атак ісламістаў. "Хоць вы ведаеце, Францыя, Германія, іншыя краіны - вы ж паклікалі гэтых ісламістаў да сябе. Вы ж адкрылі граніцы і іх паклікалі: "Прыходзьце!". Зразумела, рабочай сілы не хапала. І чаму вы цяпер крычыце гвалтам? Вы іх паклікалі, ведалі іх культуру, адзінства, веру. Дык паважайце іх, калі паклікалі. Таму справа не ў ісламістах, а ў тых кіраўніках, якія сёння кіруюць гэтымі цывілізаванымі дзяржавамі ў Еўропе", - сказаў Прэзідэнт.

Нявызначанасць у міжнародную абстаноўку ўносяць і праведзеныя ў ЗША прэзідэнцкія выбары, якія пакуль не праяснілі будучую палітыку Вашынгтона, дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Аднак самае важнае для нас цяпер - гэта абстаноўка вакол Беларусі. Пасля завяршэння выбарчай кампаніі наша краіна, сама таго не жадаючы, ператварылася ў арэну процістаяння чужых інтарэсаў. Выступаючы па ўсёй краіне, я папярэджваў актыў, што мы можам ператварыцца ў тэатр ваенных дзеянняў, пачнецца не наша вайна. І там, у гэтай вайне, нашых інтарэсаў не будзе. Пакуль ідзе процістаянне. І наша краіна сёння практычна стала аб'ектам непрыкрытай агрэсіі, пакуль не гарачай вайны. Але і ў гэтых умовах мы, як і раней, нацэлены на ўмацаванне ўзаемавыгадных сувязей з усімі сваімі замежнымі партнёрамі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Беларусь заўсёды гатова да супрацоўніцтва з тымі, хто захоўвае прынцыпы ўзаемапавагі (адкрыта скажу - з тымі, хто нас паважае, хто лічыцца з намі, нашымі інтарэсамі), адкрытасці і прыстойнасці. Шкада, што некаторыя нашы так званыя партнёры раптам аказаліся не гатовы да работы ў такіх умовах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт растлумачыў, што размова ідзе аб некаторых заходніх дзяржавах, з якімі Беларусь у апошнія гады паступальна і настойліва выбудоўвала ўзаемавыгадныя кантакты, і асабліва аб бліжэйшых суседзях - Польшчы і Літве. "На жаль, занятая імі пазіцыя адносна Беларусі можа перакрэсліць калі не ўсё, то многае з дасягнутага", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што супраць Беларусі зноў уведзены санкцыі. У сувязі з гэтым ён пацікавіўся, якія захады зрабіў у адказ беларускі бок і якія далейшыя планы адносна Польшчы і Прыбалтыкі. "Як мы плануем задзейнічаць патэнцыял міжнародных арганізацый для абароны сваіх інтарэсаў? Паколькі гэтыя структуры прызначаны абараніць мір і бяспеку, а не быць арэнай процістаяння дзяржаў", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Пры беспрэцэдэнтным знешнім націску Беларусі аказана шырокая падтрымка нашымі традыцыйнымі саюзнікамі. Найбольш адчувальную дапамогу і падтрымку ў гэты няпросты час мы атрымалі ад Расіі, Кітая і іншых дзяржаў. Тым самым яшчэ раз пераканаліся, што сябры пазнаюцца ў бядзе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама абазначыў перад удзельнікамі нарады актуальныя пытанні. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як будуць далей выбудоўвацца адносіны з Расіяй і Кітаем, як выконваюцца дамоўленасці па выніках кантактаў на вышэйшым узроўні, а таксама пасля візітаў у гэтым годзе ў Беларусь кіраўніцтва расійскіх рэгіёнаў.


Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што апошнім часам у асобных СМІ, у прыватнасці расійскіх, гучыць крытыка Беларусі за яе шматвектарную палітыку. "Я здзіўляюся і не зусім разумею, чаму супраць нашай шматвектарнасці падскочылі нейкія сілы ў Расійскай Федэрацыі. Нам хацелася б, каб яны сказалі, якія ў сувязі з гэтым яны маюць да нас прэтэнзіі. Мы ж дакладна заявілі аб тым, што наш бліжэйшы саюзнік, родныя нам краіна і народ - гэта Расія і расіяне", - сказаў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што адносіны з Расіяй захоўваліся нават у тыя перыяды, калі ўзнікалі спрэчкі эканамічнага толку. "Мы ніколі не адварочваліся ад Расіі. Ніколі. Нават у той час, калі аб нас выціралі ногі. Вы памятаеце цану на газ на гэты год, калі $95 плаціла Германія за тысячу кубоў, а мы - $127. Калі мы куплялі ў іх нафту і нас прымушалі плаціць за гэта прэмію. Калі нас нахілялі ва ўсіх сродках масавай інфармацыі, мы паводзілі сябе дастойна", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Што мы не так зрабілі? Калі нехта разумее наш шлях на шматвектарнасць як тое, што мы, цытую, "адварочваемся ад Расіі", - гэта не так, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння палова экспарту нашай прадукцыі прадаецца на знешніх рынках далёка ад нас і ад Расіі. Гэты эканамічны вектар нам трэба забяспечваць палітычна, дыпламатычна. Вось і ўся шматвектарнасць. Гэта аксіёма. Любая дзяржава праводзіць такую палітыку. І не трэба тут на нас паказваць пальцам. Калі нехта бачыць, што мы не павінны праводзіць гэту шматвектарную палітыку, а прытрымлівацца толькі аднаго вектара, ну тады трэба прапанаваць нармальныя ўмовы, каб мы не глядзелі ў розныя бакі. Але і гэтага не хочуць".

"Мы вымушаны праводзіць шматвектарную палітыку ў выніку таго, што знаходзімся ў цэнтры Еўропы, мы незалежная суверэнная дзяржава і нас да гэтага падштурхоўвае эканоміка, дабрабыт нашых людзей", - яшчэ раз звярнуў увагу беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуўся да кіраўніцтва Міністэрства замежных спраў і Урада, каб яны дакладна данеслі гэты пункт гледжання да замежных партнёраў Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што пандэмія ўжо нанесла значны ўрон сусветнай эканоміцы. "Аднак трэба разумець, што пасля крызісу, так было заўсёды, настае ўздым. Таму трэба дакладна ўлавіць момант ажыўлення сусветнай вытворчасці і правільна выкарыстаць кан'юнктуру, што склалася", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што курс на падтрыманне рознабаковых міжнародных кантактаў застаецца нязменным. "Мы павінны размаўляць з усімі, хто хоча з намі размаўляць і нас паважае. Залогам нашай эканамічнай бяспекі з'яўляецца захаванне традыцыйных і асваенне новых рынкаў. Нам неабходна добра разумець, ці маюць патрэбу ў карэкціроўцы падыходы па дыверсіфікацыі экспарту, з якімі мы ўжо вызначыліся", - адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама нагадаў аб неабходнасці з найбольшай выгадай для краіны распарадзіцца тым добрым ураджаем, які атрыманы ў гэтым годзе, а таксама пацікавіўся станам спраў у іншых галінах і прагнозам знешнеэканамічнай дзейнасці ў цэлым.

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што менавіта знешнеэканамічная дзейнасць уваходзіць у лік прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Міністэрства замежных спраў. "Галоўнае для дыпламата за межамі нашай краіны - пасла і пасольства - заключаецца ў тым, каб пашыраць нашы тавары на ўсіх рынках. Экспарт - галоўнае для работы дыпламатычнага корпуса, - зрабіў акцэнт Прэзідэнт. - Знешнеэканамічныя сувязі плюс іншыя дыпламатычныя працэдуры і дзеянні - гэта сутнасць дзейнасці Міністэрства замежных спраў. Таму, Раман Аляксандравіч (Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. - Заўвага), вам і карты ў рукі, патрабуйце з міністэрства найперш за эканамічны складнік іх дзейнасці".

