Нарада па пытаннях прыцягнення знешняга фінансавання

  • 1

Умовы прыцягнення ў краіну знешніх інвестыцый павінны адпавядаць дзяржаўным інтарэсам. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 26 снежня ў час нарады па пытаннях прыцягнення знешняга фінансавання.

"Нам неабходна абмеркаваць пытанне прыцягнення знешніх фінансавых сродкаў для інвестыцый у нашу эканоміку. У першую чаргу рэсурсы патрэбны рэальнаму сектару. Пытанне не ў тым, дзе іх знайсці і як. Размова пойдзе аб канкрэтных крэдытах, якія нам прапануюць. Не толькі мы просім у кагосьці (гэта нармальная практыка), а нам прапануюць сёння нашы партнёры. Перш за ўсё расійскія банкі. Нам трэба абмеркаваць правілы пазыкі, кошт гэтых крэдытаў, трэба ці не трэба іх браць, куды накіраваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Адным з важнейшых каналаў паступлення крэдытаў з'яўляецца банкаўская сфера. На нарадзе было адзначана, што за апошнія гады ў Беларусі склаліся дзелавыя партнёрскія адносіны з шэрагам замежных банкаў, якія працуюць у краіне. "Проста трэба варушыцца, грошай у свеце дастаткова. Вядома, ніхто раскідацца імі не будзе. Але наша краіна мае добрую крэдытную гісторыю, мы нікому ніколі не былі вінаватыя і не плануем мець пратэрмінаваныя крэдытныя рэсурсы або даўгі, таму трэба гэтым скарыстацца і працаваць. Працаваць і з заходнімі банкамі, і з нашымі філіяламі расійскіх банкаў, - паставіў задачу Прэзідэнт. - Але пры пазыцы трэба мець на ўвазе, што эканамічная бяспека і ўзровень золатавалютных рэзерваў - гэта святое. З гэтых падыходаў трэба зыходзіць пры вызначэнні мэтазгоднасці прыцягнення знешніх сродкаў".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што нейкай гонкі за іх аб'ёмамі быць не павінна, каб не залезці ў неаплатныя даўгі.

"Умовы прыцягнення фінансаў павінны адпавядаць выключна дзяржаўным інтарэсам, мець выразныя перспектывы і мэту, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Калі ёсць канкрэтныя праекты, разлікі іх акупнасці, і яны прымальныя, трэба вырашаць пытанне аб знешніх пазыках пад гарантыі ўрада".

На нарадзе былі абмеркаваны некаторыя вынікі работы эканомікі ў 2016 годзе, у тым ліку такія пытанні, як стан рэзерваў, інвестыцыйнага клімату, прывабнасць для прыходу інвестараў, выкананне праграмы з Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця.