Бел
Галоўная   /  Падзеі

Нарада па пытаннях работы беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў

21 сакавіка 2020 года

Расійскі бок поўнасцю падтрымаў прапановы Беларусі па пастаўках нафты. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 21 сакавіка, заслухоўваючы даклад па пытаннях работы беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў.

На нараду ў Палац Незалежнасці прыехалі Прэм'ер-міністр Сяргей Румас і віцэ-прэм'ер Юрый Назараў, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава (яна таксама з'яўляецца старшынёй наглядальнага савета на "Нафтане"), Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка і яго намеснік Валерый Бельскі, Дзяржсакратар Савета Бяспекі Андрэй Раўкоў, старшыні КДК і КДБ Леанід Анфімаў і Валерый Вакульчык, Міністр замежных спраў Уладзімір Макей і старшыня канцэрна "Белнафтахім" Андрэй Рыбакоў.

Як растлумачыў Кіраўнік дзяржавы, гэта поўны склад рабочай групы, якая павінна не проста маніторыць сітуацыю ў гэтай сферы, але і прымаць меры па загрузцы беларускіх НПЗ. Яна штотыднёва праводзіць свае пасяджэнні і інфармуе Прэзідэнта аб выніках работы. Кіруе рабочай групай Ігар Сергяенка.

"Я даручаў, каб разгледзелі новыя прапановы Расійскай Федэрацыі па пастаўках вуглевадароднай сыравіны. Яны паступілі ад расіян тры дні таму. Я так разумею, расіяне поўнасцю пайшлі на нашы прапановы па пастаўках нафты?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік Адміністрацыі пацвердзіў гэта і паведаміў, што прапановы Расіі былі разгледжаны на пасяджэнні рабочай групы.

На нарадзе быў разгледжаны комплекс пытанняў, якія датычыліся куплі сыравіны, загрузкі нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, задавальнення попыту на нафтапрадукты ўнутры краіны і экспартных паставак.

Карыстаючыся выпадкам, што ў зале прысутнічалі члены Урада і кіраўнікі дзяржорганаў, Аляксандр Лукашэнка закрануў яшчэ адну важную тэму. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як праходзіць работа па вяртанні беларусаў, якія апынуліся за мяжой у складанай сітуацыі з-за прыняцця шэрагам краін абмежавальных мер. Ён адзначыў, што ў некаторых азіяцкіх дзяржавах праблемы ўзнікаюць на роўным месцы: беларусаў проста не пускаюць на адваротныя рэйсы, арганізаваныя расійскімі авіякампаніямі. У Беларусі чакаюць значна большага садзейнічання ад бліжэйшага саюзніка, асабліва на фоне актыўнай падтрымкі ад заходніх суседзяў. Тым больш і сам Прэзідэнт яшчэ некалькі дзён таму заявіў, што Беларусь гатова дапамагаць расіянам з вяртаннем на радзіму з Польшчы, як родным людзям.

"Ведаю, у Індыі праблемы ўзніклі, прытым, дзіўна, на роўным месцы. Беларусы, якія знаходзяцца на адпачынку ў Індыі, узялі білеты на адваротны рэйс на расійскія самалёты. Але іх проста выпіхваюць з салона, не бяруць на борт. Давайце разгледзім гэта пытанне не проста спрошчана - мы адправім чартар і забяром. У чалавека ёсць білет, яго трэба даставіць туды, да якога пункта ў яго білет. Там білеты да Масквы. А з Масквы ўжо як забіраць нашых людзей, будзем думаць. Ды, мы можам забраць іх з Індыі, але хто будзе потым кампенсаваць страты людзям за гэтыя білеты і чартарам, якія мы туды адправім. Тут таксама не трэба панікі. Трэба спакойна, юрыдычна выверана разбірацца па ўсіх пытаннях", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.



Прэзідэнт звярнуў увагу яшчэ на адзін нюанс: многія беларусы паляцелі на адпачынак, ведаючы, што ў свеце складаная абстаноўка з-за пандэміі і многія краіны закрываюць свае граніцы. "Мы ўжо гвалтам крычым: не едзьце за мяжу, пабудзьце дома. Не, усё роўна едуць за гэту мяжу. Тым, хто выехаў пасля нашых папярэджанняў, - ніякіх чартараў. Няхай там і сядзяць, калі туды выехалі, - жорстка запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы. - Я разумею, бываюць выпадкі, калі трэба выехаць, вырашыць нейкія пытанні. Але гэта адзінкавыя. Іх амаль няма. З МЗС няхай узгадняюць, выязджаюць, тады мы будзем за іх адказваць".

Паводле інфармацыі Аляксандра Лукашэнкі, ёсць грамадзяне, якія, карыстаючыся картай паляка, у гэты няпросты час пакідаюць сваю краіну. "Ходзяць туды-сюды, а мы іх сустракаем і ўсіх правяраем. Трэба даць каманду пагранічнікам: хочаш пайсці ў Польшчу - пайшоў туды і сядзі там, - заявіў ён. - Трэба па-чалавечы людзей папярэдзіць: ніякага выезду за мяжу. Паехаў - будзеш там сядзець, пакуль не скончыцца гэта пандэмія".

Кіраўнік дзяржавы таксама запатрабаваў разабрацца з распаўсюджвальнікамі фэйкаў аб смярцях з-за каранавіруса. "Валерый Паўлавіч (Старшыня КДК Валерый Вакульчык. - Заўвага), ужо хопіць на гэта глядзець. Трэба як мае быць прайсціся па гэтых сайтах, каналах. Загінула жанчына ў Віцебску - ніякага там каранавіруса, і пасля гібелі ўзялі аналізы некалькі разоў. Мне дакладваюць па кожным выпадку падобных смярцей. Не, узялі, напісалі, што загінула нібыта ад каранавіруса. Для чаго? Каб стварыць паніку", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна разабрацца з "нягоднікамі, якія ўкідваюць гэтыя фэйкі". "Навошта яны гэта робяць? - спытаў ён. - Бог нас ратуе, што мы больш-менш гэты складаны час, калі ідзе пік вострых рэспіраторных захворванняў, яшчэ неяк праходзім, трымаем жа ўсё на кантролі. Не, трэба раскруціць абстаноўку, узарваць нешта. Так, у людзей ужо сфарміраваўся імунітэт і да гэтай балбатні ў інтэрнэце. Але чаму мы праходзім міма такіх людзей, якія робяць гэта наўмысна?"

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што за апошнія суткі ў Мінску правялі каля тысячы тэстаў на наяўнасць каранавіруса - усе вынікі былі адмоўныя. "Гэта добра, але расслабляцца нельга", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён даручыў Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай узяць на асаблівы кантроль работу з асноўнай групай рызыкі - пажылымі людзьмі. "Справа не ў каранавірусе: у нас іншых вірусаў хапае", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Наталля Качанава адзначыла, што ўжо размаўляла са старшынямі райвыканкамаў, каб яны працавалі з пажылымі, у тым ліку дапамагалі арганізаваць дастаўку прадуктаў дамоў.

"Я яшчэ раз падкрэсліваю: справа не ў гэтым каранавірусе. Справа наогул у нашай прыстойнасці і дысцыпліне. Якая розніца, ад чаго памёр чалавек? Гэта наша расхлябанасць, непарадак. Ад вірусных хвароб нельга паміраць. Трэба проста глядзець за людзьмі. Трэба актывізаваць дзяцей, каб яны дапамагалі старым. Галоўнае цяпер - абараніць старых людзей", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.


Тэгі: Нарады
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь