Нарада па пытаннях прававога рэгулявання ў асобных сферах эканамічнай дзейнасці

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 2 мая нараду аб удасканаленні прававога рэгулявання ў асобных сферах эканамічнай дзейнасці.

"Сёння трэба разгледзець шэраг праектаў, накіраваных на ўдасканаленне заканадаўства ў асобных сферах беларускай эканомікі. Размова ідзе аб укараненні на фінансавым рынку нашай краіны новага, дадатковага механізма пагашэння даўгоў, а таксама аб увядзенні сучасных форм уліку плацяжоў у транспартнай сферы. Акрамя таго, прапануюцца навацыі па абароце тытунёвых вырабаў і электронных цыгарэт", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, прадстаўленыя прававыя акты закранаюць даволі шырокае кола прадпрыемстваў, фінансавых структур і, самае важнае, непасрэдна грамадзян. Аляксандр Лукашэнка паставіў перад удзельнікамі нарады шэраг пытанняў аб тым, у чым сутнасць прапануемых навацый, які чаканы эканамічны і сацыяльны эфект, наколькі прапануемыя дакументы сістэмныя, актуальныя і запатрабаваныя.

"Ніякай надуманасці быць не павінна. Мне не патрэбны ніякія рэформы дзеля рэформ. Калі гэта рэформа, то гэта ўдасканаленне. Калі патрэбна карэнная нейкая ломка без удасканалення, абгрунтуйце, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Давайце спакойна працаваць. Калі не хапае чагосьці, у тым ліку і гэтых норм права, добра, давайце будзем прымаць".

Кіраўніку дзяржавы прадставілі праект указа "Аб паліўных картках". Нарматыўна-прававы акт прадугледжвае ўкараненне гэтых устройстваў для аплаты праезду транспартных сродкаў па платных аўтамабільных дарогах, запраўкі аўтамабіляў, набыцця розных спадарожных тавараў і паслуг. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ідэю больш шырокага выкарыстання паліўных картак, але разам з тым даручыў дапрацаваць дакумент у частцы абароны правоў спажыўцоў. На яго думку, неабходна стварыць вычарпальны пералік арганізацый, якія будуць выпускаць гэтыя ўстройствы, а сам гэты працэс зрабіць абсалютна празрыстым, прыстасаваўшы яго да рыначных умоў.

Прэзідэнту таксама далажылі аб праекце ўказа "Аб асобных пытаннях фінансавання камерцыйных арганізацый пад уступку правоў (патрабаванняў)". Гэтым дакументам прапануецца ўкараніць новую схему фінансавання - сек'юрытызацыю. Яна заснавана на ўступцы правоў (патрабаванняў) з далейшай эмісіяй аблігацый.

Як праінфармаваў Міністр фінансаў Беларусі Уладзімір Амарын, у гэтых працэсах змогуць удзельнічаць розныя юрыдычныя асобы: банкі, прадпрыемствы, лізінгавыя кампаніі, мікрафінансавыя арганізацыі і іншыя. Пры гэтым аб'ектамі сек'юрытызацыі - фінансавымі актывамі - могуць стаць розныя віды запазычанасці, у тым ліку крэдыты, пазыкі, плацяжы па дагаворах лізінгу, іншых відах дэбіторскай запазычанасці.

Новаўвядзенні накіраваны на ўдасканаленне ўмоў для развіцця фінансавага рынку, а таксама на стымуляванне развіцця нацыянальнага рынку каштоўных папер.

Яшчэ адным пытаннем, што разглядалася на нарадзе, стаў праект дэкрэта аб дзяржаўным рэгуляванні абароту тытунёвых вырабаў і электронных сістэм курэння. Улічваючы, што яны блізкія па спосабе спажывання і аказаным эфекце, прапануецца прымяняць да іх аднолькавыя меры дзяржрэгулявання. Напрыклад, прапануецца забараніць рэкламу электронных сістэм курэння і іх продаж непаўналетнім. Таксама будуць вызначаны месцы, дзе можна рэалізоўваць гэтыя ўстройствы. Акрамя таго, плануецца ўвесці забарону на курэнне на пляжах, у ліфтах, а таксама ў аўтамабілях у прысутнасці дзяцей да 14 гадоў.

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову прыраўнаваць электронныя цыгарэты да тытунёвых вырабаў, але даручыў дапрацаваць прапануемыя нормы з улікам грамадскага меркавання, а таксама прадугледзець эфектыўныя механізмы кантролю за выкананнем заканадаўства.