Нарада па пытаннях супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка надае важнае значэнне развіццю міжрэгіянальных сувязей Беларусі і Кітая. На гэтым Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу 17 красавіка на нарадзе па пытаннях супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай.

"Калі мы не выйдзем на прамое супрацоўніцтва рэгіёна з рэгіёнам, мы не даб'ёмся тых мэт, якія ставім у супрацоўніцтве з Кітайскай Народнай Рэспублікай", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў час візіту ў Беларусь старшыні КНР Сі Цзіньпіна адбудзецца міжрэгіянальны форум, дзе будуць прысутнічаць прадстаўнікі васьмі кітайскіх правінцый, чый уклад у ВУП Кітая складае больш за 50 %.

"Задача губернатараў - выйсці на прамыя кантакты і кантракты з гэтымі рэгіёнамі. Вам давядзецца непасрэдна займацца знешнегандлёвай дзейнасцю з гэтымі рэгіёнамі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што пакуль не ўдаецца дабіцца паўнацэннага ўзаемадзеяння з асобнымі правінцыямі, хоць гэта з'яўляецца прамой задачай губернатараў. Прэзідэнт чакае ад службовых асоб, якія адказваюць за супрацоўніцтва з Кітаем, інфармацыю аб прымаемых кроках для максімальнага выкарыстання патэнцыялу беларуска-кітайскага супрацоўніцтва.

"У гэтым годзе нам прадстаўляецца рэальная магчымасць пашырыць наша стратэгічнае партнёрства ў сувязі з трохдзённым візітам кіраўніка Кітайскай Народнай Рэспублікі, я сказаў бы беспрэцэдэнтным візітам", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адносіны з Кітаем з'яўляюцца адным з прыярытэтаў шматвектарнай знешняй палітыкі Беларусі. Двухбаковае супрацоўніцтва прыняло вельмі дынамічны характар і дасягнула ўзроўню ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. "Час даказаў, што ў еўрапейскім рэгіёне для Кітая Беларусь - найбольш стабільны, надзейны і прымальны партнёр. Сёння гэта пацвярджаецца пачаткам рэалізацыі маштабнага праекта "Эканамічны пояс Шаўковага шляху", які ініцыіраваў старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін. Яго маючы адбыцца афіцыйны візіт у Беларусь дасць магутны імпульс далейшаму пашырэнню нашага ўзаемадзеяння", - лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі ўжо набыты багаты вопыт двухбаковага супрацоўніцтва з Кітаем у палітыцы і міжнародных адносінах, гандлёва-эканамічным, крэдытна-інвестыцыйным супрацоўніцтве.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што цяпер рэалізуецца больш за 20 інвестыцыйных праектаў па такіх напрамках, як энергетыка, будаўніцтва, транспартная інфраструктура. "А гэта мільярды долараў, якія прадаставіў нам Кітай у якасці крэдытаў", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"На жаль, у ходзе работ выявіліся і праблемы, якія неабходна вырашаць. Трэба прызнаць, што пытанні часта не столькі ў нашых партнёрах, колькі ў нас. І ў гэтым плане мы сур'ёзна недапрацоўваем", - канстатаваў Прэзідэнт. Ён дадаў, што спагнанне за гэта будзе вельмі сур'ёзнае.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нядаўна даручаў стварыць спецыяльную групу, каб сур'ёзна прарэвізаваць тыя напрамкі супрацоўніцтва з КНР і тыя канкрэтныя праекты, якія рэалізуюцца, падпісаныя на мільярды долараў дагаворы па будаўніцтве як інфраструктурных аб'ектаў, жылля, так і энергетычных, вытворчых. "Мы сёння, апіраючыся на гэтыя матэрыялы, і паспрабуем разабрацца ва ўзроўні нашага супрацоўніцтва на канкрэтных фактах", - сказаў Прэзідэнт.

У час нарады была дадзена аб'ектыўная ацэнка праблемных пытанняў, якія ўзніклі пры рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. "Вельмі важна атрымаць урокі з дапушчаных памылак, каб не паўтараць іх у будучым", - адзначыў Прэзідэнт.