Нарада па пытаннях процідзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў

  • 1

Прынятыя ў Беларусі сістэмныя меры ў сферы процідзеяння распаўсюджванню наркотыкаў далі магчымасць пераламаць сітуацыю на найбольш небяспечных напрамках, аднак падставы для насцярожанасці захоўваюцца. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 8 красавіка на нарадзе на тэму процідзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў.

"У нашай краіне, як ні ў якой іншай дзяржаве, створана выразная сістэма, якая вызначае не толькі галаўное ведамства, але і паўнамоцтвы ўсіх адказных дзяржаўных органаў і іншых арганізацый на гэтым напрамку. Настойлівасць і сістэмныя рашэнні ў сферы процідзеяння распаўсюджванню наркотыкаў сапраўды дазволілі пераламаць сітуацыю на найбольш небяспечных напрамках. Гэта выбіла ў наркадзялкоў глебу з-пад ног у пытаннях вырабу зелля, у прыватнасці з насення маку. Пастаўлена заслона распаўсюджванню спайсаў, што выратавала не адно маладое жыццё", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым, падкрэсліў Прэзідэнт, супакойвацца пакуль рана. Беларусь не ізалявана ад астатняга свету, і наркапагроза застаецца. Неабходна прааналізаваць сітуацыю і вызначыць, якія дадатковыя рашэнні патрэбны ў сувязі з гэтай праблемай. "Мы заўсёды ганарымся тым, што наша краіна транзітная, мы атрымліваем ад гэтага пэўныя выгады. Але ў той жа час ёсць вялікі негатыў, і ён, на жаль, павялічваецца, асабліва ў сувязі з падзеямі ва Украіне", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым канстатаваў, што больш за ўсё наркотыкаў у Беларусь паступае з тэрыторыі Расіі. "Мы гэта не проста фіксуем, а канфіскоўваем адпаведнае зелле ў наркаманаў і добра разумеем, адкуль усё гэта", - сказаў Прэзідэнт.

Распаўсюджванне наркотыкаў - гэта бяда не толькі для канкрэтнага чалавека або сям'і, але і для грамадства ў цэлым, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Так, за два гады ад перадазіровак у Беларусі памерлі 80 чалавек. "На жаль, паміраюць людзі не проста працаздольнага ўзросту, а моладзь, асабліва ад так званых спайсаў", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што пры падрыхтоўцы дэкрэта № 6 "Аб неадкладных мерах па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў" ён даручаў стварыць у месцах пазбаўлення волі найбольш жорсткія ўмовы для вінаватых у нарказлачынствах. Адпаведная работа праведзена, і на нарадзе былі падрабязна абмеркаваны яе вынікі.

У цэлым прынятыя меры далі магчымасць па выніках 2015 года ўпершыню за апошні трохгадовы перыяд скараціць долю нарказлачынстваў у агульнай структуры крымінальна-каральных дзеянняў. З-за перадазіровак у бальніцы дастаўлена на 20 працэнтаў менш грамадзян, чым у 2014 годзе.

Разам з тым, па выніках нарады, Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што ўмовы адбывання пакарання для асуджаных за нарказлачынствы можна зрабіць яшчэ больш жорсткімі. Пры неабходнасці ў гэтых мэтах даручана адкарэкціраваць дзеючую нарматыўную базу. "Толькі так мы зможам дабіцца выніку, угаворамі тут нічога не вырашыць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Адначасова Прэзідэнт выступае за індывідуальны падыход пры вызначэнні меры пакарання і канкрэтных умоў для адбывання ў залежнасці ад цяжкасці ўчыненага злачынства.

Пад асаблівай увагай павінны быць і так званыя рэцыдывісты. Як далажылі Кіраўніку дзяржавы, ад агульнай колькасці тых, хто знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, 12% адбываюць пакаранне за паўторна ўчыненае злачынства, а 43% парушалі закон тры і больш разы.

На нарадзе была ўзнята і тэма занятасці асоб, якія адбываюць пакаранне. МУС даручана перагледзець сферы магчымага прымянення працы зняволеных.

Асобна абмяркоўвалася магчымасць сацыяльнай рэабілітацыі нарказалежных людзей. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць магчымасць стварэння ў рэгіёнах спецыяльных цэнтраў, дзе грамадзяне будуць не толькі праходзіць лячэнне, але таксама паралельна вучыцца або працаваць.

Гэтыя і іншыя праблемныя пытанні разглядаліся ў шырокім кантэксце неабходнасці ўзмацнення работы па прафілактыцы наркаманіі, асабліва сярод дзяцей і моладзі, папулярызацыі спорту і здаровага ладу жыцця.