Нарада па пытаннях развіцця аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці

  • 24

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 лістапада правёў нараду па пытаннях развіцця аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці.

Кіраўнік дзяржавы разлічвае, што гэта нарада стане гістарычнай з пункту гледжання наступстваў. "Можа, не адразу сёння, няхай гэта будзе вялікім пачаткам, але мы павінны прыняць рашэнне аб далейшым не проста развіцці Віцебшчыны, але і аб яе паспяховым існаванні. Дапусціць памылкі нельга. Час эксперыментаў скончаны", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што папрасіў сабраць нараду ў пашыраным складзе. Сярод удзельнікаў мерапрыемства былі вышэйшыя службовыя асобы, члены Урада, кіраўніцтва мясцовай вертыкалі ўлады, уключаючы старшынь гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, кіраўнікі інтэграцыйных структур, перапрацоўчых, сельскагаспадарчых і іншых арганізацый.

У час нарады абмяркоўваўся праект указа з прапановай стварыць супербуйны холдынг для вырашэння праблем у аграпрамысловым комплексе рэгіёна.

"Я азнаёміўся з праектам указа, які вы нібыта калектыўна выпрацавалі і хочаце, каб я яго падтрымаў. Асноўныя палажэнні прадугледжваюць (з пункту гледжання спецыялістаў) радыкальную перабудову ўсёй сістэмы кіравання агракомплексам вобласці, а прапанаваны супербуйны холдынг зойме дзве трэці яе тэрыторыі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо цяпер у вобласці працуюць некалькі інтэграцыйных структур у АПК у выглядзе холдынгаў, аднак большая іх частка не паказвае чаканых вынікаў. "Калі вы атрымалі адмоўны вопыт чатырох холдынгаў з пяці, вы хочаце стварыць яшчэ гіганцкі суперхолдынг? Як разумець вас тады? - абазначыў праблему Аляксандр Лукашэнка. - Мне ж падпісваць указ і несці за яго адказнасць. Гэта велізарныя расходы".

Пры гэтым па праекце ўказа вобласць разлічвае на каласальную суму дзяржаўнай падтрымкі. "А мне сказалі: ды не, не трэба ніякай падтрымкі... Таму для прыняцця канчатковых рашэнняў сёння нам трэба падрабязна і канкрэтна абмеркаваць усе існуючыя пытанні", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён папярэдзіў усіх удзельнікаў нарады, каб ніхто не спрабаваў адседзецца, а ўсе неслі персанальную адказнасць. "Вы сабраліся сюды не для таго, каб адмаўчацца: вось скажу, а заўтра мяне выганяць... Ніхто нікога не выганіць, калі вы будзеце нармальна працаваць. А калі нехта асмеліцца гэта зрабіць, то ён сам будзе выгнаны з гэтай вобласці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што асобным паказчыкам работы АПК рэгіёна можна адзначыць невялікую пазітыўную дынаміку. Аднак вынікі ўсебаковага аналізу сітуацыі паказваюць наяўнасць сур'ёзных праблем. "Не трэба самазаспакойвацца кіраўнікам іншых абласцей. У нас прыкладна такая ж сітуацыя ва ўсіх усходніх абласцях. І ў Магілёўскай, і ў Гомельскай. Ім таксама давядзецца прымаць надзвычайныя меры. Там пасля замены кіраўнікоў абласцей яны варушыцца нібыта пачалі. Але гэтага мала. Трэба прымаць тэхналагічныя і арганізацыйныя меры, каб справіцца з праблемамі, якія там існуюць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

За пяць апошніх гадоў аб'ём вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ў Віцебскай вобласці зменшыўся амаль на 2%. "У вас поўная стагнацыя. Вы коціцеся ў адваротны бок", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, стала ўстойлівай тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя буйной рагатай жывёлы, а яе сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе ніжэйшыя, чым у любым іншым рэгіёне краіны. Віцебская вобласць адзіная, дзе сярэдні ўдой на карову складае менш як 4 тыс. кг. Нізкая інвестыцыйная актыўнасць, спад экспартнага патэнцыялу і як вынік пагаршэнне фінансавага стану прадпрыемстваў. Доля стратных арганізацый расце, а іх удзельная вага максімальная сярод усіх абласцей у рэспубліцы.

