Бел
Галоўная   /  Падзеі

Нарада па пытаннях прымянення мер адміністрацыйнай адказнасці

16 снежня 2019 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 16 снежня нараду па пытаннях прымянення мер адміністрацыйнай адказнасці.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта важная тэма датычыцца і хвалюе ўсіх грамадзян. "Ці ў поўнай меры ў гэтай рабоце забяспечваецца справядлівасць, пра якую мы часта гаворым і якая так запатрабавана нашым насельніцтвам?" - спытаў ён.

Паводле слоў Прэзідэнта, за дзесяць гадоў колькасць адміністрацыйных правапарушэнняў павялічылася амаль у два разы. Пры гэтым толькі за няпоўныя пяць гадоў зарэгістравана 16 млн парушэнняў, за ўчыненне якіх да адказнасці прыцягнуты каля 3,5 млн грамадзян - больш за 50% усяго працаздольнага насельніцтва.

"Нам трэба разабрацца, што стаіць за гэтымі данымі, і, зразумела, прыняць меры", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Асноўную масу адміністрацыйных правапарушэнняў - больш як 80% - сёння складаюць парушэнні ў сферы бяспекі дарожнага руху, у тым ліку зафіксаваныя з прымяненнем тэхнічных сродкаў. "Думаю, так званыя пісьмы шчасця ад Дзяржаўнай аўтаінспекцыі хоць аднойчы атрымліваў практычна кожны, хто сядзеў на рулём аўтамабіля", - заўважыў Прэзідэнт.

Разам з тым, звярнуў ён увагу, фотафіксацыя сем гадоў таму была ўведзена для навядзення парадку на дарозе, а не для таго, каб загнаць усіх вадзіцеляў у разрад злосных парушальнікаў закона. "Тым больш што нярэдка парушэнні абумоўлены перагружанасцю дарог, адсутнасцю дастатковай колькасці парковачных месцаў і іншымі аб'ектыўнымі прычынамі", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба дасканала разабрацца ў сітуацыі і сфарміраваць аптымальныя ўмовы, каб чалавек быў зацікаўлены выконваць правілы дарожнага руху. "На яго нельга вешаць ярлык правапарушальніка ў сітуацыі, калі не створана магчымасць для нармальнага руху. Таму нам трэба разгрузіць участкі дарог, на якіх фіксуецца найбольшая колькасць правапарушэнняў. Павялічыць з улікам рэальнай запатрабаванасці колькасць парковачных месцаў, устанаўліваць знакі, якія абмяжоўваюць скорасць руху менавіта там, дзе гэта аб'ектыўна неабходна", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў аб сваіх даручэннях па арганізацыі дарожнага руху, у прыватнасці, на мінскіх кальцавых дарогах. "Падніміце мае даручэнні па кальцавой дарозе - першай і другой - і праверце, выкананы яны ці не. Там, дзе я перамяшчаюся, выкананы, і скорасць руху была павялічана як належыць, і гэтак далей. Там, дзе нібыта радзей бываю на кальцавой дарозе, усё так і засталося. Знайдзіце вінаватых і звольніце з займаемых пасад", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.


Наступная важная праблема - выкарыстанне валавых справаздачных паказчыкаў для ацэнкі рэзультатыўнасці дзейнасці службовых асоб упаўнаважаных ведамстваў. "Як мне дакладваюць, да гэтага часу ў нас не выкаранена палачна-птушачная сістэма. Гэтым грашаць практычна ўсе: міліцыя, мытныя органы, падатковая інспекцыя, пажарная служба, санстанцыя і іншыя. Даходзіць да таго, што кіраўніцтва з супрацоўнікаў патрабуе прынесці не менш як тры-пяць пратаколаў аб правапарушэннях за дзень, калі не - застануцца без прэміі. Недапушчальна. За гэта трэба саджаць у турму без суда і следства. У адваротным выпадку мы не выкаранім гэту праблему, будзе балбатня", - перакананы Прэзідэнт.

Часам і самі работнікі праяўляюць залішні запал у надзеі вызначыцца, дадаў Кіраўнік дзяржавы. Па-ранейшаму ў яго шмат пытанняў у гэтым плане да міліцыі. "У жніўні на нарадзе па пытаннях якасці работы праваахоўных органаў мы ўжо гэта абмяркоўвалі, - нагадаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму я чакаю вынікаў, і не толькі па лініі міліцыі".

Правам складаць пратаколы аб правапарушэннях валодаюць супрацоўнікі больш як 70 ведамстваў. Прэзідэнт падкрэсліў: усе павінны дакладна разумець, што галоўным крытэрыем работы з'яўляецца не колькасць выяўленых парушэнняў і выпісаных штрафаў, а прафілактычнае ўздзеянне і рэальнае скарачэнне адміністрацыйных правіннасцей.

"Нам трэба, напэўна, узяць і ў якасці паказчыкаў унесці: чым больш пратаколаў склалі, значыць, тым больш беспарадку на ведамасных тэрыторыях па гэтай тэматыцы. І за гэта спаганяць. Тады не будуць складаць лішнія пратаколы і патрабаваць", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што дзеючы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях выкарыстоўвае пераважна карны спосаб вырашэння любых канфліктных сітуацый - так склалася яшчэ ў савецкі час. "Але ж гэта фарміруе ў грамадстве меркаванне аб празмернай жорсткасці і нават жорсткасці органаў улады і ўлады наогул, а часта і відавочнай несправядлівасці практыкі прымянення адміністрацыйных санкцый", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

За 12 гадоў дзеяння КоАП прынята 115 законаў, на падставе якіх у яго ўнесена больш як 1,4 тыс. карэкціровак. Пры такіх акалічнасцях дэвальвуецца павага да закона, лічыць Прэзідэнт. На яго думку, важна забяспечыць стабільнасць адміністрацыйнага заканадаўства, а таксама рэалізацыю прафілактычных мер, накіраваных на прадухіленне правапарушэнняў.

Да гэтага Кіраўнік дзяржавы раней ужо даручыў стварыць спецыяльную экспертную камісію з кіраўнікоў дзяржаўных органаў, парламентарыяў і вучоных. Яны павінны сістэмна перагледзець палажэнні дзеючага заканадаўства і падрыхтаваць цэласны дакумент па ўдасканаленні парадку і ўмоў прыцягнення ад адміністрацыйнай адказнасці.

"Пры гэтым трэба зрабіць так, каб выключыць карэкціроўкі заканадаўства ў гэтай сферы як мінімум на наступныя пяць гадоў. Да ліпеня 2020 года адпаведны законапраект павінен быць у мяне на стале, каб прапрацаваць яго і ўнесці ў парламент для прыняцця закона, - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння ж я чакаю ад удзельнікаў нарады дакладаў аб стане спраў па прымяненні адміністрацыйнай адказнасці і канкрэтных прапаноў па ўрэгуляванні існуючых праблем. Вынікі нарады будуць пакладзены ў аснову работы экспертнай камісіі".

Тэгі: Нарады
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь