Нарада па пытаннях процідзеяння незаконнаму абароту наркатычных сродкаў

  • 1
У Беларусі павінна праводзіцца дзейсная дзяржаўная антынаркатычная палітыка. Аб гэтым 4 снежня заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях процідзеяння незаконнаму абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў падыходзіць да пытанняў барацьбы з незаконным абаротам наркатычных сродкаў менавіта з комплексных, агульнадзяржаўных, а не вузкаведамасных пазіцый. "Галоўныя мэты гэтай задачы - не дапусціць наркатызацыі насельніцтва і рашуча спыніць нарказлачыннасць. На шчасце, мы гэта яшчэ можам зрабіць, і, павінен вам сказаць, без асаблівага напружання. Механізмы дзяржаўнай улады, структура дзяржаўнай улады, падыходы даюць магчымасць нам вырашыць гэту праблему", - заўважыў беларускі лідар.

Пры гэтым у барацьбе з наркаманіяй недапушчальна бюракратычная валакіта, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, Прэзідэнт у тым ліку пацікавіўся, ці дастаткова паўнамоцтваў у барацьбе з наркаманіяй і незаконным абаротам наркотыкаў у міжведамаснага савета, створанага пры ўрадзе. "Мяне гэтыя камісіі, якія вы прапануеце ствараць і новыя саветы над міністрам і тымі, хто змагаецца з наркотыкамі, проста засмучаюць. Навошта вы гэта робіце, незразумела. Для таго каб завалакіціць, зацягнуць праблему? Любая ж камісія і савет - што яны даюць?" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У Беларусі ёсць спецыялісты, якія вядуць непасрэдна барацьбу з распаўсюджваннем наркотыкаў. "Ёсць у нас людзі, якія на падставе закона змагаюцца з гэтай заразай - і не толькі закона, а норм маралі, унутранага свайго пераканання. Ёсць міністр, які за гэта адказвае, ёсць следчыя, пракуроры і іншыя, суддзі, якія вядуць судовы працэс. Што яшчэ трэба, я гэтага ніяк не магу зразумець, - адзначыў Прэзідэнт.

На яго думку, вопыт паказвае, што наяўнасць шматлікіх саветаў і камісій нярэдка ўскладняе работу, пазбаўляе ініцыятывы тых, хто заняты ў сферы барацьбы з наркотыкамі. "Той, хто павінен вырашаць праблему, будзе глядзець на савет і камісію, што яна скажа, якія рашэнні прыме. А савет і камісія будуць месяцамі даваць адказы тым, хто глядзіць наверх. І мы забюракратызуем любы працэс. Патрэбна нам гэта або не патрэбна, вы павінны адказаць на гэта пытанне. Хопіць ужо раіцца", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прапанаваў зрабіць больш строгімі пакаранні за злачынствы ў наркатычнай сферы, унесці папраўкі ў цяперашняе заканадаўства. "Тыя, хто асабліва вызначыўся ў гэтай сферы, - гадоў 20-25 павінны атрымаць. Тыя, хто менш вызначыўся, зразумела, менш. Скажыце, што гэта за градацыя, якія гэта павінны быць тэрміны, мы запішам гэта ў закон. Дэпутаты нас падтрымаюць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для злачынцаў у наркасферы неабходна ствараць максімальна строгія ўмовы ў месцах пазбаўлення волі. "Для іх трэба стварыць невыносныя ўмовы ў месцах адбывання гэтых тэрмінаў. Я не думаю, што іх у нас вельмі многа, каб ствараць ім асобную калонію. Але калі шмат, давайце адну з калоній адвядзём для гэтага. Тым больш што мы напалавіну скарацілі сядзельцаў у месцах пазбаўлення волі, калоній хапае сёння. Калі ў нас не хапае такіх людзей, давайце створым адно падраздзяленне, казарму або яшчэ што-небудзь. Установім ім такі рэжым, каб яны, седзячы ў гэтай калоніі, адкрыта скажу, смерці прасілі. Тое ж самае і для распаўсюджвальнікаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Што датычыцца тых, хто прызвычаіўся да спажывання наркотыкаў, то іх трэба лячыць. "Так, іх шкада. З аднаго боку трэба лячыць, але не ў бальніцы, там, дзе нармальныя людзі лечацца, а ў такіх жа прафілакторыях, каб не было часу думаць аб нечым, акрамя сну і работы. А то ў нас некаторыя ў турму ходзяць па 10-15 разоў, як у дамы адпачынку", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што яму нядаўна было даложана аб двух фактах спынення дзейнасці цэлай наркаструктуры, у якой былі задзейнічаны не толькі вытворцы, але і распаўсюджвальнікі наркотыкаў. "Нашы людзі ў міліцыі ведаюць іх у твар, яны павінны сказаць, што да гэтай катэгорыі грамадзян мы павінны прымяніць, якія меры, каб іх паставіць на месца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, трэба прадумаць меры ўздзеяння на наркаспажыўцоў. "Што трэба зрабіць для таго, каб гэты спажывец баяўся глядзець у бок наркотыкаў? Па-мойму, гэта галоўнае ў ланцугу. Вось вы і скажыце, мы гэта ў закон запішам і зробім усё неабходнае, каб ён дзейнічаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

На нарадзе абмяркоўвалася ўдасканаленне нарматыўна-прававой базы, якая дала б магчымасць больш аператыўна і дзейсна змагацца з наркапагрозай. "Але калі зыходзіць з практыкі работы міліцыі і іншых праваахоўных органаў, то галовы, як качанятам, можна было б пазакручваць ужо даўно некаторым, не спасылаючыся на тое, што не хапае нейкай нарматыўна-прававой базы. А то мы глядзім, як гінуць людзі, і разводзім рукамі - нічога зрабіць, бачыце, не можам", - абурыўся Прэзідэнт.

Кіраўніку дзяржавы быў прадстаўлены праект адпаведнага закона. Прэзідэнта цікавіла, наколькі меры па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў, у тым ліку прапануемыя новым заканадаўчым актам, маюць комплексны характар і забяспечваюць процідзеянне ўсяму магчымаму спектру пагроз, ці даюць магчымасць прапанаваныя меры аператыўна рэагаваць і спыняць любыя хітрасці з боку наркагандляроў і вытворцаў наркотыкаў. "Наколькі адэкватна мы можам паставіць заслон арганізатарам злачыннай дзейнасці і ці дапаможа ў гэтым законапраект?" - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што ў студзені бягучага года быў выдадзены дэкрэт, які забяспечвае комплекснае процідзеянне абароту опіумнага маку, што дало магчымасць скараціць яго ўжыванне. "Удалося яго скараціць - тут жа вылезла праблема са спайсамі. Што далей? Ці вырашае гэту праблему цяперашні законапраект, наколькі сёння мы можам дакладна спрагназаваць і папярэдзіць магчымыя новыя наркапагрозы ў бліжэйшай перспектыве, ці дастаткова ў нас сіл і сродкаў? Напрыклад, ці ўмеем мы замагацца са схемамі распаўсюджвання наркотыкаў, якія прадугледжваюць шырокае выкарыстанне сеткі Інтэрнэт?" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, Кіраўніка дзяржавы цікавіла, якія змяненні ў заканадаўстве прадугледжваюцца адносна тых, хто спажывае наркотыкі, як вярнуць такіх людзей да нармальнага жыцця. "Калі прыняцце новага закона здольна ўзварухнуць і актывізаваць работу ўсіх звёнаў сістэмы, каб яна дзейнічала рэзультатыўна, што ж, давайце прымаць гэты закон", - сказаў Прэзідэнт.

Асаблівы непакой выклікае той факт, што кантынгент спажыўцоў наркотыкаў у Беларусі маладзее, у яго ўваходзяць школьнікі, навучэнцы прафтэхвучылішчаў, студэнты і іншыя катэгорыі моладзі. Павялічылася колькасць спажыўцоў курыльных сумесей. Зарэгістравана больш як тысяча выпадкаў перадазіроўкі спайсамі, 25 чалавек загінулі. "Гэта гора сям'і, дзяржавы і пагроза генафонду нацыі", - падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на нядаўняй сустрэчы са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка гэта праблема таксама закраналася.

"Тады я паабяцаў, што мы аб'яднаем усе намаганні для вырашэння такой стратэгічнай задачы, як фарміраванне працавітай, адукаванай, здаровай нацыі. Было сказана, якую небяспеку ўяўляюць алкагалізм і наркаманія. Гэта не проста бяда асобных заняпалых людзей, гэта сур'ёзны выклік сучаснасці і будучыні нашага грамадства і дзяржавы. І гэта пагроза датычыцца абсалютна ўсіх, і ў тым ліку прысутных за гэтым сталом, таму што ў кожнага ёсць дзеці і ўнукі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Значным бар'ерам на шляху распаўсюджвання наркотыкаў павінна стаць татальнае непрыманне іх грамадствам. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў краіне павінна быць выбудавана дакладная іерархія, якая будзе вызначаць не толькі галаўное ведамства, што будзе адказваць за гэты напрамак, але і паўнамоцтвы ўсіх адказных дзяржаўных органаў і іншых арганізацый. "Лішняга нічога пры гэтым быць не павінна. Значным бар'ерам на шляху распаўсюджвання наркотыкаў павінна стаць татальнае непрыманне іх грамадствам. Фарміраванне адпаведнага светапогляду, заснаванага на традыцыйных для нашай краіны хрысціянскіх і іншых каштоўнасцях, - задача не толькі дзяржавы і сродкаў масавай інфармацыі, але і грамадскіх арганізацый, царквы, устаноў адукацыі і, самае галоўнае, сем'яў і грамадзян", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Тады ў спалучэнні з карнымі мерамі можна будзе дасягнуць неабходнага эфекту.

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч выказаў шэраг прапаноў, накіраваных на своечасовае рэагаванне і выпрацоўку адэкватных мер у адказ на новыя тэндэнцыі нарказлачыннасці.

У прыватнасці, праектам закона прадугледжана ўзмацненне крымінальнай адказнасці за збыт псіхаактыўных рэчываў непаўналетнім і за выраб наркотыкаў і псіхатропаў ва ўмовах наркалабараторый. Таксама Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях плануецца дапоўніць нормай, якая прадугледжвае адказнасць за знаходжанне ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў без назначэння ўрача. Узмацняецца адказнасць за спажыванне наркатычных сродкаў у грамадскім месцы. Закон аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах, іх прэкурсорах і аналагах дапаўняецца палажэннямі, якія дазваляюць забараняць абарот новых наркарэчываў, пераважна псіхатропазмяшчальных, на працягу максімум аднаго тыдня. Паводле слоў міністра, пры прыняцці гэтага закона з'явіцца магчымасць аператыўна ўносіць у адпаведныя спісы нядаўна выяўленыя рэчывы, якія эксперты такімі прызнаюць. Ігар Шуневіч звярнуў увагу на тое, што такога прэцэдэнту няма ні ў адной краіне. У заканадаўства ўводзіцца тэрмін - базавая структура хімічнага рэчыва. Гэта дасць магчымасць аўтаматычна забараніць абарот да 96 працэнтаў новых рэчываў, якія пастаянна з'яўляюцца на наркарынку, пераважна спайсаў.

На думку МУС, бачыцца мэтазгодным заканадаўча замацаваць стварэнне і функцыянаванне адзінага цэнтралізаванага ўліку нарказалежных асоб у органах аховы здароўя, што дасць магчымасць выключыць зняцце з уліку наркалагічнай службы нарказалежных асоб у сувязі са зменай імі месца жыхарства або накіраваннем у месцы пазбаўлення волі ў сувязі з асуджэннем.

МУС таксама лічыць, што настаў час стварэння лячэбна-працоўных прафілакторыяў для хворых на наркаманію.

Акрамя таго, наспела вострая неабходнасць карэкціроўкі заканадаўства, звязанага з інтэрнэт-дзейнасцю. У прыватнасці, на яго думку, патрэбна забарона доступу ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў да сайтаў, уключаных у спіс абмежаванага доступу. Акрамя таго, МУС лічыць неабходным прапрацаваць пытанне аб забароне стварэння электронных кашалькоў у электронных плацежных сістэмах, дзеючых на тэрыторыі Беларусі, без рэгістрацыі поўных установачных даных уладальнікаў у банкаўскіх установах. "Існуючая сёння доўгая працэдура ўстанаўлення органамі ўнутраных спраў неабходных даных на прадпрыемствах сувязі і ў банках, а гэта займае ад 20 да 30 дзён, значна павялічвае шанцы злачынцаў застацца неўстаноўленымі, учыніць шэраг асабліва цяжкіх злачынстваў, скрыць іх сляды або пазбегнуць адказнасці", - сказаў міністр.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што МУС трэба надзяліць правам аператыўна атрымліваць неабходную інфармацыю. "Не кожны павінен мець на гэта права. Павінен мець права кіраўнік падраздзялення, каб мы маглі потым, прааналізаваўшы пракуратурай, яшчэ кімсьці, спытацца: а навошта табе патрэбна была гэта інфармацыя? Ты яе атрымаў, а які вынік ад гэтай інфармацыі? Таму што, вы ж разумееце, што і міліцыя неаднародная, як і наша грамадства, незразумела навошта яны будуць запытваць такую канфідэнцыяльную інфармацыю. Таму трэба даць гэта права міністру і кіраўнікам падраздзяленняў. Да яго прыйдзе непасрэдны выканаўца, ён палічыць патрэбным запытаць інфармацыю - запытаў, банк неадкладна павінен даць! Вызначце тэрмін - суткі або некалькі гадзін. Калі яны гэта не зрабілі, запатрабуем з банкіраў па поўнай", - адзначыў Прэзідэнт.

"Самая дэмакратычная краіна ў свеце" Злучаныя Штаты Амерыкі - вы ведаеце, якая там дэмакратыя: калі датычыцца бяспекі грамадзян і іншых пытанняў, яны не цырымоняцца: зброю ў руку і пайшоў. Цацачны пісталет хлопчык падняў - застрэлілі, не размаўляючы. І паспрабуй паліцэйскага за гэта папракні! Такі закон. А мы, бачыце, дэмакраты, інтэрнэт жулікам нейкім закрыем або інфармацыю банк не дасць, спасылаючыся на банкаўскую тайну. Што за глупства!" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Так, для банкаў, магчыма, гэта нейкія пагаршэнні, недаатрыманне грошай ад гэтай наркаты на рахунках, дэпазітах і гэтак далей. Але мы ж вырашаем больш значную праблему. Нам такія грошы не патрэбны", - дадаў Прэзідэнт.

"Што гэта за непарадак?! У пасылках нам наркату шлюць, а мы, бачыце, меры прыняць не можам! - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да міністра. - Неадкладна разам з калегамі сядзьце і зрабіце па поўнай". сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да міністра.

Прэзідэнт надзяліў Міністэрства ўнутраных спраў абсалютнымі паўнамоцтвамі па каардынацыі барацьбы з наркотыкамі.

"З заўтрашняга дня вы будзеце прымаць рашэнні, і ў частцы барацьбы з наркотыкамі яны будуць абавязковымі для ўсіх, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Ігара Шуневіча. - Калі вы мне напішаце пісьмо па падключэнні Прэзідэнта да гэтага пытання, яно будзе і для мяне абавязковым. Толькі так мы можам з нечым справіцца".

"Даў міністр указанні, якія датычацца гэтай тэмы, - неадкладна павінны Міністэрства аховы здароўя, Мінадукацыі або іншыя гэта выконваць, - дадаў Кіраўнік дзяржавы. - Што датычыцца тэмы наркотыкаў, ваша рашэнне - закон для ўсіх. Яно будзе нараджацца не вамі ў кабінеце, а будзе ісці ад палкоўнікаў і маёраў, якія змагаюцца непасрэдна з гэтай заразай".

"Вельмі сур'ёзнае становішча, ідзе вайна, - адзначыў Прэзідэнт. - Звычайныя міліцыянеры скардзяцца: развяжыце нам рукі, мы вам пакажам, як трэба з імі змагацца. А мы, як злачынцы, стрымліваем гэты працэс, і не толькі наўмысна, проста мы лічым, што гэта няважна. Важна!"

"У кожнага ёсць малыя дзеці і ўнукі. І невядома, дзе яны апынуцца. І дзяцей ад чыноўнікаў і іншых крутых не менш, чым ад простых людзей, якія пакурваюць, папіваюць і ўжываюць наркотыкі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў незадаволенасць недастатковай работай Міністэрства адукацыі па растлумачэнні шкоды наркотыкаў.

"Мы не тое, што недапрацоўваем, мы нічога не робім! Ні ў школе - нідзе па-сапраўднаму не займаемся. У лепшым выпадку - абавязалаўка нейкая: скажуць, што наркотыкі - гэта дрэнна. У кожнай школе трэба, як некалі ў савецкія часы з туберкулёзам змагаліся: вось страшныя лёгкія туберкулёзніка, ідзіце і глядзіце, да чаго гэта прывядзе. Псіхіка дзіцяці ў школе ўспрымальная, яна назаўсёды запомніць гэта. Але трэба ім паказваць гэты страх, да чаго гэта прыводзіць, здымкі, фільмы", - лічыць Прэзідэнт. "Тое ж самае і ў Міністэрстве аховы здароўя", - дадаў ён.

"Самае страшнае злачынства, што наркаман нараджае сабе падобных, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Сёння напіўся, накурыўся, яна таксама, заўтра нарадзілі і прынеслі Прэзідэнту або міністру на рукі: на, выхоўвай. І нам лепш яго забраць з гэтай сям'і, чым яны выхаваюць. Каго выхаваюць, зразумела. Гэта, па-першае, хворы на 100 працэнтаў чалавек і будучы, магчыма, наркаман, а па-другое, злачынец. Таму на пытанне глыбей трэба глядзець: генафонд нацыі разбураем. Хто дзяцей будзе нараджаць? І якія дзеці народзяцца ад такіх".

"Таму тут не павінна быць ніякага даравання! Вельмі небяспечная, вельмі сур'ёзная праблема, найважнейшая. І самае галоўнае - мала ад нас залежыць. Я не думаю, што ў Беларусі, як самагон гоняць, так спайсы гэтыя ў лабараторыях вырабляюць. Нам будуць прысылаць, прывозіць, проста, пераязджаючы праз Беларусь, пакінуць і гэтак далей. Мы павінны супраць гэтага змагацца. Але ў нас жа нармальная ўлада і грамадства адукаванае. І мы гэта можам сёння зрабіць. Нельга ўпусціць гэты працэс", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Паглядзіце: Нарвегія, Швейцарыя ў рэйтынгах па дабрабыце першыя радкі займаюць, самыя выдатныя краіны, куды імкнуцца ехаць жыць. А ў іх з 10-11 гадоў наркаманія ўжо. У той жа Нарвегіі 11-12 гадоў - наркаманы дзеці. Нам нельга скаціцца да гэтага. Усе павінны схамянуцца і заняцца гэтымі праблемамі: і Міністэрства аховы здароўя, і Мінадукацыі", - сказаў Прэзідэнт.

"Гэта праблема будзе пастаянна ў мяне на кантролі. І не дай бог хто-небудзь з прысутных на нарадзе або вашых падначаленых заўтра-паслязаўтра мне скажа, што мы нібыта недаглядзелі і, змаладушнічаўшы, не прынялі больш строгіх мер", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Старшыня Следчага камітэта Валянцін Шаеў прапанаваў увесці і ўзмацніць крымінальную адказнасць за збыт наркотыкаў, калі чалавек, які іх ужыў, пасля гэтага памёр.

