Нарада па пытанні выкарыстання кітайскіх крэдытных рэсурсаў

  • 1

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка папярэджвае, што крэдытныя рэсурсы павінны накіроўвацца выключна на акупныя праекты. Аб гэтым ён заявіў 25 жніўня на нарадзе па пытанні выкарыстання кітайскіх крэдытных рэсурсаў.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час Кітайская Народная Рэспубліка выдзеліла Беларусі крэдытныя рэсурсы ў памеры $15-18 млрд пад розныя працэнтныя стаўкі. Звяртаючыся да прысутных на нарадзе, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хацеў бы пачуць, як асвойваюцца гэтыя сродкі, у якім памеры яны ўжо атрыманы і якія праекты рэалізуюцца.

"У нас ёсць добрыя астаткі крэдытных рэсурсаў, якія не выкарыстаны, пад 2-3% гадавых, у тым ліку і Кітайскай Народнай Рэспублікі. Хацелася б ведаць, куды першапачаткова мы гатовы накіраваць гэтыя крэдытныя рэсурсы", - сказаў Прэзідэнт.

"Зразумела, што накіроўваць трэба выключна ў акупныя праекты, і чым раней яны акупяцца, тым лепш", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што грошы давядзецца вяртаць. Частка крэдытных рэсурсаў была выкарыстана на мадэрнізацыю аб'ектаў у энергетычнай, транспартнай сферах. Аляксандр Лукашэнка чакае адказу, як працуюць гэтыя прадпрыемствы. "Самае страшнае, калі мы мадэрнізуем вытворчасць, а потым, атрымаўшы прадукцыю, мы не будзем ведаць, куды яе дзяваць. Тады паўстане пытанне: а навошта мы бралі крэдыты, навошта выраблялі гэту прадукцыю і хто будзе вяртаць гэтыя крэдыты, калі прадукцыя не будзе знаходзіць збыту?"- адзначыў Прэзідэнт. "Гэта аналагічна злачынству. І першы злачынца будзе міністр", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што чакае ацэнкі Камітэта дзяржаўнага кантролю па гэтым пытанні.