У час нарады, на якой прысутнічала кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, Нацыянальнага сходу, Дзяржсакратарыята Савета Бяспекі, МЗС і КДБ, Аляксандр Лукашэнка абазначыў сваю пазіцыю па яшчэ адным актуальным пытанні: ён запатрабаваў навесці парадак у горадзе Мінску.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што кожны дзень атрымлівае вялікую колькасць інфармацыі. "Я проста хачу вам працытаваць з агляду. Каму трэба, той зразумее. Вось іх выказванні на злобу: "Паводзіны сілавікоў (гэта частка цытаты) паказваюць рост страху і боязі дзяржаўнай улады ў адносінах да беларускага народа". Гэта адзін са свяшчэннікаў піша. Другі адказвае яму: "Не разумею, навошта гэты здзек з партрэтаў загінулых, з кветак у іх памяць, навошта гэта сатанінскае зневажанне лампад і абразкоў, барацьба з імправізаваным мемарыялам у двары яго дома, уздоўж дарог? У чым сэнс?" - зачытаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым нагадаў, што напярэдадні ўжо гаварыў пра задуму, па якой у Беларусі арганізоўваліся пратэсты. "Гэта задумы адтуль - з Польшчы, Літвы і Амерыкі. А, можа, яшчэ з іншых (краін. - Заўвага). Гэтыя інтрыгі перадаюцца праз нашых збеглых, не буду таксама называць гэтыя прозвішчы", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ўказаў на тое, што пасля няўдалага "бліцкрыгу" непасрэдна ў дзень выбараў і пасля іх праціўнікі дзеючай улады сталі патрабаваць пераліку галасоў. Але, убачыўшы гатоўнасць да гэтага, сталі заклікаць да паўторных выбараў, праводзіць так званыя мірныя маршы. "І калі яны атрымалі сігнал, што мы можам правесці паўторныя выбары, наступнае патрабаванне - добраахвотная здача ўлады, гэта значыць здача краіны. І іх дзеянні практычныя, у асноўным у Мінску, - жорсткая радыкалізацыя, заклік да забастовак, заклік неадкладна забіраць уклады ў банках", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

У выніку пратэсная дзейнасць стала перацякаць у дваровыя тэрыторыі. "Яны бачаць, што на вуліцах нічога не атрымліваецца, пратэсныя акцыі пачалі адыходзіць. Што рабіць? Занепакоіліся ж у Польшчы, Літве, Украіне ў гэтых цэнтрах, што далей рабіць, бо можа затухнуць наогул, а трэба ж пратрымацца хаця б да цёплых дзён. Нібыта цёплыя дні іх падымуць, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Яны, не атрымаўшы вуліцу, пайшлі ў двары. Заўтра яны прыйдуць у вашы кватэры. У дварах у іх таксама нічога не атрымаецца".

"Але што насцярожвае з гэтай інфармацыі: навошта ісці ў двор? Другое: навошта ў Мінску ствараць мемарыялы пад выглядам могілак?" - паставіў пытанні беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што гэта спроба аказаць псіхалагічнае ўздзеянне на насельніцтва: "Чалавек, праходзячы міма могілак у цудоўным, выдатным Мінску, які ў яго будзе псіхалагічны настрой, яшчэ на фоне панікі ад пандэміі…"

"Але што самае небяспечнае - пачаўся працэс радыкалізацыі. Гэта ўжо ўсе адзначылі. І гэтыя пункты, двары становяцца, ужо сталі, месцам разборак. Нехта чапляе прафашысцкія стужкі, нехта, ненавідзячы гэта, прыходзіць іх зразае. Пачынаюцца лупцоўкі, бойкі. І, як вынік, тое, што здарылася на адной са спартыўных пляцовак, - канстатаваў Прэзідэнт. - Гэта я асабіста даваў каманду пабудаваць тут спартыўную пляцоўку для дзяцей. Яны яе ператварылі ў могілкі. Усе гэта бачылі, і яны посціліся, пастаянна паказваючы гэта ўсё. Да чаго гэта прывяло, вы бачыце".


Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што такія пункты процістаяння ў далейшым пры прадаўжэнні радыкалізацыі могуць стаць месцам пачатку грамадзянскай вайны. "Гэта галоўная мэта - калі нічога не атрымліваецца, як яны пішуць, мірна, значыць, трэба ўчыніць грамадзянскую вайну. Сто гадоў таму гэта было. Мы гэта праходзілі. І наша Беларусь ператворыцца ў бездань боек са зброяй барацьбы, і сюды прыедуць для таго, каб канчаткова замкнуць гэты санітарны кардон. Хто гэтага хоча? Вы? Думаю, не. Я дакладна гэтага не хачу", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што на самай справе гарадскія службы зрабілі са стыхійным мемарыялам у Мінску. "Ігар Пятровіч (Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка. - Заўвага), вазьміце з Генеральным пракурорам, прозвішчы гэтых дзеячаў вядомы, і спытайце, дзе і хто дазволіў здзекавацца з абразоў, лампад і кветак, - сказаў ён. - Мы вельмі акуратна вывезлі гэтыя мемарыялы туды, дзе яны павінны быць - на могілкі. Каб людзі бачылі, што мы не варвары. Яны ж (дэструктыўна настроеныя грамадзяне. - Заўвага) гэта напэўна ведаюць. Але ім не патрэбна тое, як дыктатар да гэтага ставіўся, і тыя, хто выконваў - "рабы". Яны іх рабамі назвалі. Ім гэта не патрэбна. Ім трэба паказаць, што гэта - варвары. А мы пакажам, як мы гэта рабілі на самай справе. І трэба, каб праваахоўныя органы далі ім ацэнку. Хопіць цярпець гэты здзек! Мы рот нікому не закрываем. Але гаварыце праўду! Сказаў няпраўду - адказвай".

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу: "Мінск у могілкі ператвараць нельга! Такое меркаванне 99,9% мінчан. Таму мемарыялаў, аб якіх пастаянна заяўляюць, як будучага грамадзянскай вайны ў Мінску таксама не будзе".

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што напярэдадні даручыў старшыні Мінгарвыканкама і Наталлі Качанавай як упаўнаважанаму Прэзідэнта па горадзе Мінску распрацаваць адпаведны праект пастановы і ўнесці на сесію гарсавета для прыняцця. "Сутнасць у навядзенні парадку ў Мінску. Без усялякага варварства. Каб не даць гэтым нягоднікам папісваць, што мы варвары. На гэтым тыдні парадак павінен быць наведзены ў Мінску", - заявіў Прэзідэнт.

Ён таксама даручыў Прэм'ер-міністру і Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта сарыентаваць усе рэгіёны краіны, каб і там зрабілі аналагічным чынам.

"Мы ўваходзім у зіму, зіма будзе няпростай. Нездарма я тут бегаў па палях і заклікаў усіх, што нам трэба дастаткова нарыхтаваць прадуктаў харчавання. Учора мне далажылі: стабілізацыйныя фонды на ўсю краіну па ўсіх прадуктах харчавання нарыхтаваны. У дастатковай колькасці, нават з лішкам, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - І сумесна з органамі правапарадку навядзіце парадак і падтрымлівайце яго ў грамадстве. Каб не было гэтага процістаяння далей: адны чапляюць, іншыя зрываюць, потым мардабой, потым смерць. Вось гэтага быць не павінна. Гэтыя ачагі трэба з грамадства устараняць".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на важнасць падтрымання дысцыпліны. "Я ўчора аб гэтым гаварыў. Справімся з гэтымі пытаннямі, да нас ніхто не будзе мець прэтэнзій. Але перш за ўсё наш народ не будзе мець прэтэнзій. А тое, што нас пераважная большасць, і тое, што некаторыя распушчана сябе паводзяць, гэта таму, што мы на гэта да цяперашняга часу глядзелі скрозь пальцы. Гэтага быць не павінна. Таму што любая хвароба, калі яе не лячыць, ператвараецца ў фатальную хваробу", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.

Тэгі: Нарады
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь