Бел
Галоўная   /  Падзеі

Нарада па пытаннях рэгіянальнага развіцця

2 красавіка 2019 года
Нарада па пытаннях рэгіянальнага развіцця
глядзіце таксама: відэа
2 красавіка 2019 года
Нарада па пытаннях рэгіянальнага развіцця

Найбольш актуальныя пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў краіны былі вынесены 2 красавіка на нараду ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

У ліку ўдзельнікаў - кіраўніцтва Урада, Нацыянальнага сходу, Адміністрацыі Прэзідэнта, Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта і Камітэта дзяржкантролю, абласцей і горада Мінска, памочнікі Кіраўніка дзяржавы ў рэгіёнах.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што апошнім часам праведзены маштабныя мерапрыемствы, на якіх разгледжаны стан спраў і пастаўлены першачарговыя задачы для розных сфер эканомікі. Абмеркаваны пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аграпрамысловага комплексу і будаўніцтва - галіны, якія шмат у чым вызначаюць стан беларускай эканомікі, а таксама яе магчымасці вырашаць сацыяльныя задачы.

Акрамя таго, падпісаны тры дырэктывы - дарожныя карты для АПК, будаўніцтва і ЖКГ. Яны ўстанаўліваюць сістэмныя задачы і неабходныя для іх вырашэння інструменты.

"Намечаны шляхі ўдасканалення сістэмы адукацыі і перспектывы беларускай навукі. Мы таксама на адпаведных нарадах, форумах разгледзелі гэтыя пытанні. Вызначаны дакладныя этапы паскарэння развіцця рэгіёнаў. Мы дамовіліся на працягу двух гадоў забяспечыць паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё адразу 11 буйных гарадоў. Сёння перад урадам і губернатарамі стаіць задача забяспечыць рэалізацыю ўсіх прынятых рашэнняў, планаў і дырэктыў на месцах. Агульная мэта гэтых праграмных рашэнняў - дасягненне дастойнага ўзроўню і якасці жыцця нашых грамадзян. Фундамент паспяховага развіцця дзяржавы - моцная эканоміка, таму перш за ўсё неабходна развіваць эканоміку рэгіёнаў, ствараць там рабочыя месцы з дастойным узроўнем зарплаты", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Перад губернатарамі Аляксандр Лукашэнка паставіў пытанні, што перашкаджае безумоўна выконваць пастаўленыя задачы, якія фактары перашкаджаюць развіццю рэгіёнаў, што неабходна зрабіць для іх эфектыўнага і збалансаванага развіцця ў доўгатэрміновай перспектыве, як плануецца скарачаць рэгіянальныя адрозненні ва ўзроўні і якасці жыцця насельніцтва.

Прэзідэнт канстатаваў, што пераважная большасць абласцей у мінулым годзе не дасягнула планавых лічбаў па валавым рэгіянальным прадукце і прадукцыйнасці працы. Ёсць праблемы і ў частцы выканання заданняў па экспарце тавараў, прыцягненні прамых замежных інвестыцый. Больш таго, ніхто не знізіў узровень затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі. "Асноўныя паказчыкі эфектыўнасці правалены. У гэтым годзе яшчэ не ўсе губернатары забяспечваюць выкананне тых планаў, якія мы намецілі", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

"Але сёння важны не столькі аб'ём вытворчасці, колькі яе эфектыўнасць і канчатковы вынік - прыбытак і рэнтабельнасць", - падкрэсліў Прэзідэнт. Аднак значная частка прадпрыемстваў па-ранейшаму працуе са стратамі, канстатаваў ён.


Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на той факт, што пакуль не выбудавана сістэмная работа з інвестарамі. Ён заўважыў, што з кожным трэба працаваць індывідуальна. "Колькі з іх мы развярнулі за кошт сваёй валакіты, бюракратызму, адсутнасці рашучасці выканаць задачу. Усе рэгіёны падпісалі пагадненні з кітайскімі правінцыямі і гарадамі. Многія кіраўнікі не раз бывалі ў гэтай краіне. Дзе праекты і інвестыцыі?" - паставіў пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, нават па існуючых інвестыцыйных праектах работа вядзецца няякасна: не выконваюцца тэрміны рэалізацыі, аддача ад іх вельмі нізкая. "Як я падкрэсліваў, нам не патрэбны інвестыцыі дзеля інвестыцый. Патрэбны вытворчасці заўтрашняга дня, новыя тавары і тэхналогіі. Патрэбна адметнасць на кожным прадпрыемстве. Трэба генерыраваць новыя ідэі, укараняць ноу-хау, вырабляць запатрабаваную на рынку прадукцыю", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што большасць ствараемых у краіне рабочых месцаў не адносіцца да высокапрадукцыйных і прадугледжвае нізкую кваліфікацыю работнікаў і невысокі ўзровень заработнай платы.

