Нарада па пытаннях занятасці і міграцыі ў Беларусі

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў да 1 студзеня 2015 года распрацаваць сістэму мер па выкараненні ўтрыманства і дармаедства. Такую задачу ён паставіў 20 кастрычніка на нарадзе па пытаннях занятасці і міграцыі ў краіне.

Адкрываючы нараду, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што трэба будзе абмеркаваць стан рынку працы ў Беларусі і перспектывы яго развіцця з улікам уплыву дэмаграфічных і міграцыйных працэсаў. "На цяперашнім этапе сацыяльна-эканамічнага развіцця мы вырашаем тыя ж задачы, што і большасць суседніх краін, у тым ліку Еўрасаюза. Размова ідзе ў першую чаргу аб захаванні і прымнажэнні працоўных рэсурсаў. Гэта пытанне дабрабыту сучасных, будучых пакаленняў, а таксама стабільнасці дзяржавы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь ужо дабілася пэўных вынікаў у павелічэнні нараджальнасці. "Але гэта наш рэзерв на будучае. Цяпер нам важна выкарыстоўваць такія магчымасці папаўнення працоўных рэсурсаў, якія дадуць эфект ужо сёння", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. У той жа час ён падкрэсліў, што трэба спакайней успрымаць поспехі па павелічэнні нараджальнасці, паколькі "гэты працэс яшчэ трэба замацаваць".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў пытаннях занятасці і міграцыі Беларусь сутыкаецца з шэрагам праблем. У прыватнасці, колькасць працаздольнага насельніцтва краіны складае амаль 60 працэнтаў ад агульнай колькасці жыхароў, гэты паказчык пачаў зніжацца. "Насельніцтва краіны старэе, і мы гэта павінны ўлічваць. Калі ў 2010 годзе на аднаго чалавека было 2,7 чалавека ў працаздольным узросце, то гэты паказчык сёння імкнецца да двух, - канстатаваў беларускі лідар. - А значыць, будзе пагаршацца сітуацыя на рынку працы - нарастаць дэфіцыт рабочай сілы, павялічвацца нагрузка на сістэму сацыяльнай абароны, перш за ўсё на пенсійнае забеспячэнне і ахову здароўя".

У Беларусі назіраецца пастаянны попыт на рабочую сілу. Найбольш запатрабаваны рабочыя спецыяльнасці, якія складаюць 76 працэнтаў ад агульнай патрэбнасці. У першую чаргу гэта датычыцца прамысловасці, будаўніцтва, транспарту. У той жа час на асобных прадпрыемствах залішняя колькасць работнікаў, заўважыў Прэзідэнт. "Як паказвае практыка, у нас няма эфектыўнага механізма міжгаліновага і міжрэгіянальнага пераразмеркавання рабочай сілы, слабы ўплыў на размеркаванне прадукцыйных сіл. Асноўная колькасць вакансій сканцэнтравана ў буйных гарадах. Менавіта туды ідзе адток працаздольнага насельніцтва з вёсак", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу, што многія спецыялісты, якія навучаюцца за кошт бюджэту, застаюцца незапатрабаванымі. "І ўсё таму, што сістэма вышэйшай адукацыі грунтуецца на патрэбнасцях учарашняга дня і не рыхтуе тых, хто рэальна патрэбны эканоміцы краіны. Але дзіўна, чаму сістэма вышэйшай адукацыі можа працаваць па ўчарашніх стандартах і рыхтаваць па патрэбнасцях учарашняга дня? - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Значыць, тут наогул няма ніякай арганізаванасці і арганізацыі. Сістэма адукацыі, калі яна павінна рыхтаваць па патрэбнасцях сённяшняга дня, павінна атрымліваць дакладны і пэўны заказ. Значыць, і гэтага няма?"

Прэзідэнт адзначыў, што падрыхтоўка кадраў часта вядзецца без уліку ўдасканалення і мадэрнізацыі вытворчасці, многія арганізацыі не могуць вызначыць заказ на спецыялістаў нават на кароткатэрміновую перспектыву. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў растлумачыць, чаму так адбываецца, і ўнесці свае прапановы наконт таго, як можна змяніць гэту негатыўную практыку.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на той факт, што павялічваецца колькасць беларускіх грамадзян, якія працуюць за мяжой. У той жа час і ў Беларусь прыязджаюць, каб працаўладкавацца, у тым ліку апошнім часам нарастае колькасць прыезджых з Украіны. "Вядома, мы будзем дапамагаць такім людзям. Аб гэтым ужо нямала сказана. Мы прымем усіх, хто хоча жыць і нармальна працаваць. У нас жа ёсць раёны і вытворчасці, дзе рабочых рук вельмі не хапае, - адзначыў Прэзідэнт. - Але ўсіх сарыентаваць на тое: вы прыехалі, мы вас прымаем, але трэба працаваць. Едзьце, вось там ёсць працоўныя месцы - наймайцеся".

