Нарада па пытаннях эфектыўнасці выкарыстання мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў

  • 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе больш актыўнай работы па выкарыстанні мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 19 жніўня на нарадзе па пытаннях эфектыўнасці іх выкарыстання.

"Балюча глядзець, калі ў нас вялікая колькасць біярэсурсаў, якія можна выкарыстоўваць як паліва, проста прападае. Таму цяпер вельмі важна актывізаваць работу па выкарыстанні ўласных рэсурсаў, каб як мага менш залежаць ад імпарту і скараціць сабекошт вырабляемай прадукцыі", - заявіў Прэзідэнт.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, гэта тэма ва ўмовах залежнасці Беларусі ад імпартных энергарэсурсаў з кожным годам становіцца ўсё больш актуальнай і вострай.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час на ўзроўні Прэзідэнта быў прыняты шэраг рашэнняў у сувязі з выкарыстаннем мясцовых відаў паліва. Пры гэтым наведваліся асобныя прадпрыемствы, рэалізаваны шматлікія пілотныя праекты. "Наша сённяшняя нарада з'яўляецца кантрольнай у плане справаздачы, як мы працуем у гэтым напрамку, як урад і мясцовыя органы ўлады выконваюць прынятыя рашэнні і планы, якія вы самі сабе прапісалі, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Размова сёння ідзе аб эфектыўнасці гаспадарання і неабходнасці зніжэння затрат".

Прэзідэнт канстатаваў, што ў гэтым напрамку ўжо зроблена нямала. Напрыклад, гадавы аб'ём у памеры больш як 2 млрд куб.м закупляемага газу ўдалося замясціць мясцовымі відамі паліва. "Але гэта толькі дзясятая частка той колькасці каштоўнай сыравіны, якую мы імпартуем. А купляем мы звыш 20 млрд куб.м прыроднага газу. Толькі на гэтыя мэты краіна штогод траціць каля $3 млрд. Упэўнены, мы можам і павінны істотна скараціць гэты дарагі артыкул расходаў", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што яму дакладваюць аб фактах нерацыянальнай эксплуатацыі дзеючых энергаўстановак і рэалізацыі эканамічна неабгрунтаваных праектаў. "Шмат у чым гэта адбываецца з-за няўзгодненасці дзеянняў галіновых ведамстваў і мясцовых органаў улады, а таксама ўрада", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Перад удзельнікамі нарады Прэзідэнт паставіў некалькі пытанняў. У прыватнасці, у чым прычыны малаэфектыўнага выкарыстання прыродных багаццяў Беларусі; якія ёсць рэзервы для паляпшэння работы ў гэтым напрамку і якія ў сувязі з гэтым патрабуецца прыняць рашэнні; як увязаны паміж сабой плануемае нарошчванне спажывання мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў і тая дадатковая энергія, якую плануецца атрымаць пасля ўводу ў строй Беларускай АЭС.

"Патрэбны сістэмны, эканамічна вывераны падыход да вырашэння ўсяго комплексу пытанняў, звязаных з выкарыстаннем мясцовых відаў паліва. Прайшоў пэўны перыяд, калі мы прымалі рашэнні і арганізоўвалі гэту справу. І трэба сёння, аб'ектыўна прааналізаваўшы сітуацыю, або карэкціраваць нашы планы і рашэнні, або дзейнічаць больш аператыўна ў вырашэнні гэтых праблем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Па выніках нарады даручана яшчэ раз з улікам існуючых рэалій вывучыць і пры неабходнасці падкарэкціраваць прынятую ўрадам праграму ў сферы энергазберажэння на 2016-2020 гады. Асабліва з улікам маючага адбыцца ўводу АЭС і неабходнасці эфектыўнага выкарыстання паступаючых з яе аб'ёмаў электраэнергіі. Дадзены і некаторыя іншыя канкрэтныя даручэнні, у тым ліку па ўстараненні выяўленых недахопаў на шэрагу аб'ектаў.