"Абсалютна недапушчальна тое, што ад такой работы (калі гэта наогул можна назваць работай) пакутуюць людзі. Ад нашай неарганізаванасці, нераспарадлівасці, трэба сумленна сказаць, і ад бязладнасці саміх людзей. Але бязладнасць нашых падначаленых пачынаецца заўсёды з нас, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Скарачэнне занятых у галіне і іх нізкая заработная плата ўжо нікога не здзіўляюць. Як інфармуе Белстат, 37% работнікаў вёскі (Віцебскай вобласці. - Заўвага) атрымліваюць зарплату ніжэйшую за Br500, а 40 арганізацый нават не могуць забяспечваць яе рэгулярную і самастойную выплату".

"Прытым у мяне складваецца меркаванне, што калі мы гаворым Br500, гэта ў некаторых гаспадарак налічаная зарплата, а выдаяце вы яе па частках - па Br100-150. І лічыцца, што ў вас сярэдняя зарплата Br500. Каго вы падманваеце?" - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.

"Тым часам кіраўніцтва вобласці недаравальна доўга (больш як два гады) распрацоўвае нейкія прапановы, як выправіць існуючую сітуацыю", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка паставіў перад удзельнікамі нарады шэраг прынцыповых пытанняў. У прыватнасці, па якіх прычынах сельскагаспадарчая галіна вобласці апынулася ў такім стане, ці выяўлены, а галоўнае - ці ліквідаваны, усе першапрычыны, якія прывялі да існуючай сітуацыі, якая вытворча-тэхналагічная стратэгія развіцця холдынга і наколькі дасканала яна выверана. "Калі не будзе ад зямлі аддачы - ад ферм, машынных двароў, збожжатакоў, калі там не будзе арганізацыі і аддачы, ніякія холдынгі не выратуюць", - папярэдзіў беларускі лідар.

Ён таксама пацікавіўся, ці падлічаны фінансавыя патокі ў прапанаваным холдынгу, ці дадуць яны яму магчымасць нармальна функцыянаваць, як будзе выбудавана сістэма кіравання, размежаваны паўнамоцтвы і сферы адказнасці.

"Ці дазваляюць меры, якія прапануюцца, канчаткова вырашыць праблемы ў Віцебскай вобласці або гэта проста замаскіраваная чарговы раз дзяржаўная падтрымка, каб закрыць вочы на парушэнні тэхналагічнай дысцыпліны і безгаспадарчасць? Калі мы не выкаранім гэту безгаспадарчасць, ніякія інтэграцыйныя структуры вам не дапамогуць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ўважліва і падрабязна азнаёміўся з тым, як працуюць створаныя раней у вобласці інтэграцыйныя холдынгі, іх праблемамі і эканамічнымі паказчыкамі. Дэталёва паспяховым вопытам работы холдынга падзялілася генеральны дырэктар ААТ "Віцебская бройлерная птушкафабрыка" Ганна Норкус. На думку Кіраўніка дзяржавы, мадэль работы гэтага холдынга з'яўляецца эфектыўнай, і яна можа стаць прыкладам для іншых. Асабліва правільным лічыць Прэзідэнт рашэнне ставіць на чале холдынга перапрацоўчыя прадпрыемствы і пад іх патрэбнасці развіваць сыравінную базу, якая фарміруецца з розных гаспадарак.


"Добра, пайшлі вы гэтым шляхам, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Паставілі на чале перапрацоўку. І ідзіце гэтак жа, фарміруйце групу спецыялістаў".

Аднак шмат у чым размова на нарадзе адносна работы іншых інтэграцыйных структур вялася менавіта вакол вырашэння даўгавой праблемы. Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу звязвае гэта з бязладным падыходам. Таму ён перасцярог кіраўніцтва Віцебскай вобласці ад стварэння новых структур у сельскай гаспадарцы толькі дзеля глытка свежага паветра.

"Трэба ўзважваць гэтыя прычыны (існуючай негатыўнай сітуацыі ў АПК вобласці і падставы для стварэння холдынга. - Заўвага), розныя. Калі вы гэта робіце дзеля глытка свежага паветра (размова аб магчымасці адтэрмінаваць вырашэнне бягучых праблем. - Заўвага), то праз год гэтага паветра не будзе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - І не дай бог у вас будзе гэты Прэзідэнт, і ў вас паветра ўжо не будзе, я вас усіх у турму адпраўлю. Таму не хлусіце, гаварыце, якая праблема. Я бачу вашу праблему. Вы безгаспадарча, бязладна працуеце. Вельмі дрэнна. Так не павінны працаваць".

Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на неабходнасці развіваць вёску і ўлічваць інтарэсы людзей. "Мяне ўсё ж такі непакоіць, што будзе там, ці захаваецца вёска ў Віцебскай вобласці? Мяне як Прэзідэнта гэта непакоіць. І людзі цікавяцца. Гэта галоўнае, гэта аснова".

Адно з патрабаванняў Прэзідэнта датычылася стварэння спрыяльных умоў, каб прыцягваць на работу ў інтэграцыйныя структуры прафесіяналаў, якія могуць наладзіць эфектыўную работу. "Яны ж сілай не пойдуць, - сказаў ён. - Вы з імі дамоўцеся. А дамовіцеся, калі ім добра заплаціце, за зарплату. Недзе, можа, і кватэру даць. Спецыялістам трэба плаціць. Спецыялісты ва ўсім свеце вельмі дорага каштуюць. Знайдзіце не сваякоў, не сыноў, не палюбоўніц, не палюбоўнікаў, а добрых спецыялістаў і накіруйце туды".

Аляксандр Лукашэнка, аналізуючы работу інтэграцыйных структур Віцебскай вобласці, адзначыў, што не бачыць мэтазгоднасці ў стварэнні над імі яшчэ адной структуры, якая іх аб'яднае. Трэба дабіцца вынікаў работы ад ужо існуючых холдынгаў. "Мяне цікавіць адно: чаму мы ствараем гіперхолдынг, парушаем кіруемасць вобласцю наогул і нават структуру ўлады, выклікаючы незадавальненне старшынь райвыканкамаў і многіх спецыялістаў, а не ідзём крок за крокам? Яны (інтэграцыйныя структуры. - Заўвага) створаны, функцыянуюць, а аддачы ад іх няма. Чаму іх не прымусілі працаваць, паўтараючы вопыт (паспяховых прадпрыемстваў тыпу "Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі". - Заўвага)?" - адзначыў Прэзідэнт.

"Слухайце маё рашэнне: холдынгі, якія вы стварылі, будуць існаваць. Я не супраць, што будзеце пашыраць іх тэрытарыяльна за кошт гаспадарак. Гаспадаркі гэтыя захоўваюць сваю эканамічную плацежаздольнасць. Больш атрымаў - тваё, менш - нічога не будзе. Арганізацыйна, дысцыплінарна, хоць у турму іх саджай - тых, хто дрэнна працуюць. Па даўгах вырашым пытанне. Вышэй за іх (існуючыя інтэграцыйныя структуры-холдынгі. - Заўвага) ніякіх надбудоў не будзе. На гэтым этапе нічога не будзе", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Ніякіх надбудоў. Што датычыцца даўгоў і іншага, калі нават мы іх адтэрмінуем, але кожны год кроўю і потам вы будзеце зарабляць грошы і дакладваць аб якім-небудзь прыросце. Гэта датычыцца і Магілёўскай, і Гомельскай абласцей, і іншых. Дурніцы, мужыкі, больш не будзе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець магчымасць прыватызацыі і продажу інвестарам тых гаспадарак, якія не могуць самастойна эфектыўна працаваць. "Трэба ўвесці прыватызацыю гэтых гаспадарак. Не хочуць працаваць у такой форме, трэба адкрыць прыватызацыю. Спіс складзіце і на сайце вывесіце. Можа, прыйдзе які-небудзь інвестар і дасць нейкую капейку", - сказаў беларускі лідар.

"Але за ўсё адказныя перш за ўсё кіраўнікі гаспадарак і старшыні райвыканкамаў. Да новага года, Уладзімір Паўлавіч (Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. - Заўвага), з губернатарам садзіцеся, і Анфімаў, памочнік (па Віцебскай вобласці. - Заўвага), вырашыце ўсе кадравыя пытанні па гэтых інтэграцыйных структурах. Думаю, што нам трэба будзе сустрэцца ў Мінску і прыняць канчатковае рашэнне. Але да прыняцця рашэння вы мне дайце ўсю інфармацыю. Дзе трэба, пераправерце і пракантралюйце", - даручыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на асабістым вопыце ў свой час пераканаўся ў магчымасці паспяхова развіваць нават стратныя гаспадаркі: "Я ведаю, як у такіх гаспадарках працаваць. Калі ёсць у вас жаданне, значыць, будзе толк. А калі вы будзеце соплі распускаць і займацца незразумела чым, і з абеду вас ужо на рабоце не знайсці... Тады нічога не будзе. Таму пачынайце працаваць".

"Да новага года павінна быць дакладная кіраўніцкая структура, як я сказаў. Падзяліце гэтыя гаспадаркі і стварыце сыравінныя зоны, і не палохайце людзей нейкімі інтэграцыйнымі структурамі. Гэта сыравінныя зоны", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

У якасці прыкладу эфектыўнай работы ён прывёў кампанію Аляксандра Машэнскага. "Як ён, ніхто так не рушыў наперад. Але ён не прыходзіць да мяне і не кажа: трэба нешта там стварыць. Я, гаворыць, непасрэдна з малаказавода кірую гэтымі гаспадаркамі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Не, тут (аб прапановах у Віцебскай вобласці. - Заўвага) трэба нешта нагрувасціць. А ён (Аляксандр Машэнскі. - Заўвага) за кожнага чалавека дрыжыць, каб лішняе не заплаціць. Але тым, якіх ён пакінуў, плаціць. Без зарплаты нічога не будзе".

"Таму пачынаем знізу - з зямлі. Калгасы, саўгасы павінны быць пакуль, - падкрэсліў беларускі лідар. - Улічыце сацыяльную базу - клубы, магазіны, школы... З Віцебска будзеце кіраваць? Таму захавайце калгасы гэтыя і саўгасы тэрытарыяльна і арганізацыйна, як яны ёсць, з разліковымі рахункамі. Інтэграцыйная структура на чале - гэта сыравінныя зоны па малаку і мясе. Яны павінны працаваць на вас. Ад сыравінных зон мы не адмовімся", - дадаў Прэзідэнт.


Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што выканкамы павінны быць надзелены сваімі паўнамоцтвамі і функцыямі паводле закону: "Яны кантралююць кадравую палітыку, глядзяць арганізацыю, сацыяльная сфера вялікая, ідэалогія, выбары і іншае. У іх шмат пытанняў. І яны не будуць пярэчыць, калі нехта збоку (ваша інтэграцыйная структура) дапаможа іх гаспадаркам працаваць. Але яны гаспадары там. Калі нехта, у тым ліку губернатар, будзе ўразаць іх паўнамоцтвы, значыць, атрымаеце па руках".

"Калі мы разбалансуем кіраванне краінай, ніякія структуры нікому будуць не патрэбны", - акцэнтаваў увагу беларускі лідар.

Кіраўніку дзяржавы было даложана аб звароце з боку рэгіёна да банкаўскай сістэмы для аказання шэфскай дапамогі адстаючым гаспадаркам Віцебскай вобласці. Але ад іх была атрымана адмова.

"Павел Уладзіміравіч (Калаур, Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка. - Заўвага), неадкладна займіцеся гэтым, - запатрабаваў ён. - Мы аб Нацыянальным банку і падпарадкаваных яму структурах (а яму ўсё падпарадкавана), мы яшчэ асобна пагаворым. Жыруе жуллё. Былыя і цяперашнія. А займацца (дапамогай. - Заўвага) не хочуць. Таму дагружайце іх - па калгасе, па паўтара, па два, няхай там працуюць. Гэта не абмяркоўваецца".

"Шэфская дапамога - гэта не здымаецца. А калі трэба прывесці банкаўскую сістэму да прытомнасці, я думаю, Калаур гэта зробіць. Не зробіць - гэта зробяць іншыя", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён згадаў і аб праведзеных выбарах, той факт, што ў Віцебскай вобласці грамадзяне падтрымалі кандыдатаў, за якіх прасіла ўлада. "Людзі ў нас залатыя. У Віцебскай вобласці больш за ўсё прыйшлі і прагаласавалі за тых, каго мы прасілі. Што яшчэ трэба ад гэтых людзей? Дык давайце мы павернемся да іх!" - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз акцэнтаваў увагу на важнасці падтрымання дысцыпліны і парадку: "Далей расхлябанасці такой быць не павінна - страцім краіну!"

Гаворачы пра АПК Віцебскай вобласці, ён адзначыў, што і без яго цяпер можна накарміць краіну і забяспечыць экспарт, і вострай праблемы няма. "Але не хацелася б страціць Віцебскую вобласць, таму што яна для мяне не чужая. Дапрацоўвайце, займайцеся гэтым. Максімум у студзені мы павінны гэта пытанне разгледзець у мяне", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт заклікаў пачынаць з зарплаты работнікаў, каб людзі маглі больш-менш нармальна жыць і карміць свае сем'і: "Павернецеся зарплатай да людзей і спецыялістаў - будзе вынік".

"Па-старому жыць нельга больш", - рэзюмаваў беларускі лідар.