"Хоць адна з першарадных задач мясцовых органаў улады - арганізацыя вытворчасцей менавіта з паглыбленай перапрацоўкай сыравіны і атрыманне экспартна арыентаванай і імпартазамяшчальнай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю, - сказаў ён. - У раёнах і гарадах павінны быць створаны ўмовы і стымулы для прыцягнення працоўных рэсурсаў пад патрэбнасць эканомікі рэгіёнаў".

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што не трэба прыцягваць інвестыцыі дзеля справаздачнасці, яны павінны прыносіць краіне карысць. "Да нас прыходзіць шмат інвестараў, якія просяць поўнае вызваленне ад падаткаў, сацыяльных абавязацельстваў і іншага. Паўстае пытанне, навошта нам патрэбны такія прадпрыемствы? Яшчэ і зарплату плацяць мізэрную. Інвестар павінен прыходзіць у краіну і працаваць на агульных умовах - настаў той перыяд. Ільготы толькі тым, у кім мы жыццёва зацікаўлены", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Не выконваюцца патрабаванні па росце заработнай платы, канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. "Больш таго, яна яшчэ і выплачваецца не своечасова. І гэта адказнасць Прэм'ер-міністра і першага віцэ-прэм'ера", - заўважыў ён.

У 2018 годзе толькі 10 са 128 раёнаў і гарадоў мелі зарплату вышэйшую за сярэднюю па краіне. У Магілёўскай вобласці няма ніводнага такога раёна або горада. За студзень-люты сітуацыя кардынальна не змянілася.

"Вы ведаеце, што тэма занятасці і своечасовай выплаты зарплат пад маім асаблівым кантролем. І сваіх строгіх установак у гэтым пытанні я мяняць не маю намеру, таму што людзі хочуць кожны дзень есці і ў нешта апрануць дзяцей, каб адправіць у школу і ў дзіцячы сад. Не мне вам гэта тлумачыць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.


У будаўнічым комплексе, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, не забяспечваецца апераджальнае развіццё інжынернай і транспартнай інфраструктуры, а таксама стварэнне аб'ектаў сацыяльнай сферы. "Напрыклад, у Бараўлянах сёння ў дзіцячых дашкольных установах дэфіцыт месцаў. Па-ранейшаму адзначаюцца факты самавольнага будаўніцтва", - канстатаваў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што мясцовая ўлада ўпусціла гэты напрамак, не прымае тут патрэбных рашэнняў. "Вы самі выбіраеце свой шлях", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

"Веснавыя палявыя работы пачаліся з праблем. Губернатарам ужо даўно трэба было вызначыць дакладны, дэталёвы (наколькі гэта магчыма) план дзеянняў па правядзенні пасяўной кампаніі - ад вывазу арганікі на палі і да завяршэння ўсіх палявых работ. Правалаў у гэтым годзе быць не павінна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў краіне дастатковы ўзровень развіцця аграпрамысловага комплексу, які дазваляе якасна працаваць у любых умовах. "Хопіць усе свае пралікі спісваць на надвор'е. Наогул жа на цяперашняе надвор'е цяжка нешта спісаць, - сказаў ён. - Гаспадаркі павінны быць забяспечаны тэхнікай, палівам, мінеральнымі ўгнаеннямі і насеннем. Але больш за ўсё мяне непакоіць і насцярожвае тое, што месцамі ў правядзенні палявых работ няма элементарнага парадку. Я хачу, каб губернатары і ўся вертыкаль улады зрабілі адпаведныя высновы з падзей у Магілёўскай вобласці і іншых рэгіёнах. Рэгіёны вельмі дрэнна падрыхтаваны да гэтай кампаніі. Бачыце, вясна рана прыйшла, не разварушыліся".