Валянцін Шаеў таксама звярнуў увагу на распаўсюджванне фактаў збыту псіхатропных рэчываў асобамі, якія не дасягнулі 16 гадоў. У сувязі з гэтым СК прапануе знізіць узрост надыходу крымінальнай адказнасці за збыт наркотыкаў з 16 да 14 гадоў.

Следчы камітэт выступіў з прапановамі і ў частцы работы з наркаспажыўцамі. Так, стымулам для добраахвотнага лячэння ад нарказалежнасці можа стаць крымінальная адказнасць за спажыванне наркатычных сродкаў, учыненае на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж дзеянні. Акрамя таго, СК прапануе заканадаўча замацаваць магчымасць прымусовага медыцынскага агляду на наяўнасць наркатычнага ап'янення. На гэты момант для прымусовага агляду наркамана, па сутнасці, няма ні прапрацаваных механізмаў, ні законных падстаў, канстатаваў Валянцін Шаеў.

У Следчым камітэце таксама лічаць, што для каардынацыі барацьбы з незаконным абаротам наркотыкаў трэба выпрацаваць доўгатэрміновую стратэгію адпаведнай дзяржаўнай палітыкі і зацвердзіць яе на ўзроўні акта Кіраўніка дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў гэтыя прапановы. "Трэба знізіць узрост - зніжайце. А ў плане агляду - наогул вельмі добра. Гэта даўно трэба было зрабіць!" - сказаў Прэзідэнт.

Свае думкі і прапановы, накіраваныя на ўзмацненне барацьбы з распаўсюджваннем наркотыкаў, выказалі таксама старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала, начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі МУС Васіль Лосіч і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Падводзячы вынікі нарады, Прэзідэнт выказаў меркаванне ўнесці ўсе агучаныя прапановы і аформіць як Дэкрэт Кіраўніка дзяржавы, каб надаць асаблівую гучанне праблеме і аператыўнасць пры яе вырашэнні. "Магчыма, будзе хутчэй і эфектыўней прыняць дэкрэт Прэзідэнта з гэтымі строгімі нормамі. Зразумела, у далейшым парламент унясе адпаведныя змяненні і дапаўненні ў закон", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама даручыў давесці ў далейшым усе нормы Дэкрэта да грамадства.

Прэзідэнт лічыць, што для нарказлачынцаў неабходна стварыць асобную калонію з вельмі строгімі ўмовамі ўтрымання.

"Калі сёння той, хто прывозіць і збывае наркотыкі і іншае, будзе ведаць, што трапіць у гэту драконаўскую калонію, яго гэта не менш будзе стрымліваць, чым тое, што ён проста будзе асуджаны, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта забойца, які прыносіць у грамадства марудную смерць праз наркотыкі".

Што датычыцца наркаспажыўцоў, то, на думку Аляксандра Лукашэнкі, стварыўшы для іх ЛПП, галоўным метадам лячэння павінны стаць вельмі строгія ўмовы ўтрымання.

"І мы павінны выяўляць асноўныя звёны. Не стрэлачнікаў, а тых, хто вырабляе і завозіць сюды з мэтай збыту наркотыкі, наркадылераў, - адзначыў Прэзідэнт. - Будзе іх менш - будзе і наркаспажыўцоў менш. На гэта трэба звярнуць асаблівую ўвагу, каб мы арыентавалі нашых барацьбітоў з гэтай страшнай пагрозай менавіта на выяўленне асноўных звёнаў: наркавытворцаў і наркадылераў. І літасці для іх быць не павінна!"

"Гэта пагроза ва ўсім свеце нарастае і ў нас таксама будзе нарастаць. Таму калі мы недзе наперад зойдзем і прымем папераджальныя меры, я думаю, у гэтым нічога страшнага няма", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.