"Аднак варта помніць, што адкрытая палітыка, накіраваная на прыцягненне працоўных мігрантаў, як паказаў вопыт Еўропы, не заўсёды бывае паспяховай", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў: "Калі не хочам міжнацыянальных канфліктаў у сябе ў краіне, то трэба задзейнічаць беларускіх грамадзян па поўнай, а не пладзіць утрыманства сярод сваіх і прыцягваць замежную рабочую сілу на так званую непрэстыжную работу".

"Як мне дакладваюць, амаль 500 тыс. нашых грамадзян не задзейнічаны ў эканоміцы краіны. Няхай 100 тыс. - гэта хатнія гаспадыні і працуючыя на ўласным падворку. А 400 тыс. чым займаюцца? За чый кошт жывуць?" - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да прысутных на нарадзе.

Прэзідэнт асобна закрануў праблему з асобамі, якія абавязаны працаваць для кампенсавання дзяржаве расходаў па ўтрыманні дзяцей. "Як яны працуюць? У сістэму ЖКГ вы іх адпраўляеце. Уладкавалі ды ўладкавалі - работнікі ЖКГ церпяць і пастаянна скардзяцца: то на работу не ходзяць, даводзіцца міліцыі іх за руку вадзіць, то яшчэ што-небудзь. Чаму далей не робім захады? Калі ён працаўладкаваны, абавязаны працаваць і не працуе, чаму мы далей не прымаем меры, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Што мы з імі возімся? Ды не возімся мы з імі, мы іх проста на водкуп ім жа кінулі і задаволены - у нас ідзе працэс. Ды не ідзе ніяк гэты працэс!"

"Прычым гэтыя і іншыя ўтрыманцы карыстаюцца ўсімі дабротамі дзяржавы, атрымліваюць бясплатную адукацыю, медыцынскае абслугоўванне, аплачваюць паслугі ЖКГ па датаваных дзяржавай тарыфах. А потым яшчэ прыходзяць да дзяржавы і патрабуюць дастойную пенсію. "Час спыняць гэта ўтрыманства, 400 тыс. павінны быць уключаны імем рэвалюцыі ў работу. Гультаёў не павінна быць у краіне. Трэба прымусіць гэтых людзей працаваць і спыніць раздаваць бясплатна даброты тым, хто не працуе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы даручыў кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэю Кабякову і дзяржаўнаму сакратару Савета бяспекі Аляксандру Мяжуеву ўнесці прапановы на гэту тэму і да канца года далажыць аб праведзенай рабоце.

Прэзідэнт нагадаў, што ў пачатку года ён даручаў дэталёва прааналізаваць сітуацыю на рынку працы і фактары, што аказваюць на яго ўплыў. Была створана спецыяльная рабочая група, якая выпрацавала шэраг прапаноў. Аляксандр Лукашэнка пажадаў пачуць, як працуюць асобы, абавязаныя кампенсаваць дзяржаве сродкі на выхаванне і ўтрыманне сваіх дзяцей, і як будуць працаўладкаваны грамадзяне, якія не задзейнічаны ў эканоміцы краіны. Канкрэтныя меры падрыхтаваў і разгледзеў ужо ўрад. "Хачу пачуць, наколькі дзейсныя гэтыя меры і які чаканы рэзультат", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Тозік далажыў аб стане працоўных рэсурсаў і прапановах па фарміраванні іх аптымальнай структуры. У прыватнасці, паводле яго слоў, пачата работа па забеспячэнні неабходнай мабільнасці рабочай сілы. У сувязі з гэтым урад лічыць мэтазгодным прадоўжыць скарачэнне будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай і павелічэнне будаўніцтва даступнага па цане арэнднага жылля з адпаведнай падтрымкай шматдзетных сем'яў і іншых катэгорый, якія ў гэтым маюць патрэбу.

На думку віцэ-прэм'ера, каб насельніцтва лепш працавала, неабходна стварыць эканамічныя стымулы, скарэкціраваць сацыяльную палітыку і ўдакладніць дзяржаўныя сацыяльныя стандарты, перагледзець нормы працы. Анатоль Тозік лічыць, што рэалізацыя гэтых мер дала б магчымасць павысіць намінальную заработную плату ў краіне, выраўнаваўшы яе паказчык з суседнімі краінамі.