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на ролю Урада ў пасяўной і ўборачнай кампаніях. "Гэта мабілізацыя сродкаў. Калі ў прамысловасці і іншых галінах людзі працуюць пад дахам у любое надвор'е, то сельская гаспадарка - гэта вельмі сур'ёзная галіна", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён даручыў Прэм'ер-міністру Сяргею Румасу і Міністру фінансаў Максіму Ермаловічу разабрацца ў бліжэйшы час з праблемнымі пытаннямі ў гаспадарках: "На працягу гэтага тыдня ўсе пытанні, якія ад іх залежаць, павінны быць зняты".

Паводле інфармацыі Генеральнай пракуратуры і МУС, перад пачаткам пасяўных работ 503 адзінкі тэхнікі знаходзіліся ў нерабочым стане і не падлягаюць аднаўленню. Паўтары тысячы адзінак не прайшлі тэхагляд. Больш як тры тысячы машын і агрэгатаў спісаны, да гэтага часу не здадзены на металалом і захоўваюцца з парушэннем правіл.

"У некаторых гаспадарках у перыяд асноўных работ трактароў і камбайнаў пад плотам не менш, чым у полі. Як гэта выглядае ў жыцці, вы бачылі ў "Купалаўскім". І як захоўваецца вельмі дарагая тэхніка, вы таксама бачылі. Але ж тысячы разоў было сказана: імпартная дарагая тэхніка не павінна быць у гаспадарцы, дзе наогул не ўмеюць сеяць і ўбіраць. Навошта вы яе туды аддаяце?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Асобную ўвагу ён удзяліў выкананню рэгламентаў і нарматываў, падкрэсліўшы неабходнасць безумоўнага выканання тэхналогіі вытворчасці. "Які вынік вы плануеце атрымаць, калі пад яравую сяўбу мінеральных угнаенняў назапашана толькі палова ад патрэбнасці. А ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях, дзе ў нас земляробства на "найвышэйшым" узроўні, аж чвэрць, - адзначыў Прэзідэнт. - Кожны год праблема з нарыхтоўкай кармоў, умовамі іх закладкі і захоўвання".


Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, даходзіць да таго, што зімой вада ў паілках для жывёл замярзае. "Спачатку парушаеце тэхналогію вытворчасці, а потым - трэба ж твар захаваць - займаецеся прыпіскамі", - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў 2018 годзе ніводная вобласць не справілася з выкананнем даручэння па нарыхтоўцы паўтарагадовага запасу травяных кармоў. У выніку ў асобных раёнах іх пачынаюць завозіць з іншых рэгіёнаў ужо к канцу лістапада. "У мяне павінны быць на стале гэтыя гаспадаркі. Мы аб гэтым дамаўляліся па восені. Вось гэтыя перавозкі, уся лагістыка - гэта затраты. Адсюль няхватка грошай на бягучыя патрэбы. У выніку цяперашні фінансавы стан шэрага арганізацый не дазваляе павысіць прывабнасць сельгаспрацы, якая застаецца адной з самых нізкааплатных. І хто, скажыце, туды пойдзе працаваць на такую заработную плату?" - пацікавіўся Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што павінна быць вельмі строгая дыктатура тэхналогіі і вытворчай дысцыпліны: "Аб гэтым мы гаворым ледзь не на кожнай нарадзе. Але, як я думаю, вы адчулі: ніхто нікога ўгаворваць больш не будзе. Ваша безгаспадарчасць недапушчальна".

"Бягучы год, як мы дамаўляліся, - гэта год навядзення парадку, каб наша Беларусь уся была ў кветках і зеляніне. Краіна павінна быць прыгожай, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. -  У кожнай вёсачцы, аграгарадку, у кожным раёне, вобласці, у Мінску - на кожным пятачку павінны быць высаджаны дрэвы. Гэта здароўе людзей, у рэшце рэшт. Гэта наша візітная картка. І вам трэба навесці парадак раз і назаўсёды - тады людзі будуць разумець, які парадак павінен быць і як яго падтрымліваць".

Прэзідэнт нагадаў, што даўно ставіў задачы высадзіць уздоўж аўтамабільных дарог, на пустых і невыкарыстоўваемых тэрыторыях дрэвы і кусты. "Гэта ж практычна. Менш трэба будзе абкошваць прыдарожныя палосы. Але воз і цяпер там. Запатрабую з кожнага памочніка па абласцях і горадзе Мінску, - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы. - Вазьміце гэта пад кантроль".

Тэгі: Нарады
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь