Бел
Галоўная   /  Падзеі

Нарада па пытаннях функцыянавання і развіцця СЭЗ

27 снежня 2016 года
Нарада па пытаннях функцыянавання і развіцця СЭЗ
глядзіце таксама: відэа
27 снежня 2016 года
Нарада па пытаннях функцыянавання і развіцця СЭЗ

Умовы функцыянавання на рынку ЕАЭС беларускіх свабодных эканамічных зон неабходна зрабіць як мінімум раўнацэннымі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 27 снежня на нарадзе па пытаннях функцыянавання і развіцця СЭЗ.

"У бліжэйшы час, пачынаючы з 1 студзеня 2017 года, умовы работы рэзідэнтаў СЭЗ істотна мяняюцца. Прынятыя ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза дакументы адмяняюць некаторыя мытныя льготы. Мы вымушаны ўлічваць гэтыя патрабаванні, - сказаў Прэзідэнт. - Разам з тым у жорсткай барацьбе за інвестара нашы свабодныя эканамічныя зоны не павінны страціць канкурэнтаздольнасць на пляцоўцы Еўразійскага эканамічнага саюза. Умовы іх функцыянавання на рынку ЕАЭС неабходна зрабіць як мінімум раўнацэннымі".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што наконт гэтага Урад падрыхтаваў прапановы ў выглядзе праекта Указа, накіраванага на павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці СЭЗ і стымуляванне інвестыцыйнай актыўнасці рэзідэнтаў.

Прэзідэнт паставіў перад удзельнікамі нарады некалькі галоўных пытанняў. Яны заключаюцца ў тым, якія канкрэтныя меры неабходна прыняць, каб кампенсаваць страты рэзідэнтаў СЭЗ і захаваць ім спрыяльныя ўмовы для работы; ці дадуць магчымасць гэтыя меры забяспечыць канкурэнтаздольнасць прадукцыі на традыцыйных рынках збыту.

Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся, ці дастаткова рэалізацыі ўносімых прапаноў для таго, каб не толькі захаваць дзеючыя вытворчасці, але і стымуляваць прыток новых знешніх і ўнутраных інвестыцый.

"Часу на разварушванне няма. Прынцыповыя рашэнні трэба прымаць ужо сёння, каб з 1 студзеня будучага года рэзідэнты свабодных эканамічных зон рытмічна працавалі ў новых эканамічных умовах", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама асабліва звярнуў увагу на сацыяльную адказнасць бізнесу і адзначыў недастатковую аддачу ад работы свабодных эканамічных зон у Беларусі. "Што наогул дзяржава атрымлівае ад функцыянавання гэтых свабодных эканамічных зон? - паставіў пытанне Аляксандр Лукашэнка. - Наша, беларуская дзяржава, а не дзяржава, якая знаходзіцца на стадыі развіцця як "бананавая" рэспубліка, дзе заняць чалавека ў нейкай справе - гэта добра".

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка прывёў даныя, што за год ад рэзідэнтаў СЭЗ у бюджэт пералічана грашовых сродкаў крыху больш за $200 млн. "Але больш за ўсё мяне ўразіла сярэдняя заработная плата ў свабодных эканамічных зонах, дзе кампаніі не бедныя. Кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў і кампаній таксама не бедныя. Але зарплата там прыкладна $350. Гэта як разумець? Што кіраўнікі гэтых кампаній акуратненька падладзіліся да сярэдняй прыкладна зарплаты па краіне і нават ніжэйшай і добра сябе адчуваюць", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што і ў плане прытоку інвестыцый няма чаканага выніку. "Гаварылі аб інвестыцыях, але ў гэтым годзе, як мы бачым, інвестыцый амаль няма ў свабодных эканамічных зонах", - сказаў ён.

Па выніках нарады вырашана, што рэзідэнтам свабодных эканамічных зон у Беларусі за кошт падатковых прэферэнцый кампенсуюць большую частку страт ад адмены ў ЕАЭС з 1 студзеня 2017 года мытных ільгот. Сярод разгледжаных мер - паслабленні па выплаце ПДВ, арэнднай плаце за зямельныя ўчасткі, прадаўжэнне тэрміну заканчэння дзейнасці беларускіх СЭЗ, зніжэнне парогавага аб'ёму інвестыцый пры рэгістрацыі новых рэзідэнтаў. Прадугледжана таксама пашырэнне межаў свабодных эканамічных зон "Брэст", "Гроднаінвест" і "Віцебск".

Усе гэтыя прапановы Аляксандр Лукашэнка падтрымаў і даручыў у самыя кароткія тэрміны дапрацаваць праект Указа.

Прэзідэнт таксама даручыў перагледзець і ўзмацніць дзейнасць Савета па развіцці прадпрымальніцтва, які павінен эфектыўна працаваць над агульнымі пытаннямі ў сферы бізнесу і выпрацоўваць адпаведныя ўзгодненыя рашэнні, генерыраваць новыя ідэі.

Тэгі: Нарады
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь