Нарада па пытаннях развіцця дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі

  • 1
У Беларусі наспела неабходнасць комплексна ацаніць стан спраў у сферы нацыянальнай бяспекі. Аб гэтым 10 лістапада заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях развіцця дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі.

Так, размова ішла аб яе эфектыўнасці ў частцы процідзеяння сённяшнім выклікам, гатоўнасці сілавікоў да розных варыянтаў развіцця сітуацыі ў свеце, іх здольнасці рэальна спрагназаваць і папярэдзіць магчымыя негатыўныя наступствы.

Для вырашэння гэтых задач, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, "кожнаму ведамству неабходна не толькі эфектыўна вырашаць задачы, што стаяць перад ім, але і мець глыбока прадуманую стратэгію сваёй дзейнасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Адсюль патрабаванні Прэзідэнта да наяўнасці канкрэтных планаў дзейнасці таго ці іншага ведамства. Паводле меркавання Кіраўніка дзяржавы,  у першую чаргу кіраўнікі павінны бачыць галоўныя напрамкі развіцця свайго ведамства на бліжэйшую і доўгатэрміновую перспектыву.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на такі аспект, як аптымізацыя сіл і сродкаў, якія задзейнічаны ў краіне для забеспячэння дзейнасці сілавых структур. "Мы не такія багатыя, каб утрымліваць лішнюю колькасць сілавых структур. У той жа час і спрашчэнствам займацца нельга. У адваротным выпадку можна даскарачацца да таго, што ў нас сістэма будзе, але яна можа стаць непрацаздольнай", - перасцярог Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, Прэзідэнт адзначыў, што яму хацелася б, каб кожны паглядзеў на сваё ведамства свежым поглядам. Вырашэнне задач, што стаяць перад ім, неабходна ажыццяўляць з меншымі фінансавымі затратамі, але якасць павінна ўзрасці, запатрабаваў ён. "Трэба пазбавіцца ад лішніх, часам надуманых функцый, у тым ліку кантрольных, выключыць непатрэбнае дубліраванне работы ведамстваў", - прадоўжыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць недапушчальным, "калі кантралёры ходзяць па прадпрыемствах адзін за адным замест аказання рэальнай дапамогі эканоміцы, ствараюць дадатковыя цяжкасці". Скаргаў наконт гэтага дастаткова, у большасці сваёй яны неабгрунтаваныя, але ёсць і абгрунтаваныя, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. "І кантраляваць, і правяраць прадпрыемства любой формы ўласнасці, калі яны парушаюць закон, мы будзем, але ісці туды трэба, маючы на руках пэўныя матэрыялы, - сказаў Прэзідэнт. - Праверкі ажыццяўляць трэба выключна тады, калі на руках аб'ектыўны аператыўны матэрыял. На гэта я буду звяртаць асаблівую ўвагу. І не дай бог, калі вы зоймецеся нейкім прадпрыемствам і пойдзеце адтуль ні з чым".

Прэзідэнт адзначыў, што хацеў бы зразумець, ці гатовы прысутныя на нарадзе службовыя асобы кіраваць ведамствамі, эфектыўна іх развіваць ва ўмовах абстаноўкі, якая дынамічна змяняецца. "Па выніках нарады мы павінны дакладна вызначыцца з напрамкамі далейшага развіцця праваахоўнай сістэмы краіны, скарэкціраваць задачы як у цэлым для сілавога блока, так і кожнага органа сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У час нарады кіраўнікі органаў сістэмы нацыянальнай бяспекі выклалі планы развіцця сваіх ведамстваў. Гэта таксама трэба будзе зрабіць членам урада, шэрагу службовых асоб, якіх павінен назначыць нававыбраны Кіраўнік дзяржавы. На гэты момант у сувязі з праведзенымі прэзідэнцкімі выбарамі ўрад знаходзіцца ў адстаўцы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сваім патрабаванні - усе жадаючыя працаваць ва ўрадзе павінны даказаць сваю здольнасць. Фактычна склад урада быў прапанаваны яшчэ да выбараў, каб выбаршчыкі ведалі, з кім збіраецца працаваць дзеючы Кіраўнік дзяржавы ў выпадку перамогі. "Але тым не менш я не хацеў бы фармальна, аўтаматам падпісваць указы аб назначэнні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кожны кіраўнік павінен прадставіць сваё бачанне развіцця падведамнай структуры. Прапаноўвацца могуць як варыянты глыбокага рэфармавання аж да злому асобных аспектаў (Прэзідэнт гэтага абсалютна не выключаў і не выключае), так і спакойнага ўдасканалення. "Паколькі мы ўжо дастаткова глыбінныя рэформы правялі да гэтага часу", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Удзельнікі нарады прадметна абмеркавалі дзейнасць кожнага сілавога ведамства, у ліку іншага закраналіся праблемы, звязаныя, напрыклад, з грувасткасцю, перанасычанасцю асобных структур. У цэлым сістэма забеспячэння нацыянальнай бяспекі была ацэнена Прэзідэнтам як эфектыўная. Па выніках нарады пастаўлена мэта павысіць мабільнасць праваахоўных органаў, стварыць яшчэ больш кампактную сістэму забеспячэння нацыянальнай бяспекі.