Нарада па пытаннях беларуска-еўрапейскіх адносін

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным прадоўжыць работу па нармалізацыі адносін з Еўрасаюзам. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 5 красавіка на нарадзе па пытаннях беларуска-еўрапейскіх адносін.

"Важна прадоўжыць лінію на поўную нармалізацыю адносін і паглыбленне супрацоўніцтва з ЕС у кантэксце нашых нацыянальных інтарэсаў. Размова ідзе аб умацаванні дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці, бяспекі і стабільнасці Беларусі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што апошнім часам назіраецца пазітыўная дынаміка ў развіцці адносін паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, узровень і інтэнсіўнасць кантактаў узраслі, агульная атмасфера таксама палепшылася. "Прынятае ў лютым 2016 года рашэнне Еўрасаюза аб адмене большасці санкцый адносна Беларусі адкрывае новыя магчымасці для развіцця нашага ўзаемадзеяння з Еўрасаюзам. Гэты крок выразна сведчыць аб гатоўнасці ЕС і яго краін-членаў да актывізацыі прагматычнага супрацоўніцтва з Беларуссю, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта нас абсалютна задавальняе. Я ўжо гаварыў, сустракаючыся з прадстаўнікамі Злучаных Штатаў, што палітызаванасць (тым больш празмерная) тых працэсаў, якія не павінны быць палітызаваны, нам абсалютна не патрэбна. Нам патрэбна прагматычнасць адносін".

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што для Беларусі непрымальна, каб партнёры ў ЕС або ЗША ставілі яе перад выбарам, развіваць адносіны з Захадам ці Расіяй. "Нам такі перагаворны крытэрый не падыходзіць. Гэта самае горшае, што можа быць пастаўлена перад намі", - заявіў Прэзідэнт.

"Думаю, у Еўропе сёння цудоўна разумеюць гэта, і, прынамсі, на перагаворах са мной ні адзін з прадстаўнікоў ЗША або Заходняй Еўропы не паставілі такім чынам пытанне. Нарэшце ўсе зразумелі, што Беларусь з той шматвектарнай палітыкай, якую яна праводзіла ў апошнія гады, якраз і патрэбна Еўрапейскаму саюзу, - лічыць беларускі лідар. - Лёс наш такі: мы апынуліся паміж двума цэнтрамі сілы і ад гэтага нікуды не дзецца. Ігнараваць мы не можам ні адзін, ні другі. Але рускія - нашы браты, падабаецца камусьці ці не, і нашы адносіны павінны быць з імі адпаведнымі".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для развіцця адносін Беларусі з ЕС на аснове прагматызму ёсць шмат магчымасцей. "З іншага боку - вялізны расійскі, еўразійскі рынак. Далей - Кітайская Народная Рэспубліка. Значыць, і там нашы інтарэсы. З гэтага трэба зыходзіць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў адносінах паміж Беларуссю і ЕС існуе шэраг так званых нявырашаных праблем. "Іх, вядома, трэба вырашаць", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, неабходна прааналізаваць тыя магчымасці, якія адкрываюцца перад Беларуссю, і вызначыць, па якіх найбольш выгадных напрамках рухацца наперад. "Перш за ўсё гэта датычыцца гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, фінансавай сфер. А таксама арганізацыі сумеснага процідзеяння трансгранічным пагрозам", - дадаў беларускі лідар.

На працягу апошніх гадоў Беларусь таксама вядзе перагаворы з Еўрапейскім саюзам аб заключэнні шэрага пагадненняў. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, на якой стадыі знаходзіцца перагаворны працэс па праектах аб спрашчэнні візавых працэдур і рэадмісіі. "Каб канчаткова вызначыцца па пытанні аб партнёрстве ў сферы мабільнасці з Еўрасаюзам, трэба ўдакладніць, якія перавагі атрымае ад гэтага Беларусь. Акрамя таго, мэтазгодна абмеркаваць агульныя падыходы да далейшай лібералізацыі візавага рэжыму", - лічыць Прэзідэнт.

Асноўны акцэнт на нарадзе быў зроблены менавіта на развіцці гандлёва-эканамічнага складніка супрацоўніцтва з ЕС, якое і ў перыяд дзеяння санкцый адносна Беларусі даволі дынамічна развівалася. А з улікам цяперашняй сітуацыі ў сусветнай эканоміцы і новых магчымасцей, што з'явіліся, ёсць усе шанцы, каб значна рушыць наперад у гэтым напрамку.

Паралельна Беларусь і ЕС вядуць дыялог аб развіцці і ўдасканаленні ўзаемадзеяння ў іншых сферах. Адна з іх - процідзеянне трансгранічным пагрозам. Адзначана, што ў гэтым напрамку Беларусь уносіць значны ўклад у агульнаеўрапейскую бяспеку, ставячы надзейную перашкоду кантрабандным патокам і нелегальнай міграцыі на шляху з Усходу на Захад.

Прадаўжаецца работа і над пытаннем аб спрашчэнні візавых працэдур, ідзе дыялог па пашырэнні супрацоўніцтва па шэрагу іншых напрамкаў.

Па выніках нарады Прэзідэнт даў канкрэтныя даручэнні па развіцці гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння з ЕС і іншымі заходнімі партнёрамі, выбудоўванні выразнага супрацоўніцтва з еўрапейскімі і міжнароднымі фінансавымі інстытутамі.