Для максімальна магчымага прыцягнення грамадзян, якія ўхіляюцца ад работы, а таксама для стварэння дадатковых стымулаў да добрасумленнай працы ўрад падрыхтаваў праект нарматыўнага акта, у якім прадугледжаны шэраг мер, у прыватнасці павелічэнне мінімальнага працоўнага стажу з выплатай абавязковых страхавых узносаў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва для назначэння працоўных пенсій з 10 да 15 гадоў. Прапануецца таксама пры разліку пенсій прапануецца браць за аснову апошнія 20 гадоў стажу. Пры адсутнасці патрабуемага агульнага і страхавога стажу работы - павысіць узрост для звароту за сацыяльнай пенсіяй на пяць гадоў: да 60 гадоў для жанчын і 65 гадоў для мужчын, а магчыма, і ўстанавіць аднолькавы парог узросту 65 гадоў.

Паводле слоў Анатоля Тозіка, для тых, хто не плаціць падаходны падатак і адлічэнні ў фонд сацыяльнай абароны, трэба вызначыць пералік мінімальнай дапамогі, якую ён можа атрымаць бясплатна ў дзяржаве.

Урад прапануе ўзмацніць уплыў значнасці доўгага працоўнага стажу на памер назначаемай пенсіі, у першую чаргу для нізкааплатных катэгорый работнікаў.

Віцэ-прэм'ер унёс таксама шэраг прапаноў, якія датычацца змянення структуры і якасці падрыхтоўкі кадраў, павышэння статусу прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама каардынавання работы міністэрстваў і ведамстваў. У пачатку лістапада гэтыя прапановы будуць унесены на разгляд Кіраўніка дзяржавы.

Анатоль Тозік лічыць, што ў краіне ёсць магчымасці закрыць усе патрэбнасці эканомікі ўласнымі працоўнымі рэсурсамі, прымаючы з ліку замежных грамадзян толькі патрэбных для краіны спецыялістаў.

"Нам патрэбны вынік. Як вы будзеце дабівацца выніку - гэта ваша справа, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Але не павінен чалавек, які дзень пры дні на рабоце, працаваць на нейкіх яшчэ бамжоў!"

Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч далажыў аб планах па падрыхтоўцы і забеспячэнні кваліфікаванымі кадрамі нацыянальнай эканомікі.

Міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч далажыў аб міграцыйнай сітуацыі ў краіне і тэндэнцыях знешняй працоўнай міграцыі. Ён прапанаваў прааналізаваць патрэбнасці рэгіёнаў у працоўных рэсурсах, вызначыць прадпрыемствы, гатовыя забяспечыць работнікаў жыллём і заработнай платай, і акумуляваць гэту інфармацыю ў тэрытарыяльных цэнтрах занятасці насельніцтва. На яго думку, трэба перагледзець планы абласных і раённых выканкамаў па рассяленні насельніцтва з улікам дэмаграфічнай і эканамічнай сітуацыі ў рэгіёнах.

У адносінах да грамадзян, якія не працуюць і ў былыя часы называліся дармаедамі, МУС ініцыіравала ўвесці ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях норму, якая дасць магчымасць прыцягваць іх да адказнасці, у тым ліку і да прымусовага працаўладкавання грамадзян, якія ў пэўны перыяд часу наўмысна не працуюць.

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў гэту прапанову. "Хочаце вярнуць паняцце "дармаедства" - вяртайце. Гэта будзе больш зразумела для народа, - сказаў ён. - Не трэба нічога добрага, што было ў савецкія часы зроблена, адкідваць, у тым ліку і тэрміналогію".

"Любымі спосабамі, якія мы ведаем і ўмеем рабіць, трэба прымусіць гэтых людзей працаваць! - падкрэсліў Прэзідэнт. - Да 1 студзеня прыняць меры, каб усе працавалі, прымусіць усіх працаваць!"

Аляксандр Лукашэнка асабліва звярнуў увагу на тое, што жыллё неабходна будаваць там, дзе не хапае рабочай сілы або дзе неабходна ствараць рабочыя месцы. "Пара ўжо ад размоў перайсці да справы!" - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што падтрымлівае ўсе агучаныя ў гэтым плане прапановы ўрада. "Прымайце да 1 студзеня ўсе рашэнні, даводзьце да грамадства, а з 1 студзеня яны павінны на практыцы рэалізоўвацца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён усклаў на Адміністрацыю Прэзідэнта кантроль за выкананнем даручэння. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы дадаў, што на гэтыя мерапрыемствы не павінны расходавацца бюджэтныя сродкі.